Крыніцы
Шрифт:
Яна пераступіла на карацейшую нагу i ca здзеклівай абыякавасцю, быццам зусім нічога i не здарылася, адказала:
— Пайшлі Алёшу Касцянка праводзіць.
Арэшкін задыхнуўся i выбег з клас а.
Тады Рая апусціла галаву на парту, i плечы яе закалаціліся ад плачу.
Ніна паглядзела на яе спачатку зняважліва, потым — з цікавасцю, а яшчэ праз хвіліну — з жалем. Нарэшце не вытрымала, падышла i легка дакранулася далоняй да яе валасоў.
— Я ж ведала, што ты яго кахаеш. Ты проста сама сябе ашуквала. Алёшу нельга не кахаць.
Тым часам Арэшкін, бледны, абураны i нават спалоханы. ускочыў у клас, дзе вёў урок Лемяшэвіч.
— Я
Лемяшэвіч выйшаў за ім у калідор.
— Што здарылася?
— Гэта дэманстрацыя! — зашыпеў Арэшкін, пырскаючы слінай. — Гэта бяспрыкладная дэманстрацыя! Гэта… гэта… ганьба!
— Што?
— Яны ўсе пайшлі правесці гэтага, — ён скрывіўся, — гэтага… А?
Лемяшэвіч здагадаўся нарэшце, што здарылася, i шумна ўцягнуў праз нос паветра, ноздры яго раздзьмуліся.
— Калі гэта дэманстрацыя супраць вас, то я — за такую дэманстрацыю, — сказаў ён i пайшоў у клас, пакінуўшы разгубленага Арэшкіна ў паўцёмным калідоры.
29
Бародка сустрэўся з Валатовічам у раённым Доме культуры, дзе мелася адкрыцца канферэнцыя.
Першымі, як заўсёды, прыязджалі старшыні калгасаў — у ix знаходзіліся тэрміновыя справы ў аддзелах райвыканкома, у банку, на базах. A паколйкі ў ix руках транспарт, то разам з імі задоўга да пачатку канферэнцыі прыехала большая частка дэлегатаў.
Бародка пад выглядам праверкі, ці ўсё падрыхтавана ў клубе, прыйшоў праверыць настрой людзей. Даўно ён ужо так не хваляваўся перад канферэнцыяй, i хваляванне гэтае палохала яго. Ён жартаваў з людзьмі, цікавіўся, як уладзіліся на начлег, прасіў выступаць, нават падказваў пытанні, якія варта асвяціць сакратару партарганізацыі, дырэктару саўгаса, рабочаму цагельнага завода. Ён тут жа «распёк» старшыню райспажыўсаюза за тое, што ў буфетах мала ежы.
— Улічы, Васількоў, каб для дэлегатаў абед быў не горшы, чым у сталічным рэстаране. Сам прыйду абедаць. А то ў цябе там прывыклі — цяп-ляп… Ніякай культуры!
Убачыў Валатовіча — пайшоў насустрач, як лепшаму другу.
— А вось яшчэ адзін будучы мільянер! Хутка цябе, Лупанаў, абгоняць, — сказаў Бародка да другога старшыні.— «Вольнай працы» мы запланавалі на будучы год два мільёны… Выцягнеш, Павел Іванавіч?
— А мы ў сябе яшчэ не лічылі, запланавалі без нас, — паціскаючы рукі, адказаў Валатовіч. Старшыні калгасаў пераглянуліся. Бародка нахмурыўся.
— Планы спускаюцца зверху. Не табе пра гэта казаць. Сам падпісваў.
— Ды падпісваў,— згадзіўся Валатовіч сумным голасам.
Калі яны нарэшце засталіся ўдвух, ідучы ў райком, Бародка ласкава, па-прыяцельску, i нават як бы спачуваючы, спытаў:
— Ну, як, Павел Іванавіч, цяжка?
Магчыма, што спачуванне гэтае i абурыла старшыню. Ён хутка зірнуў на Бародку, i вочы яго пад сівымі бровамі адразу звузіліся i пацямнелі.
— Калі такое пытанне мне будзе задаваць першы сакратар, няхай не чакае адказу.
— Калючы ты стаў,— кінуў Бародка.
Валатовіч памаўчаў, пакуль ішлі па калідоры райкома. У кабінеце, распрануўшыся i прытуліўшыся спіной да грубкі, адказаў лагодна i спакойна:
— Не падумай, што я нервуюся ад таго, што цяжка. Не. Мне сапраўды нялёгка, але я адчуваю такую радасць ад працы, якой не ведаў даўно ўжо. А калючы таму, што злуюся на сябе за сваю ранейшую працу. І на цябе таксама…
Бародка, які хадзіў i па-гаспадарску
папраўляў нагой дывановыя дарожкі, спыніўся каля дзвярэй, уважліва слухаючы.— Дрэнна мы з табой кіравалі…
Бародка рэзка павярнуўся i пайшоў да стала.
— Гэта я чуў ужо! Табе стала выгодна займацца такой самакрытыкай? Лягчэй біць па мне?
— Пачакай, не кіпі…
— Я — першы сакратар райкома, а ты — старшыня калгаса. І час ужо…
— Я член бюро пакуль што… Але справа не ў гэтым… Я сказаў не так… «Дрэнна» — гэта трэба, магчыма, гаварыць пра гультаёў, лежабокаў. А мы з табой не гультаі, мы працавалі дзень i ноч… Тваёй энергіі кожны пазайздросціць — шчыра скажу. Але… казённа мы кіравалі, фармальна… Вось ты сказаў: табе два мільёны запланавалі. Усё гэта добра. Але знойдуцца канцылярысты i распішуць, адкуль, з чаго ўзяць гэтыя мільёны. Распішуць самі, не выходзячы з кабінетаў, не спытаўшы ў старшыні, у праўлення, у калгаснікаў, не ведаючы ні зямлі, ні гаспадаркі. І такі план робіцца законам… А я вось пабыў у калгасе i пераканаўся, што вельмі часта планы, якія спускал! мы з табой, не памагалі калгасу, a тармазілі яго развіццё, звязвалі па руках i нагах. Вось я i думаю зараз: хіба гэта не фармальнае кіраўніцтва?
Бародка сеў каля свайго стала, паправіў газеты, якія i так былі складзены высокім стосам вельмі акуратна; зморшчыкі ля куткоў яго рота паглыбіліся ад іранічнай усмешкі.
— Значыцца, на планаванне ўжо замахваешся? А ты на канферэнцыі свае рэформы прапануй.
— А што ты думаеш? Скажу. Пра ўсё скажу, што нам замінае.
Бародка падазрона агледзеў яго, намагаючыся адгадаць, пра што яшчэ ён мае намер гаварыць. Ён хоць i харобрыўся i пераконваў сябе, што яму нічога не страшна, але часам у апошнія дні перад канферэнцыяй лавіў сябе на думцы пра выступленні Валатовіча, Лемяшэвіча, Кляўкова, яшчэ двух-трох чалавек.
У кабінет ускочыў Шапавалаў, які быў цяпер за памочніка сакратара.
— Арцём Захаравіч, Малашанка прыехаў,— таямнічым паўшэптам паведаміў ён.
Шапавалаў ад дзвярэй не бачыў Валатовіча, які ўсё яшчэ грэўся каля грубкі.
Бародка неяк унутрана ўстрапянуўся, але тут жа, успомніўшы пра Валатовіча, зрабіў выгляд, што аб прыездзе на канферэнцыю сакратара абкома ён ведаў раней. У сапраўднасці ж рэакцыя яго была зусім іншая. Ён ведаў, што на канферэнцыю да ix павінен быў прыехаць загадчык аддзела прапаганды, i гэтая акалічнасць супакойвала: не едзе ніхто з сакратароў — значыцца, сур'ёзных змен не будзе, значыцца, у ім упэўнены паранейшаму. І раптам — Малашанка, якога пасля ўсёй гісторыі з пераводам Лемяшэвіча i асабліва пасля пасяджэння бюро абкома ён, Бародка, больш не лічыў за сябра, не любіў i баяўся. Чаму прыехаў Малашанка? Што здарылася? Гэта моцна ўстрывожыла яго. Але ён нічым не выявіў сваёй устрывожанасці. Абыякава спытаў у Шапавалава:
— І дзе яно, начальства?
— Было тут, Арцём Захаравіч, потым пайшло вас шукаць, ды яго Алена Сямёнаўна сустрэла i на кватэру павяла.
— Добра, — сказаў Бародка, даючы зразумець Шапавалаву, што больш ад яго нічога не патрабуецца.
Але памочнік не выходзіў.
— Можа, што трэба, Арцём Захаравіч?
— Што? — не зразумеў сакратар.
— Ну, самі ведаеце… На кватэру пайшлі…
На твары Бародкі імгненна выступілі чырвоныя плямы. Шапавалаў, які добра ведаў свайго сакратара, спалохана адступіў да дзвярэй, не разумеючы, што так разгневала яго.