Крыніцы
Шрифт:
Нагадаўся пачатак яго сакратарскай дзейнасці адразу ж пасля прыходу Савецкай Арміі, калі яны, партызаны, вярнуліся на родныя папялішчы. Што яны мелі тады? У гэтых Крыніцах, якія, дарэчы, былі спалены напалавіну, не засталося ніводнага кароўніка, канюшні, ды i кароў не засталося ніводнай, а коней — дзесяткі два калек, якіх выбракавалі з арміі. На пасаду старшынь траплялі выпадковыя людзі, якіх штогод прыходзілася мяняць. А цяпер? Няхай яшчэ не самая лепшая МТС, няхай яшчэ i калгас толькі сярэдні… Але якія магчымасці, якія перспектывы! Ёсць дзе разгарнуцца, ёсць з кім працаваць! Якія людзі выраслі! У МТС — Сяргей за галоўнага інжынера, той Сяргей, якога ён, Жураўскі, помніць
Ён мала ведаў Валатовіча i дагэтуль сустракаўся усяго адзін раз: прыязджаў неяк улетку, не застаў Бародку i звярнуўся да старшыні райвыканкома — папрасіў машыну дабрацца да Крыніц. Валатовіч яго ведаў больш, бо яму расказвалі аб былым сакратару, i ён сам не раз бачыў i слухаў Жураўскага на рэспубліканскіх нарадах. Цяпер, пабыўшы некалькі гадзін разам, спачатку — у МТС, потым — у канторы праўлення i на фермах, яны належным чынам ацанілі адзін аднаго.
Ужо вечарэла. Яны доўга затрымаліся на ферме, глядзелі, як дояць кароў. Валатовіч тоЛькі што набыў першыя даільныя апараты, але працавалі яны чамусьці кепска. Маладзенькая заатэхнік, якая ўжо тры дні вучыла даярак карыстацца імі, баялася прызнацца ў сваім няўменні, ледзь не плакала ад роспачы. Раман Карпавіч i старшыня памагалі ёй знайсці прычыну кепскай работы апаратаў.
Валатовічу хацелася яшчэ паказаць сакратару свінарнік, дзе вельмі паспяхова працавала механізаваная кармакухня. Але свінарнік знаходзіўся ў Задуб'і, за тры кіламетры, а на дварэ пачыналася завіруха.
Жураўскі жартаўліва запярэчыў:
— Злітуйцеся, Павел Іванавіч. Тым больш што я, па праўдзе кажучы, у госці прыехаў да цесця. Жонка там чакае, сваякі… Хадзем лепей пагрэемся.
У хаце Сцяпана Касцянка было як на свята: вымыта, вычышчана, прыбрана. Печ дыхала гарачынёй i такімі пахамі смажаніны, ад якіх ураз разгараўся апетыт. У светлай палавіне Даша накрывала сталы, накрывала з густам, па-гарадскому, і ўсе ў хаце падпарадкоўваліся ёй. А яна сама любавалася працай рук сваіх i тут жа папракала разгубленых бацькоў:
— Што вы, як да вяселля, рыхтуецеся! Проста паабедаць — i ўсё.
Але i Сцяпан Яўменавіч, i Уліта Антонаўна, i сама Даша ведалі, што будзе не проста абед, бо людзей прыйдзе нямала, нават калі i не запрашаць: адны захочуць пабачыць Рамана Карпавіча, другія — Дашу.
Адам прыйшоў ca школы, пацягнуў носам смачнае паветра, убачыў Дашу з закасанымі рукавамі i, замест прывітання, пажартаваў:
— Прыёмчык наладжваеш у гонар новага сакратара, Дар'я Сцяпанаўна?
Маці, відаць, пачулася нешта абразлівае ў яго словах, i яна пажадала:
— Ціпун табе на язык, Адамка.
Касцянкі радаваліся звароту зяця i дачкі ў родны раён. Уліта Антонаўна, праўда, спачатку тайком спытала ў Дашы:
— Дашачка, а не паніжэнне гэта Раману?
Але Сцяпан Яўменавіч разважаў проста i па-сялянску мудра:
— Даўно пара так. А то ўсё Патапаў вылучалі. Не, Патапы калгасы не падымуць. Цяпер трэба людзі вучоныя. Вось гэта рэч іншая! Валатовіча — у калгас, Жураўскага — у раён. Дарэмна Бародку адпусцілі. З яго таксама старшыня быў бы…
Але яшчэ больш узрадаваў прыезд Жураўскіх Jleмяшэвіча. Ён i сам не разумеў прычыны гэтай сваёй узнёслай радасці, але хадзіў апошнія дні, як імяніннік, з нецярпеннем чакаючы новага сакратара, нібы той вёз асабіста для яго новае жыццё i вялікае шчасце. Ён не вытрымаў i прыйшоў да Касцянкоў раней за ўсіх. Убачыў Дашу — збянтэжыўся, як закаханы. А яна доўга i моцна ціснула яму руку, весела смяялася.
— Ага, сорамна вам? Ніводнага пісьма — падумаць!
— Пісаў
адно.— І ён называе гэта пісьмом i апраўдваецца: пісаў. Як прыехаў — напісаў, падзякаваў, i на гэтым канец дружбе. Я думала, вы ажаніліся тут.
— А яго такі ледзь не ажанілі…— пажартаваў Адам.
— Сядайце i раскажыце мне ўсё. А то пра вас легенды ходзяць.
— Якія легенды? — не на жарт устрывожыўся Лемяшэвіч, баючыся, што яму прыпісалі нейкія ўяўныя заслугі.— Легенда заўсёды плод фантазіі, Дар'я Сцяпанаўна. А мне i расказвац'ь няма чаго. Працаваў i рабіў памылкі, як любы смяротны…
— Расказвайце пра памылкі. Ад мяне вы не адкруціцеся. Я вас прымушу расказваць. Ці не я вас сагітавала сюды? Ай, мама, пірог! — глянула яна на гадзіннік i кінулася да печы. — Прабачце, пірог згарыць…
Лемяшэвіч з цікавасцю назіраў за Дашай, як яна ўвіхаецца каля печы, i ў гэты момант чамусьці ўявіў сваю халасцяцкую кватэру, у якой пры ўсіх яго намаганнях i дапамозе сяброў усё-такі няма такой утульнасці, як у хаце, дзе ёсць гаспадыня, i яму стала сумна; ён адчуў сябе адзінокім i няўладжаным у жыцці. «Не, трэба ажаніцца», — падумаў ён, але ад рашучасці такой не стала весялей: адразу ўспомнілася Наталля Пятроўна. У глыбокім задуменні ён глядзеў на Жураўскую, a бачыў яе, Наташу. Чым далей, тым больш i больш завалодвае ім пачуццё, адначасова радаснае i пакутлівае. Цяпер ён напэўна ведаў, што гэта — не простае захапленне, якое часам з'яўлялася раней, a сапраўднае каханне, шчырае i глыбокае, у якое ён раней не асабліва i верыў, думаў, што яно існуе толькі ў кнігах. Ён адчуваў, што доўга так не можа цягнуцца, што ён павінен нешта рабіць. Але што? Што ён можа сказаць, на што можа спадзявацца? А як пасля паглядзець у вочы Сяргею, гэтаму крыштальна чыстаму, падзіцячаму даверліваму чалавеку? «Хутчэй бы яны пажаніліся, — не раз думаў ён доўгімі бяссоннымі начамі.— Тады знікла б усякая надзея i — кропка. Ці мала на свеце добрых жанчын!»
Уліта Антонаўна занесла на стол гарачы пірог, які rieрадала ёй Даша, накрыла ручніком, як накрывала паляніцы хлеба, выняўшы ix з печы i абмыўшы румяную скарынку вадой.
— Кірылавіч, — вывела яна з задумення Лемяшэвіча, — а Алёша не прыязджаў у Мінск, — i праслязілася.
— Як не прыязджаў? A пісьмо?
— У пісьме ён пісаў, што жыве ў Дашы, прывет перадаваў, а яны ў вочы яго не бачылі.
— Гэта вы яго навучылі такой скромнасці? — спытала Даша ў Лемяшэвіча.
— Гонару ў яго многа, а не скромнасці,— сказаў бацька з парога, несучы вялікую міску салёных рыжыкаў.
— Я дараваць не магу ўсім вам, што адпусцілі яго, — уздыхнула Даша. — Хіба можна — з дзесятага класа!
— Нічога, не загіне! — супакоіў жанчын бацька. — Я меншы на Урал у заробкі ездзіў. Больш самастойнасці набудзе.
Прыйшлі Жураўскі i Валатовіч, прамёрзлыя, заснежаныя, але здаволеныя адзін адным, вясёлыя, i ўсё гаварылі пра калгасныя справы. Прыйшоў Даніла Платонавіч. Жураўскі шчыра абняў яго. Стары ўпотай выцер слязу i сам абняў Дашу.
— Радуюся за вас, мае сябры. Дзякую вам.
— Завошта, Даніла Платонавіч? — здзівілася Даша.
— Як завошта? Пісьмы мне добрыя пісала, за кнігі. І за тое, што вярнуліся. Не гаварыце, што гэта проста i легка. Але так трэба людзям, Рамане.
Стары стаяў пасярод хаты i гаварыў сур'ёзна i крыху ўрачыста. Жураўскі, адчуваючы няёмкасць ад такой сустрэчы, жартаваў:
— Вы мяне не агітуйце, Даніла Платонавіч. Я сам сябе сагітаваў.
— Вось за гэта i дзякуй. А хочаш крытыкі — калі ласка, скажу… Мала яшчэ вопытных людзей ідзе ў вёску з ахвотай. А каго прымушаюць — у такога работніка я не веру, толку не будзе з такога.