Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дрыгва

Колас Якуб

Шрифт:

Букрэй і Дарвідошка аддзяліліся ад калоны. За імі на некаторай адлегласці ішлі дзед Талаш і два партызаны. Букрэй выбраў месца ў глухім кутку двара каля нейкай будыніны, прырыхтаваў на ўсякі выпадак наган. Дарвідошка пайшоў у бок стайні да вартавога з рапартам. Каля стайні яго не было. Вартавы падаўся бліжэй да святліцы, дзе ярка блішчалі вокны, прыкрытыя лёгкаю фіранкаю. Праз непрыкрыты кусочак шыбінкі ён бачыў маладога, прыгожага, чарнявага афіцэра, які сядзеў каля раяля і перабіраў пальцамі клавішы. Гукі раяля, зліваючыся ў мілагучную мелодыю, ледзь чутна даляталі да вушэй вартавога. Непадалёку стаяла стройная бландынка і, як зачарованая, слухала музыку і не зводзіла вачэй з музыканта.

Салдат у сваю чаргу не адводзіў вачэй ад бландынкі

і часамі ўздыхаў, прагнучы жанчыны і смуткуючы па ёй. У часе гэтага рамансовага настрою і падышоў да яго парабак. Дарвідошка мусіў штурхнуць вартавога, каб вярнуць яго на двор фальфарка з краіны мар.

— Маладзіцу прывёў! — таемна сказаў Дарвідошка.

Салдат здрыгануўся, зірнуў і заспакоіўся.

— Дзе она ест? — узрушана запытаў салдат.

— Каля адрынкі чакае — саромеецца сама ісці, ну але…

— Млода?

— Ага, як калода! ну але… О, печ, агонь маладзіца!

Салдат захваляваўся. Вышэй паставіў вусы і хутка пайшоў за парабкам, паспеўваючы, каб не бянтэжыцца перад ім, на мазурскі лад:

Умарл Мацэк, умарл, Юз лезы не дэсцэ! Зэбысь ему заграць, Падскоцыл бы есцэ [1] .

"Паглядзім, як ты падскочыш!" — думаў сам сабе парабак, ведучы кавалера.

"Маладзіца" яшчэ шчыльней тулілася да сцяны і для большай сарамяжлівасці падалася трошачкі назад. Парабак адстаў, прыпыніўся, а салдат храбра падаўся наперад.

1

Памёр Мацейка, памёр, Ужо ляжыць на дошцы! Каб яму зайграць, Падскочыў бы яшчэ.

— Не ленкайся, мая душа!

Паставіўшы каля сцяны стрэльбу, салдат далікатна падняў рукі, абняў і прытуліўся да "маладзіцы". У момант вока "маладзіца" сціснула, як жалезнымі абручамі, - рамансовага кавалера і грымнула яго ў снег.

— Не пікні, гад, бо тут табе магіла! — густым мужчынскім голасам, поўным пагрозы, прыстрашыла "маладзіца".

Увесь рамансовы настрой і ўсе салдацкія гармоны як бы карова языком злізала. Ён толькі прашаптаў:

— Пан Бог з намі, Дух Свенты!

— Не пан Бог і не Дух Свенты, а ўзводны Букрэй.

Салдата адвялі пад ліпы. Чырвонаармейцы і партызаны рынуліся ў двор. Абкружылі святліцу і дваровую хату, дзе бавіліся за чаркаю легіянеры, паставіўшы стрэльбы ў куток каля парога.

У адзін час і ў святліцу, і ў дваровую хату ўварваліся чырвонаармейцы і партызаны.

— Ні з месца! — загрымеў Букрэй у святліцы.

— Рукі ўгору! — крыкнуў дзед Талаш у дваровай хаце, на чале свае каманды бураю ўляцеўшы і прыставіўшы штыхі амаль не ў грудзі салдатам. Салдаты паслухмяна паднялі рукі.

А ў святліцы стройная бландынка абамлела. Анямеў раяль. Музыка-афіцэр, як сядзеў, так і застыў у гэтай постаці. Бразнулі на падлогу талеркі і чаркі, паскіданыя перапалоханымі гасцьмі. А вочы, поўныя жаху, пазіралі на сталёвую шчэць нахіленых чырвонаармейскіх штыхоў і на цёмныя рулі страшных наганаў.

— Пшэпадлі! — шапталі пабялелыя губы прыгожага чарнявага афіцэра-музыканта.

XV

У тую ж ноч палонных салдат і афіцэраў, у ліку дзевяці чалавек, усадзілі ў парадныя вазкі, на якіх з'ехалася шляхта адсвяткаваць банкет з поваду адбудовы польскай дзяржавы і ў гонар польскай арміі, і пад канвоем конных чырвонаармейцаў, пасеўшых на коней палонных палякаў, адправілі ў вёску Высокая Рудня. Дарвідошка і адзін з партызан паселі за фурманоў. Дарвідошку якраз давялося кіраваць фурманкай, на якой сядзеў

і той салдат, што так няўдала спаткаўся з "маладзіцаю". Моўчкі, з нянавісцю кідаў гэты салдат погляды на свайго здрадлівага "свата", а "сват" спадцішка толькі пасміхаўся ды заўзята паганяў коні.

Выпіўка і закуска, а яе не пашкадавала шляхта для такой урачыстасці, хоць і не поўнасцю, але ў значнай ступені папала ў жываты чырвонаармейцаў і партызан. Прыкончыўшы банкет і зрабіўшы запас на дарогу, аддзел войска пад камандаю Букрэя рушыў у лес. Аставацца тут на прывале Букрэй палічыў небяспечным. У фальварку паставілі некалькі вартавых, якім было загадана на пэўны час нікога не выпускаць з фальварка. Госці сядзелі, як мышы пад мятлою, а стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчным болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце, а вобраз прыгожага маладога афіцэра-музыканта, як жывы, стаяў у яе вачах.

Дзед Талаш ведаў у пушчы мазырскіх лясоў спрытна пабудаваныя салашы, дзе летам мелі прыпынак смалакуры.

Сюды і павёў ён чырвонаармейцаў і партызан. Сюды ж павінен быў ісці, адбыўшы варту, і Купрыянчык з часткай чырвонаармейцаў. Купрыянчыка пакінуў дзед Талаш за правадніка, каб паказаць дарогу вартавым чырвонаармейцам да смалакураўскіх салашоў.

Іх было тры. Стаялі яны між стромкіх камлёў глухой дзікай пушчы, куды рэдка заглядала людское вока. Салашы мелі форму звычайяай страхі, пастаўленай на доле. Вакол іх густа-густа збіўся толькі малады купчасты ельнік. Чатыры ёмкія слупы па кутах, чатыры тоўстыя жэрдкі, прымацаваныя да слупоў, і цэлая сетка лат, прыбітых да жэрдак дзервянымі гваздамі, шчыльна і густа аплеценых яловымі лапкамі, — такія былі смалакураўскія салашы.

Стаялі яны тут ужо доўгі час. Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно салашоў тоўстым пухкім пластом.

Партызаны расчысцілі снег, падгатавалі месца для вогнішча. Чырвонаармейцы жыва нанасілі дроў, разлажылі касцёр. Прыветліва загаманіў агонь і залатым бляскам расцёкся па тоўстых шурпатых камлях, па зелені кучаравых елак, па шынялях і па тварах чырвонаармейцаў і партызан. Зацяты спакой застылай у зімнім змяртвенні пушчы быў парушан прыходам гэтых суровых людзей, знайшоўшых тут сабе прыпынак для начнога адпачынку. Як мурашкі, варушыліся людзі. Хто насіў дровы і кідаў іх на касцёр; хто стаяў каля агню ў самай велічлівай постаці чалавека, дасягшага вышэйшага ў свеце шчасця, і грэўся, падстаўляючы да агню то адзін бок, то другі, то спіну; хто аглядаў салашы, выбіраючы ўтульнае месца для стомленага цела, а хто ладзіў каля агню прынесеныя бярвенні, каб зрабіць з іх нешта накшталт лавы або палацяў для болей зручнага ўлуштавання на начны спакой.

Заняўшы пазіцыі каля кастра, як дзе каму давялося, жмурачыся ад дыму і выціраючы слёзы загрубелымі рукамі, сядзелі чырвонаармейцы і партызаны, прыпаміналі падзеі гэтай ночы. Гутаркі і жарты канцэнтраваліся пераважна каля Букрэевай асобы і яго ролі ў якасці "маладзіцы". Букрэй з ціхаю ўсмешкаю маўчаў і слухаў, паварочваючы свой буйны твар з жорсткімі калючымі вусамі то да аднаго, то да другога ў залежнасці ад характару або ступені трапнасці тых ці іншых жартаў, ды дабрадушна пасмейваўся, устаўляючы зрэдку сваё важкае слова, выклікаўшае агульны смех. У гэту ноч узводны Букрэй здабыў шырокую славу "чырвонаармейскай маладзіцы".

— Толькі вы, сабачыя хрышчэнікі, не расказвайце ў палку, а то і будуць зваць мяне "чырвонаармейскаю маладзіцаю".

Дружны рогат пачуўся ў адказ на яго папярэджанне. I нельга было не смяяцца, пазіраючы на пышную Букрэеву постаць. Ён сядзеў на бярвеннях каля агню, накінуўшы наверх салдацкага шыняля яшчэ болей шырокае, чым ён сам, шляхецкае футра з шырачэзным каўняром. У гэтым футры ўся фігура яго з жорсткімі калючымі вусамі нагадвала важнага польскага магната.

З поваду гэтага футра Букрэй меў прамову перад сваім войскам. Букрэй катэгарычнаасуджаўграбежніцтва. дзе б яно ні было, і асабліва на вайне. Але ўзяць у ворага тое, што табе канечне патрэбна ў баявым жыцці, дазваляецца.

Поделиться с друзьями: