Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У тумане

Быкаў Васіль

Шрифт:

Бураў енчыў, крычаў, ды крыку яго не чуў тут ніхто, хоць побач ішлі і ехалі людзі, але гэта былі дзіўныя людзі, быццам вайскоўцы, толькі ў нейкай незнаёмай форме, у рудых шынялях — японцы, ці што? І ўсе яны былі з акулярамі на плоскіх тварах і ўзіраліся ў яго, але ні адзін не памог яму. І вось урэшце машына паляцела з абрыву, і ён разам з ёю. Толькі ў пратоку яна не ўпала, яна ўзнялася ў паветра, ягоныя ногі адарваліся ад зямлі, ён падняўся, учапіўся за борт, і той іх палёт нечакана здаўся мяккім, плаўным, нават прыемным, калі б не страх вышыні. Зямля аддалілася, знікла, навакол была цёплая лагодная прастора, у якой прагырчэў чыйсьці голас і сціх. Здаецца, голас пытаўся штосьці, але Бураў не мог зразумець, хто і пра што пытаецца, тое прычыняла яму пакуты, як і яшчэ адна акалічнасць: вакол стала цёмна, і ён занепакоіўся — як жа ў цемры спусціцца яму на зямлю з няўключанымі фарамі?

Сапраўды, навокал было цёмна і сцюдзёна, ён ляжаў на зямлі, гэта пэўна, але без машыны. Палутарка яго дзесьці знікла, і нейчы інакшы голас ціха, зусім па-зямному, пытаўся: «Ты жывы, га?»

Ён хацеў сказаць, што жывы, але не разумеў, дзе ён і што з ім сталася. Чаму ён ляжыць? І хто гэта побач? Здаецца, павінен быць Войцік, з ім жа яны паехалі ў Масцішча… Нашто яны ехалі ў Масцішча?.. Ах, забіць

здрадніка. Яны, здаецца, яшчэ і цяпер едуць, толькі чаму так цёмна і чаму ён гэтак няўклюдна распяты — вісіць дзесь на руках, а ногі часам валакуцца па лісцвяным доле, ногі сапраўды ватныя, без сілы, а пад шчакой штосьці мяккае і цёплае, і пахне чалавечым потам…

Толькі куды ж прапала палутарка?..

…Ах, ягоная палутарка, біты, разняшчасны грузавічок маркі «ГАЗ-АА»! Колькі ён натрываўся ад яе ды і разам з ёю, колькі ягоных спадзяванняў нарадзілася і перагарэла на гэтай машыне і як усё недарэчна скончылася…

Пра машыну ён марыў даўно, мабыць, з таго восеньскага дня, як упершыню згледзеў яе на станцыі — гэта прыехалі нейкія экспедытары з Віцебска, і яна стаяла ля прывакзальнага скверыка — магутная трохтонка на вялізных гумовых колах. У яе ўтульнай, зашклёнай кабінцы сядзеў шафёр з вялізнымі акулярамі над казырком, абапёршыся на руль, ён пазяхаў — мабыць, чакаў астатніх. Трое пасялковых сяброў-падшыванцаў спярша ўглядаліся ў яе здаля, пасля, падышоўшы бліжэй, памацалі яе тугія гумовыя колы, дашчаны кузаў, падножку. Вельмі хацелася паглядзець ім, што ў кабінцы, але яны баяліся дзядзькі-шафёра, які ўсё круціў галавой ды барабаніў пальцамі па чорным баранку-рулі. Бураў тады не зводзіў з ягонага твару ўлюбёнага позірку і, мусіць, тым дамогся свайго — шафёр павярнуў галаву і спытаў ляніва, але з жартоўнаю добрасцю ў голасе: «Што, хочаш піпікнуць?» — «Хачу», — раптам сказаў Колька, і той шырока расчыніў кабіну: «Ану, лезь сюды». Колька з дрыготкім сэрцам ускочыў на падножку, шафёр пасунуўся на мяккім сядзенні, і ён умасціўся побач, аберуч ашчаперыўшы слізкі кругляк руля. Яму ўжо ўявілася, што яны едуць — далёка і шпарка, і побач ззяюць у захапленні хлапечыя позіркі, — усе шалёна зайздросцяць яму. А тут яшчэ шафёр кажа: «Ану, ціскані гэта» — і паказвае на чорны гузачок пасярод руля. Колька ціскануў і зараз жа скалануўся ад нечаканага рыку, што пагрозліва раздаўся ў жалезным нутры машыны. Шафёр засмяяўся, паляпаў яго па плячы: «Не палохайся, падрасцеш, на шафёра вывучышся».

Кольку Бурава нібы падмянілі ў той лістападаўскі дзень, аўтамабіль для яго стаў марай, ён пільнаваў кожную машыну на вуліцы, хоць іх было яшчэ мала, і яму яшчэ мо разы чатыры шчасціла бачыць іх пераважна на станцыі, ля грузавога двара. Яшчэ гады праз чатыры, калі ён добра падрос, на машыне стаў працаваць дзядзька Ігнат, бацька ягонага аднакласніка Стася, і тут ужо Колька ўвесь вольны час прападаў на сядзібе сябра, пільнаваў ягонага бацьку, калі той прыязджаў на абед, і яны мелі кароценькую магчымасць пасядзець трохі ў цеснай, напечанай сонцам, але такой утульнай кабінцы. Але Стась не дужа захапляўся машынай, яму болей даспадобы былі трусы, якіх была працьма ў іхняй варыўні і якія зусім не цікавілі Кольку. І калі неяк летам дзядзька Ігнат узяўся за рамонт свае трохтонкі, яго першым дабраахвотным памочнікам стаў Колька. Спярша ён адціраў ад гразі рысоры, пасля мыў у газе балты і гайкі, памагаў дзядзьку Ігнату разбіраць задні мост — дзе патрымаць ключ, дзе падаць шплінт і шайбу, а то і падлезці дзіцячай рукой туды, дзе не пралазіла рука дарослага чалавека. Затым яны тыдзень корпаліся ў рухавіку, і дзядзька Ігнат тлумачыў хлопцу, навошта патрэбны шатуны і поршні і як яны круцяць каленчаты вал, як перадаецца ягоная энэргія на колы, адкуль і куды ідзе электрычнасць і як яна запальвае гаручае ў цыліндрах. Коля быў хлопец кемлівы і запамінаў усё да драбніц — слава богу, тады ўжо вучыўся ў сёмым класе. Праўда, затым у яго шафёрскай адукацыі настаў перапынак, аж гады тры ён рабіў у леспрамгасе, затое, прызваны на вайсковую службу, адразу папрасіўся ў аўташколу: сказаў камандзіру, што ведае будову аўтамабіля, трэба толькі навучыцца ездзіць. Камандзір трапіўся добры, і месяцы праз чатыры маладога чырвонаармейца Бурава залічылі ў аўташколу, дзе ён паказаў найлепшыя здольнасці і па сканчэнні атрымаў шафёрскія правы і па два трохкутнічкі ў пятліцы. Пасля ён ужо ні пра што іншае не марыў, як атрымаць машыну і ездзіць на ёй хоць да скону жыцця.

У жыцці, аднак, усё сталася болей складана і меней шчасліва, чымсь у марах. Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся дамоў, у мястэчка, але машын у раёне было ўсяго чатыры і на ўсіх сядзелі шафёры. Яму машыны ўжо не дасталося, і ён стаў чакаць. Каб было з чаго есці хлеб і карміць маці з сястрою, наняўся грузчыкам у райпо, там ён з год цягаў мяхі і скрынкі, нагружаў і разгружаў свае і гарадскія машыны. Неяк увосень часова падмяніў на трохтонцы Хвастова, калі той захварэў і яго старэнькая «АМО» засталася без вадзіцеля. Але Хвастоў неўзабаве паправіўся, і Бураў зноў мусіў падацца на апрыклы яму склад, грузіць нарыхтаваную за лета кару лазы і крушыны. І ён чакаў, упарта і настойліва, з роспаччу і надзеяй, аж пакуль аднойчы пад восень старшыня райпо Падабед не паклікаў яго ў кантору і не загадаў ехаць у Віцебск на станкабудаўнічы: рабочыя-шэфы выдзелілі райпо грузавы аўтамабіль. Выправіўшы дакументы, Бураў, нібы на крылах, паляцеў у Віцебск. З вакзала на завод ён ішоў пехатой і быў нібы ў тумане ад радасці, не заўважаў ні гарадскіх дамовак, ні трамваяў, ні пешаходаў, ва ўяўленні яго ззяў такі новенькі, зграбны грузавічок, што ён гатовы быў несці яго на руках да свайго райпа. Канешне ж, ён неўзабаве паедзе на ім па шашы, будзе даганяць, абганяць фурманкі, і ўсе будуць глядзець, як ліха і спраўна ён кіруе машынай. Не, вядома ж, ён не ліхач, ён не будзе ганяць машыну без толку, ён будзе ашчаджаць рухавік, не перакручваць яго, божа барані — не пераграваць, ён ужо ведаў шмат якія шафёрскія сакрэты — што спасціг сам з падручнікаў, чаму навучылі на службе, а што ўчуў ад старых спрактыкаваных вадзіцеляў. Ён толькі баяўся, каб не адбылася памылка, каб на заводзе не павярнулі яго назад — ён ужо ведаў, што могуць прыдрацца да дакументаў або сказаць, што спазніўся і аўтамабіль перадалі каму другому. Якой інакшай арганізацыі ці калгасу.

Памылкі, аднак, не адбылося. У цесным заводскім пакойчыку з кратамі на акне вусаты надзьмуты начальнік у белай талстоўцы, падпяразанай чачэнскай, з мноствам дробненькіх бляшак, дзяжкай, праверыў яго дакументы і павёў цераз заліты мазутам двор на заводскія зады. Яны ішлі доўга, завод быў вялікі, праціснуліся вузкім пераходам між дзвюма глухімі сценамі,

пералезлі цераз гару ржавай жалезнай арматуры і тады ў кутку за трансфарматарнай будкай нерашуча спыніліся. Ля плота стаяла яго прыгажуня, яго паўтаратонка славутай на ўвесь свет горкаўскай маркі «ГАЗ-АА».

Убачыўшы яе, Бураў знерухомеў, у яго адняўся язык, ён не мог вымавіць слова. Мусіць, бачачы яго збянтэжанасць, дзядзька ў талстоўцы бадзёра вымавіў: «Вось, калі ласка, прашу любіць і жалаваць, ваша аўто. Наладжвайце і язджайце» — і пайшоў у сваю кантору. А Бураў усё разгублена стаяў на ранейшым месцы — такога ён не прадбачыў. Гэта быў не аўтамабіль — то быў аўтамабільны труп, аўталамачына, рэшта ржавага металу і паламанага дрэва. Абедзве фары не лбе гэтага трупа былі без шкла і без лямпачак, тонкая паласа бампера жахліва сагнулася, мабыць, у аварыі, левае крыло хістка трымалася, мусіць, на адным болціку, дзверцы кабіны, канешне ж, не зачыняліся, бо былі без ручкі. Да таго ж яны былі праламаны, таксама як і ўвесь левы борт кузава, з якога тырчэлі канцы абламаных дошак. Брудныя скаты напалову сплюснуліся без паветра, а ў кабіне валялася на падлозе завадная ручка побач з пустою бутэлькай, на абадраным сядзенні ляжаў хвост селядца ў парудзелай ад сонца паперыне. Шкала спідометра была выдрана з мясам, аголеныя правады віселі пад рулявой калонкай. Убачыўшы ўсё тое, Бураў ледзь не заплакаў ад расчаравання, пакратаў тугі абаранак руля. Думаючы, што нікуды яму адсюль не крануцца, што гэтую дэрбіну можна хіба парэзаць аўтагенам ды здаць ва ўтыль, ён падняў палавінку капота, зазірнуў на замаслены і запылены рухавік, які не праціралі, мабыць, з часу яго ўстаноўкі на аўтамабіль. Свечы, аднак, былі ўсе на месцы, у радыятары нібыта штось пляскалася. Трохі падкачаўшы бензіну, ён уставіў ручку ў храпавік каленвала, дужа крутануў — раз, другі, трэці… І во дзіва: на чацвёртым павароце рухавік падхапіў абароты, затросся, зачхаў — Бураў таропка павярнуў рычажок дроселяў, і поршні захадзілі весялей — падобна, рухавік завёўся. Аднак, яго шафёрская радасць была заўчаснай: неўзабаве абароты пачалі змяншацца, рухавік затросся, затузаўся і заглух. І колькі затым Бураў ні круціў ручкай (аж змакрэла спіна), як ні тузаў падсос, рухавік не азваўся, маўчаў, нічога з ім нельга было зрабіць.

Увесь той дзень да вечара ён корпаўся ля машыны, падкачаў колы, прыбраў кабінку. Надвячоркам пайшоў у кантору прасіць якую машыну, каб адбуксіраваць палутарку ў раён. У канторы не было нейкага начальніка ды і скончыўся рабочы дзень, стомлены і згаладнелы, ён пераначаваў на абадраным сядзенні ў кабіне, і толькі назаўтра ранкам да яго задам падсунуўся чатырохтонны «ЯС», які і ўзяў яго на буксір. Пакуль яны выехалі з горада і затым паўзлі па шашы, Бураў змакрэў ад поту за рулём свае дэрбіны — ад стомы і хвалявання; добра, што буксір быў даўгі, яму неяк удалося не стукнуцца ў задні борт таго «ЯСа». Пасля абеду, аднак, ён пад'ехаў да шырока расчыненых варот райпоўскага склада і, як вылез з кабіны, ледзьве не ўпаў на зямлю ад горычы і знямогі.

Усё доўгае лета затым Бураў корпаўся пад машынай — разабраў яе да апошняга вінціка: і рухавік, і хадавую частку, перабраў усе вузлы і агрэгаты — чысціў, змазваў, рэгуляваў. Кепска, аднак, што добрая палова дэталяў ні к чорту не гадзілася ад старасці і выпрацоўкі, трэба было мяняць, але дзе было ўзяць новыя? Разоў дзесяць ён ездзіў у Віцебск, усё на той жа станкабудаўнічы завод, ездзіў у Оршу да знаёмага чыгуначнага нечальніка, замяніў задні мост, які райпо здабыло аж у пагранатрадзе за Полацкам. Мост гэты таксама быў далёка не новы, ды ўсё ж трохі лепшы за ягоны ўшчэнт разбіты. Паўмесяца ён праціраў клапаны, паяў радыятар і ладзіў тармазы. Калі хадавая частка і рухавік былі трохі даведзеныя да ладу, настала чарга кабіны і кузава, але гэта было ўжо лягчэй — тут ужо ён абышоўся сваім матэрыялам. Зрабіўшыся на тыдзень сталяром, ён залапіў дзіркі ў кузаве добра падагнанымі дошкамі, а кабіну абабіў цынкавай бляхай, лістоў пяць якой сам адарваў з даху местачковага кляштара пры закрытым касцёле, які даўно ўжо курочылі людзі. Заставадася пафарбаваць усё ў нейкі прыстойны колер, ды нідзе нельга было дастаць фарбы, і ён месяц ездзіў у такім страхоцкім выглядзе — з бляшанай кабінай і стракатым кузавам. І толькі позняй восенню за два мяхі капусных качаноў з гарода раздабыў на станцыі паўвядра жоўтай фарбы, якой і афарбаваў палутарку. Атрымалася даволі прыстойная машына, якая пасля за дзве зімы і лета выездзіла не адну тысячу кіламетраў і, мусіць, ездзіла б і яшчэ, калі б не ўсчалася вайна.

На трэці ці чацвёрты дзень ад пачатку вайны машыну загадалі адагнаць на станцыю, меліся пагрузіць на платформу, каб кудысь адправіць. Бураў і адагнаў, паставіў у рад з іншымі недаломкамі на таварным двары, болей ён нічога не мог ёй зрабіць, бо сам спяшаўся з позваю на зборны ваенкамацкі пункт. Але сталася так, што ні ён не трапіў туды, куды яго пасылалі з ваенкамата, ні ягоны аўтамабіль не дачакаўся пагрузкі. Добра пасланяўшыся па жудасных дарогах вайны, ён мусіў урэшце вярнуцца дамоў, бо фронт далёка перагнаў яго, мястэчка занялі немцы, начальнікам над раёнам паставілі нядаўняга бухгалтара Шалькевіча, які стаў называцца бургамістрам, хутка арганізавалі паліцыю, што размясцілася ў новым памяшканні раённай бальніцы. Там жа ён убачыў аднойчы і сваю гаротную палутарку, на якой цяпер раз'язджалі паліцаі, а за яе рулём сядзеў малодшы Мікіцёнак, што вучыўся ў школе адначасова з Буравым, толькі ішоў на тры класы пазней. Ён і жыў на суседняй вуліцы, і некалі, як дзядзька Ігнат рамантаваў свой грузавік, яны разам памагалі шафёру. Мікіцёнак таксамса захапляўся тэхнікай і вывучыўся на шафёра.

Тое, што ягоны аўтамабіль апынуўся цяпер у паліцыі, адабрала ў Бурава сон, ён дужа схуднеў, перастаў есці і нават размаўляць з маці, тая ўжо думала, што ён захварэў. Але сын быў здаровы, толькі ён тыднямі ламаў сабе галаву, як адпомсціць паліцыі ды і гэтаму Мікіцёнку таксама. Сотні варыянтаў помсты пракруціў ён у сваіх мазгах, але ўсе яны былі з бракам: то надта дробязныя, то смешныя, то занадта небяспечныя, то зусім яму не па сіле. Але ўсё роўна ён думаў, прыкідваў, прымерваўся, назіраў. Мабыць, у снежні ён ужо ведаў напэўна, што зробіць, належала толькі выбраць здатны для таго час. Гэты Мікіцёнак з машынай у будні і святы прападаў у паліцыі, ноччу машына стаяла на бальнічным двары, там была варта, туды падступіцца было немагчыма. На дарозе таксама ён нічога зрабіць ёй не мог: у яе кузаве заўжды сядзелі паліцаі з вінтоўкамі. Мусіць, у паліцыі была жорсткая дысцыпліна, канешне, немцы ўмелі наводзіць парадак, ды ўсё ж Бураў колькі разоў заўважаў, што Мікіцёнак калі-нікалі на кароткі час прыязджае дадому, заглядае да бацькоў. Машына тады стаяла ці каля веснічак на вуліцы, ці ён заганяў яе ў вароты. За варотамі, вядома, яе не дастаць, там бразгаў ланцугом звяглівы сабака. А вось ля веснічак…

Поделиться с друзьями: