Сакрамэнта
Шрифт:
У школе на вахце яго чакалі два канверты. У адным была маленькая паштоўка са смешнай сінічкай, якая сядзела на засыпанай снегам яловай галінцы: “Віншую з Новым годам! Я не такая геніяльная, як ты, і вершаў не пішу. Таму кажу проста: ты мне таксама калісьці падабаўся, але цяпер між намі нічога быць н еможа.” Гэты почырк ён пазнаў бы з тысячы.
У другім канверце быў строгі белы ліст з акуратна выведзенымі каліграфічнымі літарамі: “Прыеду адразу пасля Нараджэння Хрыстова. У манастыры ёсць для цябе праца. Рыхтуйся. Сілуян.”
А ў пакоі на вакне стаяў папяровы храм, і нід ім, да самай столі, віселі зробленыя з паперы жураўлікі. Павел
Дзверы расчыніліся. На парозе, узяўшыся за рукі, стаялі шчаслівыя і ўзнёслыя Пеця і Аліна. У яе руках была белая ружа.
Святочны рэцэпт
Пакуль нацяганыя з мамінага варэння ягады набіраліся каньяку, Ліда выспалася, нават сон сасніла, — як заўжды пад вясну, важкі, непрыемны ( “Куды ноч, туды сон!”), пакарміла і выправіла ў школу дачку. Паснедала ( яешня, чай з лімонам, булка, якую не даела Віка), падвяла вочы і вусны, пудра, духі — і ў тралейбус. Гузік вырвалі — бог з ім. Толькі паспела пераапрануцца і — у радзільную залу.
Дома вішні набіраліся каньяку, а яна тым часам прыняла трое родаў ( дв ахлопчыкі і дзяўчынка, адной давялося ставіць шчыпцы, чатыры швы пад наркозам). Папіла чаю, прайшлася па палатах, дапамагла жанчыне сцадзіцца.
— Ой, вы ж уся малаком маім запырскаліся! І на твары... Выбачайце, калі ласка, выбачайце!
— Ды нічога, не хвалюйцеся так. Гэта, кажуць, выдатны касметычны сродак. Праз тры гадзіны другую самі сцэдзіце. Так, як я вам гэтую. Пакуль фантанам не перастане біць.
Яшчэ пяць родаў. Двойня, хлопцы, хлопец і дзве дзяўчынкі.
— Каралькова. Ліда, цябе ў прыёмны пакой!
Зіма, а такія ружы! Ніколі б не падумала, што ў гэтай смяшлівай кірпаносай парадзіхі (Лена, здаецца) такі прыгожы, самавіты муж. У дублёнцы, пыжыкавай шапцы...
— Дзякуй вам, дзякуй! Не-не, больш нічога не трэба. Цукеркі я акушэркам аддам.
Станіслаў Юзэфавіч прыйшоў раней, адпусціў.
— Ідзі ўжо, рыхтуйся, імянінніца.
— У мяне сёння будзе торт “П’яная вішня”!
— О! Хоць кавалачак заўтра рынясі, добра? Пакаштаваць.
— Калі Валін муж пакіне. Дарэчы, каб не забылася. Тая са 114-й так і не корміць свайго. Юрыста патрабуе. Будзе адмаўляцца. А такі хлопчык! Тры пяцьсот...
— Н-ну, смаркачка!
І развітацца не паспела, Станіслаў Юзэфавіч, зашпільваючы халат, ужо выйшаў з кабінета. Па калідоры — рэхам ягоныя рашучыя крокі. А ёй трэба хутчэй дахаты...
Нарэшце ружы ў крышталёвай вазе, бісквіты ў духоўцы. Цяпер крэм з міксера — на холад. І можна заняцца вішнямі. Палушчыла, падсмажыла арэшкаў. Асцярожна, па адной выняла вішні з каньяку. Як сокам наноў наліліся! У кожную вішаньку — па арэшку...
Віка прыйшла з цюльпанамі. Пэўна, зноў у мамы, для яе — бабулі, грошы брала. Ладна.
— Дзякуй. Садзіся есці.
Увайшла на хвіліну ў ванну: падрэзаць, паставіць кветкі ў ваду, вярнулася — у духоўцы шчыліна.
— Віка! Ты адчыняла?
— Не-а. А што?
Божа мой, зноў хлусіць! І, галоўнае, хлусіць — і вокам не міргне. Як татачка! Уся, уся ў татачку! Як стрымацца, як не сказаць ёй гэтага?! Змоўчаць, змоўчаць, змоўчаць...
Тады таксама быў яе дзень нараджэння. Госці сабраліся, а яго няма і няма. У гадзін адзінаццаць з’явіўся. З двума паламанымі
гваздзікамі. “У нас нарада была”. А сам ледзь на нагах трымаецца. Перагарам тхне — ванітаваць хочацца. І ў вачах холадна і глуха.Трэба было адразу тады і выставіць. Але ж няёмка. Чалавек павіншаваць прыйшоў. Мама з татам вучылі яе давяраць людзям. Можа, і праўда была нарада. Пасватаўся. Маглі ж, маглі ў агульынх знаёмых распытаць, з якой ён сям’і, як і чым жывуць, чым захапляюцца. І мама ж, і бацька шэсць гадоў у медінстытуце праседзелі, потым у аспірантуры, генетыку вывучалі. А дазнацца, якія ў Гены гены... “Ну што ты, Лідачка, гэта няёмка...”
Віка падрасла, забралі яе, паехалі адпачываць. Каб ім з Генам сам-на-сам пабыць, разабрацца. А яна вярнулася з дзяжурства — у хаце ад цыгарэт не прадыхнуць! Карціна ў калідоры з цвіка сарваная, пасярод залы—на газеце сала, селядзец і крыштальныя фужэры з самагонкай. На канапе, не здымаючы чаравікаў, сантэхнік спіць. А Гена з электрыкам побач у карты рэжуцца.
Вось і ўсё. Фініта ля камедыя. Цяпер, кажуць. узяў сабе маладзенькую прадаўшчыцу з ювелірнага магазіна. У кааператыў нейкі ўладкаваўся. А Віка падрастае і ўсё больш і больш на яго падобная. І вочы, і выраз твару. Гены... Хлусіць пачала. Як ён. Стукнуць яе ці што?!
— Віка, родненькая... Я цябе прашу, я цябе заклінаю! Не хлусі мне больш ніколі, добра? Даражэнькая мая, дачушка, я цябе прашу... Я ж твая мама! Я ж цябе заўсёды зразумею, я табе дарую... Толькі не хлусі!
— Ладна... — Віка цепнула плячыма.—Табе памагчы?
Бісквіт пераклалі на блюда, перасыпалі арэхамі, залілі крэмам. І цяпер 3ужо ўдзвюх пачалі асцярожненька хаваць у кожную вішаньку па арэшку. Хутчэй, хутчэй! Увесь торт павінен быць аздоблены ягадамі... Каб усе рассмакавалі. А яшчэ ж салаты, курыца, мяса, бульба...
— Табе памагчы? — гэта мама, за ёю тата. Можна ісці апранацца.
На яе стале яшчэ адзін букет цюльпанаў і бурштынавыя пацеркі. Якраз да яе любімых завушніц. І да новай чорнай аксамітнай сукенкі. Дзякуй, мамачка! Дзякй, татачка! Любыя мае, родныя, дарагія!..
— Якая ты сёння! — Валін Сяргей цалуе ёй руку.
А што ж яны думалі! Сама пашыла. Але няхай думаюць — замежаная.
— Не, не я буду, калі не сасватаю цябе за якога дыпламата! У такіх шыкоўных сукенках толькі н апрыёмы хадзіць. Вучыся, Валюха! — Сяргей глядзіць на Валю, Валя на Сяргея.
Праз месяц яны адлятаюць у Парыж. Валіна гінекалагічная кар’ера канчаецца. Пачынаецца дыпламатычная.
Але час садзіцца за стол. Ліна Сямёнаўна з мужам, Вольга, чамусьці адна.
— Валерка мой зноў на зборы паехаў...
Прыемна пасядзець сярод добра знаёмых, блізкіх табе людзей. Ведаюць, ра што памаўчаць, чыё імя не называць, калі тост сказаць. Усё надзіва смачна, усё чароўна. І ні слова пра раддом і ўвогуле пра медыцыну. Першы глыток за здароўе бацькоў. А яны адразу расчуліліся і пачалі ўспамінаць, як мама паехала працаваць у глухую палескую вёсачку фельчаркаю, а бацька яе правяраў. Правяраў, правяраў ды звёз з сабою. Потым зноў гаварылі пра Парыж. Пра французскую мову, якую Ліда вучыла на курсах, можа, хоць колькі надарыцца папрацаваць за мяжою. Не ў Парыжы, дык у Афрыцы. Дача ж падрастае. Ліна сямёнаўна раз-пораз званіла сваім дзесяцігадовым блізнятам, якія нарадзіліся, калі ў мужа ўжо галава была сівая. І, скажы ты, сама столькі родаў прыняла, і да апошняга не ведала, што блізняты. Вольга ўвесь час гаварыла пра свайго мужа-футбаліста. Потым вывела Ліду на кухню.