Дрыгва
Шрифт:
Аўгіня апранула кажушок, што вельмі ўтульна аблягаў яе, накінула на галаву цёплую хустку і выйшла на двор. Спынілася каля весніц. Ужо цёмная ноч густа заткала цемраддзю вуліцу, хаты і двары. Тускла і нясмела свяціліся вокны. Па вуліцы зрэдку праходзілі адзіночныя чалавечыя постаці. Аўгіня хвілінку пастаяла, а потым рашуча накіравалася ў бок хаты Кандрата Біркі. Хацелася праверыць сваю дагадку.
Біркава хата стаяла непадалёку па другі бок вуліцы. Разглядаючыся, Аўгіня асцярожна ўвайшла ў двор, ціхенька расчыніўшы веснічкі, і стаілася за вуглом, каб не папасціся каму на вочы. Расслухаўшыся, яна высунула галаву ў палоску святла, што ішло ад акна. Яна хвалявалася, як чалавек, што змушан падглядаць спотайку, рызыкуючы быць злоўленым. Па хаце ківаліся цені, няясна даносіўся прыглушаны гоман. Разгледзець, што робіцца ў хаце, было
Дзед Купрыян ужо драмаў на сваіх палатках, ці, можа, проста думаў пра ўсе гэтыя падзеі апошніх дзён. Не спачуваў дзед Купрыян усёй гэтай валтузні і калатэчы і не разумеў нічога з таго, што пачало тварыцца на свеце. У яго было цвёрдае перакананне ў тым, што ўсё ліха пайшло ад таго, што скінулі цара.
Меншыя Аўгініны дзеці — два хлопчыкі — спалі бестурботным сном шчаслівага дзяцінства. Не спалі толькі Аўгіня і Алеся. Яны сядзелі каля камінка, пралі і ціхенька вялі гутарку. Алеся дзіцячым інстынктам угадвала бацькаву няласку да сябе, і пад уплывам гэтага яе псіхіка была сціснута і прыгнечана беспрычынным страхам і боязню. А ў апошнія дні гэты страх і неспакой яе дзіцячага сэрца сталі яшчэ болей вострымі, асабліва калі бацькава панурасць накіравалася і на матку. Яна трацілася ў дагадках, чаму гэта так, але не магла вытлумачыць сабе прычын бацькавых паводзін. Тое, што гаварылі ў хаце навокал яе старэйшыя, параджала ў яе сэрцы няясныя і страшныя мыслі аб людской жорсткасці і несправядлівасці.
XXIII
Невысокі хударлявы чалавек размеранаю роўнаю хадою ідзе лесам. Лес, ахінуўшы свае плечы белаю накідкаю, урачыста захоўвае цішыню і спакой. Такі лагодны спакой бывае толькі ў мінуты мудрага разважання аб таемных, заваблівых глыбінях жыцця або тады, калі заціхае ўсякая трывога, усякі клопат і нічога ў свеце не турбуе ні мыслі, ні сэрца, а ты адчуваеш поўнае сугалоссе з тым, што над табой і вакол цябе.
I гэты невысокі хударлявы чалавек, адзеты болей на гарадскі лад, прычым і абутак і адзенне яго дастасаваны да пешага перасоўвання, здаецца, паддаўся чарам гэтага ляснога спакою і цішыні. Сяды-тады ён углядаецца ў гэты лес, у гэта часамі дужа цікавае спалучэнне дрэваў у розныя вычварныя групы і згуртаванні. I нельга не запыніць увагі вось на гэтай групе. Невысокі хударлявы чалавек уважна ўглядаецца ў яе сваімі шэрымі халоднымі вачыма. Стаіць разложысты дуб. Магутныя сукі яго і шырокі верх крыху нахіліліся ў той бок, дзе свеціць сонца. Праз гэтыя сукі прасоўвае сваю круглую галаву стромкая асіна. З другога боку высокая танклявая елка праціскае скрозь дубовыя галіны свае зялёныя калючыя лапы. Там, дзе галіны стыкаюцца адна з другою, кара на іх сцерлася. Цялер яны застылі нерухома, але, калі вецер, спяшаючыся ў сваю дарогу, праходзіць над лесам, яны пачынаюць церціся адна аб другую і глуха скрыпець.
Невысокі хударлявы чалавек спасцярожлівым вокам ловіць усе гэтыя драбніцы. Ён яшчэ раз акідае поглядам дзіўную групу, і ў мыслях паўстае пытанне: што гэта — змаганне за жыццё ці то — згода і дружба? Невысокі хударлявы чалавек наогул не верыць ні гэтай цішыні, ні гэтаму лясному спакою: гэта цішыня і гэты спакой — толькі зманлівая відомасць цішыні і спакою. На шырокіх прасторах зямлі бурліць вір змагання, жорсткага, бязлітаснага, але не бязладнага і хаатычнага, а змагання, падпарадкаванага акрэсленаму закону. У буры гэтага змагання невысокі хударлявы чалавек поўным нутром адчувае нараджэнне новай эпохі і замацаванне яе на зямлі. Вось чаму ён так упэўнена ходзіць у гэтым віры. Кажуць, хто сее вецер, той пажынае буру. Невысокі хударлявы чалавек — сейбіт буры: праз буру прыйдзе новы лад і народзіцца новы чалавек.
Гэты сейбіт — таварыш Нявідны,
той самы Нявідны, чыё прозвішча, ды і сам ён так здзівілі дзеда Талаша. У Нявіднага за пазухаю даволі ёмкі пакет. У пакеце зложаны адозвы да сялянства акупаванага Палесся, інструкцыі для падпольных бальшавіцкіх арганізацый, гэтых патаемных крыніц для жыўлення ідэй класавага змагання і апоры Саветаў на месцах. У гэтым жа пакеце ёсць шмат матэрыялаў, напісаных рукою класавага ворага і накіраваных супраць бальшавікоў. Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае "законныя" маёнткі і сядзібы, а сяляне каб вярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў. Нявідны акуратна збірае ўсе гэтыя матэрыялы: на гэтых матэрыялах ён вядзе агітацыю супраць акупантаў і раскрывае іх сапраўднае нутро. Рызыкуючы сваёй галавою, пераходзіць ён з месца на месца, арганізуе новыя ячэйкі, падтрымлівае, дапамагае ўжо арганізаваным. Цяпер ён ідзе ў вёску Паставы. Гэта другі яго паход сюды. Быў ён там з месяц назад, калі вёска Паставы была яшчэ ў руках чырвоных. Былі ў яго там сувязі і знаёмствы. Нявіднага цікавіць, што сталася з ячэйкай, якую залажыў ён у Паставах і аб, якой не мае цяпер ніякіх вестак. Яму трэба дазнацца, як жыве, чым жыве і ці жыве яна наогул.Самая прыкрая рэч, калі чалавек знаходзіцца ў стане поўнага няведання. Што ведае Нявідны аб вёсцы Паставы? Нічога. Ведае толькі, што яна знаходзіцца пад палякамі, што ў Паставах, як і ў кожнай занятай палякамі вёсцы, ёсць іх шпіёны і агенты, што час ад часу паяўляюцца там польскія раз'езды і наезды. Вось чаму Нявідны ідзе асцярожна. Ён ведае, як зорка сочаць жандары, паліцыя і польская контрразведка за такімі небяспечнымі людзьмі, як ён. Ведае, што чакае яго, калі ён пападзецца ў іх рукі. Шкада не толькі волі, жыцця, а шкада і правалу той работы, якую даручыла яму партыя.
Перш чым увайсці ў вёску, ён стаіўся ў лазовых кустах каля замёрзлай рэчкі і стаў прыглядацца і слухаць. У вёсцы было ціха і бязлюдна. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся.
I раптам дзесь збоку на рэчцы пачуліся дзяціныя галасы. За кудамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Было іх пяцёра. Яны працерлі нагамі вузенькія доўгія сцежкі на лёдзе і коўзаліся, хто на дзервяных чурбаках, прыладзіўшы іх да лапця, а хто проста з разгону на сваіх нагах, абутых у самыя прымітыўныя лапці. Адзетыя яны былі ў старыя латаныя суконныя халацікі, падпяразаныя даматканымі каляровымі паясамі. На нагах смешна варушыліся радняныя нагавіцы. З-пад расхлістаных халацікаў віднеліся голыя грудзіны. Шапкі на іх былі самыя разнастайныя, непамерна вялікія, зімовыя ці проста летнія. Але хлопцам было весела. Яны громка перакідаліся словамі, часамі лаяліся і звонка рагаталі.
Нявідны адчуў нейкую радасць, калі да яго слыху данёсся гэты шчэбет дзіцячых галасоў, а іх постаці паказаліся перад яго вачыма. Каб не спалохаць іх, ён асцярожна выйшаў з кустоў і памаленьку падаўся ў іх бок, бесклапотна высвістваючы нейкі матыўчык вясёлай песні. Хлапчукі раптам навастрыліся і змоўклі.
— Гуляйце, хлопчыкі, гуляйце! Не бойцеся!
— Мы не баімося! — храбра адказаў адзін з іх.
Нявідны падышоў бліжэй. Хлопцы ўсё ж не зусім верылі яму і пазіралі спасцярожліва, прыпыніўшы свае забаўкі.
— А чаму вы, хлопцы, у школу не ходзіце, а коўзаецеся?
— Настаўніка няма! — дружна адказалі хлопцы.
Нявідны відавочна затрывожыўся.
— А дзе ж ваш настаўнік?
— Палякі забралі.
— Арыштавалі?
— Эге ж! — пачуліся іх галасы.
Нявідны сумеўся. Весць гэта яго моцна ўразіла.
— А калі яго арыштавалі?
— Учора.
Настала кароткае маўчанне. Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага.
— А скажыце, — парушыў ён маўчанне, — Нічыпар Барэйка дома ці не?
Галасы хлопцаў падзяліліся. Адны казалі дома, другія — не. Яны зусім асвойталіся з Нявідным і лічылі яго за чалавека, з якім можна гутарыць смела. Яны адказвалі наўперад разам, але ў болей трудных выпадках, дзе адказ на запытанне павінен быць асцярожным і дыпламатычным, адказваў старшы з іх, Мікіта Гулік. Ён зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Каб скончыць спрэчку, умяшаўся і Нявідны.
— Калі ён дома, то скажы, няхай падыдзе сюды: яго, скажы, хоча пабачыць Нявідны.