Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У тумане

Быкаў Васіль

Шрифт:

А можа, менавіта так пакорна і ідзе, што невінаваты?

Чорт яго ведае, думаў Бураў, пакутна адчуваючы, што ўсё ў ягонай галаве пераблыталася, што колькі ні думай — усё роўна чагосьці не зразумееш: так усё ўскаламуціла гэтая жахлівая вайна. Ці, можа, ён, Бураў, чагосьці не ведае? Хаця што тут змяніла б, каб і ведаў усё. Ён жа прыехаў сюды не для таго, каб разбірацца ці штось зразумець, яго дзела надзвычай простае — застрэліць здрадніка. Каб іншым была навука, каб ведалі, як партызаны караюць тых, хто адступіўся ад сваіх, служыў немцам. Не, вагацца тут нельга, трэба рашучай рукой выкараняць погань.

На ўзлеску яны пераехалі пустую гравійку, і Бураў саскочыў з кабылы — ехаць па хмызняку ноччу было не надта каб зручна. Пакуль ён злазіў, Сушчэня спыніўся, хвіліну счакаў побач, Войцік таксама спешваўся ззаду. У лесе скрозь было мокра і золка, зверху з голля падалі за каршэнь сцюдзёныя кроплі, але вецер тут трохі паменшаў, і здавалася зацішней, чым у полі.

— Тут

пагорак недзе, — прыпамінаючы знаёмую мясціну, сказаў Бураў. Сушчэня згодна кіўнуў галавой.

— Ды во баравінка зараз.

— Ну давай. Ідзі першы.

Сушчэня моўчкі пайшоў наперадзе, Бураў за ім, ведучы на повадзе кабылку; голле часам здзірала з галавы шапку, і ён ледзьве паспяваў адхінацца ад сучча. Раптам Бураў падумаў, што гэтак Сушчэня можа і ўцячы, і ажно спалохаўся на момант. Ды толькі на момант, бо Сушчэня ў лесе нават не прыбавіў хады, нават часам прытрымліваў у руках якую галінку, каб дужа не сцёбнуць Бурава. Але прыдарожны падлесак-хмызняк хутка скончыўся, яны выйшлі да баравінкі: засланіўшы змрочнае неба, наўкол паўсталі таўшчэзныя хвоі, іх ціхі, цягучы пошум плыў угары. Чысты, без травы, дол пад нагамі пачаў паднімацца на невысокі пагорак — прывабную баравінку ў лесе. Бураў памятаў яе з дзіцячай пары: тут вясной хлопцы палілі вогнішчы, гулялі ў вайну; улетку пад хвоямі любілі адпачыць лясныя захожыя. Баравінка невысокім валам агінала ўзлесак, далей зноў пачынаўся мешаны зараснік хмызняку, асіны і бярэзніку.

Яны ўзлезлі на самы яе верх і спыніліся. Скрозь было ціха, цёмна, патыхала лясною сырызнай, хвояй. Наўкол у доле чарнеліся тоўстыя камлі хвой, купкі ядлоўцу, нейкія незразумелыя і страхавітыя плямы, але Бураў даўно ўжо прывык да загадкавага выгляду начнога лесу, той яго мала трывожыў. Цяпер яго болей трывожыў Сушчэня.

— Ну, — знарок бадзёра сказаў Бураў. — Чым не мясціна! На любы выпадак!

— Выпадак!.. Каб мне сказалі калі… — пачаў і не скончыў Сушчэня.

Паныла апусціўшы плечы, ён стаяў на пагорку, пераводзіў дых, усім сваім апанураным выглядам сведчачы, што робіцца несправядлівасць, супраць якой ён знямогся пратэставаць і змушаны ёй падпарадкавацца. Бураў бачыў гэта, і яму ўсё болей рабілася ніякавата ад сваёй незайздроснай ролі ў гэтай гісторыі, хоць ён і гнаў ад сябе тое недарэчнае адчуванне. І ён сказаў, нібы для таго, каб трохі паспачуваць Сушчэню:

— Канешне, усё бывае. У такую вайну…

— Але ж гэта дзіка! — ледзь не закрычаў Сушчэня, і Бураў, спахапіўшыся, шыкнуў на яго:

— Ціха ты!

І азірнуўся на Войціка, які стомлена стаяў з канём трохі ніжэй ад іх на схіле пагорка.

— Войцік, ты ад'едзь там к дарозе. Пільнуй, каб чаго… Пакуль управімся.

Не адразу, па сваёй даўняй звычцы аб чымсь спачатку падумаўшы, Войцік нацягнуў повад і моўчкі павёў каня ўніз да ўзлеску і недалёкай адсюль гравійкі. Бураў пусціў долу кабылку — хай пасвіцца.

— Ну давай! Дзе ты хочаш? — проста, як пра штось малазначнае, запытаўся ён у Сушчэні. Той нібы ачнуўся ад задумення і з сілай дзеўбануў рыдлёўкай там, дзе стаяў.

— Праўду сказаў Гросмаер: у яго ўжо не выкруцішся.

«Ага, ужо і Гросмаер нейкі! — падумаў Бураў. — Вось так і высвятляецца… Ці не сувязь высвятляецца…» Ён трохі адышоўся ўбок, каб не замінаць Сушчэню, стаў на пагорку. Увогуле ён разумеў, што, пагадзіўшыся завітаць сюды, робіць не тое, растранжырвае каштоўны час ночы, за які яны ад'ехалі б адгэтуль далёка, што заўтра як бы не давялося шыбаваць павідну каля шышанскага гарнізона, павідну пераходзіць шасейку. Але міжволі ён усё нешта адцягваў, абачліва знаходзячы для таго нейкія прычыны і нават быў рады ў глыбіні душы, калі тыя прычыны знаходзіліся яшчэ і ў Сушчэні.

Моўчкі, з нейкаю нават упартай зацятасцю, Сушчэня тым часам узяўся капаць сабе яму. Адкінуўшы ўбок мох, ён дзёўб хваёвыя карані, якіх, мусіць, тут была процьма, паабсякаўшы іх, выкідваў разам з белым сухім пяском і ўжо праз некалькі хвілін да калень паглыбіўся ў зямлю. Яшчэ пакапае трохі, і, мабыць, будзе даволі, са страхавітай рашучасцю падумаў Бураў. Усё ж трэба канчаць. Як гэта зрабіць, ён так і не надумаў за вечар — ці стрэльнуць яго ў яме, ці над ямаю? Страляць у грудзі або ў патыліцу? Як лепш? Ці, можа, запытацца ў самога? Ён не хацеў, каб усё гэта было бязлітасна, са здзекам, хацеў, каб усё абышлося па справядлівасці і без крыўды. Усё ж свой чалавек, знаёмы вясковец. Ды яшчэ Анэля. І малы Грыша… «Як усё тое агідна і не па-людску, хай бы каго паслалі яшчэ», — каторы ўжо раз пачынаў злаваць Бураў.

— Ты, гэта, хоць не кажы Анэлі, — выпрастаўся ў яме Сушчэня, часта і цяжка дыхаючы ад стомы.

— Што не казаць? — насцярожыўся Бураў.

— Ды што расстраляў! Скажы, немцы забілі. Пасля ўжо, канешне, дазнаецца…

— Там відаць будзе, — няпэўна адказаў Бураў.

«Дзівак чалавек! — падумаў ён пра Сушчэню, які, трохі перадыхнуўшы, зноў лёг у работу. — Пра што клапоціцца…» На пагорку ўжо вырас ладны пясчаны гарбок, які выразна бялеўся ў доле, хутка разрастаючыся ўшыркі. Сушчэня шчыраваў як мае быць — мусіць, сапраўды клапаціўся, каб магіла была не горшая, чым на вясковых

могілках. Ну, але гэта яму не могілкі, каб рабіць усё добра і грунтоўна, ды і ён не той, якіх там хаваюць. «Найперш ён здраднік, а затым ужо ўсё астатняе», — стараўся раззлаваць сябе Бураў.

— Ну, можа, хопіць? — сказаў ён, ступаючы на пясок. Сушчэня задыхана азірнуўся з яміны. — Закопваць многа прыйдзецца.

— Ага, ты ўжо закапай, я цябе папрашу. Ватоўка… Ватоўку б трэба Анэлі аддаць.

— Ватоўку? Давай. Перадам калі.

— Ага. Харошая яшчэ ватоўка. Калі яна такую справіць? Удава…

Адставіўшы ўбок рыдлёўку, Сушчэня здзеў у яме ватоўку, кінуў яе пад ногі Бураву. Той узяў, страсянуў ад пяску і, ступіўшы ўбок, азірнуўся. Кабыла, чуваць было, паціху варушылася ля кустоўя, яна не любіла ўначы далёка адыходзіць ад гаспадара, ён гэта ведаў і не турбаваўся. Яго раптам устрывожыў недалёкі пошум у хмызняку ля дарогі. Здалося, гэты пошум неяк раптоўна сціх, і ён ціха гукнуў:

— Ты, Войцік?

Аднак з падлеску ніхто не азваўся, затым там штосьці хруснула — яўна і падазрона. Бураў пастаяў і, раптам угнуўшыся, тузануў затвор карабіна. Ён не так згледзеў здаля ды ў цемры, як адчуў пагрозу ў кустоўі, дзе напэўна ўжо з'явіліся людзі.

— Стой! — гучна вызверыўся ён.

І сеў на кукішкі, каб штосьці лепш згледзець. Нейкі цень ужо выразна матлянуўся там між нерухомых плямаў ядлоўцу і знік.

— Стой! — здушана загадаў Бураў.

І толькі ён дакрануўся да пляча карабінам, каб стрэліць, як з таго боку грымнулі запар тры стрэлы, куля ляснула аб камель блізкай хвоі, кінула ў яго карыной. «Што ж гэта такое, там жа Войцік… Дзе ж Войцік?» — роспачна матлянулася ў галаве думка, і ён стрэліў таксама — два разы запар. Адтуль застралялі — часта і бязладна, Бураў напружыў зрок, каб што-небудзь там згледзець, як спалохана асеў долу, падкошаны востра-пякучым ударам у бок. «Ну, папалі! Папалі…» У змроку непадалёк ужо мільгалі хісткія цені, ён яшчэ раз стрэліў і, спалохаўшыся, што яны акружаць яго, скочыў убок, покатам пакаціўся з грудка. Ззаду загалёкала некалькі галасоў, бахалі таропкія стрэлы, а ён, не разбіраючы дарогі, задыхана бег, нясучы пякучую патарчаку ў баку. Кулі з хлёсткім бізуновым посвістам нізалі лесавыя нетры, ён адчуваў іх імпэтныя ўдары вакол і бег колькі было сілы, бо толькі ногі цяпер маглі даць яму паратунак. Было зусім цёмна, ён не ведаў шляху, даўно згубіў шапку, абдзёрся ў суччы і ўрэшце ўлез у хмызняк. Тут бегчы было ўжо нельга, заблытаўшыся нагамі ў хворасце, упаў, за штосьці ўхапіўшыся, устаў зноў. Стрэлы бахалі ззаду, хоць, здаецца, ён адарваўся ад даганятых, пад нагамі пачалася балацявіна, нейкія шархоткія зараснікі лазняку ці алешніку, якія зусім не давалі бегчы. Ён запаволіў крок, ногі падагнуліся, і ён упаў, губляючы апошнія сілы. Свядомасць яго пачала цьмець у правалінах памяці і болю, ніз жывата быў увесь у крыві, ён павярнуўся ў доле і застыў, так і не сцяміўшы, уратаваўся ці ўсё ж пагібель дагнала яго…

Як толькі побач закрычаў Бураў, Сушчэня ледзь не абмёр у сваёй магіле-яме, бо надта спалохаўся, — хаця, здавалася б, чаго ўжо было палохацца гэтаму чалавеку? Але ён аж сцяўся, угнаў галаву, а затым, як забахалі стрэлы, і зусім абвяў у дне ямы. Вядома, ён не сцяміў адразу, што здарылася там, наверсе, і, толькі калі побач матлянулася прыгнутая постаць Бурава, зразумеў, што трэба ўцякаць. З незвычайным спрытам ён выкінуў сваё немалое цела з выкапанай па грудзі яміны і перакуліўся цераз жвіровы бруствер. Між частых таропкіх стрэлаў з дарогі ўжо чуліся нейкія галасы, кулі візгліва джгалі ў хвоях, але не па ім, — мабыць, туды, дзе пабег Бураў. І Сушчэня, разгарачаны і спатнелы, у адной кашулі, прыпусціў з пагорачка крыху ў іншы бок, але таксама ад тых, што беглі з дарогі. Ён не разумеў, што гэта былі за людзі, свае ці немцы, але калі Бураў кінуўся наўцёкі, дык і яму трэба было бегчы. І ён бег, спярша з баравінкі, ледзьве не паляцеў спотырча, зачапіўшыся за пень ці корань, абадраўся аб голле ў хмызняку, выскачыў на ўзбалаць з мяккім імшыстым долам; далей тут было хмызняковае балота, але, ведаў ён, балота можна было абысці, калі кіраваць па пагорку з хвоямі. І ён патрухаў пагоркам, аж пакуль ладна не ўходаўся, тады пайшоў крокам. За ім не гналіся, можа, яго і не згледзелі нават, нейкі час на баравінцы чулася няпэўная гамана і бахалі рэдкія ўжо стрэлы — усё ў той бок, куды кінуўся Бураў. Але за Буравым яны, здаецца, таксама не пагналіся — падобна, яны таўкліся ўсе на пагорку, голасна і ўзбуджана нешта гамонячы: словы іх ледзьве даляталі да Сушчэні, ды ён не мог іх разабраць. Ён слухаў і чакаў, куды яны скіруюцца далей — па ягоных слядах ці за Буравым, будуць шукаць ці не. Страляць, аднак, яны перасталі, над лесам зноў запанавала ветраная ціша, вакол ляжала настылая лесавая цемра. Тады Сушчэня падумаў, што, мяркуючы па ўсім, ягоны расстрэл пакуль што адсоўваўся, даўшы нейкую мажлівасць для паратунку. Толькі дзе той паратунак, у якой старане? Дома ўжо пэўна ён не ўратуецца, дома яго дастануць зараз жа, як толькі ён з'явіцца там. Але дзе не дастануць? Куды яму скіраваць свой адсюль бег і як пакарыстацца такой рэдкай і дзівоснай удачай, што нечакана кінуў яму яго нешчаслівы лёс?

Поделиться с друзьями: