Сакрамэнта
Шрифт:
Калі дзед памёр, яна, ужо студэнтка філфака, хацела пакласці скрыпку разам з ім у магілу, але нешта яе тады стрымала, а можа, проста рабіць гэта на людзях пасаромелася. І карычневы футарал, высланы пунсовым аксамітам, здавалася, назаўжды стаў для дзедавай скрыпкі труною. Памёр гаспадар і памерла ягоная музыка. Тая самая, з якой пачыналася ейнае, такое жаданае, мройнае бяссонне... Яна везла гэтую маленькую карычневую труну ў Мінск, у інтэрнат, дзе яны жылі з мужам, і плакала ад уласнага бяссілля, ад бяссілля ажывіць дзедаву музыку...
У Аленінага мужа, хоць ён вучыўся на фізіка, таксама былі вельмі лёгкія, музычныя пальцы. І не мог жа ён з такімі пальцамі жыць з ёю ў інтэрнаце... І
Яны з Ларыкам дачакаліся і атрымалі нарэшце сваю ўласную, цэлыя два пакоі, кватэру. Нак самай ускраіне горада. З відам на аутаныя параю трубы і голае поле, але ж сваю, уласную... Алена надта не перажывала ад таго, што ў іх з Ларыкам была ўсяго адна канапа, раскладушка ды стол з зэдлікамі. Кнігі яна расставіла ў радок уздоўж сцен. Для посуду прынесла некалькі каробак з-пад бананаў. Адзежа змясцілася ў шафах, якія былі ў калідоры. Што ж паробіш, калі за тыя грошы, якія бацькі калісьці, прыехаўшы з Сахаліна, паклалі ёй на кніжку, цяпер можна было купіць хіба што “Снікерс”. Яна любіла сваю работу, любіла студэнтаў, якім натхнёна расказвала пра Максіма Гарэцкага і Алеся Гаруна, па творчасці якога і абараніла кандыдацкую дысертацыю. Яна, вядома, пакутавала ад таго, што не можа як след усталяваць свой побыт, купіць сабе і Ларыку патрэбныя кнігі. Але з ёю жыло, яе жывіла тое даўняе мройнае бяссонне. І яна чамусьці верыла, што яно калі-небудзь можа паўтарыцца, што скрыпка, а з ёю і музыка, паўстануць з труны...
Яна верыла ў гэта, хоць у новым доме панавалі зусім іншыя гукі. Спачатку суседзі зверху, усе, паверх за паверхам, клалі паркет, свідравалі сцены, шклілі балконы, потым пачалі выбіваць на кухні дзіркі-нішы пад халадзільнікі... І манатоннае пастукванне ды дрынканне змянілася гучнымі аўтаматнымі чэргамі, ад якіх дрыжэлі сцены і вокны, і ў вентыляцыйны люк ляцелі цэмент і нават бетон... аднойчы яна ледзь паспела адцягнуць, захінуць Ларыка — вялізны кавалак выпаў разам з вырванаю жыўцом сеткаю вентыляцыі і бумкнуў проста ў рукамыйнік... Было ўражанне, што жывеш на нейкай вечнай будоўлі, і людзі ні ўночы, ні ўдзень не прагнуць цішыні, не прагнуць музыкі, а гэтым дрынчаннем і грукатам, як алкаголем ці грубым рокам прагнуць заглушыць свае душы.
Да яе таксама заходзілі майстры, але яна на іхнія прапановы толькі паціскла плячыма. На кухні ж, калі суседзі сваімі халадзільнікамі перакрыі вентыляцыю, стала не прадыхнуць. Калі нехта смажыў рыбу, ці пёк бліны, увесь дым расцякаўся па іхняй кватэры, вокны пацелі, і нават шпалеры адставалі ад сцен. А ў нішах на халадзільнікі ўжо паставілі відэамагнітафоны, якія зранку да позняй ночы паказвалі адны і тыя ж фільмы. Шпіён прыходзіў да прастытуткі. І яна гнюсавым голасам перакладчыка разоў пяць паўтарала: “Не-ет. Я туда не пойду-у...”
Ларык спаў. А яна мусіла слухаць п’яную лаянку і сабачы брэх знізу, потым пачыналі падаць паліцы ці тумбачкі зверху, і дзіця надрыўна крычала: “Ма-маа!”, а п’яны мужчына патрабаваў:”Но-ож! Прынясі, дзетачка, нож!” Назаўтра ўночы пэўна ж той самы мужчына дрыляваў сцяну і вешаў паліцы на месца. А ўдзень усё глушыў суперметалік. Потым хтосьці купіў дрэваапрацоўчы станок і ўжо, здавалася, нават сцены пачалі курчыцца ў сутаргах...
Але Алена ўжо н езважала на ўсё гэта, бо яе Ларыка, хоць ён яшчэ і хадзіў у дзіцячы садок, прынялі ў музычную школу. І дзедава скрыпачка ўсё ж паўстала з труны, са свайго высцеленага аксамітам ложка. І пад імклівымі Ларыкавымі пальчыкамі мелодыі, адна прыгажэй за другую, быццам самі зляталі са смычка на струны, са струнаў на смычок... І зноў скрыпачка не магла
ніяк нацешыцца, наталіцца жаданым рэхам... “У вас незвычайна адораны хлопчык...” — сказаў Алене сівы, задумлівы скрыпач і параіў паступаць у музычны ліцэй.І вось аднойчы, калі Ларык са сваёй, з дзедавай скрыпачкай вітаў сонца, што выплывала з-за лесу, самай светлай і чыстай мелодыяй, і Алена пазнал аяе, гэтую мелодыю, пазнала тую сваю, самую жаданую сцяжынку ў рай, у дзверы пазванілі.
Гэта быў сусед зверху. Яшчэ даволі малады, але ўжо нейкі азазлы, зарослы шчаціннем, з вачыма, у якіх люстравалася пустэча. Яна пазнала ў ім майстра, які некалькі разоў набіваўся да яе зрабіць нішу пад халадзільнік. Ці гэта ёй толькі падалося? Прынамсі, ён быў у такім самым зялёным спартыўным касцюме з пунсовымі лампасамі. Патыхаючы перагарам, сусед захрыпеў:
— Эта ваш клоп усё врэмя скрыпіт? Еслі не перастанет, рукі паадбіваю! Все саседзі жалуюцца! Я вас прадупраджаю!
Яна зніякавела. Яна не ведала, што казаць. Хоць магла ж нагадаць яму і пра начныя сваркі, і пра дзіцячы крык, і пра тое, штолітаральна ўчора ён ці ягоная жонка ледзь іх не залалі. Цякло нават з выключальнікаў. І кнігі яшчэ зараз сушацца на батарэях. Але яна маўчала. І больш за ўсё на свеце баялася, каб Ларык, які стаяў за яе спіною са скрыпачкай, і ўсё чуў, не расхацеў займацца музыкай. Яна проста зачыніла дзверы і, пракаўтнуўшы крыўду і боль, паклала пад язык валідол. А потым папрасіла Ларыка сыграць ёй яшчэ раз...
Ларык здаў экзамен, і адзін з выкладчыкаў запэўніў яе, што яго абавязкова прымуць у ліцэй. Яны зайшлі ў магазін купіць торт, але была чарга, а Ларык захацеў, даруйце за падрабязнасці, у прыбіральню. І яна, першы раз у жыцці, дала яму ключ і адправіла яго дадому аднаго. Ларык мог бы дабегчы да іхняга чацвёртага паверха і пешкі, але ён пэўна ўжо ледзь цярпеў, і выклікаў ліфт, у які следам за ім заскочыў (гэта ж трэба гэтае ракавое супадзенне!) іхні, той самы, азазлы сусед зверху ў зялёным спартыўным касцюме з пунсовымі лампасамі... І настаўляючы свае мутныя, чырвоныя вочы, атыхаючы прагарам, загырчэў:
— Я жа прадупраждал тваю мамашу. Я жа вас прадупраждал, што еслі будзеш яшчо скрыпець...
Калі яна, вясёлая, з торцікам, падышла да сваіх дзвярэй, Ларык бледны, з заплюшчанымі вачыма, сядзеў, падцягнуўшы свае худзенькія, вострыя каленькі, на бетоннай падлозе. Ягоныя рукі, ягоныя пальчыкі. Усе ў крыві, бездапаможна звісалі долу. Белая сарочка, камізэлька, шорцікі і нават аксамітны “матылёк” — усё было запырскана крывёю. Побач пры дзвярах ляжаў расчынены футарал са скрыпачкай... Таксама ліпкі ад крыві...
Пакуль прыехала “хуткая”, выклікаць якую Алена бегала ў тэлефон-аўтамат, Ларык спачатку сам, потым з ейнаю дапамогай памыўся і пераапрануўся. Бедны, ён так і не паспеў у прыбіральню...
Ларык дрыжэў, трымцеў і маўчаў... Ні слова не казаў пра тое, хто яго так. І толькі доктару, строгаму, іранічнаму барадачу, ужо ў бальніцы. Прызнаўся, што дзядзя-сусед заціснуў яму пальчыкі ў футарал і стукнуў па ім нечым важкім. Алена, пачуўшы, страціла прытомнасць...
— Чаму ж ты не крычаў?! Чаму не крычаў?! — пустым, нікому цяпер непатрэбным рэхам па пустой цёмнай кватэры гуляла, білася аб голыя сцены, аб голую падлогу, аб столь з лямпачкамі без абажураў, камяком перасядала ў горле ейная роспач...
І тады яна ўстала, і не чакаючы, пакуль выплыве месяц, вобмацкам адшукала, уставіла патрэбную касету, уключыла магнітафон. І на ўсю кватэру, на ўвесь дом, на ўвесь свет загучала тая самая мелодыя, якую яна чула ад дзеда, і якою Ларык вітаў узыход сонца... Яна паспела, запісала яе цішком на магнітафон. Ларык іграў дзедаву мелодыю...
І дах паплыў. І яна зноў апынулася ў сваім уласным доме. У сваім уласным палацы... І зоркі засвяцілі ёй проста ў вочы. І сярод іх была адна-адзіная, та самая, з якой пачыналася ейная сцяжынка ў арй...