Дрыгва
Шрифт:
Цікавыя рэчы расказваў Нявідны дзеду Талашу, і не мог не згадзіцца дзед Талаш, слухаючы, што перад ім выступала праўда.
XIV
Дзед Талаш не проста праваднік у Букрэевай разведцы. Па-першае, ён сам паўнапраўны ваяка: ён мае "настаяшчую" ваенную стрэльбу і сорак пяць патронаў, па-другое, у яго ёсць свая каманда, цэлых восем чалавек сялян з Высокай Рудні. А народ гэта быў спрытны і адважны. Сабраць такую каманду было не так-та і лёгка, але дзед Талаш не пашкадаваў гарачых, як агонь, слоў і яркіх фарбаў, каб разагрэць кроў сваіх ваяк і рушыць іх на справу змагання супраць лютых акупантаў.
— Няўжо, таварышы,
Не апошнюю ролю ў гэтай мабілізацыі васьмі адыграў дзедаў расказ аб раззбраенні польскага канвоя і асабліва карабін Мартына Рыля, здабыты ім у часе раззбраення. Мартына Рыля тут шмат хто ведаў. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе.
На змярканні рушылі ў паход дзве групы войска: трыццаць чырвонаармейцаў з Букрэем на чале і восем чалавек сялян пад камандаю дзеда Талаша, а ўсяго разам сорак чалавек. I быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Дзед Талаш цвёрда трымаў гэта ў памяці. Такім парадкам, наперадзе была цэлая доўгая зімняя ноч і цэлы кароткі зімні дзень. Часу зусім выстарчала для таго, каб не спяшаючыся прыйсці ў тэрмін на ўмоўленае месы;а.
Надвор'е памякчэла. Яшчэ звечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў, а над далёкімі лясамі звісала тонкая блакітная смуга, прадвеснік адлігі. Яркія фарбы неба тускнелі, а на зямлю хутка апускалася цемра. Маршрут паходу быў вызначан загадзя Букрэем і дзедам Талашом пры жывым удзеле паўстанцаў-партызан, складаўшых войска дзеда Талаша. Яны таксама былі ўзброены ваеннымі стрэльбамі. Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце.
Букрэй — чалавек з багатаю ваеннаю практыкаю. Не раз ён рабіў такія паходы, не раз быў у бойках і на фронце імперыялістычнай вайны, і на франтах вайны грамадзянскай. Быў ён і на Уральскім фронце, і пад Астраханню, і ў шырокіх стэпах Украіны. Чырвонаармейцы любілі яго і пакладаліся на яго. Ён аддаў загад начальнікам аддзяленняў прыняць меры аховы паходнай калоны. Былі высланы бакавыя і пярэднія дазоры, устаноўлена адпаведная сувязь байцоў у дазорах з ядром калоны.
Дзед Талаш прыглядаўся да Букрэя, прыслухоўваўся да яго загадаў і каманды і ўсё гэта матаў сабе на вус. Ён, як праваднік, на якім ляжала адказнасць у сэнсе захавання войска ад розных ліхіх неспадзевак у дарозе на цаходзе, праяўляў усе адзнакі руплівасці і турботы, каб усё было добра і шчасліва. Ён то адставаў на некаторы момант ад калоны, то заходзіў наперад ці збочваў, каб адысціся ад шуму, тупату ног, прыпыняўся і чуткім вухам лавіў галасы зімняй ночы і падазроны шолах лесу. Яму прыемна было адчуваць, што на яго плячах шчыльна прыліпла важкая "настаяшчая" стрэльба з ёмкім вострым штыхом, з якім не страшна выступіць адзін на адзін і супраць мядзведзя. Усё бачанае і перажытае ў Высокай Рудні цяпер адступіла кудысь далей, а перад ім паўставалі новыя з'явы так, як дыктаваліся яны ходам падзей, — спатканне з Рылем, план вызвалення Панаса і далейшыя праявы, якія так трудна прадугледзець і падпарадкаваць сваёй волі і сваім жаданням. Алё дзед Талаш адчуваў цяпер за сабою сілу і ўпэўненасць: гэту сілу і смеласць прыдавала яму ў значнай меры і "настаяшчая" стрэльба. Калі ён адыходзіўся трохі воддаль і быў адзін, ён знімаў з-за плячэй стрэльбу, браў яе "на руку" для бою ў штыхі, як паказваў яму Букрэй. Пацешную позу прымаў у гэты час дзед Талаш: ён браў стрэльбу праваю рукою за шыйку ніжэй
затвора, леваю падхватваў яе знізу на адлегласць у локаць і сам прысядаў, згінаючыся ў каленях, выставіўшы трохі наперад левую нагу. I твар яго тады быў грозны, як у чалавека, гатовага нанесці смяртэльны ўдар свайму ворагу. Але гэтыя практыкаванні не засланялі сабою дзедавых турбот і дбання, каб правесці калону шчасліва.Да фальварка Віркуцце заставалася вярсты тры. Дзед Талаш ціха падазваў да сябе двух чалавек з свае каманды — Купрыянчыка і Нупрэя — і даў ім загад збегаць на фальварак даведацца, ці няма там палякаў. Купрыянчык і Нупрэй шмыгнулі незаметна і расплыліся ў цемрадзі лясной глушы, а калона тым жа тэмпам, захоўваючы цішыню і парадак, рухалася далей. Шлях яе руху, дарогамі і без дарог, ляжаў увесь час праз лес. Лес ужо канчаўся, і калона зараз жа павінна была выйсці на круглае поле між лясоў, дзе і быў фальварак Віркуцце.
Дзед Талаш падышоў да Букрэя.
— Зараз падыходзім да фальварка, — ціха паведаміў начальніка калоны, — трэба спыніцца.
Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца.
— На ўсякі выпадак трэба паслаць разведаць хутар, — сказаў ён.
Букрэй ужо хацеў выслаць разведку.
— Я паслаў ужо сваіх людзей, — далажыў дзед Талаш.
— Правільна зрабіў, дзед! — пахваліў яго Букрэй. — На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, — павучаў ён дзеда.
Мінуты праз дзве з мроку выплылі тры постаці. Гэта былі Купрыянчык і Нупрэй і з імі нехта трэці.
Дзедава разведка данесла:
— У фальварку палякі! Распытайцеся вось у яго — ён ведае аб іх болей, — і паказалі на прыведзенага чалавека.
Букрэй зрабіў яму допыт.
— Ты хто?
— Дарвідошка, — адказаў прыведзены чалавек.
— Дарвідошка ці Дацягнідошка — гэта няважна, — заўважыў Букрэй. — Ты што за чалавек? Чым займаешся?
— Чалавек я… — і Дарвідошка безнадзейна махнуў рукою, — і займаюся не тым, чым трэба.
— Дзе вы яго ўзялі? — запытаў дзед Талаш сваіх разведчыкаў.
— Ды гэта ж парабак з Віркуцця… Ён трохі выпіў.
— Ага, парабак! — згадзіўся дзівакаваты Дарвідошка, — і выпіў… ну але, выпіў!..
— А з кім ты выпіў? — распытваў Букрэй.
— Салдат паднёс у пляшачцы. Паляк… Там, брат, палякі з'ехаліся… Паны, паненкі, афіцэры… П'юць, гуляюць! А мне салдат і гаворыць, — ён за вартавога прыстаўлен, — прывядзі, кажа мне, маладзіцу… Яй-богу!
Парабак пачынаў гаварыць цікавыя рэчы.
— Многа там афіцэраў? — дапытваўся Букрэй.
— Тры… ну але, тры.
— А салдаты ёсць?
— Ёсць і салдаты… ну але, ёсць.
— А колькі іх?
— Дык так, мусіць, чалавек з шэсць… Ну але, шэсць!
Прабеглы і хітры Букрэй зараз жа злажыў план дзеяння. У аснову яго палажыў маладзіцу.
— Вось што, брат Дарвідошка, слухай і зарубі сабе на носе: ты прывядзеш вартавому маладзіцу.
Дарвідошка ўпаў у адчай.
— А дзе ж я вазьму яе? Ну але, дзе?
— Ты слухай мяне: за маладзіцу буду я!
— Гы-гы-гы! — зарагатаў парабак. — Такая маладзіца ўбрыкне яго, ну але!
Чырвонаармейцы і партызаны абкружылі іх. Букрэева выдумка выклікала вясёлы настрой.
— Мы прыйдзем туды, — развіваў Букрэй далей свій план, — я спынюся дзе-небудзь у двары, а ты скажаш — прывёў маладзіцу. Рэхт?
— Рэхт!.. Гы-гы-гы!
Букрэй адвёў убок начальнікаў аддзяленняў і дзеда Талаша і аддаў загад, каму дзе і што рабіць.
Наабапал дарогі ў фальварак амаль ад самага лесу цягнуліся густыя старасвецкія ліпавыя прысады. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак, туляючыся паміж тоўстых камлёў прысад. Букрэй і парабак ішлі ў галаве. За імі дзед Талаш і два яго разведчыкі. Не даходзячы да двара, калона спынілася. Букрэй зняў шынель, аддаў яго дзеду Талашу, а сам надзеў яго кажушок. У партызана знайшлася хустка, служыўшая за шалік, а замест спадніцы дзед Талаш абкруціў Букрэя воўчаю скураю. У цемры ён прыняў падабенства да страшнай пачварнай жанчыны, выклікаўшы смех, нягледзячы на напружанасць моманту.