Сакрамэнта
Шрифт:
Гэтай зімю ў Эль-Амарне іхняя экспедыцыя адшукала цэлую скульптурную майстэрню, калі не памыляюся, майстра, які працаваў там, звалі Тутмас. Муж кажа, што гэта першае з вядомых у гісторыі сусветнага мастацтва імя скульптара. Там, у майстэрні, было шмат розных работ. У тым ліку некалькі выяў жанчыны — царыца, якая, так кажуць вучоныя, у новым ХХ стагоддзі можа набыць сусветную вядомасць. Адзін з яе бюстаў стаіць зараз у мяне на стале, мы ўзялі яго с сабою, яна, як і мы, плыве ў Амерыку. Даўгая выцягнутая шыя, крыху скуласты, вельмі выразны твар, бровы-крылы, задумлівыя вочы... Дакладней, вока. Другое скульптар не дамаляваў. Толькі пазначыў. Ён, як і ўсе егіпцяне, баяўся, каб душа царыцы—“ка” не выйшла з яе жывога цела і не перасялілася ў бюст. Невядома,
Мой Джон сёлета адкапаў, адкрыў свету Неферціці. А я нарадзіла яму Магду. Цяпер, калі я трошкі ведаю лёс старажытнаегіпецкай царыцы, і веру ў яе сусветную славу, я, пэўна, магла б назваць сваю дачку Неферціці. А, можа, і не. Магда неяк цяплей, па-польску. Яна таксама плыве з намі ў Амерыку. І цяпер спіць у суседняй каюце, разам з маёй любімай нянечкай, што калыхала і мяне, і майго брата, і маю старэйшую дачушку Сафі, якая, можа й добра, з мужам і сваім маленькім сынам не паплыла з намі, засталася ў Польшчы.
Але зараз не пра тое... У гэтым ліловым паўзмроку Неферціці здаецца жывою. І мне так хочацца пагаварыць з ёю, пра самае-самае патаемнае пагаварыць. Зараз рашуся і пагладжу яе па шчацэ. ...Якая мяккая, шурпатая, але ўсё адно мяккая ў цябе скура, мілая мая Неферціці, а вока, тваё вока вось зараз так заблішчэла, што мне падалося, з яго пабяжыць сляза, жывая сляза.
Не трэба, не плач. Неферціці. Давай, лепш пагаворым. Як жанчына з жанчынай. Зараз я паспрабую ўсміхнуцца. Як ты. Мякка і іранічна. Вось так. У мяне за плячыма ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў. У цябе—вечнасць, але, я ўпэўнена, ты зразумееш мяне... Мне зараз трэба выгаварыцца. Я буду пісаць і прагаворваць тое, што пішу, услых. Для цябе.
Першы мой муж Казімеж цалаваў мне рукі. Так, што ў мяне, дваццацігадовай, ад кожнага ягонага дотыку ўсё ўсярэдзіне сціналася і ветрык, скразняк прабягаў па спіне. У яго былі рудыя, шорсткія вусы, на зіму ён яшчэ адпускаў і бараду, таксама рудую і шорсткую. А вочы ў яго былі ясныя, шэра-блакітныя, з хітрынкай і халаднаватым сталёвым водбліскам. Як у сапраўднага паляка. Польскага шляхціца. “Цалую ручкі”...
На жаль, а, можа, і на шчасце, я была не з тых, хто мог надоўга затрымаць ягоную ўвагу. І да мяне, і пасля мяне ён меў многіх, і, як ні дзіўна, пераважна тых, хто зневажаў яго. Мужчны, цяпер я гэта пэўна ведаю, любяць, каб ім час ад часу рабілі масаж спіны вострымі абцасамі. Гэта іх бадзёрыць. А мне хочацца глядзець на майго мужчыну знізу ўверх, мяне раздражняе, калі моцныя людзі пачынаюць поўзаць, па-руску кажучы “пресмыкаться”.
У другога майго мужа П’ера былі чорныя вусы, чорная кучаравая чупрына і гэткія ж, як у Казімежа, шэра-блакітныя вочы, хіба толькі крыху цяплейшыя і замест хітрынкі — бездань даверу. І я баялася, што якая-небудзь жанчына можа проста дзеля самасцвярджэння патушыць гэтае мяккае, цёпале святло ягоных вачэй. П’ер навучыў мяне кахацца ўсім целам. Калі не чуеш, дзе рукі, дзе ногі, дзе пазванкі. Ці вусны... Калі ты ёсць ён, а ён ёсць ты. І ложак стаецца падлогай, а потым аксамітам, шаўковаю травою, лясным узгоркам. І ўсё патанае ў сонечным, зорным водары траў...
Я нарадзіла яму дачку Сафі.
Але П’ер быў французам, і, на жаль, больш за каханне любіў віно. А потым каньяк. Пазней я дазналася, што ўсе з ягонага роду любілі
выпіць, і ўсе надта кепска скончылі.Самае жахлівае, што ён не памятаў, зараз жа забываўся на ўсё светлае і радаснае з нашага з ім жыцця. І аднойчы, калі прыйшоў моцна п’яны, а я нешта сказала, ён схапіў мяне за рукі і пачаў балюча круціць іх... Пасля гэтага я доўга не магла нічога рабіць. Самае жахлівае ў тым, што вочы П’ера сталі халоднымі, шклянымі. Я кінула ўсё, забрала Сафі і, пакуль ёй не мінула васемнаццаць, не дазваляла сабе думаць пра мужчын.
Мы з маёю старэйшаю дачкою выйшлі замуж і нарадзілі дзяцей амаль адначасова. Яна хлопчыка, а я дзяўчынку.
Пра Джона, маё трэццяе каханне, ты яго ведаеш, Неферціці, ён цябе адшукаў, дык вось, пра яго мне гаварыць цяпер балюча. Ён археолаг. Ён раскапаў маю душу, ажывіў маё цела...
І раптам... Гэта сталася сёлета, пасля таго, як ён знайшоў цябе, Неферціці. Ён больш не дакранаецца да мяне, ён халодны, раздражнёны, злосны. І самае балючае, што і мне ён не дазваляе аддаваць яму свае пяшчоту і ласку. Як усё адно хтосьці адваражыў.
Вядома, я не такая, як у маладосці. Пасля родаў мае, яшчэ нядаўна стройныя ножкі распухлі, і вены цяпер нагадваюць рэкі падчас разліву. Я крыху паспраўнела. І на твары з’явіліся зморшчынкі. Але ж рукі... мае рукі, далоні, ты адчуваеш, Неферціці, я зараз адкладу ручку, адчуваеш, якія мяккія ў мяне далоні? А ён, ён не хоча браць з іх ласку... І цяпер, пэўна ж, цешыцца з гэтаю хударляваю жонкай банкіра. А ў мяне... О... Ты б ведала, Неферціці, як у мяне шторанак баляць рукі. Нямее пазваночнік. І рукі нямеюць і баляць, асабліва правая, пачынаецца вось з гэтага, сярэдняга пальца, боль ператварае маю руку, не, цяпер ужо мае рукі ў клешні. Рукі нямеюць, камянеюць, і я думаю, я ўпэўнена, гэта таму, што ім не дазволена, яны не маюць магчымасці аддаваць цяпло і ласку.
Божа, Матка Боска, але ж ты плачаш, Неферціці... Вочы. Твае вочы і праўда наліліся слязьмі. І ты плачаш разам са мною. Вочы... Вось яно, ад слёз выявілася і другое тваё вока. Зеленаватае, з вялікаю чорнаю зрэнкаю. Не атрымалася ў нас з табою іранізаваць. Заплакалі. І я адчуваю, ты хочаш нешта мне сказаць. Мы зараз пагаворым з табою, пагаворым... Не ведаю, на якой мове. Але мы зразумеем, мы мусім зразумець адна адну... Зразумеем.
Дапішу потым... Заўтра.
... Спяшаюся, хачу дапісаць. Хачу, каб потым мае дочкі, і асабліва Магда, калі яна вырасце і прачытае... як хочацца, каб яна не паўтарыла маіх і яе, Неферціці, памылак, калі атрымаецца...
Я спынілася на тым, як з вачэй Неферціці паліліся слёзы. Шурпаты камень стаўся пылам. Яе шчокі паружавелі, паярчэлі. І прыадчыніліся пульхныя, чуллівыя вусны.
— Ты смелая жанчына, — сказала яна ўздыхам, — А я вось не адважылася спраўдзіць сваё трэццяе каханне. Яно так і патанула толькі ўва мне. Зараз у мяне з’явіцца цела, і мы здзейснім падарожжа ў часе. Я запрашу цябе да сябе. У тым доме, доме, які стаіць за мяжою нашага галоўнага горада, у тым доме, куды Эхнатон выселіў мяне разам з дочкамі і Тутанхамонам, з Тутанхамона, Эхнатон так хоча, калі я ўжо не здолела нарадзіць яму сына, я мушу выхаваць зяця, мужа адной з нашых дочак і будучага фараона. Дык вось, у тым доме ёсць адзін вельмі ціхі дальні пакой. Ніхто нас там не патрывожыць. Давай сваю руку. О... І ў цябе на скуры ўжо расцякаюцца карычневыя плямкі — старэчыя вяснушкі, прыкмета таго, что пара квітнення скончана...
Яна пагладзіла мяне па руцэ. І мая маленькая далонь сцішылася ў гарачых абдымках яе даўгіх тонкіх пальцаў. І мы пайшлі, паляцелі, і тысячы кіламетраў і тысячы гадоў пераўтварыліся для нас у адно-адзінае імгненне. Лёгкі саладкаваты водар ахінуў і разняволіў. Мы пераплылі раку часу і выйшлі на бераг яе пакоя. Пераступілі парог і важкая барвовая заслона апала за намі. Тут ніхто нас не патрывожыць.
— Ведаеш, што больш за ўсё мяне ўражвае? .. І ты, і слугі, паўз якіх мы прайшлі, стаіце і рухаецеся не ў каноне, а як усе мы, натуральна і проста... — сказала я на зразумелай для Неферціці мове.