Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Людзі й людзі...

Акула Кастусь

Шрифт:

Магчыма нам, з адлегласьці часу, нехта скажа: чаму-ж вы такога чалавека пусьцілі на такое высокае й адказнае царкоўнае становішча?

Ніхто яго ня пускаў і не падпіхаў, а сам ён напралом лез. Пры адсутнасьці выбару кандыдатаў царкоўнымі ўладамі, бязь дзейных, — хочацца сказаць, зубастых, — ворганаў дысцыпліны, як ты ўтаймуеш нахабнасьць ці нагласьць?

Навет ня ўсім нашым праваслаўным вернікам сяньня ведама, як і што запачаткавала крызіс у БАПЦ дый тое, што мітрапаліт Андрэй падаў усе амэрыканскія й канадыйскія парафіі ў сьвецкія суды таму, што вернікі яму не падпарадкаваліся. Вы сабе адно ўявіце патэнцыял высокага духоўніка, галавы аўтакефальнай царквы, якому не падпарадкаваліся ўсе парафіі ягонае-ж япарафіі!

Але гэта ўжо былі насьледкі ранейшага, якое нарадзілася й прарасло ў галаве Мікалая

Войтанкі хутка пасьля сьмерці ягонай маткі Філамены, якая сына стрымлівала. Айцец Аляксандар Яноўскі, што прыехаў зь Беласточчыны й стаўся настаяцелем царквы ў Гайленд Пару, жыў у Мікалая Войтанкі ў хаце. Той браў ад сьвятара па дзесяць даляраў за кватэру ўдзень, каторыя плаціла парафія. За службу ў царкве сьвятар ня меў ніякае ўзнагароды й таму знайшоў сабе працу на хвабрыцы, на начной зьмене. У адлеглую за дзесяць кілямэтраў хвабрыку ня было ніякага даезду. Вось чаму новы сьвятар змушаны быў выбрацца ад Мікалая Войтанкі на кватэру, што была бліжэй працы. Войтанка Мікалай, чалавек злапомны й помсьлівы, пачаў дзеяць. Яму ўдалося "прыгасьціць" у сябе мітрапаліта Андрэя ў 1978 годзе аж… на шэсьць тыдняў, за што парафія Жыровіцкае Божае Маці ў Гайленд Парку заплаціла за кватэру "гасьця" "чалавеку божаму" Мікалаю аж чатырыста дваццаць даляраў, гэта значыць па дзесяць даляраў за кажны дзень. І ня хто іншы, як Мікалай Войтанка, — гэта поўнасьцю правераны факт, — намовіў мітрапаліта Андрэя, каб перавёў айца Аляксандра Яноўскага ў парафію ў Кліўлендзе, а калі той не згадзіўся, — гэтта на помач мітрапаліту прыйшоў ужо ведамы Янка Бруцкі, - выкінуць айца Яноўскага з парафіі й наагул з БАПЦ.

Памятаю, скардзілася мне адна старэйшая Паляшучка: — А Божа мой, ці-ж таму мы ад бальшавіцкай нечысьці ўцякалі, каб тут еты бабнік Бруцкі над намі зьдзекаваўся?

Трапіла на камень каса. Што сталася пазьней, — уключна ізь сьвецкімі судамі, - гэта быў клясычны прыклад самаволі першага ярарха БАПЦ мітрапаліта Андрэя, які, зігнараваўшы правы Сьвятой Праваслаўнай Царквы, уключна із Статутам БАПЦ, які вызначае нутраныя юрыдычныя ходы ў выпадку спорных пытаньняў, пайшоў сьведама на разбурэньне парафіяў свае япархіі толькі таму, каб задаволіць амбіцыі Мікалая Войтанкі, айцоў Янкі Бруцкага й Васіля Кендыша.

Калі-б першы ярарх БАПЦ мітрапаліт Андрэй запраўды дбаў пра Царкву, ды меў крыху клёку ў галаве, ён-бы перш за ўсё прыслухаўся да шматлікіх просьбаў ня толькі архіяпіскапа Мікалая, які некалі й падаў яго кандыдатуру на мітрапаліта, дый ня толькі да галасоў аграмаднае бальшыні сваіх амэрыканскіх парафіяў, але й знайшоў-бы ці адзін прэцэдэнс у гісторыі Праваслаўнае Царквы, каб параліжаваць крывадушныя інтрыгі ліхіх амбіцыянераў, задаволіць пакрыўджаных ды давесьці да ладу царкоўнае жыцьцё. На вялікі жаль, мітрапаліт, як гэтта паказалася, да гэтага не дарос. Ягоныя дыктатарскія загады й "распараджэньні" былі настолькі відавочным гвалтам над прынятымі нормамі нашага царкоўнага жыцьця, што не адразу, паступова, але абсалютна ўсе амэрыканскія беларускія парафіі зьвярнуліся да канадыйскага таронцкага архіяпіскапа Мікалая, каб узяў іх пад сваю апеку. І колькі архіяпіскап Мікалай, — лістоўна, тэлефонам і пры асабістых сдустрэчах, — не прасіў першага ярарха, каб апамятаўся, колькі не зьвярталіся да яго й старшыні парафіяў, мітрапаліт Андрэй, як адурманены прадаўжаў самагубны для БАПЦ шлях. І сяньня, дальбог, цяжка паверыць, навет пішачы гэтае, што так запраўды сталася. Я трымаўся дый цяпер яшчэ трымаюся думкі, што чалавек, які заняў высокі сан першага яраха БАПЦ, з прычыны сваіх заавансаваных гадоў, цярпеў ад нейкай Алзгэймэравай хваробы ці дзівацкае зьдзіцянеласдьці.

Калі адкінуць усялякую прапагандовую мякіну й зірнуць цьвяроза, дык трэба з усей пэўнасьцю сьцьвердзіць, што чалавек гэты сьведама пайшоў насустрач Хмаравай прапагандзе, Войтанкавай ненасытнай прагавітасьці й Кендышавай ды Бруцкага антыхрысьціянскай хворай амбіцыі. Адвакат Валентын Гарошка, які добра падзарабіў на сьвецкіх судох, ды ягоны брат Расьціслаў, із сваім "Беларускім Часам", што першы пачаў барабаніць пра "літыгацыю ў БАПЦ", мусіць, каб апраўдаць рэдактарава ўяўленае становішча, як вялікага царкоўнага дзеяча, — зыгралі гэтту гнюсную ролю.

Пра архіяпіскапа Мікалая будзе гутарка асобна, але гэтта трэба сказаць, што ён зрабіў правільна, калі задаволіў

просьбы парафіяў япархіі мітрапаліта Андрэя і ўзяў іх пад сваю апеку. Калі-б ён гэтага не зрабіў, парафіі тыя перайшлі-б у юрысдыкцыю якой іншай Праваслаўнай Царквы ў Амэрыцы, каб пазбавіцца "апекі" свайго зьдзіцянелага пастыра.

Пра сьмерць мітрапаліта Андрэя я даведаўся позна ў сыботу 21-га травеня, калі затэлефанаваў да аднаго сябры. Памятаю, быў я тады сам у Гутырчыкавай хаце (не, ня зусім сам, бо са мной быў Гутырчыкаў кот і сабака), а Сяргей і ягоная жонка Літвінка гулялі дзесьці на вясельлі, якое наладзіў Мікола Абрамчык для сваей дачкі. І мне сулілі заглянуць на тое вясельле, бо, казалі, "там-жа будзе якая сотня нашых, калі ня больш". Але… Была-б нагода сяго-таго пабачыць, на "Зважай" скубануць. Ды далёкае падарожжа аўтобусам, пасьля аграмадны лівень змучылі па дарозе. А ў гіганьце Ню Ёрку пакуль дабярэшся ў які Бруклін ці Джамэйку, ды назад у Самэрсэт, дух зь цябе вон. Не да вясельля. І памятаю, пачуўшы, што першы ярарх адыйшоў у іншы сьвет тае самае сыботы дзесьці каля першай гадзіны раніцай, значыцца перад першымі петухамі, я падумаў… Але не. Няхай слова мае ў нас вельмі шанаваная й характарам абаяльная спадарыня Орсіха, якая назаўтра, пасьля сьвятое Літургіі ў царкве на Гайленд Парк, сустрэла мяне з такімі славамі:

— Спадар Акула, што-ж вы, Божа мой, што-ж вы нарабілі?

У гэтай жанчыны, што выгадавала выдатную беларускую сям'ю, кпінка па твары бегала.

— Як я, што гэта я нарабіў? — няўцямна, але й вінавата спытаўся я.

— А ці-ж вы ня чулі, што наш мітрапаліт, калі дачуўся, што вы сюды едзеце, дык перапалохаўся вас, ды ўзяў і памёр…

Гэтта быў і нейкі падтэкст, бо пазалетась, калі я паехаў у Лёндан на сьвяткаваньне дзясятых угодкаў бібліятэкі Скарыны, падчас мае прамовы ў перапоўненай людзьмі зале біскуп Часлаў Сіповіч меў разрыў сэрца.

У тую-ж нядзелю, назаўтра пасьля сьмерці першага ярарха БАПЦ, айцец Аляксандар Яноўскі, па загаду архіяпіскапа Мікалая, адслужыў паніхіду. Пасьля яе да мяне падыйшоў добра знаёмы чалавек ды сказаў:

— Спадар Акула, вы чулі зь якім энтузіязмам мы сяньня паніхіду па Андрэю сьпявалі?

Ужо па дарозе назад у Канаду, калі наш аўтобус затрымаўся ў Рачэстэры, непадалёк Бафало, пазваніў я да спадарыні Натальлі Арсеньневай, сказаў пра сьмерць мітрапаліта.

— Пара яму, ужо пара адпачыць, пажыў чалавек… — сказала паэтка.

Тады мне прыгадаліся словы паэта:

Глядзіце, вунь зярно й мякіна, - навука, як на сьвеце жыць… адзін жыве і сьлед пакіне, другі жыве, каб насьлядзіць…
* * *

Калі-б гэта было магчыма, я-б хацеў быць прысутным пры такой сустрэчы: устаў з магілы наш заслужаны патрыёт, грамадзкі, культурна-асьветны й й рэлігійны дзеяч, чалавек высокай годнасьці, Алесь Грыцук. Сустрэўся зь Янкам Бруцкім. Даведаўшыся, што гэты бабнік гэданіст нарабіў, Алесь сказаў-бы:

— Янка, махорка ты цёмная! Куды ты палез і што ты нарабіў?! Табе, недарэка, у япіскапы, у БАПЦ? Гной табе кідаць, махорка ты цёмная, дурань ты!

Я абсалютна пэўны, што якраз такімі, а ня іншымі славамі прамовіў-бы да "цёмнай махоркі" Алесь Грыцук. Прыгадваюцца тыя, ужо адлеглыя ў прошласьці часы, калі Янка Бруцкі, адзін зь сяброў галоўнай управы Згуртаваньня Беларусаў Канады, падпрогся да працы… Messenger boy (пасыльны), от такі сабе адсталы чалавек, якому важнейшых справаў не даручалася й да якога бальшыня з нас, у тым ліку і старшыня Згуртаваньня мгр. Алесь Грыцук, адносіліся з паблажлівай дабрадушнасьцю.

Улетку 1953-га (54-га) году, калі я жыў на Кулмайн роўд у Тароньце, завітаў да мяне ў хату шырокатвары, сінявокі бляндын.

— Я — Янка Бруцкі, зь Вініпэгу, — прадставіўся.

Вучыўся ён тады на Манітобскім унівэрсытэце, як сам сказаў "на інжынера". — Будаваць масты й дарогі буду…

"Дзякуй Богу, лезуць нашы ў людзі", — падумаў я.

Гэты дзяцюк, здавалася сьціплы, скупы на слова, наіўны, якога за язык трэба было цягнуць, апісаў мне свой палескі радавод, прыгоды падарожжа за акіян. Яшчэ адна "трэска да берагу"…

Поделиться с друзьями: