Людзі й людзі...
Шрифт:
Пра сьвятара Аляксандра Крыта давялося мне чуць раней, што падчас вайны быў і жыў у Бэрліне, што пасьля ў беларускім ДП лягеры Ватэнштэце вучыў у беларускай школе. Паколькі, з прычыны сваіх нахілаў, цікавіўся я журналістыкай і літаратурай, таму і айцец Аляксандр быў нейдзе на перыферыі майго зроку. Бліжэй пазнаў яго на Епархіяльным Праваслаўным Беларускім саборы ў Тароньце 29-га кастрычніка, 1966 году. Памятаю, што Раісу Жук-Грышкевіч і мяне паклікалі на сакратароў Сабору й я апынуўся з правага боку прэзыдыяльнага стала. Пасярод сядзеў архіяпіскап Васіль (Тамашчык), направа ад яго — айцец Аляксандр Крыт, налева — айцец Міхась Мацукевіч, далей ужо ня памятаю хто, а з працілеглага ад мяне боку стала — Раіса
— Дык, Уладыка, як-жа гэта так? Колькі буду чакаць? Што гэта ўсё "пачакайце" ды "пачакайце"? Вунь колькі служу ўжо… Што, Вам шкода?
Гэта айцец Аляксандар, із дробнымі пырскамі сьліны, на вуснах, так гаварыў да ахіяпіскапа Васіля. Я не адразу сьцяміў пра што гэта ён… Зірнуў уважней на ягоны твар. Чырвоны, злосны, варожы, кусьлівы… Малая сьвятарова фігура, ня гледзячы на яго ўсхваляванасьць, а можа й з прычыны яе, выглядала камічнай. Памятаю, што хацелася разрагатацца. Але гэтта-ж збокучую бацькоўска-загадны й валадарны голас архіяпіскапа Васіля, які ў той час забыўся пра свой прывычны жэст скубсьці рыжую бараду:
— Ну сядзь, ты, ўжо сядзь! Ціха! Пачакаеш яшчэ, паслужыш, пачакаеш. Ціха, сядай, перастань!
Гэна сцэна, як жывая, стаіць і цяпер перад вачмі. Пасьля я даведаўся, што сьвятар Крыт гэткім чынам "у япіскапы пхаўся". Тады ўжо пачаліся ягоныя інтрыгі й манэўры, каб нейкім чынам, супраць волі свайго архіяпіскапа, заняць побач яго яшчэ неналежачае яму месца.
Будучы настаяцелем у парафіі БАПЦ у Кліўленьдзе, сьвятар Крыт ніколі не ладзіў із сваімі парафіянамі. Ён лепш надаваўся на сьвятара ў нейкай захалуснай беларускай вёсцы, там дзе пісар ёсьць знамянітасьцью, а солтыс — "мудрым атцом". Будучы "папом і начальнікам", сьвятар Крыт ад нікога не залежыў-бы, ніякай парафіяльнай управе не падпарадкоўваўся-бы.
Не зважаючы на ерархічную структуру Праваслаўнае Царквы, сьвятары яе ў Амэрыцы, каторыя клёк у галаве мелі, як мага намагаліся супрацоўнічаць з управамі парафіяў. Як-ніяк, тут усё пабудавана на традыцыі дэмакратыі. Я пэўны, што нашы вернікі з кліўлендзкай парафіі БАПЦ маглі-б шмат цікавага рассказаць пра іх супрацоўніцтва ці недахоп яго ізь сьвятаром Аляксандрам Крытам, каторы пасьля, стаўшы ўжо япіскапам ці мітрапалітам, ніяк нікому й ніколі на руку ня йшоў. Ён, відаць, лічыў патрэбным кіраваць царкоўным жыцьцём адно загадамі.
У Кліўленьдзе мітрапаліт Андрэй жыў на верхнім паверсе царкоўнага дому, тут-жа побач новазбудаванай царквы. Часта, калі мне давялося бываць у Кліўленьдзе, запрашаў мяне да сябе. Прычынаў, мне здавалася, было дзьве. Першая: я так ці накш даўно занімаўся друкам і выдавецтвам. Наклёўвалася патрэба выданьня дакумантаў зь гісторыі БАПЦ, якіх, як казаў мне гэты духоўнік, набралася маса. Я суліў сваю помач, адно прасіў, каб ён перагледзеў, упарадкаваў ды забясьпечыў патрэбнымі камантарамі. На гэтым і асталося. Шкада.
Другой прычынай была, мабыць, простая патрэба пагутарыць з чалавекам. І гаварылася шмат пра што, а найбольш пра эміграцыйнае рэлігійнае жыцьцё, пра людзей ды пра палітыку. Пра сваіх мясцовых парафіянаў царкоўны саноўнік гаварыў скупа. Відаць, стрымоўваўся, поўнасьцю перада мной не адкрываўся, але наракаў, што за ім не глядзяць, не памагаюць. І з тону яго прысутны мог-бы меркаваць, што віна з боку людзей.
Ён не валодаў, - што асабліва заўважалася ў яго й што вельмі шкодзіць сьвятару, асабліва-ж высокага сану, — цэлай шырокай вясёлкавай плыняй мовы так, як, прыкладна, архіяпіскап Васіль (Тамашчык), якога людзі, бывала, з захапленьнем слухалі дзень і ноч. Відаць быў недахоп начытанасьці, агульнай эрудыцыі дый звычайнага моўнага таленту. Сьціплыя спробы красамоўнасьці йшлі з натугай… Яму хацелася памагчы, падказаць. А калі мітрапаліт і гаварыў з вамі прыватна, — гаварыў ён хутка й манатонна, быццам-бы й ня чуў пра дыкцыю мовы, — дык і словы выбіраў найбольш
простыя, сказаць-бы шэрыя, і параўнаньні шаблённыя.Калі ты гутарыш з высокім духоўнікам навет прыватна, дык слухаеш яго накш, чымся звычайнага чалавека. Як-ніяк, перад табой нейкі-ж аўтарытэт. І як-жа цешышся, калі, прыкладна, перад табой архіяпіскап Васіль (Тамашчык), каторы, як вялікі моўны майстар, вядзе цябе ў прывабна-аздоблены сьвет, навет калі й гаворыць пра прастое.
Магчыма, што замнога ўвагі аддаю мове зь ведамых прычынаў. Але-ж за багацьцем мовы ці беднасьцю яе крыецца й чалавек. І прыглядаючыся мітрапаліту Андрэю яшчэ да таго часу, пакуль спрычыніўся ён да вялікага крызісу ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве, я спасьцярог ягоную абмежаванасьць, а ў некаторых поглядах і поўную прымітыўнасьць. Адзін выпадак пацьвердзіў мае меркаваньні.
Існуе між праваслаўных людзей, асабліва малапісьменных, тое, што можна назваць вуніятаедзтвам. Яно ці не бярэ свой пачатак ад ведамай Кацярыны, каторая, запанаваўшы ў Беларусі ў васемнадцатым стагодзьдзі, пачала гвалтам гнаць нашых вуніятаў у "ісьцінную веру". Прайшлі стагодзьдзі, а пасеяная чужынцамі нянавісьць да сваіх-жа братоў хрысьціянаў яшчэ й сяньня атрутай разьядае мазгі й сэрцы шмат якіх нашых менш асьвечаных суродзічаў. А мітрапаліт Андрэй вуніятаў запраўды ці не за ўсе нашы беды вінаваціў.
І вось аднойчы, прыгадваю, у ягоным пакоі, падчас гутаркі са мной, ён злосна накінуўся на вуніятаў, каторыя, згодна яго поглядаў, быццам наш праваслаўны народ зглумілі калі сілаю "да папы рымскага гналі" й іншае ліха. Я тадыня вытрымаў.
— Ці вы, Ўладыка, шануеце памяць Кастуся Каліноўскага?
Мітрапаліт Андрэй якраз наліваў маленькія, па паўтары унцыі чаркі. Віскі Канэд'ян Кляб добра пілася з салёнымі гуркамі й кіслай капустай ды чорным жытнім хлебам. Гэтыя апошнія ў Амэрыцы лічыліся "дэлікатэсамі". Пачуўшы такое маё пытаньне, ўладыка адказаў не адразу, магчыма мяркуючы "дзе тут сабака закапаны".
— Пэўне-ж Каліноўскага шаную. Нацыянальны гэрой…
— Кажаце, што шануеце, бо ён нацыянальны гэрой… Ага. І гэта ня гледзячы на тое, што сам, здаецца, быў рыма-каталіком. А ці-ж вам няведама, што ў той час якіх восемдзесят працэнтаў беларускіх сялянаў былі вуніятамі, што Кастусь Каліноўскі называў вуніяцтва "справядлівай верай", а праваслаўе называў "сызмай" і як мог бараніў вуніятаў?
Твар сьвятара пачырванеў. Ён цяпер пазіраў убок, а ня так, як раней, проста ў мае вочы.
— Мне крыху дзіўна, — прадаўжаў я, — слухаць вашыя такія напады на вуніятаў. Ясна, што наш народ шмат калі й шмат кім ды шмат куды заганяўся, у тым ліку, як вы кажаце, і вялікімі ды малымі магнатамі да папы рымскага. Але падумайце, — кажу, — ўладыка, ці гэтыя рэлігійныя гвалты ад вуніятаў пачаліся… Уявіце сабе. Хоць навошта тут уяўляць? Зь гісторыі ведама, як было. Калі прыйшло хрысьціянства ў Беларусь, дык пэўне-ж, — гэтта я ўжо перайшоў на зьдзеклівы тон, усе тыя пагане, каторых прашчуры, прадзеды й бацькі пакланяліся розным ідалам, яны — а як-жа! уміг спазналі мудрасьць Хрыстову, зазьзялі вялікай верай і напралом да крыжа пабеглі. Прабачце, уладыка, як вам ня сорамна! — ня вытрымаў я. — Асабліва цяпер, калі між галоўных цэркваў ёсьць тэндэнцыі да яднаньня… Ды й чаму толькі тэндэнцыі? Вунь і нейкія канкрэтныя пачынаньні ўжо ёсьць. І ўжо каму, як каму, а нашаму народу ого як патрэбнае тое яднаньне, а калі не, дык прынамсі рэлігійная талерантнасьць. А вы што? Як вам ня сорамна!
Гутарка на тым і скончылася й нашыя адносіны зьмяніліся. Адно тады поўнасьцю зразумеў я на колькі абмежаваны быў той духоўны пастыр і які неадпаведны чалавек узьлез на чало БАПЦ, калі шмат пазьней даведаўся, што ён ня толькі чытае, але й сам рассылае ведамую таронцкую "памыйніцу", г. зн. "Беларускі Голас", які Сяргей Хмара выдаваў у Тароньце. Падумайце сабе, людцы добрыя: мітрапаліт рассылаў найбольшы сорам, які выдаваўся й пашыраўся між найбольш адсталых палітычна й малапісьменных людзей беларускай эміграцыі!