Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дрыгва

Колас Якуб

Шрифт:

Саўка нахмурыць бровы і грозна адказвае:

— Чалавеку цяпер адна дарога — у лес!

I скажа такім трнам, што ўсім становіцца ясна, чаго трэба чалавеку ў лес ісці.

— Охо-хо! — уздыхне толькі Саўкаў слухач.

I нічога дзіўнага няма: зусім слушна гаворыць Саўка, і яго словы разумеюць як заклік да паўстання. Людзі спачуваюць яму, а некаторыя нават папярэджваюць, каб ён асцерагаўся, бо можна лёгка папасціся. Саўка і сапраўды думае, што трэба асцерагацца.

Строга акрэсленага плана ў Саўкі няма. Ён накідаў толькі самыя агульныя абрысы яго, а рэшта — Саўка проста пакладаецца на шчаслівы выпадак. Вось чаму яго дзейнасць болей падпарадкуецца натхненню, чым папярэдняй прадуманасці, і

калі Саўка выходзіў ужо з сяла, трымаючы кірунак на Вепры, і ў поле яго зроку трапіла хата дзеда Талаша, то ён рашыў не мінаць яе: ану ж, натрапіць на след старога паўстанца. Па істоце Саўка нічога не мае супраць дзеда Талаша і тых людзей, за якімі ўзяўся ён сачыць, ён глядзіць на іх як на сродкі да жыцця. Ён гатоў нават і спачуваць ім, але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці?

Максім тупаў на двары. Тая бяда, што навалілася на дзедаву хату і яго сям'ю, здавалася, абмінула Максіма і не налажыла на яго свайго адбітка. Прынамсі, на Максімавым твары не заўважалася нічога такога, што сведчыла б аб згрызотах і трывогах душы. Але і не вечна ж заставацца твару адным і тым жа, а ў Максіма, быць можа, былі прычыны праясніць свой твар.

Максім трохі здзівіўся, убачыўшы на двары Саўку: такі рэдкі быў ён тут госць. Але Саўка як ні ў чым не бывала падышоў да Максіма, прывітаўся.

— Асірацеў ты, брат Максім, — пачаў гутарку Саўка.

— Выходзіць, што асірацеў.

Максім быў захоплен знянацку і не знайшоў болей трапнага адказу.

Саўка ж трымаўся ўзятага тону. Ён дакорліва патрос галавой.

— Вось, брат, часы насталі! Ні ў чым пэўнасці няма, і сам сабе не можаш быць гаспадаром. Я проста не ўрымшчуся. Месца сабе не знаходжу.

— А табе што?

Максім падумаў, што Саўку палякі пакрыўдзілі.

— Ну, як-та што? Ты ж думаеш, баліць толькі таму, каго за жабры ўзялі? Баліць і таму, хто змушан глядзець на ўсё гэта. Ведаеш жа, што робіцца. Не мне гаварыць табе пра гэта.

— Ну дык што? — і Максім недаверліва паглядзеў на Саўку.

— А тое, што сядзець не трэба ціха.

— А чаго ж ты сядзіш? — папікнуў Саўку Максім.

— Вось жа і не ўседзелася мне. Людзі ідуць у лес, і я іду туды.

Максім падазрона ўжо глянуў Саўку ў вочы.

— Ты, брат Максім, не ведаеш Саўку, але ты скора пачуеш пра яго, — развейваў Саўка Максімава падазрэнне.

— Ты гаворыш так, што цябе і зразумець трудна, — заўважыў Максім. У яго голасе ўсё ж адчувалася недавер'е да Саўкі. Гэта адчуў і Саўка.

— Ты хочаш сказаць — трудна паверыць? — запытаў Саўка і, не чакаючы адказу, дадаў:

— Скажу проста — іду, брат, партызаніць, з добрымі людзьмі скампанавацца хачу. Ды толькі ты — маўчок, ні гу-гу.

Максім пазіраў на Саўку шырока раскрытымі вачыма, а Саўка гаварыў далей:

— Табе я скажу, а другому не скажу, бо твой бацька герой. Чым я горшы за твайго бацьку? Чаму ён павінен партызанам быць, а я дома сядзець?

Максім затрывожыўся.

— Бацьку не даюць дома сядзець: яго ловяць, і ён мусіць хавацца, бо ў астрозе сядзець нікому ахвоты няма.

— Як за добрую справу, то і ў астрозе не шкада пасядзець. Але ты скажы — мне ты можаш сказаць праўду, — куды мне падацца, каб пабачыць твайго бацьку? А калі не яго, то Мартына Рыля ці каго-небудзь з іх?

— А скуль я магу ведаць? Бацькі даўно дома не было. Як вырваўся ад палякаў тады, дык і не паказваецца. Дзе ён, што з ім — не ведаю.

— Можа, яно і лепей, што не ведаеш, — разважліва зазначыў Саўка, — хіба людзям цянер можна верыць?.. Ну, але хто хоча свайго дабіцца, той даб'ецца. Дык бывай, Максім, здаровы!

— Бывай!

Саўка крэпка паціснуў Максіму руку.

Максім доўга стаяў, пазіраў, як Саўка выходзіў з сяла і павярнуў на дарогу ў Вепры, пазіраў, покі зусім не знік з вачэй, і думаў над гэтым

дзіўным візітам такога няпэўнага чалавека, як Саўка Мільгун. У выніку разважанняў над гэтаю гутаркаю з Саўкам Максім сказаў сам сабе: шалахтун… А ўрэшце ад яго ўсяго можна спадзявацца.

I ўсё ж Максім не мог заспакоіцца на гэтай думцы. Саўкавы словы і яго намер пайсці ў партызаны ніяк не месціліся ў Максімавай галаве — ці не было тут якога падступства? Ці не падаслалі яго, каб выведаць пра дзеда Талаша? Максім жа, шчыра кажучы, нічога не ведаў пра бацьку і пра Панаса. З таго часу, як начавалі яны з Мартынам Рылем, бацька дома не паказваўся.

Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам, і засланіла яго самога на некаторы час. Прыйшла Алена. Яна была на сяле. Не заходзячы ў хату, Алена падышла да Максіма.

— Ведаеш, Максім, што за праява была ў Ганусах?

Па тону Аленінага запытання Максім адчуў, што праява была дужа цікавая.

— Не, не ведаю, не чуў, — адказаў Максім і з некатораю трывогаю зірнуў Алене ў вочы.

— У сяле гавораць, што пад Ганусамі паўстанцы-сяляне ўшчэнт пабілі палякаў, паадбіралі награбленае дабро і жыўнасць, а саміх іх знішчылі да аднаго.

— Вось гэта добра, калі то праўда! — азваўся Максім, і ў вачах яго бліснула радасць і здавальненне.

— Праўда, Максім, і самі людзі з Ганусаў расказвалі пра гэта. I ведаеш, яшчэ што расказваюць? Што паўстанцамі камандаваў стары, ужо сівы чалавек, што там былі нашы салдаты. А гэты стары чалавек, па расказах, вельмі падобен да нашага бацькі.

— Ну што ты кажаш?! — здзівіўся Максім.

— Праўда, праўда, Максім!

— Не, гэта, мусібыць, брахня.

— Не брахня, а людзі гавораць, — стаяла на сваім Алена, — і не адна я так думаю, а і шмат хто думае так.

— Ну калі ён управіўся народу назбіраць і трапіць аж у Ганусы?

Алена не здолела растлумачыць, як гэта магло здарыцца, але яна была цвёрда пераканана ў тым, што ў ганусанскіх падзеях браў удзел і дзед Талаш. Яе ўпэўненасць была такая моцная, што перадалася, нарэшце, і Максіму. У сувязі з гэтым ён успомніў Саўку Мільгуна. Саўкавы словы, яго паводзіны і намер прадставіліся цяпер у іншым асвятленні: проста Саўка дачуўся аб геройстве партызан, і ўчынкі іх натхнілі яго на ваяўнічы лад. Нічога дзіўнага няма ў тым, што пры такіх абставінах Саўку і сапраўды захацелася зрабіцца партызанам. Але чаму Саўка нічога не сказаў пра падзеі ў Ганусах? А ён, відаць, проста сумыслу не гаварыў пра іх, каб не зніжаць свайго ваяўнічага намеру. Гэтыя меркаванні здаваліся Максіму зусім натуральнымі і яшчэ болей умацоўвалі ў ім тую ўпэўненасць, што перадавалася яму ад жонкі. Сваімі думкамі ён падзяліўся з Аленаю, расказаўшы ёй пра сваё спатканне і гутарку з Саўкам. Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся.

Навіны ж аб ганусанскіх падзеях перадаваліся з хаты ў хату і глыбока захаплялі ўсіх і хвалявалі. Яны сталіся асноўнаю тэмаю для гутарак, разважанняў і розных спалучэнняў падзей у іх цэлым жывым вянку, сплеценым людскою пакутаю і кроўю. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах — усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусанскімі падзеямі. Людская гутарка аздабляла сапраўдныя падзеі, прыплятаючы сюды розныя эпізоды, драбніцы і такія акалічнасці, якіх у сапраўднасці не было, але якія маглі быць. Ганусанскія падзеі набывалі значэнне гераічнай быліны, дзе партызаны выступалі як волаты, а іх атаман рысаваўся як народны герой, як рука караючай справядлівасці і помсты за людскія крыўды і пакуты. Гэтыя ж падзеі падымалі дух працоўнага сялянства і клікалі яго да актыўнага змагання супраць акупанцкай навалы.

Поделиться с друзьями: