Крыніцы
Шрифт:
— Ідзіце займайцеся сваімі справамі,— сказаў Бародка ціха, але з такім націскам на «сваімі справамі», што Шапавалаў вылецеў куляй.
— Падхалім, сукін сын, — усміхнуўся Валатовіч, адыходзячы ад грубкі.— Разагнаў бы ты ix, а то, глядзі, кіўнуць табе калі-небудзь: падхалімамі абкружыўся!
— Таксама твой тэзіс? — чамусьці весела спытаў Бародка.
— Не. У мяне на дробязі рэгламенту не хопіць. А вось як вы ў райкоме тры месяцы не можаце вырашыць справу аб аб'яднанні арганізацый — калгаснай i тэрытарыяльнай — скажу.
— Далібог, ты робішся наіўным чалавекам. Гэта ж трэба вырашаць у прынцыпе. Ёсць статут партыі. Паспрабуй зменшы колькасць арганізацый — што табе скажуць?..
— Статут
Бародка раптам засмяяўся.
— У мяне такое ўражанне, што ты рэпеціруеш сваё выступление перада мной. — Ён замкнуў на ключ шуфляду стала, — Ты прабач. Але трэба начальства пабачыць. Пасядзі тут.
— Не, дзякую. У мяне спраў хапае. Пайду ў Сельгасснаб палаюся: два месяцы як грошы за трубы i кормазапарнік пералічылі, а абсталяванне, мабыць, цераз два гады будзе. Вось дзе трэба лепш планаваць!
Малашанка i Алена Сямёнаўна сядзелі ў пакоі i пасяброўску гутарылі. Калі яны працавалі ў адным раёне, Малашанка — першым сакратаром, Бародка — другім, сем'і ix дружылі.
У размове Малашанка спытаў як бы між іншым:
— Не праваляць сёння Арцёма?
— Праваляць? — Алена Сямёнаўна змоўкла, задумалася, абветраны просты твар яе зрабіўся суровым. — Бадай, не. Няма каму крытыкаваць. Баяцца. Хіба Валатовіч. А трэба. Ох, трэба пакрытыкаваць. Хаця б ты, Пётр Андрэевіч, прачысціў яму мазгі.
Малашанка ўсміхнуўся.
— Ты ўсё такая ж, Алена. Пазнаю, — i задумаўся. — Бачыш, калі я выступлю рэзка, яго сапраўды могуць праваліць. А гэта не пажадана. Зразумей, мы не можам у такі адказны час раскідвацца такімі вопытнымі кадрамі, як Бародка, — ён, быццам забыўшыся, дзе знаходзіцца, выказаў гэта афіцыйна, аўтарытэтна, як належыць сакратару абкома, — куды падзеліся яго прастата i непасрэднасць!
Мабыць, адчуўшы гэта, Алена Сямёнаўна ўздыхнула.
— Шкада, што я не дэлегат, — я яму наклявала б.
Малашанка ўраз змяніўся i весела зарагатаў:
— A няўжо выступіла б?
— Выступіла б! Ён хацеў мяне ў партыю не дапусціць. Спалохаўся, што жонка расце…
У сакратара ад смеху i захаплення заблішчалі на вачах слёзы.
— Малайчына ты, Алена. Гляджу я на цябе — i радасна мне робіцца. І за Арцёма спакайней на душы.
Іх размову перапыніў гаспадар. Арцём Захаравіч, які ішоў дахаты з нейкім страхам, ад якога самому рабілася агідна, у калідоры пачуў вясёлы смех Малашанкі i супакоіўся.
— Весела вам тут! — сказаў ён, вітаючыся.
— А што нам! Дакладаў нам на канферэнцыі не рабіць. Крытыкаваць нас бадай што не будуць. А цябе напэўна будуць. Ты i сумуй, — пажартаваў Малашанка.
Калі жонка выйшла на хвіліну, Бародка таксама як бы жартам спытаў:
— Ты што гэта сам? Мяне здымаць прыехаў? Цяпер жа вобласці спаборнічаюць: хто больш ператасуе раённыя кадры!
— Можаш не хвалявацца. Ты непахісны. Была прапанова перакінуць цябе ў Святлоўку старшынёй райвыканкома…
— Ці не ты прапанаваў па дружбе?
— Не, не я. Наадварот. Абараняў.
— Дзякую.
— Вось бачыш. А ты крыўдзішся, што твой аўтарытэт не падтрымліваем… Абком падтрымлівае… Сам толькі ты не даражыш ім. З Лемяшэвічам — непрыгожая гісторыя, я табе скажу… Акрамя ўсяго, — ён аглянуўся на дзверы i перайшоў на шэпт: — Мне сказал! што ты ўпарта не кідаеш свае візіты. Глядзі, Арцём! Паважаючы цябе, а яшчэ больш Алену Сямёнаўну, не дарую, калі гэта праўда.
Бародка пачырванеў i раптам, страціўшы свой горды, незалежны выгляд,
пачаў апраўдвацца, як вучань:— Хлусня гэта, Пётр Андрэевіч. Чорт ведае што выдумляюць! Паклёп за паклёпам! Прашу вас… цябе: не давай веры! Я Крыніцы бокам аб'язджаю, каб спынілі пляткарыць…
Вярнулася жонка, i ён папрасіў:
— Леначка, дай, калі ласка, перакусіць, а то праз гадзіну пачынаем…
Яна здзіўлена паглядзела на яго: даўно ўжо ён не звяртаўся да яе так ласкава.
Да іншых сходаў i пленумаў, калі даклад не патрабавалі ў абком, Бародка звычайна пісаў толькі разгорнутыя тэзісы. Для справаздачна-перавыбарчых канферэнцый ён заўсёды пісаў увесь даклад, ад першага слова «Таварышы» да апошняга — закліку. Але ўсё адно рэдка дакладваў па напісанаму; амаль заўсёды, прачытаўшы ўступ — агульнапалітычную частку i тую частку, дзе гаварылася аб дасягненнях раёна за справаздачпы перыяд, — ён адсоўваў тэкст даклада ўбок i пра ўсе недахопы гаварыў вольна, крытыкаваў дасціпна, востра, кідаючы часам такія трапныя афарызмы i вызначэнні, якія пасля рабіліся крылатымі. Выступаючы так, ён умеў завалодаць увагай аўдыторыі, слухаючы яго, не драмалі i не размаўлялі. Людзі любяць вастрыню, ён ведаў гэта, ганарыўся сваімі здольнасцямі i часам злоўжываў, бо, як кажуць, усяму ёсць мяжа. Бародка разумеў гэта, але не заўсёды адчуваў такую мяжу.
На гэты раз у сувязі з надзвычайнай важнасцю канферэнцыі — яна сабралася пасля перабудовы ўсёй работы райкома — Бародка цвёрда вырашыў чытаць даклад да канца, не адрываючыся ад тэксту, таму ўвесь даклад напісаў сам, уласнай рукой. У ім усё было разлічана, усё ўзважана: станоўчае i адмоўнае, крытыка i самакрытыка.
І сапраўды, ён чытаў даўжэй, чым звычайна, чытаў з гадзіну i нарэшце ўсё-такі не вытрымаў. Убачыў, што ў задніх радах размаўляюць, што нехта пазяхнуў, што ваенком раз-пораз выцірае далоняй твар, ад чаго яго заўсёды чырвоны нос яшчэ больш пачырванеў,— i адсунуў непрачытаныя аркушы, сам ступіў убок, абапёрся адным локцем на край трыбуны, праніклівым позіркам акінуў залу, як бы вышукваючы тых, на каго зараз будзе накіравана яго крытыка. І зала адразу варухнулася, як бы падалася насустрач яму, сціхла. Адразу зніклі санлівыя выразы на тварах. І Бародка пачаў…
Размова з Малашанкам развеяла яго неасэнсаваную трывогу, невядомы дагэтуль страх перад канферэнцыяй i не толькі вярнула ранейшую самаўпэўненасць, адчуванне сваёй улады над людзьмі, але нават павялічыла ўсё гэта.
Галоўным пытаннем было накіраванне адказных работнікаў з раённых устаноў у калгасы. Бародка адзначыў пачын Валатовіча, расказаў, якую работу ў гэтым напрамку правёў райком. А потым з усёй сілай свайго гневу i сарказму наваліўся на тых, хто ўхіляецца ад пачэснага абавязку камуніста — пайсці на адстаючы ўчасгак. Першым пад крытыку трапіў загадчык райфа Пыльскі. Дакладчык ярка намаляваў, як гэты чалавек раптам знайшоў у сябе сто хвароб: i гіпертанію, i язву, i камяні ў пячонды, i гемарой (гемарой i камяні выклікалі рогат), як ён пачаў абіваць парогі бальніцы, як штодзень частаваў маладога загадчыка райбальніцы, які па наіўнасці сваёй не разумеў, што да чаго.
— …Мы мусілі яму растлумачыць у райкоме, i малады спецыяліст вельмі здзівіўся, калі зразумеў, што частавалі яго вяндлінай ды мёдам не ад шчырай душы.
Пыльскі — тоўсты, шыракатвары чалавек з сівым вожыкам каротка падстрыжаных валасоў, нахіліўшы галаву, выціраў рукавом зашмальдаванай сіняй гімнасцёркі з ілба пот, які заліваў яго маленькія чырвоныя вочы.
Суседзі азіраліся на яго, кпілі, тузалі за рукавы, ён у адказ на ўсё толькі соп.
— А наогул дарэмна камуніст Пыльскі траціўся. Райком i не думаў пасылаць яго ў калгас…