У тумане
Шрифт:
Ён пайшоў цішэй і ашчадней, каб не налезці на сук, усё азіраючыся і праслухоўваючыся. Рабілася дужа холадна, рукі яго ўжо скалелі дашчэнту, сцюдзёнай карыной узялася на спіне кашуля. Ён доўга і слепа брыў па негустым тут хвойніку. Сярод лесавога пошуму ўслухаўся, стараючыся што-небудзь учуць з пагорка, але там, падобна было, усё сціхла. Можа, яны адтуль ужо і змыліся — вядома, чаго ім сядзець ноччу ўлесе? Недзе там засталася яго ватоўка, ды, мусіць, ватоўку ўжо не возьмеш — ватоўку яны падабралі. Канешне, гэта паліцаі, інакш бы Бураў не пачаў у іх страляць ды і яны ў Бурава таксама. Толькі як яны налезлі на іх уначы? Ці, можа, пачулі з дарогі? Але ж там быў гэты другі партызан з канём, куды ён падзеўся? Можа, забілі? Мабыць, забілі, калі ён нічым не азваўся — ні стрэлам, ні крыкам, і даў гэтак нечакана абкласці баравінку.
Праз які кіламетр ці болей ад баравінкі Сушчэня спыніўся на краі старой дзялянкі-вырубкі з добра падрослым гушчаром маладняку. Ён усё думаў: куды падацца? Слых яго сіліўся злавіць якія-небудзь гукі з баравінкі, але адтуль ужо нічога не далятала
Так ён ціхай хадой прамінуў пагорак, па якім бег сюды, і зноў выйшаў да сырога ўзмошша забалаці; на яе хмызняковым ускрайку спыніўся. Было ціха. Толькі ён зноў спупіў у цемрыве са два крокі, адхінаючы ад твару галіну, як пад нагой дужа хруснула — мабыць, хваёвы сучок, і ён стаіўся. Не, зноў скрозь было ціха, мабыць, яго тут ніхто не пачуў. Паспакайнеўшы і разважыўшы, ён махнуў у душы рукой — чорт з ёй, з ватоўкай, а раптам яны там сядзяць у засадзе, чакаюць? Напорашся, што тады?
І ён успомніў тады пра Бурава, які пабег якраз недзе тут паблізу, трошкі бы стараной, у той канец забалаці, — стрэлы з баравінкі тады джгалі менавіта ў тым кірунку, рэхам-водгаласам ляскаючы наскрозь па ўзлессі. Ці ён уцёк, ці, можа, яго забілі? А можа злавілі? Цяпер у той яго безвыходнасці лёс Бурава чымсь прыцягваў да сябе ўвагу Сушчэні, і ён, абмінаючы баравінку, узяў убок; памалу, часта спыняючыся, пабрыў у цемры, мабыць, па ягоных слядах. Колькі разоў пад ягонымі ботамі зноў страхавіта хрускала сухая галінка, тады ён заміраў, стойваўся, але крыку ці стрэлу ніадкуль не чулася, і ён, трохі пасмялеўшы, ступаў зноў. Мабыць, яму таксама трэба было кіраваць туды, у абход балотца, а там падумаць, што рабіць далей. Куды ісці. Бо на станцыю яму шлях закрыты, на станцыі паратунку яму не будзе. Хіба што ў лес? Ці куды на хутар? Ці ў які схоў, далей ад людзей, вёсак, дарог. Дзе толькі ён знойдзе такі здатны схоў? Ды яшчэ ў такую халадэчу.
Ужо добра адышоўшыся ад баравінкі, ён зноў набрыў на балота, здаецца, тут быў травяністы яго мысок, парослы алешнікам ды асіннікам, трошкі правей, ведаў ён, зноў цягнуўся мешаны лес — рэдкія хвоі, бярозы з падлескам і далей ішлі пералескі аж да Сінянскага бору. Недзе тут поруч была і дарожка, але дарогі Сушчэня баяўся — з дарог цяпер ішла ўся бяда. І ён, растапырыўшы рукі, слепа брыў, адхінаючыся ад голля, часам прытрымліваючы шапку на галаве. Густаваты малады асіннічак, які ён памятаў з лета, трэба было абмінуць стараной, па вальнейшым месцы. І толькі ён павярнуў на трохі цвярдзейшы дол, як у звыклым стоеным пошуме лесу ўчуў нейкі старонні гук. Бы лясны голуб недзе правуркатаў і сціх. Але гэта быў не голуб. Сушчэня паслухаў, счакаў і павярнуў у асіннік, улез у ягоны гушчар і зноў прытаіўся. Галубіны вуркат прагучаў зноў і бліжэй. Устрывожаны пэўнай здагадкай, Сушчэня наўпрост, дужа зашорхаўшы голлем, палез бокам. Хоць было цёмна і ў доле мала што можна было згледзець, ён згледзеў-такі шараватую на траве купінку — то быў чалавек. Сушчэня моўчкі ўкленчыў ля яго, каленам натрапіўшы якраз на рулю вінтоўкі, рукамі намацаў боты, расхлыстаныя полы шыняля, адкінутую руку. Пэўна, гэта быў Бураў, ягоны шынелак, ды ён не азваўся на дотык сушчэнеўскіх рук, і Сушчэня баяўся паклікаць яго — ці мала што!.. Ён толькі абмацаў яго воглае цела і ўчуў, што той быў жывы, мабыць, паранены. Сушчэня хутка ўлез пальцамі ў кроў, але дзе была тая рана, ён зразумець не мог. Тады ён трохі пераваліў цела на бок — трава пад ім таксама была ў крыві, у крыві быў бок і шынель ля дзягі. Але сам Бураў ніяк не азваўся на яго дотыкі, толькі ўнутрана, невыразна стагнаў. Што было з ім рабіць? Разважыўшы трохі, Сушчэня ціхенька патузаў яго за рукаў: «Гэ, гэ… Ты жывы?.. Куды цябе, га?..»
Бураў, аднак, маўчаў, толькі здрыгануўся целам і вуркотна-ціха стагнаў. Мусіць, папала яму як мае быць, падумаў Сушчэня, так ён можа тут і сканаць. Але што ж яму можа зрабіць Сушчэня, чым памагчы? Ці, можа, схаваць куды, бо ўдзень, як развіднее, гэты бераг асіннічку ўжо будзе, напэўна, відаць з дарогі, цяпер праз голы падлесак відаць далёка.
Сушчэня мужчына быў дужы, некалі на станцыі разгружаў вагоны з соллю, і цяпер, напяўшыся, узваліў на сябе цяжкаватае такі цела Бурава, узяў яго вінтоўку, і, абапёршыся на яе, бы на палку, узгробся на ногі. Немалой сілы спатрэбілася яму, каб з ношаю выбрацца праз гушчар на вальнейшае месца, далей ён выпрастаўся, зручней паддаў на спіне параненага. Пад хвоямі ісці стала спрытней, але ён зачапіўся за корань і ледзьве не паляцеў спотырча ў дол. Неяк усё ж утрымаўся, зноў паддаў Бурава, і той горача і пакутна выдыхнуў яму ў вуха:
— Войцік, ты…
Сушчэня хацеў азвацца, сказаць, што ён — не Войцік, але гаварыць яму было не надта каб зручна, і ён палічыў за лепшае змоўчаць. Хай думае, што гэта Войцік, а там будзе відаць. Галоўнае, пакуль ноч, трэба далей адсюль, бо, чаго добрага, зноў налезеш на тых ці яны самі дагоняць. Уранні яны могуць усё тут аблажыць, пачнуць прачоску, як бы не загрэблі абодвух у свой паліцэйскі нерат.
Аднак брысці так па лесе з цяжкім мужыком на
плячах, нязручна ўгнуўшы галаву, было не дужа каб лёгка. Сушчэня ўгрэўся, ажно спацеў, праз якія паўгадзіны пачалі падгінацца ногі, і ён, каб не ўпасці, апусціўся на калені, побач на сухі, хвойны дол ашчадна паклаў Бурава. Рана таго ўсё крывяніла, плечы Сушчэні былі мокрыя ад яго крыві, і Сушчэня, сутаргава хапаючы ротам стылае паветра, хвіліну сядзеў зняможана, паклаўшы на калені рукі. Ён па-ранейшаму напружана ўслухоўваўся ў цягучы шум лясных абсягаў, нават азіраўся па змрочных баках, але адразу ўчуў, як побач заварушыўся паранены.— Што? Што табе?..
У наступную хвіліну ён зразумеў, што Бураў лаяўся, мусіць, ад болю, а пасля запытаўся здушаным шэптам:
— Куды… Куды ты нясеш?..
— І сам не знаю, — узрадаваўшыся, што паранены загаварыў, сказаў Сушчэня, усё яшчэ цяжка аддыхваючыся.
— Войцік? — тузануўся Бураў, заграбаючы побач рукой.
— Не Войцік — Сушчэня я, — сказаў Сушчэня, і Бураў зноў змоўк, бы насцярожыўся. Падобна, ён успамінаў штось ці думаў і пасля спакайней сказаў:
— Сушчэня, мяне добра падстрэлілі?
— А хто ж яго ведае. Але падстрэлілі, — пагадзіўся Сушчэня.
— А я цябе не паспеў…
— Дык калі ж было?.. Яны знянацку наскочылі… — сказаў Сушчэня і змоўк, не ведаючы, што сказаць яшчэ.
Бураў, відаць было, неяк утаймаваў свой боль, расплюшчыў вочы, паўзіраўся між цёмных хваін у трохі святлявае начное неба.
— Куды ты мяне валачэш?
— І сам не ведаю, — сказаў Сушчэня. — Але ўжо не дагоняць.
— Ты мяне ў Зубраўку. У Зубраўку мяне, — скрыгаючы ад болю зубамі, сказаў Бураў. — Там папытаеш Хвашчэўскага…
— Хвашчэўскага? Добра…
Сушчэня памаўчаў, каб лепей запомніць тое прозвішча, і падумаў: дзе тая Зубраўка? Ведаў, ёсць недзе пад Сінянскім борам вёска з такою назвай, толькі як да яе дапяцца? Колькі туды кіламетраў?
Бураў тым часам змоўк, і ён трошкі пакратаў яго за нагу, падумаўшы, каб хоць не сканаў ненарокам. Мусіць, трэба б яго перавязаць, ды перавязаць не было чым, зноў жа ў гэтай цемры нічарта немагчыма было згледзець. Але цягнуць так на сабе колькі кіламетраў па лесе таксама было небяспечна, найперш для самога параненага — як бы не сцёк крывёю. Разважыўшы трохі, Сушчэня прыйшоў да думкі, што трэба недзе расстарацца каня. Дзе толькі? На станцыю ісці ён баяўся, каб зноў не налезці там на паліцыю. Тады хіба ў Бабічах? У гэтым баку, ведаў, кіламетры праз тры была невялікая лясная вёсачка, мабыць, там яшчэ хтосьці застаўся і там бы ён разжыўся канём.
Вырашыўшы так, ён зноў нахіліўся над нерухомым Буравым, трохі патрос яго за борт шыняля.
— Слухай… Ну, як ты? Можа, дабярэмся да Бабіч? А там, можа, каня расстараемся…
Бураў нібы прахапіўся, напружыўся і, апаўшы затым, спытаў:
— Дзе Войцік?
— Дык хто ж яго ведае, — ціха сказаў Сушчэня. — Можа, забілі.
Бураў, здаецца, вылаяўся і зноў знямогла аціх у доле.
Счакаўшы трохі, Сушчэня ўстаў на калені, бураўскі карабін надзеў рамянём на шыю, каб той не замінаў пры хадзе. Гэты раз узваліць на сябе Бурава аказалася трудней, чым раней, і ён, хістаючыся, ледзьве падняўся на ногі. Хісткім крокам між дрэў і голля ён скіраваў у той бок, дзе, памятаў, за сенакосамі і Цімаковым балотам былі тыя лесавыя Бабічы.
Ведучы на повадзе каня, Войцік тады спусціўся з баравінкі, прадраўся праз алешкавы гушчар да гравійкі. Тут, ля дарогі, была яшчэ спазнелая трава, у якую адразу ўлёг яго згаладнелы конь (там жа, на выспе пад хвоямі, не было нічога). Войцік спярша патрымаў яго на повадзе, а пасля пусціў самапасам; паначы між кустоўя нідзе не дзенецца, падумаў Войцік, а сам закінуў за плячо вінтоўку і прыпёрся да камля адзінокай хвоі, што бліжэй за іншых стаяла ля дарогі. Было сцюдзёна, з поля дзьмуў золкі настырны вецер, добра яшчэ — без дажджу, а то б зусім дапякло на гэтым іх бязглуздым заданні. Коні дык зусім падбіліся за дарогу без ніводнай папаскі, а яны… Яны згаладнелі не менш за коней, толькі пра іх каму клопат? Пра сябе яны вінны былі клапаціцца самі, так заўжды было заведзена на заданнях, па крайняй меры, з самай вясны, як Войцік прыйшоў у атрад. Але ў такіх заданнях, ведаў ён, не ўсё абыходзіцца гладка і шмат што залежыць ад старшага. Ад камандзіра. Цяпер камандзірам назначылі Бурава. Што ж, Войцік не пярэчыў: Бураў быў партызан з вопытам, зноў жа, разведчык, ён гойсаў па заданнях, можа, болей за Войціка, можа, і пад кулямі быў часцей. Толькі ці разумнейшы ён — вось у чым справа. Калі браць па нядаўнім яшчэ даваенным жыцці, дык усё ж Войцік як інспектар райза, мусіць, значыў крышку больш, чым нейкі там шафёр райпоўскай палутаркі Колька Бураў. Але ён ужо ведаў, што цяпер, у вайну, не надта зважалі на ранейшы, даваенны статус, цяпер неяк неўпрыцям павылучаліся новыя — хто іх да вайны калі і ведаў, — як во камандзір падрыўнікоў Рыбчонак, што перад вайной, мабыць, толькі паспеў скончыць школу, ці пажарнік Сліпчанка, цяперашні начштаба іхняга атрада. Пра Войціка яны нібы забыліся, нібы яго і не было ў раёне, не сядзеў ён у прэзідыумах, не круціўся па вёсках упаўнаважаным, не выступаў з допісамі ў газеце. Усё-такі ён быў чалавек вядомы і нават складаў прамовы старшыні выканкома таварышу Корбуту, які хоць і меў ордэн і быў кіраўнік хвацкі, але не ўмеў звязаць тры словы па-людску. Заўжды ў яго выходзіла не прамова, а нейкая слоўная каша. Ну, дома, у раёне, вядома, гэта была не бяда, тут да ягоных прамоў-трасянак даўно прывыклі, але ж часам трэба было выступіць і ў вобласці, на якой нарадзе, перад начальствам. Во тады старшыня выканкома і клікаў Войціка да сябе ў кабінет, садзіў за стол насупраць, і Войцік за два дні сачыняў яму любое выступленне. На любую мудрагелістую тэму.