Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сакрамэнта

Багданава Галіна

Шрифт:

— Што-што? А як ты думала, мы павінны рухацца? — перапытала гаспадыня ўжо без слёз, з усмешкаю.

— У каноне. Я столькі бачыла замалёвак з раскопак. І паўсюль старажытныя егіпцяне ў, як мне тлумачылі археолагі, адзінай дазволенай позе: галава і ногі ў профіль, тулава ў дзве трэцціх, а плечы ў фас. А фараон абавязкова ў неклькі разоў большы за сваіх падданых.

— Сапраўды, нашыя мастакі так і малююць. Але ж гэта не значыць, што мы так ходзім, і што фараоны большыя за іншых.

Ціхі дым лунаў над намі. Гэта быў мяккі водар сандала ці чагосьці надта на яго падобнага. Мы прыселі на лёгкія крэслы, адна насупраць адной. Цяпер была чарга спавядацца Неферціці. А яна маўчала . І ў яе маўчанні блукала гаркота.

У пакоі было шмат сінечы і золата. Сонечны дыск працягваў свае промні-далонькі да найпрыгажэйшай, той, што прыйшла сюды...

— Мяне прывезлі з вельмі зялёнай краіны, краіны, дзе шмат дрэваў

і чыстай, празрыстай, жывой крынічнай вады... Мяне прывезлі сюды зусім дзяўчынкай. У падарунак Аменхатэпу Ш, бацьку Аменхатэпа ІУ, якога вы ведаеце, як Эхнатона. Аменхатэп Ш быў воін, моцны воін. І ў яго было шмат жонак. Яны... яны ўсе нядобра прынялі мяне, бо я была зусім юная, свежая і прывезла на берагі велічнага Ніла танцы сваёй радзімы... Тут, сярод гарачых пяскоў і гэтае невыноснае спёкі па вечарах, калі фараон і ягоныя воіны збіраліся на пір, а ў паветры лунала задуха, я танцавала ім танец вады, танец прахалоды, я прагнула ахінуць іх усіх прахалодай. Аменхатэп Ш вельмі любіў глядзець, як я танцую. А аднойчы пасля танцу ён падыйшоў, узяў

мяне за руку, нахіліўся і пацалаваў. У мяне ад таго ягонага гарачага дотыку ногі замлелі і калені падагнуліся. Аменхатэп Ш быў такі моцны, і гэтая моц

іграла ў кожным ягоным жэсце, руху, кожным ягоным кроку і нават у позірку

ягоных цёмных агатавых вачэй. Ён глядзеў з-пад броваў, рэзка, уладарна...

Жанчыны такім, як Аменхатэп Ш, падначальваюцца без словаў. І я... Але пра гэта сорамна казаць. Не, мы не паспелі быць разам... Ён толькі аднойчы нёс мяне на руках.

Неферціці падняла на мяне свае вільготныя зеленаватыя вочы і абцягнула на каленях лёгкую, амаль празрыстую, аздобленую ажурным залатым шытвом сукенку.

— Тут па вясне, калі Ніл разлівае свае воды, адзначалі свята вяртання з падземнага царства Асірыса, свята адраджэння прыроды. Аменхатэп Ш быў як заўжды Асірысам. А Ісідаю тым разам выбралі мяне. Я не быа галоўнаю жонкай, але Аменхатэп Ш настояў, каб жрацы менавіта мяне апранулі Ісідай. Я стаяла на каленях, на гарачым пяску і аплаквала свайго мужа Асірыса, я чакала, калі наш сын — светлы сокал Гор аддасць сваё вока бацьку, і Асірыс паўстане з мёртвых. Горам быў юны Аменхатэп ІУ. Ён назіраў за ўсім, што адбывалася з вышыні, разам са жрацамі. А жрацы, быццам наўмысна, не выпускалі Асірыса. Я стаяла ўкленчыўшы на гарачым пяску. І колкія гарачыя пясчынкі праз гэтую вось танюткую белую сукенку апякалі мае калені, мае ногі. І сонца сляпіла вочы. Пякло нясцерпна. Я зірнула ўверх. Малады Аменхатэп стаяў між жрацоў, якраз на фоне сонечнага дыска і ягоны сілуэт, чорны, рэзкі, сапраўды нагадваў сілуэт сокала Гора. Ён быў без вока. Ён даўно аддаў сваё вока. Каб вызваліць свайго бацьку Асірыса. Каб высушыць мае слёзы. Каб зямля адрадзілася ад зімовага сну. Чорны птушыны сілуэт на фоне пякучага, нясцерпна пякучага сонца. Гэта апошняе, што я памятаю. Страціла прытомнасць. Мая служанка, мая верная Ія потым расказала мне, што Аменхатэп Ш вырваўся з рук жрацоў, усхапіў мяне на рукі і панёс у цень. Я памятаю ягоныя моцныя цёплыя рукі, так бацька калісьці люляў мяне. І яшчэ памятаю прахалоду, паўзмрок храма, зараснікі папіруса, зорнае неба над галавой, смак дажджу. Потым я зразумела, што гэта не папірус, а калоны, і неба не сапраўднае, намаляванае. А ваду ліе на мяне мая служанка... І толькі рукі. Ягоныя моцныя рукі былі праўдай. Ведаеш, што ён сказаў мне тады? “Ты лёгкая, як пёрка...” Як пёрка...

— Археолагі расказвалі мне, — перабіла я споведзь царыцы, — што ў Старажытным Егіпце верылі ў тое, што пасля смерці Анубіс, бог падземнага царства, узважвае чалавечую душу. Каб лічыцца бязгрэшным, трэба, каб яна, душа, была лягчэйшаю за пёрка. Анубіса так і малявалі, з шалямі ў руках. На адно йчашы — душа, а на другой — пёрка...

— Аменхатэп Ш пасля смерці не набыў вечнага жыцця. Ягоная душа пераважыла пёрка, — задумліва прамовіла Неферціці, — Ён шмат грашыў. Ён быў воін. Ён забіваў. Ён вымушаны быў забіваць. Але ў яго былі такія моцныя і пяшчотныя рукі...

— А ягоны сын, Аменхатэп ІV? — спыталася я. — Цябе ж усе ведаюць, як ягоную жонку.

— Аменхатэп ІV быў зусім іншы... Ён менш ваяваў, менш забіваў. Але ён знявечыў, растаптаў маю душу... І я, хоць нарадзіла яму дочак, выхоўваю зяця, наўрад ці змагу дараваць яму...

Неферціці ўзняла галаву. І я пазнала, цяпер вось зусім пазнала яе профіль, высакародны профіль царыцы...

— Але ж у гісторыі вы з Аменхатэпам ІV засталіся адною з самых гарманічных пар. Кажуць, што ў многім і дзякуючы табе, Неферціці, фараон Аменхатэп ІV увайшоў у гісторыю...

— Ён закахаўся ў мяне з першага погляду... А може гэта мне толькі падалося. Яго не пускалі на піры, і ён цішком падглядаў за тым, як я танцую... Я гэта ведала. Гэта ён першым сказаў мне, што мае танцы нясуць прахалоду... Ён быў чуйным тады.

А на тым свяце, калі мяне апаліла сонца, ён, як і я, страціў прытомнасць. І назаўжды затаіў крыўду на жрацоў. Потым, калі пасля смерці бацькі Аменхатэп ІУ стаў паўнаўладным уладаром, ён раздарыў свой гарэм, і пакінуў сабе толькі мяне. Ён казаў, што я даю яму прахалоду, раблю ўпэўненым, натхняю на вялікія справы. Я дапамагала яму ва ўсім. А ў гарачыя, душныя ночы мы ўзляталі і патаналі адно ў адным, мы блукалі ў глыбінях кахання. Мой фараон здолеў здзейсніць найвялікшыя пераўтварэнні. Ён аддаліў жрацоў і наблізіў да нас сонца. Сам наблізіўся да яго. І яно наблізілася да нас. Цяпер, каб дазнацца волю нябёсаў, можна наўпрост звяртацца да Сонца. Ён стаў Эхнатонам. А я Неферт-Неферт-Атон. Мы пераехалі ў новы горад. Мы пачалі новае жыццё. Эхнатон не быў такім моцным, як ягоны бацька. Але ў яго была воля. І мне прыемна было падначальвацца ёй, гэтай волі. У нас нарадзілася дзве дачкі. А Эхнатон хацеў сына. Але не ў тым была трагедыя. У адну з начэй я зразумела, што яму не трэба ні майго цяпла, ні маёй прахалоды. У яго з’явілася Кія. Смуглявая, скуластая, нахабная. Яна ўмела глядзець так зняважліва, што хацелася збегчы куды падалей. І я пачала наведваць майстэрню юнага скульптара Тутмаса. Яму Эхнатон даручыў выбіць з каменю нашыя партэты. І там, у ахутаным дрыготкімі ценямі вогненных блікаў змрочным падвале я моўчкі назірала, як пяшчотна кранае ён мой лоб, мае шчокі, вусны... І разумела, што ніхто ніколі не ахіне мяне гэткім цяплом і пяшчотай. Мы практычна не гаварылі, нават вачыма не сустракаліся. Але аднойчы Тутмас так зірнуў на мяне... У ягоных цёмных вачах было столькі шчасця і столькі роспачы. І я ў тое адно-адзінае імгненне зразумела, што ён ведае пра ўсё, пра мой боль, пра Эхнатона, Кію. І я аддалася таму ягонаму гарачаму, палкаму позірку. Мне падалося, што калі я не адвяду вачэй, то зменшу ягоную роспач. І хоць на імгненне зраблю яго шчаслівым. І мы ўзляцім, туды, да зораў. Я ўсхапілася, узяла і сціснула ягоную руку. Але ён зараз жа адвёў вочы, і я адчула... Я адчула, што ён... не, нават не сумеўся. Ён не ведае, што яму рабіць. Ён хоча вызваліцца ад маіх рук. Ад майго поціску. Ад майго цяпла. І маёй прахалоды.

Больш я не прыходзіла да Тутмаса. І не бачыла, што ён там зрабіў. Мае партрэты нікому не патрэбныя. Мяне выселілі сюды выхоўваць дочак і будучага фараона Тутанхамона. У ягоным імені — знак жыцця, знак вечнага жыцця і знак сонца. Тут-анх-амон...

...Дым і вада захлынулі яе і мае ўспаміны...”

СЛЕД САНФО

Калядная імпрэсія

Мінуў той час, калі я варажыла. Цяпер мне хочацца самой тварыць цуды. Для тых, каго кахаю, для тых, каго люблю. Але кожны цуд, перш чым спраўдзіцца наяве, прагне спраўдзіцца ў сне. І зноў я хвалююся ў чаканні каляднае ночы, неспазнаных мрояў, якія могуць стацца явай, жаданым святлом, маім паратункам.

... А ён, як заўжды, стомлены, самаўпэўнены, нахабны, сядзіць перада мною, курыць і сам сабе ўсміхаецца.

— Ну, і што табе прывезці з Грэцыі? — пытаецца ён як бы між іншым, нават не зірнуўшы мне ў вочы, і я, шчэ не ведаючы, якую пастку, якую салодкую атруту сама сабе рыхтую, паспрабавала адказаць яму ў тон, таксама самаўпэўнена і нахабна, але збілася, расхвалявался, уздыхнула.

— След Сапфо. Калі будзе, прывязі яе след. Ты ж бачыш, што без кахання, як без святла, я гіну, растаю, бы соль у вадзе.

— Ну, тут я табе нічым не магу дапамагчы, - ён робіцца раздражнёным, нервуецца. — Сама сабе нешта навыдумляеш, а потым я яшчэ і вінаваты.

— Мне хочацца, каб мяне, ... каб хоць хто-небудзь мяне разумеў, ці хаця б спрабаваў зразумець...

Я гаварыла, гаварыла яшчэ, але мае словы, бяссільныя, пустым рэхам біліся ў глухія, шэрыя сцены і не знаходзілі, яны ніяк не маглі знайсці выйсця. Мяне ўжо ніхто не слухаў. Мяне не жадалі не толькі чуць, а і проста слухаць. Мой голас звінеў, як надакучлівая муха, і бязвольна ападаў, ападаў у сон, у мой новы сон, дзе я ішла, бегла ўздоўж той самай бясконцай шэрай сцяны і наперадзе ў мяне было не святло, а такая ж самая шэрая сцяна, якая ўсё аддалялася, аддалялася, пасоўвалася то ў адзін, то ў другі бок, утвараючы нешта накшталт бясконцага лабірынту. А за паваротам ізноў ён.

— Паліна, ты не паверыш, але гэтыя грэкі на сваёй туріндустрыі з глузду з’ехалі. Яны сапраўды прадаюць як сувеніры бурштынавыя вочы сваіх архаічных кораў, гэтых каменных дзяўчат, што служылі Афіне, і сляды, так-так, яны там прадаюць сляды Сапфо.

Ён ізноў сядзеў насупраць мяне, закінуўшы нага на нагу і курыў. Адпачнуўшы, загарэлы, крыху ўзбуджаны, але лагодны. Ён пацяплеў, бо выпіў кілішак прывезенага з Грэцыі мне ў падарунак густога чырвонага віна, і цяпер адчуваў сябе гаспадаром майго лёсу. І гаварыў ён няспешна, пускаючы дым, смакуючы кожнае слова:

Поделиться с друзьями: