Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дрыгва

Колас Якуб

Шрифт:

Гуляе паводка, адбіваючы ў сабе чыстае неба і бліскучае сонца. Як астраўкі, сям-там параскіданы людскія паселішчы. I ціха ў іх, не відаць чалавека. Прытаілася палеская вёска. Але гэта толькі адна зманлівая відомасць цішыні і спакою. Носіць вадзяная пустыня на ўлоннях сваіх быстрыя вастраносыя чаўны і лёгкія чайкі-душагубкі. А ў гэтых чаўнах, а ў гэтых чайках шнуруюць ад вёскі да вёскі суровыя, замкнёныя ў сабе сыны Палесся, патрывожаныя, выбітыя з каляін жыцця ўварваннем ненавісных акупантаў. Спасцярожліва ўзіраюцца яны ў далечы залітых вадою балот і шыбуюць між кустоў, туляцца каля высокіх сухіх чаратоў. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў тояцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Патаемная змова туліцца пад стрэхамі заняпалых хат. іутка ловіць гукі спасцярожлівае вуха і зорка ўглядаецца ў далечы вострае вока…

Надыходзіць вясна. Што нясе яна

з сабою?

XXX

Трывожна здрыганулася Палессе.

Балота балоту, лес лесу перакідалі грознае водгулле невыразнага гуду. Баязліва калыхнулася ў ціхім паветры маладое, яшчэ зусім кволае лісце на гнуткіх галінках адноўленага дрэва. Ажыўшыя купчастыя бярозкі.ашлякоўваючы высокі бор жывым вянком свежай, пахучай зелені, стаялі ў нейкім разважлівым зняменні і, здаецца, прыслухоўваліся да гэтага нязвычнага далёкага грукату, ад якога калыхалася ціхае, прагрэтае сонцам паветра і ўздрыгвала зямля, перадаючы гэта ўздрыгванне дрэвам і маладому лісцю на іх. Такое ж дапытлівае недаўменне выяўляў усім сваім выглядам і сам стары бор, высока ўзнёсшы свае пышныя верхавіны і грэючы іх на веснавым сонцы ў хвалях чыстага паветра. А калі па лесе праходзілі лагодныя павевы ветру, то галінкі і лісце на іх лёгенька пакалыхваліся і шэптам пыталі ветру: "Што? што? што?" Нават сталыя буслы прыпынялі свой шпацыр па ўскрайках балот і трывожна прыслухоўваліся да дзіўнага гулу. А гэты гул расцякаўся па нетрах балот і лясоў, трывожыў звяроў і птушак. Старыя вепры натапырвалі вушы, слухалі, не разумелі нічога, але, палахліва роўкнуўшы, на ўсякі выпадак падаваліся глыбей у дзікія пушчы і вялі за сабой сваё маладзейшае пакаленне.

Гром і цяжкае бухканне, нібы вохканне зямлі ад нейкага болю, наводзілі страх і трывогу. Людзі, як слухачы і разам з тым удзельнікі і акторы вялікай сацыяльнай драмы, дзе вырашаліся лёсы мільёнаў, выходзілі на двор, станавіліся ў зацішнае месца, лавілі вухам далёкія, глухія пярэклічкі гармат, з боязню ківалі галовамі і гаварылі:

— Пачалося.

А іх растрывожаныя думкі рысавалі ім жудасныя малюнкі вайны.

Сялянская руплівасць і дбанне аб заўтрашнім дні загадзя ставілі на чаргу дня цэлы рад турботных пытанняў. I людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба ад прагавітай пасці вайны, як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці, як, нарэшце, злаўчыцца самому, каб не папасці пад крывавае кола вайны.

— Рушылі палякі! — перадавалі з двара ў двор, з вёскі

ў вёску страшныя весткі аб вайне.

Людзі хапаліся за работу, каб выкарыстаць, покі не позна, кожны дзень, кожную часіну, каб аддаць зямлі на захаванне і на прырост хоць малую колькасць збожжа і бульбы, а рэшту схаваць, каб не адабралі няпрошаныя госці. Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па малавядомых выспах, па недаступвых астравах.

Хоць усе ведалі і спадзяваліся, што з вясною вайва пачнецца з новай сілай, але калі прыйшла вясна і прынесла весці аб вайне, то гэтыя весці тым не меней глыбока трывожылі і хвалявалі народ. Што ж будзе? Чым кончыцца гэта вайна?

А вайна толькі пачыналася, толькі разгортвалася.

I першымі пачалі яе белапалякі. А момант для гэтага быў зручны. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Падцягнулі белапалякі войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Болей дзесятка дывізій сабралі правей Палесся і рушылі іх на Кіеў, па старой, пратоптанай інтэрвентамі дарозе. Шпарка пасоўвалася наперад белапольскае войска, на шырокім фронце павялі наступ. Зашуршэлі, як лісце ў познюю восень, польскія лістоўкі і газеты. Буйнымі літарамі апавяшчалі яны аб перамогах польскай зброі, аб захопе сёл, гарадоў і цэлых раёнаў. Гарліва маліліся ксяндзы па касцёлах, чыталі паведамленні з фронтаў аб перамогах і заклікалі народ на ахвяры, на геройскія ўчынкі, на вайну за святую веру каталіцкую супраць бязбожнікаў-бальшавікоў.

Граніц не было панскай радасці і панскаму гонару. Высока ўзносіла іх патрыятычная хваля, і шмат хто з іх ужо лічыў, што бальшавікам прыйшоў канец, што польскае крулеўства закрасуе ад мора да мора, і не марудзілі яны варочацца ў свае панскія котлішчы, адкуль павыганяла іх Кастрычніцкая рэвалюцыя.

Радасць, патрыятычнае захапленне веснавым разводдзем залівалі панскую Полыпчу, а з-за гэтага віру патрыятычнага энтузіязму не бачылі паны ці не хацелі бачыць таго, што не ўсё было спакойна ў глыбокіх і блізкіх тылах ваеннага фронту. На фоне падзей шырокага маштабу, дзе

ставіліся на карты лёсы мільёнаў, дзе вырашалася пытанне, быць ці не быць новай, маладой сістэме жыцця, за якую біліся бальшавікі, адбываліся падзеі малых ахватаў, дзе выступалі паасобныя людзі ці группы людзей, як адгаліненне падзей вялікага размаху, з тою толькі розніцаю, што тут яны не такія згушчаныя, не такія яркія і мала каму вядомыя.

Тыдні два праваляўся ў пасцелі Васіль Бусыга пасля стычкі з Саўкам Мільгуном. Дзён пяць паляжаў у бальніцы. Васіль Бусыга папаў адным бокам свайго жыцця ў струмень няўдач. З самага пачатку свайго войтаўства не ладзілася ў яго доме. Гэтыя нелады выліліся, нарэшце, у бурны канфлікт з Аўгіняй, і канфлікт скончыўся тым, што ён выгнаў яе з дому. Мартын Рыль, у арышце якога не апошнюю ролю адыграў войт, уцёк з-пад канвою. Дзеда Талаша, нягледзячы на ўсё старанне і на розныя махінацыі, як, напрыклад, арышт Панаса, ніяк не ўдаецца злавіць. Саўка Мільгун, якога ён разам са сваімі прыяцелямі прыставіў у якасці свайго вока наглядаць за паўстанцамі, нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ пырнуў яго, войта, нажом у бок. Цёмнаю плямаю злёг цяпер Саўка на войта, цёмнаю ў тым сэнсе, што войт не ведаў, куды знік Саўка. Войту вядома, што Саўка павёў польскую контрразведку ў лес, каб палавіць небяспечных паўстанцаў, што польская контрразведка з лесу не вярнулася: яе расстралялі там усю да аднаго чалавека. Іх непрыбраныя трупы пазнаходзілі ў лесе, але Саўкі сярод іх не было. Усё гэта наводзіла на думку, што палякам у лесе падстроілі пастку. Але як гэта сталася? Якую ролю адыграў у гэтым Саўка?

Вось пытанні, якія мучылі і непакоілі войта, засланялі ўсе іншыя.

Васіль Бусыга ходзіць пануры. Ён пачарнеў і асунуўся. У хаце яго пуста і ціха: ён ды бацька яго, стары Купрыян. Як відаць па старым, ён не спачувае Васілю ў яго крутой расправе з Аўгіняй 1 Алесяй. Дзед Купрыян трымаецца свайго: трэба было трохі пасвянцаць жонку лейцамі, калі яна зрабіла правіннасць, і кончыць на тым. Але хто паслухае старога? Паразумнеў надта малады народ, не слухаюць старэйшых. Ад гэтага і пайшла катавасія на свеце. Яму шкада Васіля, але яго, старога, хто пашкадуе? Хто прыслухаецца да яго слова?.. Эх, старасць, старасць! Каму ты патрэбна! Дзед Купрыян думае, думае пра нелады ў хаце. Заходзіла сюды Аўгіня тады, калі Васіль у бальніцы быў.

— Ну, вось і добра, што ты прыйшла, — так сустрэў яе стары Купрыян.

Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём, тым болей, што з ім здарылася такое ліха.

— Ён не зваў мяне, і я не пайду, — адказала Аўгіня, і вострая крыўда чуваць яшчэ ў яе голасе. I яна дадае цвёрда і рашуча:

— Калі б і прасіў, і маліў мяне вярнуцца, я ўсё роўна жыць з ім не буду.

Дзед трасе галавою.

— Не трэба так зацінацца, Аўгіня! Ну, мала што бывае паміж мужыком і жонкаю.

— Ён папікае мяне хлебам, адзежаю, як бы я не працавала. Дык не хочу ні хлеба яго, ні адзежы, ні яго багацця. Даволі з мяне і таго, што пагналася на яго багацце, няхай яно затане.

— Дык чаго ж ты прыйшла? — недаўмявае дзед Купрыян.

— Прыйшла забраць тое, што прынесла з сабою з дому, ды хлеба дзецям узяць. Карміць жа іх трэба.

Дзед Купрыян маўчыць. Ён ведае, што дзецям есці трэба. Але таксама ён ведае, што калі Аўгіня возьме хлеб і ён дазволіць ёй гэта, то ён зробіцца як бы яе хаўруснікам і змоўнікам супраць Васіля. Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды. Яго ўнукі, як толькі бацьку павезлі ў больніцу, паўцякалі да маткі. Але Аўгіню ніяк не ўгаворыш. Уперлася кабета на сваім і ні з месца. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну што ёй парадзіць? А дзяцей, праўда, трэба карміць… Няхай робяць, як хочуць.

Аўгіня забірае свой куфар, мяшок круп ды два мяшкі мукі і кладзе на сані. Дзед Купрыян ці то ўжо з жалю, ці то з іншых матываў кажа:

— То вазьмі ўжо і скораму.

Пра ўсё гэта потым далажыў ён Васілю.

Што падумаў Васіль, невядома, але не азваўся ніводным словам.

Адным словам, войт папаў у струмень прыкрасцей і няўдач. I горш за ўсё гэты Саўка, дзед Талаш і Мартын Рыль. Яны зачынілі яму свет, і покі не дойдзе ён тут ладу, не будзе яму спакою.

I не аднаго войта непакоіў Саўка. Думалі пра яго і войтавы прыяцелі. Не думаць аб ім нельга: занадта блізка датыкаўся Саўка і да іх. Вось табе і Саўка, іх "партызан". Так закруціў справу, што лепей было б і не звязвацца з ім. Не жарты: дванаццаць палякаў улажылі ў лесе замест таго, каб забраць саміх партызан. Відаць жа, іх сіла там немалая. А што, калі Саўка раскрыў іх сакрэты? Знакам невыразнасці і страху заставаўся для іх Саўка Мільгун.

Поделиться с друзьями: