Дрыгва
Шрифт:
— Ты, Саўка, чымся згрызены. Не ў гуморы ты. Выпі яшчэ.
Гаспадар наліў яму самагону. Саўка адвёў рукою Біркаву руку са шклянкаю.
— Не хочу! — катэгарычна заявіў ён. Яго паводзіны выклікалі агульнае недаўменне.
— Што ты, Саўка, бунтуеш? — строга звярнуўся да яго войт. — Кажы да ладу, калі з табою людзі гавораць.
— Людзі? Якія людзі? Хто людзі — вы? Сволачы вы, а не людзі. Я — гультай і злодзей, канакрад, прапашчы чалавек… Я зусім не чалавек. Але вы, вы пяты мае не варты. Я краў і гандляваў канямі, а вы гандлюеце людзьмі і сваім сумленнем. Вы — плюгаўства, нікчэмнасць. На вас плюнуць і растаптаць!
— Саўка, распусціў ты язык. Ой,
З Саўкам нешта здарылася. Яго паводзіны пачыналі сур'ёзна непакоіць войта і яго прыяцеляў. Яны яшчэ не трацілі надзеі дазнацца прычын гэтых дзіўных Саўкавых паводзін.
Але Саўка зацяўся, як камень. Ён толькі лаяўся, абражаў падвыпіўшую кампанію і зневажаў яе, як толькі ўмеў.
Нарэшце войт страціў цярпенне.
— Годзі задавацца, Саўка. Даволі камедыянцтва! Я знайду спосаб прымусіць цябе гаварыць тое, што трэба.
— Ты прымусіш мяне гаварыць пра тое, што вам трэба? Гаварыць пра старога Талаша, пра Мартына Рыля, дзе і як знайсці іх? Дудкі, ідзіце самі ды пашукайце іх. А я вам больш не слуга!
Саўка стаў на ногі і падпёр кулакамі бакі, паваліўшы на стол шклянку і бутэльку з недапітым самагонам. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Войту зусім не спадабалася такая гордая пастава Саўкі Мільгуна. Сярдзіта паглядалі на яго і войтавы прыяцелі.
Войт крута павярнуўся да Саўкі ўсім корпусам.
— Што ты казырышся тут? — крыкнуў на Саўку. — Сядзь!
I ў той жа момант схапіў яго за плечы і з сілаю ціскануў, каб пасадзіць Саўку на лаву. Саўка ўскінуў угору пругкімі локцямі і адным локцем крэпка стукнуў войта па носе.
— Прэч, панскі папіхач!
Войт не знёс гэтай абразы. Размахнуўся і трэснуў Саўку ў зубы. Падняўся шум, крык. Яны счапіліся і з усёй сілы пачалі штурхаць і лупіць адзін аднаго. Бірка і Бруй кінуліся памагаць войту. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок, а Саўка з усёй сілы штурхануў стол. Стол з громам бразнуўся на падлогу. Саўка, як тыгр, пераскочыў цераз яго, схапіў з крука шапку і кінуўся ў дзверы, а за ім Бірка і Бруй.
— Лаві, лаві яго! Каравул! — крычалі яны і гналіся за Саўкам, і гэты крык, як лямант роспачы, дрыгацеў у зацятай цемрадзі палескай ночы, будзячы і трывожачы заснуўшых сабак.
XXVIII
Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Яго нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног, білі і мялі, а потым чуць жывога прывалаклі ў хату, дзе ў гэты час войту прамывалі і завязвалі рану. Рана аказалася неглыбокая і не дужа страшная, хоць нож і задзеў яму край печані, і войт знайшоў у сабе сілы, каб аддаць распараджэнне даставіць Саўку куды трэба і перадаць там, што Саўка меў зносіны з паўстанцамі. Хай учыняць яму належны допыт: Саўка ведае, дзе хаваюцца паўстанцы.
Для польскай контрразведкі Саўка Мільгун прадстаўляў дужа цікавую і дужа патрэбную знаходку. Вось чаму, калі там даведаліся, хто такі Саўка, куды і для чаго ён хадзіў і для якой ролі быў прызначан, кіраўнікі контрразведкі зрабілі экстраную нараду і пастанавілі зараз жа ўчыніць Саўку допыт, ужыўшы ўсе спосабы на тое, каб дабіцца ад яго патрэбнага паказання. Саўку надзелі наручнікі, абкружылі яго моцным канвоем і прывялі ў пакой допытаў.
Калі Саўка акінуў вокам гэты пакой з яго дзіўным абсталяваннем і з яго прыладамі, аб прызначэнні якіх ён з садрыганнем сэрца мог толькі
дагадвацца, то дух яго апаў, і яму стала жудасна, хоць Саўка на сваім шляху прайшоў не адну камеру допытаў. Пакой гэты быў досыць прасторны. Пасярэдзіне пакоя стаяў грамозны дзябёлы стол. За сталом сядзелі тры асобы. Адзін з іх, рыжы таўстаморды мужчына, асабліва кідаўся ў вочы сваім жорсткім абліччам і тупою халоднасцю. Другі быў кароценькі і шустры, зкрываватым носам і гладка падбрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок, сам ён увесь варушыўся, ківаўся, гатовы, здаецца, пралезці ў самую маленькую шчылінку. Трэці, доўгі, худы і пануры, з зямлістым колерам твару, сядзеў над нейкаю паперкаю, углыбіўшыся ў чытанне, і рабіў сяды-тады ў ёй паметкі. Збоку ў сцяне віднеліся яшчэ адны дзверы, вузкія і нізкія, наганяўшыя страх і наводзіўшыя на невясёлыя думкі.Некалькі хвілін на Саўку не зварачалі ўвагі. Трое сядзеўшых за сталом зрэдку перакідаліся паміж сабою глухімі сказамі ды ківалі галовамі ў знак згоды. Уся гэта абстаноўка і патаемнае перагаворванне прыгнятала Саўку і наводзіла на яго жудасць. Ён стаяў нерухліва, пазіраў у адзін пункт, каб паказаць сябе чалавекам лаяльным, ды чакаў са страхам, з якога боку і з якою сілаю паднімуць над ім абух. Яго мыслі, выбітыя з свае каляіны гэтаю неспадзяванаю праяваю, перабягалі з аднаго на другое, каб вырашыць цэлы рад неспакойных запытанняў.
Нарэшце рыжы, відаць, старшы з іх, падняў галаву і ўставіўся ў Саўку пранізлівымі лупатымі вачыма. Пазіраў з хвіліну, як бы зачароўваў яго.
— Ходзь тутэй! — ціха, але голасам уладнага загаду пазваў ён Саўку.
Саўка, змяты і збіты, у сіняках і з наручнікамі, ступіў крокі два да стала і спыніўся.
Шустры паўзіраўся ў Саўку мышынымі вочкамі. Салодзенькі смяшок яшчэ болей скрывіў яму нос.
— Дзе цябе так пабілі? — спагадліва запытаў Саўку.
Ад хвалявання і ад усяго перажытага за апошні час у Саўкі перасохла ў роце, і голас яго быў хрыплы.
— Выпівалі і пабіліся, — адрывіста адказаў Саўка і падумаў сам сабе, што не варта гаварыць многа, каб не заблытацца горай, а толькі адказваць на запытанне. Так гаварылі і людзі, прайшоўшыя практыку допытаў.
— Выпівалі і пабіліся! — паўтарыў шустры і вельмі хітра і мнагазначна пасміхнуўся, а гэты смех як бы казаў: "Расказвай, расказвай! А мы ведаем нешта іншае і шмат горшае".
Пасля допыт павёў рыжы. Ставіў адно пытанне за другім.
— Як завуць?
— Колькі гадоў?
— Чым займаўся?
— Ці судзіўся?
— За што судзіўся?
Усе гэтыя, як і іншыя, пытанні такога ж парадку для Саўкі былі ўжо няновыя, і ён адказваў на іх не адзін раз. Але і на гэтыя нескладаныя пытанні ён адказваў сумыслу трохі блытана, каб паказаць сваю дурноту: Саўка ведаў, што болей трудныя пытанні яго чакаюць наперадзе. I такія пытанні яму зараз жа і паставіў рыжы.
— Ты прызнаеш польскі "угконд"?
Саўка падумаў і сказаў:
— Прызнаю.
У такіх умовах Саўку трудна было не прызнаць польскага "ужонду".
— Ты ведаеш, — гаварыў далей рыжы, — што войт ёсць "польска асоба ужондова". Што ж змусіла цябе зрабіць замах на забойства войта?
— Замах на забойства? — здзівіўся Саўка. — Ніякага замаху на забойства я не меў, і ў думках у мяне гэтага не было.
— Але нож у бок ты ўсадзіў яму?
Саўка здзівіўся яшчэ болей. На яго твары адбіўся жах — ці можа гэта быць, каб ён усадзіў нож у бок войту?
— Дык хто ж усадзіў яму нож?
— Я не помню гэтага.
— Але ты помніш, што "выпівалі і пабіліся"? — з салодзенькім смяшком напомніў Саўку яго словы шустры.