Людзі й людзі...
Шрифт:
У той час выходзіла ў нас месячная газэта "Беларускі Эмігрант", жыва расло Згуртаваньне Беларусаў Канады, абрастала ў пер'е парафія Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Патрэбныя былі галовы й рукі да працы, ой як патрэбны! Дык няхай плывуць "трэскі да берагу". Яны-ж свае. Ад прыбылі галава не баліць.
Паехаў Бруцкі назад у Вініпэг, каб закончыць навуку, як будаваць дарогі й масты, дый пасьля на наша таронцкае гняздо вярнуўся. Памятаю, што хутка тут прыжыўся й заўсёды, знаёмячыся зь людзьмі, падчырківаў зь мінай валаснога пісара, што барыша атрымаў: — Я-ж інжынер…
Неўзабаве ўцягнулі Янку Бруцкага ў сябры ЗБК, навет у самую ўправу. Грыцука Алеся, з прычыны ягонага стажу на чале арганізацыі, называлі тады "вечным старшынём". Пазнаўшы "інжынера", бальшыня
Гэтта-ж, у Тароньце, Бруцкі неўзабаве прыдбаў і іншую галіну дзейнасьці: пачаў зводзіць замужніх жанчын. І ці раз каторы з нас жартаваў:
— Ну як-ты, Янка, усіх нашых баб абслужыў? Лёдзя пра цябе пыталася, схудзела па табе… Можа забяжышся? Чаму-ж ты яе занядбаў?
І "інжынер", такі сыценькі парсючок, рагатаў дробненькім, сухім, перарывістым сьмехам. Распраменьваўся дурнаватай наіўнасьцю круглы, быццам месяц, пульхны твар, і гойдаўся круглы валё-жывот…
І чаго-ж яму, Янку Бруцкаму, нельга было закінуць і ніхто із нас не закідаў? А таго, што ня мае сярэдняга розуму, што ня ёсьць інтэлігентам у нашым хатнім значэньні і што мае самастойную думку ды ёсьць нейкім сырцом на рэлігійнага зі грамадзкага лідара… Ніколі не давялося бачыць тых мастоў і дарог, якія наш інжынер будаваў, адно давялося чуць ягоныя нараканьні як яму не дазваляюць праектаваць, адно толькі драфтсменам працуе…
Па нейкім часе Бруцкі наважыўся, што кліча яго й ягоныя таленты сьвет далёкі, дык і рушыў на сьвяжыну. Спачатку пераехаў у Дэтройт, а пасьля, калі не памыляюся, у Лос Анджэлес, Кліўленд і нарэшце ў Ню Ёрк. І ўсюды, відаць, адбывалася падобнае, што ў нас. Людзі спанатрылі, што чалавек прынамся другарадны, бо "я-ж інжынер" заўсёды намагаўся трымацца на пэрыфэрыі грамадзкага жыцьця, а калі хто дзе й намагаўся зрабіць з гэтага "жука" "мяса" дык трэба было выслухаць цэлую самаапраўдальную літанію наводле такое: — Ну так, я-ж, канечне, інжынер, самі ведаеце. Ну, але, я-ж… буду памагаць збоку… самі ўжо тут лепш арыентуецеся, знаеце… Я-ж збоку…
А абслугоўваньне замужніх жанчын прадаўжаў зь няменшай зацятасьцю.
Ажно прыйшоў час, што гэты "жук", "мэсэнджэр бой" некаму спатрэбіўся. Памятайце: на бязрыб'і і жук мяса…
За звыш трыццаць гадоў царкоўнага жыцьця на эміграцыі не зьявіўся ніводзін кандыдат на сьвятара, роджаны ўжо за межамі Бацькаўшчыны. Калі жыцьцё — гэта вечнае аднаўленьне, дык перад Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой стаіць небясьпека: яна самазьліквідуецца, ці, як гавораць Амэрыканцы, selfdestruct, з прычыны адсутнасьці прыплыву сьвятароў. Праўда, у асобных выпадках, можана спрабаваць сьцягнуць сьвятара зь Беласточчыны, але гэта часова залатае прыказачную дзірку, а ня вырашыць галоўнае праблемы Царквы. Сяньня ей патрэбна прынамся пару япіскапаў, некалькі сьвяртароў, дыяканаў, кваліфікаваных дырыгэнтаў царкоўных хораў, адміністратараў маёмасьці. Гэта яшчэ ня ўсё. Сьвятары павінны былі-б быць двумоўнымі, значыцца весьці службы Божыя ня толькі пабеларуску, але й паангельску, паколькі бадай бальшыня з нашага новага пакаленьня ня ведае роднае мовы й таму, што найбольш беларускае эміграцыі пражывае ў англамоўных краінах. Проста бязвыхаднае палажэньне.
Тым з нас, каторым сэрца за будучыню баліць, шкада часу пра гэта разважаць, бо наперадзе бачым адну цемру. На эміграцыю няма доплыву новых сілаў, Царква гіне.
Вось чаму "на бязрыб'і й жук мяса".
Архіяпіскап Мікалай, каторы гэтага цацу Янку Бруцкага некалі на сьвятара высьвяціў, мусіць, перад гэтым ці адну ноч бяссоньніцай марыўся. Ён ня мог ня бачыць якога чалавека накіроўвае на "пастыра авец праваслаўных",
але ніяк ня мог, у сваіх найсьмялейшых думках, зьмяркаваць, што спавівае на рэлігійнае поле… Іды Амін…"Я-ж — інжынер" Янка Бруцкі, чалавек пазбаўлены элемэнтарных хрысьціянскіх дабрадзейнасьцяў, які навет ня ведае што гэта такое ёсьць годнасьць чалавечая, зьбегам акалічнасьцяў пры царкоўнай уладзе апынуўся.
Ніколі не забудуся што сказала, ці чаго не даказала адна выдатная жанчына, — чалавек высокай вартасьці, заслужаны ў нацыянальным жыцьці, бездакорнае маральнасьці, - калі пачула што гэты дзівак вырабляе:
— Янка Бруцкі? Але-ж і цаца! Што за чалавек… Эх!…
У тым уздыху "эх" была скруха, горыч і шкадаваньне. І ўсё сказана. Бо й запраўды, што можаце сказаць пра жабу, якая навет на корч ня ўзьбярэцца?
Ліха ў тым, што знайшліся махляры, каторыя жабу на патрэбны корч падсадзілі. Дый ці толькі падсадзілі! Яны й намовілі "інжынера", што ён — ого! — высака дапяцца можа.
Янку Бруцкага, — трэба яму справядлівасьць аддаць, — нельга поўнасьцю вінаваціць за тое, што тупым знарадзьдзем махляроў стаўся. Паколькі ён ніколі не грашыў ніякім інтэлектам, дык як яму разумець тую сітуацыю, у якой апынуўся? Ён проста "браў рубяжы" й нахабна "ў людзі" пхаўся. А калі збоку падыйшлі такія спэцы, як а. Кендыш, мітрапаліт Андрэй, два Гарошкі дый насамперш той злашчасны й цалкам самалюбна-амбітны матар'яліст Мікалай Войтанка, дык вось і знайшлі "мэсэнджэр бой", таго ідэальнага пасыльнага, якога ім і трэба было.
Чалавек, што раней абслугоўваў нашых замужніх жанчын, які, як відаць, не разумее хрысьціянскае маралі, - а дзе ўжо тут гаварыць пра хрысьціянскую ахвярнасьць і цярпеньне? — ці ня год адбарабаніў на багаслоўскіх курсах у Ўкраінцаў у Баўнд Бруку, што блізу Гайленд Парку, але дзеяць, наводля Унтэр Прышыбеева, пачаў куды раней. Мікалаю Войтанку карцела падзарабіць і выгнаць з парафіі БАПЦ у Гайленд Парку айца Аляксандра Яноўскага… Вось тут і знайшоўся на ўслугі ідэальны "мэсэнджэр бой".
Як славіш Госпада Бога, калі бачыш пры плённай працы ідэальных самародкаў! Як цешыцца сэрца твае, калі цьвіце й памнажаецца ўсё добрае, што й Сейбіт мо занядбаў! Як хочацца пісаць пра гэрояў, пра ўзьнёсласьць духа, пра веліч дастойных і годных людзей, у каторых ці пры каторых пульсуе вечная крыніца велічы жыцьця! А як цяжка разважаць пра забойчае самалюбства, маральны ўпадак, згубны матар'ялізм, пра тых людзей, якія ніколі й нікому нічога не даюць, адно іншых рабуюць, маральна забіваюць, у пякельнае бяздоньне цягнуць.
Нам, звычайным вернікам у Бога, здавалася, што царкоўнае пакліканьне на службу Богу, асабліва-ж калі чалавек рыхтуецца да вышэйшага сану, вымагае ад кандыдата першаякаснай маральнай чысьціні дый такіх дабрадзейнасьцяў, як ахвярнасьць, пакорнасьць, пасьвячэньне сябе на службу для дабра іншых, цярпеньне, любоў да бліжняга…
Калі думаеш пра такога абібоку, як Янку Бруцкага, прыгадваюцца словы князя Валкоўскага з аповесьці Дастаеўскага "Уніженные і Оскорблённые": "Но вот что я вам скажу! Еслі б только могло быть (чего, впрочем по человеческой натуре нікогда быть не может), еслі б могло быть, чтоб каждый із нас опісал свою подноготную, но так, чтоб не побоялся ізложіть не только то, что он боітся сказать і ні за что не скажет людям, не только то, что он боітся сказать своім лучшім друзьям, но даже і то, в чём боітся подчас прізнаться самому себе, — то на свете поднялся бы тогда такой смрад, что нам бы всем надо было тогда задохнуться".
Спытайцеся сяньня Янку Бруцкага дзе ён падзеў свайго бацьку, які разам з сынам пакінуў бацькаўшчыну, пасьля жыў у Мантрэалі. Іншыя бацькоў з паняволенай бацькаўшчыны на волю выцягваюць, радні памагаюць… Ня Бруцкі… Ён старога чалавека, якому памагаць не хацеў, назад на радзіму выпхнуў. Нажаль, нам няведама, што далей зь ім сталася.
Так з родным бацькам зрабіў чалавек, які публічна пагражаў некаторым суродзічам: — Я вас усіх перад сабой яшчэ на калені пастаўлю!
Пасьля стагодзьдзяў каляніялізму, калі Афрыка прачыналася да вольнага жыцьця, на паверхні яе зьявілася маса дыктатараў. Некаторыя зь іх дзеялі катэгорыямі каменнага веку. Іды Амін не паўстаў зь нічога.