Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сакрамэнта

Багданава Галіна

Шрифт:

Я ледзь расшчапіла ягоныя знямелыя пальцы, ледзь вырвала і адкінула ўбок сякеру. Навошта ж, навошта я пайшла сёння ў тыя суніцы. Я не ведаю, што рабіць, даю яму ягаду, а ён плюецца, плюецца крывёю. І я не магу знайсці вядра, каб схадзіць па ваду...

Мама прайшла, прайшла ля нас, бы паўз нас, калі ўжо змерклася, і проста над нашаю хатай завісла крывавая поўня... я так і заснула на ягоных, яшчэ цёплых грудзях. Ён дыхаў, і я баялася згубіць, назаўжды страціць ягонае дыханне. А мама ўсю ноч блукала, ахінуўшыся сваімі даўгімі, расплеценымі. Зблытанымі валасамі. Гэта была першая ноч ейнага блукання.

На досвітку яна вярнулася зусім голая, і я пайшла ў хату, вынесці ёй сарочку. Сорамна ж перад людзьмі. І згубіла, страціла бацькава дыханне. Ён ляжаў нерухома. А яна стаяла перад ім наўколенцах, аблізвала сякеру, якую я ўчора ледзь вырвала з ягоных рук, і

рагатала, рагатала...

Яго закапалі побач з Ганчаром. І цяпер я прыходжу адразу на дзве магілы. На адной стаіць, урастае ў жвір слязніца, на другой з’явілася раптам гэтая раптоўна заіржавелая з кроплямі крыві сякера. Мама, як толькі спее, наліваецца на небе крамяная поўня, незаўважна выслізвае з хаты, уцякае ў ноч і блукае, блукае... Я баюся ісці за ёю ўслед, бо, хто ведае, што можа яна са мною зрабіць, бо яна ж не пазанае, у гэтыя ночы яна не пазнае нікога, нават, здаецца, самую сябе...

Сякера, як і нож, зніклі, быццам сыйшлі з хаты ўслед за бацькам. А , можа, гэта мама прынесла сюды гэтую сякеру? Але ж, што яна з ёю рабіла, што трэба было з ёю рабіць, каб яе літаральна з’ядала іржа?! А вось тут н іржа, тут кроў... Ліпкая, жывая. Чыя гэта кроў? Вы не ведаеце?

З-за лесу выплывае поўня. І я ведаю. Я адчуваю, што з хвіліны на хвіліну тут можа з’явіцца мама. Чуеце? Гэта ейны надрыўны шалёны рогат. Цяпер нам ніхто не зайздросціць. Усе шкадуюць, спачуваюць. Прыносяць, хто малако, хто сала... А бацькаў памочнік, той самы, з родзімкай, Мечаны, анват пасватаўся да мяне. Яны з братам цяпер гаспадараць у бацькавай кузні. А людзі, калі ёсць час, нават падкаваць каня едуць у суседнюю вёску...

— Ганарліўка! — кінуў Мечаны мне ўслед. Калі я адмовіўшы яму, пайшла ў хату, — Ды хто цябе возьме, даўганосую, ды яшчэ без бацькі! Будзеш разам з маткаю сваёю поўзаць па могілках ды выць на поўню...

Пасля таго, як забілі майго названага бацьку, я не хаджу ў кузню. Мне балюча бачыць, што ягоны малаток трымаюць чужыя няўклюдныя рукі, што ягоны скураны фартух бароніць ад вогненных іскраў чужое цела... Няхай працуюць, няхай... а ў мяне засталася вось гэтая бацькава манетка-змеевічок. Не хачу, не жадаю паварочваць яе да людзей дабром і спагадай. Няхай змяіны цар валадарыць, няхай ён ахоўвае і аберагае мяне.

Я не баюся цябе. Крывавая поўня. Я не баюся цябе, мама. Прыходзь, і мы разам. Удвох будзем стагнаць, выць ля гэтых дзвюх магілаў.

3. Дзве кроплі сонечнай жывіцы

Пацерак было ўсяго дзве. Бурштын колеру густога ліпавага мёду з жывымі, бы крывіначкі, прожылкамі, ліпнуў да пальцаў і пахнуў хвояй. Але ж не, гэта каменьчыкі, цвёрдыя, шурпатыя. І варта пацерці іх адзін аб адзін, як... маланкаю пырхнула іскра...

... І я, здзіўленая, спынілася. Падхапіла з травы свой ужо поўны малінаў кош і яшчэ раз прыгледзелася да залітага сонцам бліскучага чорнага каменя. Стоячы на ім. Высокім, гарачым, было б вельмі лоўка абіраць вунь той густы маліннік, даставаць з калючае павуціны, з утворанага гнуткімі пруткамі густога нерату спелыя, налітыя сокам ягады... Маліны ўжо пераспелі, каторыя ўжо і счарвівелі, каторыя ўсохлі. Але ж шмат і такіх, што ледзь крані, самі ападаюць у руку, сакавітыя, духмяныя, апошнія сёлетнія маліны. Пасля таго, як памерлі два маіх бацькі — Ганчар і Каваль, пасля таго, як мама звар’яцела, маю душу вось ужо другое лета ўзапар цісне нейкае зусім асаблівае шчымлівае пачуццё. Я таропка лаўлю, цешуся кожным імгненнем шчодрага летняга піру. У лесе яшчэ поўна чарніц, суніц, даспяваюць дурніцы, а мяне вось вабіць, цягне сюды, у гэткі гнуткі, колкі малінавы нерат. Сёння мне хочацца малінаў...

Мне не падалося. Мой камень ужо заняты. Сонечная маланка, бліскучы імклівы выгін слізкага цела... Ніякая гэта была не галінка. Змяя, вужака... Ці, можа, сам Змяіны цар? Я мусіла бегчы, бо з маленства страшэнна, да сутаргаў баялася змеяў і нават вужакаў. Але ж вось заварожаная, зачараваная, стаяла, не маючы сілы нават варухнуцца. Язычок ыслізнуў і схаваўся ў разяўленым атрутным роце і пад сонцам залатою маланкаю мірганула на чорнай аксамітнай галоўцы дыядэма, карона з мядовага сонечнага бурштыну. Два самых вялікіх каменьчыкі, з цёмнымі крывавымі прожылкамі віселі ў Змяінага цара на шыі. Я пазнала яго, гэта сапраўды быў Змяіны цар. Казалі. Што той, хто дагодзіць яму, хто здолее прыручыць, век будзе шчаслівы. Шчаслівы... Я ўжо не верыла, што калі-небудзь здолею вырвацца з зачараванага кола нягодаў. Смерць, адна за адною, маміна хвароба. Кола сціскалася, і я ўжо н емагла варухнуцца, нямела ад роспачы.

Можа, хоць гэты Змей, хоць ён здолее нешта парушыць, здолее вырваць мяне з гэтага кола? У ім была адначасова пагарда і ўсё ж нейкая цікавасць да мяне. Ён не мог не заўважыць, што, абіраючы маліны, я ніколі не падымала тыя, што выслізнулі з маіх рук, упалі на зямлю. Гэта быў мой дар, дар яму, Змяінаму цару. Ён прыўзняўся, зашыпеў і зноў міргануў сваім, вілкаю, язычком, засвяціў каронаю. Ягоныя вузенькія вільготныя вочкі пазіралі на мяне задумліва і ўмольна. І я без слоў зразумела. Падуладная нейкай неўтаймоўнай сіле, паставіла кош малінаў на чорны камень. І шчэ не адпусціла рукі, як адчула моцны поціск вільготнай, змазоленай, але ўсё адно, такой мяккай мужчынскай рукі. З таго боку каменя стаяў і пазіраў на мяне Ганчароў сын...

У мужчынскім варыянце мой твар робіцца высакародным, нават прыгожым. І густыя, зведзеныя да пераносся бровы. Інос з горбінкай і рэзка акрэсленыя вусны... Усё дарэчы. Усё на месцы...

Нават гэтая, такая знаёмая, мая панылая сутуласць, завялікія для жанчыны, а для мужчыны якраз тое, што трэба, рукі і ступні... Толькі што валасы ў яго не такія, як у мяне. Мяккія, бялявыя. Не мае валасы. І вочы. Не як у мяне. Ці ў Ганчара, а як у ягонае маткі. Шэрыя, блакітныя... вочы? Ці гэта неба прасвечвае ў пустых вачніцах. Паветра імклівымі хвалямі сцёрла майго двайніка. І рогат. Ціхі смех рэхам зашамацеў у малінніку. Чорны гуж імкліва бліснуў, выслізнуў з майго каша і схаваўся пад ахутанай мохам струхнелай хвояй. Ізноў ціха. Толькі цвыркочуць конікі. І малінавы водар перабіваецца навязлівым салодкім пахам высокіх, упоравень з маліннікам, фіялетавых суквеццяў, якія ў нас чамусьці завуць змяінаю радасцю.

Кош быў пусты, толькі на донцы ляжала нітачка з двума мядовымі каменьчыкамі, тымі самымі, што высякалі маланку на грудзях з таго самага мсца, дзе мусіла быць сэрца Змяінага цара. Я асцярожна ўзяла іх у рукі. Павесіла сабе на шыю і ў тое самае імгненне падораная маім названым бацькам Кавалём манетка-змеевічок перавярнулася. Божая маці прыпала да маёй душы, а Змяіны цар выпаўз на волю. І я ўздыхнула на поўныя грудзі. І гэты мой уздых быў уздыхам Змяінага цара, які ізноў выпаўз, расцягнуўся на камені і, прымружыўшы свае бліскаўкі-вочы, зашаптаў:

— Гэта былі н емаліны... Я хач-чу-чу ессці з дзявоччых, з тваіх рук... Не пужайся. Не сёння. Потым. Калі-небудзь ты пакорміш мяне са сваіх рук... Ты набярэшшш мне малінаў. Набярэшшш мне... Набярэшшш. Ты цяпер не Ганчарова, не Кавалёва, ты цяпер мая дачка, мая сястра, мая нявеста, мая маці... І як падоіш карову, не забудзься наліць мне ў сподачак малака...

Маці мусіць даваць сваім дзецям малака...

Паветра ізноў варухнулася і ў ім, як у вадзе, я зноў убачыў свой уласны твар, самую сябе з чужымі, белымі валасамі і нябеснымі вачыма. Ганчароў сын усміхаўся. Неяк дзіўна, балюча ўсміхаўся...

Жах ахапіў мяне. Я не ведала, куды ступіуь. І пакуль бегла праз маліннік, задавалася, увесь час наступала, слізгала па змяіных хвастах, спінах, галовах, але яны чамусьці не кусалі мяне. Нават тады, калі я трушчыла іхнія яйкі і з іх з сіпеннем распаўзаліся ў розныя бакі малыя змеяняты...

Я прахапілася сярод ночы. У вакне малочным сподачкам застыла поўня, і я ўспомніла, што не падаіла карову. І не наліла Змяінаму цару малака... І ён зараз сам прыпадзе, усё высмакча ў каровы ці назаўжды адвернецца ад мяне... Поўня налівалася бурштынавым святлом, на ёй пульсавалі жывыя крывавыя прожылкі... Я затрымцела, здранцвела ў нейкім непадуладным маёй волі соладка-шчымлівым парыванні... Усю ноч Змяіны цар лашчыў, смактаў мае грудзі. Мае цвёрдыя, малаком налітыя грудзі. Ён згінаўся ў салодкай стоме і не адным, усімі чатырма, мноствам сваіх целаў абдымаў, аплятаў маю шыю, мае рукі і ногі... Мне не хавпала дыхання... І пругкі хвост выслізгваў з маіх пальцаў. Я ўся была ў ягонай уладзе.

Бурштынавая поўня зноў стала малочнай. Я прахапілася. І яшчэ не развіднела, пайшла даіць карову. Але ў яе пад выменем ужо стаяла поўная малака даёнка. Заставалася працадзіць і пераліць у збан, гладыш і... сподачак. Для Змяінага цара. Ён зараз жа выслізнуў з цемры і прыпаў да сподачка. Карова незадаволена рыкнула. У мяне за спіною пачуўся вар’яцкі жаночы рогат... У дзвярах, як заўсёды, у адной сарочцы, з распушчанымі, ужо зусім сівымі валасамі стаяла і ўзахлёб рагатала мая няшчасная мама. У яе за спіною на ранішнім небе, як ільдзінка, раставала малочная поўня. Сподачак быў пусты. Я падліла яшчэ трохі, перахрысцілася і выйшла. Пастух трубіў. Трэба было выганяць. А карова ўпарцілася, не ішла, бо ля хлява не сунімалася, рагатала мама...

Поделиться с друзьями: