Крыніцы
Шрифт:
— У мяне вуснае пытанне! — прагучаў раптам моцны голас з залы. Узняўся высокі малады чалавек у сінім бастонавым касцюме. Яго мала хто ведаў; не ведалі яго ні Лемяшэвіч, ні Цолаз, ні ix суседзі па лаве; потым высветлілася, што гэта новы механік Зарэчнай МТС Кавалёў, які раней працаваў механікам у абкомаўскім гаражы.
— У мяне пытанне. Завошта таварыш Бародка атрымаў вымову на бюро абкома?
Спакойна спытаў i спакойна сеў. Зала ўраз прыціхла, тыя, што хацелі выходзіць, застылі на месцы.
Разгублены, Птушкін павярнуўся да Малашанкі, але сакратар абкома не звяртаў на яго ўвагі, a пільна ўглядаўся ў залу, у твары людзей. Тады Птушкін сурова спытаў:
— А якое гэта мае дачыненне да даклада?
— A хіба гэта тайна… ад канферэнцыі? —
Адчуваючы няёмкасць становішча i няздатнасць Птушкіна замяць гэтую непрыемнасць, Бародка ўмяшаўся сам:
— Я адкажу таварышу… — ён не помніў яго прозвішча, — калі буду адказваць на ўсе іншыя пытанні…
A ў пакоі для прэзідыума, куды выйшлі ў часе перапынку, Бародка сказаў Малашанку:
— Гэта правакацыя Лемяшэвіча! Ён проста расперазаўся пасля бюро. Нельга пры такіх людзях разносіць сакратара райкома…
Валатовіч, пачуўшы гэтыя словы, абурыўся:
— Табе ўсюды здаецца правакадыя. Яны да сённяшняга дня адзін аднаго ў вочы не бачылі.
— Да сённяшняга!.. Такія хутка могуць спецца.
Малашанка, мяшаючы лыжачкай чай, заўважыў:
— У партыі дысцыпліна адна для ўсіх i тайны ад камуністаў няма.
— Ты сам напрасіўся на такое пытанне. Людзі помняць усю гісторыю: газета абвяржэнне друкавала, — сказаў Валатовіч. — Тваю крытыку ўспрынялі як помету! Інакш ацаніць i нельга!
Бародка ўскіпеў.
— Вы мяне не лавіце, таварыш Валатовіч! Свае памылкі я сам ведаю!
— Аднак ты ні слова не сказаў пра ix.
— Цішэй, таварышы, — супакоіў ix Малашанка. — Для спрэчак ёсць трыбуна.
Першыя з выступаючых, падрыхтаваныя загадзя, гаварылі кожны пра работу сваёй арганізацыі — пра свой калгас, сельсавет, МТС, асцярожна i ў меру, якая стала шаблонам, крытыкавалі райком. Дырэктар Крыніцкай МТС Рашчэня першы шчыра сказаў, што даклад сакратара яго не задаволіў.
— Я ажно здзівіўся. Далібог. Што такое, думаю! Арцём Захаравіч, які так любіць самакрытыку, не знайшоў ніводнага слова, каб сказаць пра нашы агульныя недахопы, пра работу райкома. І гэта ў такі час, таварышы! Я чытаю пастанову пленума, i мне здаецца, што члены ЦК проста на наш раён глядзелі, калі пісалі яе. Усё — як у нас. І вось зараз партыя робіць такі пералом у кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, выкрывае ўсё — начысціню… Каб усё было відаць. Вось як! Такога даклада, баявога такога, шчырага, як пастанова, чакаў я ад Арцёма Захаравіча… А выходзіць, што ва ўсім адзін Кляўкоў вінаваты. Ай, які злачынца Кляўкоў!
— Мы па гэтых пытаннях два пленумы правялі, таварыш Рашчэня, — падаў рэпліку Бародка.
— Правялі? — як бы здзівіўся Рашчэня. — Ого! І што ж — адразу пастанову выканалі? Правялі — i крышка: усё зроблена! На канферэнцыі, у справаздачы райкома, можна i не гаварыць ужо? Так, ці што? Вось як мы працуем — люба-міла! Абы праведзена было! Мы i на месцах ужо прывыклі так: сход праведзены — справа зроблена! Абы ціха было!..
Ніхто з дэлегатаў, апрача крынічан, не зразумеў з даклада, што ж здарылася ў Крыніцкай школе. Дакладчыку пасылалі запіскі з просьбай растлумачыць падрабязна. Бародка чытаў гэтыя запіскі i паціскаў плячамі: ніколі яшчэ не было такой павышанай цікавасці да школьных спраў. Звычайна пытанні асветы на канферэнцыях закраналі толькі загадчык райана i дырэктары школ, ды i то апошнія — у канцы сваіх выступленняў, пасля спраў калгасных, бо пераважная большасць ix была сакратарамі партарганізацый.
У адной запісцы прапанавалі даць слова Лемяшэвічу.
Але ўсё растлумачыў Валатовіч. Ён пачаў з таго, што папрасіў прадоўжыць яму рэгламент. Дэлегаты хорам падтрымалі:
— Даць! Да-даць!
— У мяне, таварышы, ёсць многа пра што сказаць i — галоўнае — пра нашы калгасныя справы, пра нашу сельскую гаспадарку. З ix я хацеў пачаць. Але пачынаю не з ix. Вінаваты ў гэтым дакладчык. Я пачынаю з таго, чым па сутнасці таварыш Бародка скончыў — з яго крытыкі Крыніцкай школы i яе дырэктара Лемяшэвіча. Я мушу гаварыць пра гэта таму,
што, на маю думку, у гэтай, з дазволу сказаць, «крытыцы» асабліва яскрава выявіўся стыль работы першага сакратара i яго метад самой крытыкі… Вядома, што даклад зацвярджаўся на бюро. І нічога там пра Крыніцкую школу не было. Усё гэта таварыш Бародка ўставіў ад сябе. Што яму бюро! Хіба ўпершыню ён ігнаруе бюро! Я два гады працаваў разам з Бародкам i таму бяру ўсю адказнасць за свае словы. Я гаварыў Арцёму Захаравічу адзін на адзін, як камуніст камуністу. Не памагло… Ён заўсёды ўсё рабіў з наскоку, штурмам, без належнай праверкі, без вывучэння фактаў, без аналізу ix… Адгэтуль i дзіўны метад крытыкі: раздзьмуць любы факт, любы намёк з паўелова i чалавека, які не падабаецца, такім чынам знішчыць…Бародка падпёр лоб левай рукой так, што твару яго, вачэй з залы не было відаць, i нешта глыбакадумна занатоўваў у блакнот з такім выглядам, быдцам усё гэта гаворыцца не пра яго.
— А што датычыцца крытыкі Лемяшэвіча, то тут наогул непрыгожая гісторыя. Тут пахне пометай… Так, так, — рашуча пацвердзіў Валатовіч, убачыўшы хуткі позірк Бародкі.— Мне здаецца, таварыш Кавалёў недарэмна задаў на першы погляд бестактоўнае пытанне. Усе помняць фельетон у абласной газеце. Паклёп на сумленных людзей санкцыяніраваў Бародка i за гэта атрымаў вымову на бюро абкома, дзе разбіралася ўся справа. Што ж зараз адбылося ў Крыніцкай школе?
Ён падрабязна расказаў пра канфлікт Алёшы Касцянка з Арэшкіным, пра вывады педкалектыву.
— Як бачыце, факт не заслугоўвае таго, каб прысвячаць яму гэтулькі часу на раённай партканферэнцыі… Звычайны выпадак з жыцця школы… Мне думаецца, каб таварыш Бародка праверыў сам, калі гэта зацікавіла яго, ён не зрабіў бы такіх нечаканых вывадаў, не сказаў бы, што ў школе адсутнічае выхаваўчая работа. Можна спрачацца з педагагічнага пункту гледжання, ці ўсюды правільна i разумна паступаў дырэктар школы. Гэта справа іншая. Можна не згаджацца з Лемяшэвічам. Але трэба не забываць, што выхаванне — гэта не адны ўрокі, сухія маралі, праборкі на сходах. Не! Выхаванне — гэта вельмі складаны працэс. І нельга, не разабраўшыся, апраўдваць такога тыпа, як Арэшкін, i ганіць..
— Ніхто нікога не ганіць! — перапыніў яго Бародка. — A Арэшкін — не тып, таварыш Валатовіч! Гэта вы з Лемяшэвічам так адносіцеся да беспартыйнага педагога!
— Дэмагогіяй займаешся, Арцём Захаравіч!
— Ваша выступленне — дэмагогія…
Малашанка павярнуўся да прамоўцы:
— Гаварыце канферэнцыі!
Валатовіч, відаць, усхваляваны гэтай спрэчкай, хвіліну маўчаў, гартаючы блакнот. Потым як бы пачаў выступление нанава:
— Таварышы!.. Адразу хачу папярэдзіць: як член бюро i былы старшыня райвыканкома я не здымаю віны з сябе за ўсе недахопы ў кіраўніцтве калгасамі… Больш таго, віна мая, як i іншых членаў бюро, павялічваецца ад таго, што мы доўга маўчалі, ішлі за першым сакратаром, прыглушаныя яго аўтарытэтам…
Валатовіч выказаў усё тое, што ён некалі яшчэ ўлетку гаварыў Бародку ў яго кабінеце, i свае думкі аб планаванні, аб рабоце МТС i аб падборы людзей на пасады старшынь калгасаў.
— … Людзей у нас пайшло ў калгасы нямала, i людзей дастойных. Гэта радасна. Праўда, трэба сказаць шчыра, не ўсе ішлі добраахвотна i з вялікім жаданнем. З многімі райкому прыйшлося гутарыць не адзін раз. Але што мне хочацца сказаць… Магчыма, я памылюся, няхай таварышы даруюць i паправяць пасля. Але ў мяне такое ўражанне, што Арцём Захаравіч стараецца паслаць у калгасы выключив тых, хто яму не па душы, хто часам пярэчыў яму. Для калгасаў гэта, я ўпэўнены, увогуле нядрэнна, бо болыиасць такіх — неспакойныя, смелыя, дзёрзкія i рашучыя таварышы. Такія i трэба цяпер у калгасах! Але я баюся іншага… Я выказваю гэта, карыстаючыся прысутнасцю сакратара абкома. Я баюся, як бы ў раёне, на кіруючых пасадах не засталіся вельмі ўжо спакойныя да ўсяго людзі… Чыноўнікі… Гэткія Шапавалавы… Ёсць у нас такі інструктар, якога, я чуў, хочуць зрабіць загадчыкам аддзела… Я з практыкі ведаю, якая сіла — райпартактыў. І аслабіць яго…