Сакрамэнта
Шрифт:
І раптам Алена зразумела, нават не зразумела, адчула, адкуль у яе гэтая смага, — і чаму баіцца яна ісці да Фаўна па ключ. Яна зноў цяжарная. А тут, у дзіцячым пакоі няма больш дзе паставіць ложкі... Значыць, яна ўсё ж зацяжарыла ў той светлы, пяшчотны, сонечны дзень, у тую мяккую, аксамітную месячную ноч, калі яны з Фаўнам разам, у адно-адзінае імгненне адчулі бяздонную слодыч вечнасці... Значыць, цяпер яна носіць у сабе і той пяшчотны дзень, і тую месячную ноч, і самую вечнасць, і ў іхняй сям’і назаўжды ўсталююцца лад і гармонія. І, хто ведае, можа, паступова гэтыя лад і гармонія расцякуцца, нябачнымі промнямі, хвалямі разыйдуцца па ўсім свеце...
Але не, Алена ведала гэта, адчувала, Фаўн не захоча болей дзяцей. І гэтых вось адсяліў у самае дальняе крыло замка... Каб не заміналі яму працаваць і адпачываць... Хіба што Каміла пакуль што
Сабака, Караль, лашчыўся ля ейых ног, заглядаў у вочы, працягваў заціснуты ў зубах залаты ключык ад студні... Але ёй ужо расхацелася піць. Ёй зусім расхацелася піць, бо там, усярэдзіне, сцялася ў прадчуванні немінучай смерці яшчэ ненароджанае дзіця, якое мусіла прынесці ў гэты свет столькі радасці, пяшчоты, гармонію, лад, вечнасць...
А за вакном, з якога ў ясныя дні таксама відаць і воблака. І возера, і храм, ішоў дождж, а зямля ніяк не магла наталіць сваёй смагі, і вялі, сцякаючы мядовым водарам, кветкі. Сонечныя настуркі і аксаміткі...
— Алена, — Фаўн, без сарочкі і майкі, у адных кароткіх шортах, стаяў у глыбіні калідору. Яна прычыніла дзверы, узяла з зубоў у сабакі залаты ключык і, прыўзняўшы сукенку, пайшла яму насустрач. Залатыя сафьянавыя туфлікі так намоклі ад дажджу, што расклеіліся і разваліліся проста на нагах...
— Алена, ты, здаецца, хацела піць, — ціха сказаў Фаўн, і яна толькі цяпер, калі падыйшла, разгледзела ў паўзмроку, што ён трымае ў руках празрысты шкляны збан з вадою і шклянку...
— Не трэба, пайшлі да цябе, — зусім для сябе нечакана, лёгка вымавіла алена, — Сёння я буду кахаць цябе, усю ноч, да раніцы... Ты мусіш надаць мне сілы, каб забіць нашае дзіця...
Нейкім цудам, Алена ўсё ж дабралася да свайго гарадка... А можа, проста спусцілася з той вежы, з той вежы, адкуль былі відаць воблака, возера. Храм. Яна ішла па знаёмай, з маленства да драбніц знаёмай вуліцы і не пазнавала яе. Гэтаю парою звычайна за кожным плотам ганарліва прыхарошваліся, пацягваліся, засыпаныя бліскучымі, сакавітымі ягадамі, кучаравыя вішні. Цешыліся, нагледзецца не маглі на свае адшліфаваныя гранатавыя, рубінавыя каралі, дыядэмы, завушніцы, пярсцёнкі, у якія так любіла зазіраць сонца... Ды не, не каменне, жывыя салодкія кроў і плоць ягад утваралі гэтыя цудоўныя гірлянды. У кожнай вішаньцы — костачка. Колькі костачак—столькі мож авырасьці новых дрэўцаў, маладзенькіх вішаняк. Якія па вясне забелапеняцца квеценню, а потым, высмоктваючы з зямлі нябесную вільгаць, прагна ўбіраючы ў сябе сонечнае святло, выгадуюць новыя, сакавітыя, бліскучыя, сапраўды. Падобныя на каштоўныя камяні, жывыя ягады. Так было амаль штогод. А тут, раптам, алена не верыла сваім вачам... У садах замест вішань стаялі голыя шэрыя здані. Шкілеты, без лісця і ягад. І людзі за платамі, суседзі, якіх яна таксама не пазнавала, былі шэрыя і непрыветныя. Ды і яна, Алена, сама ішла па вуліцы ў нейкім брудным льняным халаце і стаптаных хатніх пантэфлях. Галава, цела часаліся. І зноў нясцерпна хацелася есці і піць...
Але што яна, што яе голад і смага, калі побач, следам за ёю ішлі ейныя дзеці, усе чацвёра, у заношаным, дзіравым адзенні, босыя і галодныя. Якім чынам яны ўсе, але ж без Фаўна, апынуліся ў гэтым гарадку? І дзе цяпер быў Фаўн? І хто такі быў Фаўн?
Яна адчыніла знаёмыя блакітныя веснічкі і насустрач ім кінуўся самбака, але не іхні, не бацькоў яе сабака, не Жук... Жук быў чорны. А гэты руды і брэша. Кідаецца на яе і на дзяцей... Выганяе? Дзверы хаты расчыніліся і адтуль выйшаў, ледзь ступаючы, хісткай, п’янаю хадою непрыгожы азызлы мужчына з вузенькімі чырвонымі вочкамі і шызым носам.
— Што нада?! — крыкнуў ён на яе... І Алена зразумела, што цяпер ён тут гаспадар. І ёй з дзецьмі болей няма куды пайсці, няма дзе падзецца...
І яна павяла дзяцей да рэчкі. Увесь бераг быў засыпаны белым гусіным пухам. Гусі важна хадзілі ўздоўж вады, плавалі, і не звярталі на іх ніякае ўвагі. І людзі, што падыходзілі да вады — кабета, якая паласкала ў рэчцы бялізну, хлопчык, што вудзіць рыбу, і гэты сівы мужчына на лодцы, — яны іх быццам зусім не заўважалі. Можа, яна, Алена, і дзеці сталі проста нябачнымі? Трэба было гукнуць кагосьці, папрасіць хоць якога прытулку, а яна, Алена, не ведала, як пачаць, ці тое даць ім “дзень
добры!”, ці тое сказаць:”Здравствуйте!”... І да каго першага звярнуцца, да кабеты, што, папаласкаўшы, ужо збіралася несці кош з бялізнаю дамоў, ці да сівога мужчыны, які вылазіў з лодкі на бераг?Вінцэсь, старэйшы яе сын, з’арыентаваўся раней за яе. Разам з Казімірам яны падбеглі да кабеты, і ўзяліся паднесці ёй кош. Тая, здзіўленая, моўчкі кіўнула.
Алена бачыла, як прасілі, малілі яны кабету даць ім хоць што-небудзь. Але тая не пусціла іх нават на двор. Яны, панурыя, усё адно засталіся чакаць. Кабета сапраўды вярнулася і перакінула ім праз плот дзве пустыя палатняныя торбачкі — жабраваць...
І ўжо з гэтымі торбачкамі цераз плячо. З працягнутымі выцягнутымі ручкамі, хлопчыкі падыйшлі да сівога мужчны, які прывязваў лодку. Той, непрыветна, сурова агледзеўшы іх, дастаў з пакета і паклаў кожнаму на далонь па кавалачку хлеба, потым, падумаўшы, яшчэ, проста з вядзерца, па жывому карасіку. Рыбкі біліся, не ўтрымаць, і Казімір такі выпусціў сваю. Яна з усяе сілы бухнула хвастом па гусіным пуху і саслізнула з берага...
Схаваўшыся ад людзей, яны елі, падзяліўшы на ўсіх. Сырую рыбіну з хлебам і запівалі ўсё, проста са жменек, рачною вадой...
Так было. І ніхто не мог дапамагчы ім, бо ў яе родным гарадку яе ніхто не ведаў і не пазнаваў. І яна нікога не ведала і не пазнавала. І замест такіх шчодрых на ягады вішань за платамі стаялі шэрыя здані.
Жабруючы, яны нейкім цудам дазналіся, што Фаўна арыштавалі. Іх замак разбураны, як разбураны храм, што стаяў на тым беразе возера. І ў той дзень, калі па загаду новага гарадскога начальніка бурылі храмы — касцёл і царкву, была страшная навальніца. І возера паднялося, заліло ўсё наўкола, а потым — літаральна за тыдзень, перасохла. І рыбу можна было лавіць рукамі. Людзі прыходзілі з кашамі, вёдрамі, бочкамі, цягалі, вазілі, хто колькі можа. І потым цэлы месяц, а хто і два, елі адну толькі рыбу.
Тут былі возера, воблака, храм... Але з таго ледзь улоўнага, светлага вобраза гармоніі цяпер засталося толькі воблака. І яно сплыло, растала, не, хутчэй за ўсё, вылілася дажджом...
І ад вішань засталіся толькі шэрыя здані. Адны казалі, што вінаватыя замаразкі, другія—сухмень, трэція — радыяцыя. Некаторыя паспяшаліся ссекчы бясплодныя дрэвы. Але раптам падканец лета не на ўсіх, толькі на некаторых галінках, на самых кончыках. Але ўсё ж пачалі, як пальчыкі на далоньках, пачалі разгортвацца, распускацца пругкія зялёныя лісточкі.
А ў садзе аленіных бацькоў, дакладней, цяпер ужо былым іхнім садзе, дзве вішанькі нават заквітнелі. І якраз у той дзень на ўскраіне гарадка памерла бабулька і людзі самі прапанавалі Алене з дзецьмі пасяліцца ў ейнай хаце. Усё ж такі печ. Грубка, двайныя вокны, шафа, стол з лавамі і нават ложкі, два шырокія ложкі...
У шафе было поўн аадзежы. І Алена нават узяла, хацела прымерыць прыгожы мяккі махеравы шалік... Расцягнула яго, а ён... Ён увесь быў з’едзены моллю. Там. У шафе, белыя з чорнымі сінкамі чарвякі на вачах даядалі дзіцячыя шкарпэткі, штонікі, шапачкі. Але самым брыдкім у новай хаце было павуцінне. Якім былі затканыя ўсе куты, і пацукі ці мышы, якія па анчах бессаромна бегалі па хаце, прагрызалі нават цэлафанавыя пакеты, абкусвалі хлеб, выпівалі малако, рассыпалі крупы. І яшчэ ні Алена, ні дзеці ніяк не маглі прызвычаіцца да таго, што ў сценах, у столі, у падлозе, і нават у рамках абразоў, што віселі на покуці і ўдзень і ўночы хрумстаў неўгамонны ненажэрны шашаль. Жывы гадзіннік. Цікаў і цікаў, адмерваў хвіліны, гадзіны, дні, тыдні... месяцы іх бядотнага існавання.
За вокнамі вые вецер, у хаце хрумкае шашаль, па падлозе туды-сюды бессаромна тупаюць мышы. Восень, зіма наперадзе...
Але выбліснула сонца. І суседзі далі ім кожны па вядру бульбы. І яблыкаў, антонавак у старым садзе было не перанасіць... Нешта нават прадалі. Алена ўладкавалася ў школу выкладаць музыку. Дзеці вучыліся. І ў адзін з ясных, сонечных восеньскіх дзён яна ў белай сукенцы, лакавых туфліках толькі што вярнулася са школы, да веснічак падыйшоў сівабароды стары ў заношаным касцюме з парэпаным карычневым чамаданчыкам, чамаданчыкам, поўным самых розных зярнятак. Дзеці кінуліся разглядаць намаляваныя на пакеціках заморскія кветкі, гародніну, тузалі яе, прасілі купіць і таго. І таго... А стары як усё адно ўсё ведаючы, працягнуў ёй адзін-адзіны пакецік. У якім было ўсяго некалькі зярнятак.