У тумане
Шрифт:
— Сядай, што ж… — выціснуў з сябе гаспадар. — Не пазнаў спярша. Змяніўся…
— Ды, мусіць, і ты змяніўся, — сказаў Бураў і, адчуўшы раптоўнае, нейкае нязвыклае для сябе хваляванне, сеў на лаву ў прасценку. Зараз жа да яго валюхаста падбег Грышка і даверліва прыхінуўся да калена, звыкла забаўляючыся сваёй цацкай.
— А ў Лёніка ёсць патлон, — аддана зазіраючы ў твар Бурава, даверліва паведаміў ён. — Што страляе. Бух!
— Во як! Патроны цяпер не для рабят, — строга сказаў Бураў.
— Ды не патрон, Грыша, — зазначыў бацька. — Гільза ў яго ёсць.
— Ага, гільза.
Грыша пакінуў
— А я да цябе, Сушчэня, — пасцюдзянелым голасам сказаў Бураў, трошкі адхінаючы ад сябе малога. Той, аднак, настойліва церся аб яго калена.
— І куля ў яго ёсціка, — ціха паведаміў Грыша.
— Ладна, Грышачка, ідзі на ложак, там пагуляеш, — сказаў Сушчэня і ўзяў сына пад пахі. Той крыўдліва забоўтаў нагамі, захныкаў нават, аднак бацька аднёс яго ў запечак і расслаблена вярнуўся да грубкі.
— А дзе ж жонка? — запытаўся Бураў.
— Жонка ў хляве. Карову доіць. Сёння во лазню пратапіў, мыцца сабраліся, — сказаў гаспадар і апусціўся на нізенькі зэдлік ля грубкі.
— Мыцца, гэта харашо, — сказаў Бураў, думаючы пра іншае.
Канешне, страляць Сушчэню ў хаце было нельга, гэтае малое магло ўсё сапсаваць, бацьку трэба было кудысь вывесці — на падворак ці, можа, да лазні. Да лазні было б лепей. Праўда, маглі пачуць і на станцыі, а ім яшчэ трэба было пералазіць цераз рэчку… Лепш бы, канешне, за рэчкай. Адтуль цераз поле і — у лес. Толькі як туды яго давядзеш. А калі здагадаецца?
— Я знаў, што прыйдзеце, — сказаў тым часам Сушчэня з нейкай незразумелай пакорай у голасе, якая штосьці няўцям пакаробіла ў душы Бурава. Аднак ён не паказаў таго і амаль бадзёра зазначыў:
— Знаў? Гэта добра. Значыць, віну сваю разумееш.
— Што ж тут разумець, — развёў рукамі Сушчэня. — Ніякай віны не маю, во ў чым загвоздка.
— Не маеш?
— Не маю.
— А рабяты? — вырвалася ў Бурава. — Што павесілі?
— Рабят павесілі, — пагадзіўся Сушчэня і зноў абвяў з выгляду, нагнуўшы галаву долу.
Падобна было, ён нават церануў пальцамі вочы, але тут жа, мабыць, перасіліў сябе і выпрастаўся. Бураў, ужо лаючы сябе за нерашучасць, адчуваў, як усё болей зяблі яго мокрыя ногі. Мокрая ануча на левай назе зусім скамячылася ў боце і муляла. Мусіць, трэба было канчаць гэтыя размовы, але ён неяк нядобра расслабіўся і бавіў час, нібы баючыся пераламаць сябе на галоўнае. З запечка да яго зноў прыкаціўся Грышка.
— Дзядзя, а ў цябе наган ёсць? — спытаў ён, зноў прыхінаючыся да яго калень.
— Не, які наган? — сказаў Бураў.
— А во што гэта? — кароценькім пальчыкам ён паказаў на яго кабуру.
— Гэта так. Сумачка.
— А нашто сумачка? — дапытваўся Грыша, смокчучы свой кароценькі пальчык. Неяк неўпрыкмет ён абняў калені Бурава і ўжо ласкава, як кацяня, цёрся аб іх. Сушчэня тым часам сядзеў насупраць і не адганяў сына — ён паглыбіўся ў свае, мабыць, невясёлыя перажыванні. У той час у сенцах грукнулі дзверы, і ў хату не адразу, неяк запаволена, бы з ношай, увайшла жанчына з вядром, у цёплай, ваўнянай хустцы на галаве. Згледзеўшы чужога на лаве, відаць было, боязна насцярожылася, але тут жа яе ўвагу адабрала малое, якое ўжо спрабавала ўзлезці Бураву на калені.
— Грыша!
— А
ў дзядзі наган ёсць. У сумачцы, — жвава паведаміў хлопчык.На твары ў гаспадыні штось здрыганулася, як здрыганулася і ў душы Бурава, які адразу пазнаў у гэтай жанчыне Анэлю Крукоўскую, з якой некалі тры гады вучыўся ў тутэйшай школе.
Відаць, яна пазнала яго таксама.
— Здраствуйце.
— Здраствуй, Анэля, — збянтэжана сказаў Бураў. Ён не ведаў, што тая дзяўчына стала жонкаю Сушчэні, гадоў восем ён з ёй не бачыўся і нават нікога не папытаўся аб ёй, і гэтая сустрэча сталася для яго зусім нечаканай. Але цяпер ён намогся, робячы выгляд, што паяўленне Анэлі зусім не навіна для яго, што ён усё даўно ведае. Далей, аднак, размова ў іх не пайшла, абаім штось замінала. Бураў дык ведаў, канешне, што, але, мабыць, здагадвалася і Анэля. Напэўна, адчувала. Тым не менш яна ўвачавідкі перасіліла сябе і нерашуча прапанавала:
— Трэба ж пачаставаць вас. Галодныя ж, мабыць?..
— Няма часу, Анэля, — сказаў Бураў і тут жа зазлаваў на сябе: есці, канешне, дужа хацелася. Таксама хацелася пасядзець, пагрэцца ў хатнім цяпле, пагутарыць з ветлівай, ніштаватай з твару жанчынай, якая некалі нават падабалася яму, хоць і была гады на два старэйшая за яго. Дужа карцела Бураву адагрэць азяблае за дарогу цела ці, можа, надалей адсунуць тое, дзеля чаго ён прыехаў сюды і чаму міжвольна супраціўлялася ўся яго істота. Але як было расслабляцца, як было забыцца аб тым хоць на хвіліну? Ён і так сядзеў, бы на вуголлі: недзе на дрывотні яго чакаў Войцік і, можа, па вуліцы ўжо брылі сюды паліцаі.
— Завесь акно, — ціха гукнула Анэля да мужа, а сама кінулася ў пасуднік, затым да печы, забразгала засланкай. Сушчэня таропка завесіў акно паласатай радзюжкай, што вісела побач на цвіку, а Бураў, падумаўшы, сцягнуў з нагі мокры бот.
— Во, можа, у вас якая анучына знойдзецца? Пераабуцца.
— Ануча? Зараз.
— Анэля шаснула ў запечак, чуваць было, нешта разадрала там і хутка вынесла яму дзве мяккія і нават цёплыя анучыны. Дровы ў грубцы сталі добра ўгарацца, скрозь па падлозе заскакалі барвовыя водбліскі, асвятлілі чырвоным і без таго счырванелую ад сцюжы ступню Бурава.
— А як жа мама твая? Ці жывая? — запыталася Анэля ад печы.
— Мамы няма ўжо. Тры гады як.
— А сястра ж Феня?
— І сястры няма. Забілі вясной у Лісічанскай пушчы.
Гаспадыня там часам паставіла на стол міску з цёплай смажанай бульбай, ад якой ішоў такі смачны пах, што цяжка было ўтрымацца, але Бураў пераабуваўся з абыякавым да ежы выглядам — быццам сам нядаўна ад стала. Сушчэня тым часам сігануў за посцілку і паставіў ля міскі трохі няпоўную пляшку, у якой знаёма калыхалася мутнаватая вадкасць.
— Дык, можа, прысядзеце? — амаль умольна зірнуў ён на Бурава, ды той рашуча пакруціў галавой.
— Не, не буду.
— Шкада. Ну што ж, тады я. Можна?
— Ладна, — пагадзіўся Бураў. — Толькі нядоўга.
Сушчэня наліў шклянку і выпіў, зараз, з нейкай нядобрай рашучасцю, бы кідаўся ў вір — без аглядкі, пажаваў кавалак хлеба і на момант знерухомеў каля газнічкі. Анэля ставіла і ячшэ нейкія талеркі — з салам і агуркамі, кідаючы хуткія, заклапочаныя позіркі то на мужа за сталом, то на Бурава ў прасценку.