У тумане
Шрифт:
Не, трэба канчаць.
Вось пяройдуць шашу, і Сушчэня яму ўжо не спатрэбіцца. Дарогу далей Сушчэня збольшага ведаў, неяк дабярэцца. Бурава трэба будзе дзесь прыхаваць, каб пасля прыехаць па яго на фурманцы. Цяпер холадна, суткі-другія пачакае разведчык. Гэта — калі камандзір загадае. А можа, і не загадае. Атрад мяняе дыслакацыю, пад пушчу наехала карнікаў, мабыць, цяпер будзе не да забітага Бурава.
Цямнела, аднак, марудна. Белаваты туман хвалямі расплываўся па лесе, асядаў зверху і насоўваўся нізам, змрокам і сцюжай ахінаючы голае кустоўе падлеску, цёмнае куп'ё маладых хвоек паблізу.
— Так, давай! — прыўзняўся на каленях Войцік. — Пярэйдзіш, дзе пачакай. Я — следам.
Сушчэня не дужа ахвотна падняўся, Войцік рупна памог яму ўзваліць на спіну цела Бурава, і той, трохі хістаючыся, павалокся ў падлесак.
Як толькі Сушчэня схаваўся ў падлеску, на душы ў Войціка нядобра зашчымела — здалося, ён даў прамашку. Нешта ўжо надта ахвотна гэты здраднік нясе на сабе труп Бурава, паслухмяна выконвае ўсё, што яму скажуць, — мусіць, у гэтым тоіцца нейкая хітрасць, — занепакоена думаў Войцік, лежачы ніц на імшаніку. Усё ж яго не мог ашукаць той імпэт, з якім Сушчэня спрабаваў апраўдацца,
Войціку ўжо зусім трохі заставалася да кустоўя і дарогі, як невыразна яшчэ ў світальным сутонні ён згледзеў наперадзе людзей. Іх было трое, і яны таксама ўбачылі яго ў полі, насцярожана знерухомеўшы, чакалі. Сэрца ў Войціка скаланулася ў грудзях, але ён, быццам па інерцыі, дробнымі крокамі ўсё бег па ледзьве прыкметнай у мокрым снезе сцяжынцы. Зброі ў яго не было — за харчам яны заўжды хадзілі без зброі — і цяпер ён затрывожыўся: хто тыя людзі? Здалёку было не згледзець, але, падышоўшы бліжэй, Войцік і зусім азмрачнеў душой — на дарозе чакалі яго трое мужчын з вінтоўкамі. Рабіць, аднак, не было чаго, ён пераскочыў канаву і апынуўся насупраць. Адзін з іх груба спытаўся «куды?», пасля «адкуль?», двое іншых аблапілі за спіной яго сідар, садралі з плячэй вераўчаныя почапкі. Войцік зразумеў, што апраўдвацца было бескарысна, тым больш што тыя ўжо аблаялі яго «бандзюком» і пачалі дапытвацца, дзе ўзяў прадукты. Усё ж Войцік паспрабаваў выкруціцца, сказаў, што не ведае дзе, маўляў, завітаў да знаёмага чалавека і папрасіў. Пасля нядоўгае лаянкі тыя загадалі зараз жа паказаць хату гэтага знаёмага і руляй зараджанай вінтоўкі балюча піхнулі яго між лапатак у спіну.
Рабіць не было чаго, Войцік павярнуў на праклятую сцяжынку, якая гэтак па-здрадніцку завяла яго ў пастку. Ваўкавата зацяўшыся, паліцаі ішлі следам, а ён ашалела думаў, куды іх прывесці? На пагорачку ў полі сцежка дзялілася на тры: адна бегла ў недалёкую вёсачку пры нізінцы, дзе ён ніколі не быў і нікога там не ведаў, другая вяла ўбок, да недалёкага Фамічоўскага хутара, гаспадар якога, казалі, ужо знюхаўся з паліцыяй. І толькі трэцяя кіравала па полі да Клімкавага хутарка, што сціпла прыткнуўся ў хмызняку да рова. Войцік нерашуча мінуў першую паваротку, усё пакутна думаючы, куды яму скіраваць? Вельмі яму не хацелася весці іх да Клімкі, дзе выкашліваў хворыя лёгкія Федзя Свірыдаў, але куды ж яшчэ ён мог павесці? Фамічоўскі хутар адпадаў з тае прычыны, што гэтыя самі там маглі начаваць сёння, значыць — толькі да Клімкі. І ён прайшоў паўз і другой павароткі — цяпер ужо выбару ў яго не заставалася, і ён усё з большай пакутай уяўляў, што будзе далей. Але што ён мог зрабіць? Ён толькі прымарудзіў крок, каб як мага даўжэй расцягнуць гэты апошні кіламетр шляху. Але як ён яго ні расцягваў, усё ж яны апынуліся нарэшце на Клімкавым падворку, і паліцаі сунуліся ў дзверы. Дзверы, аднак, былі зачынены, паліцаі пачалі стукаць, гучна патрабуючы адчыніць, і тады за дзвярыма грукнула разам тры ці чатыры стрэлы. Адзін паліцай выпусціў з рук вінтоўку, да яго кінуўся другі, а трэці, разбіўшы прыкладам акно, кінуў у хату гранату. Як толькі там грымнула, са звонам сыпануўшы на двор бітым шклом, Войцік сарваўся з месца, кінуўся за вугол, абабег хляўчук і праз кустоўе стрымгалоў скаціўся па схіле ў роў. Падхапіўшыся на ногі, што было сілы паімчаў прэч ад гэтага хутара. Па ім стралялі, стралялі на хутары; там яшчэ колькі разоў выбухнулі гранаты, і хутка ў неба паваліў белы дым — яны падпалілі хутар. Зрэдчасу азіраючыся, ён доўга бег па рове, пакуль не выбраўся на раўнейшае, збочыў у лес і, з паўдня паблукаўшы па ўрочышчы, дабраўся нарэшце да іхняга стойбішча. Там ён сказаў толькі, што раніцай хутар абклала паліцыя, яму пашэнціла ўратавацца пад дымам, а што сталася з іншымі, ён не ведае. Праз суткі, аднак, стала вядома, што хутар згарэў з людзьмі, адзін паліцай там забіты, другі паранены. Але паліцаі, відаць, аказаліся не тутэйшыя, Войціка з твару не ведалі, і жахлівая сустрэча і імі заставалася тайнай, якою ён не меў ахвоты з кім-небудзь дзяліцца. Канешне, часам было непрыемна перад
сабой, але яго супакойвала думка, што гэта яшчэ не прадажніцтва, што іншыя прадалі болей, чым гэты богам забыты хутар з трыма жыхарамі. Ды і хіба ён прадаў? Ён толькі быў змушаны пад пагрозай расстрэлу паказаць, дзе ўзяў прадукты, і ці яго віна, што паліцаяў на хутары сустрэлі стрэламі праз дзверы? Усяго кантакту з паліцыяй у яго было якіх паўгадзіны ці гадзіна часу, але і таго хапіла, каб пагубіць трох чалавек. Сушчэня ж праседзеў два тыдні ў СД і яшчэ наважваецца хлусіць, што не здаўся. Выстаяў, не скарыўся. Ведаем мы такіх нескароных, зласліва разважаў Войцік. Зламалі і завербавалі, інакш не магло і быць.Але што ж, мабыць, цяпер было позна праяўляць пільнасць — ён яго ўпусціў, дарэчы, са зброяй, бураўскім наганам у кішэні, — як бы неўзабаве не атрымаць з яго кулю ў лоб. Каб яно ўсё згарэла! — лаяўся Войцік. І які нячысцік наслаў на яго гэтага здрадніка! Чым бліжэй яны прыходзілі да партызанскай пушчы, тым усё большы неспакой агортваў Войціка, і ўсё праз таго Сушчэню.
Хвілін, можа, праз дзесяць пасля Сушчэні Войцік таксама падняўся, яшчэ раз паслухаў — быццам нідзе нікога. Наваколле прыцьмела, ужо трэба было добра ўгледзецца, каб адрозніць у доле гнілы пень ад маленькай хвойкі. Пад нагамі часам глуха шорхала апалае лісце, і ён стараўся ступаць цішэй. Ціхенька выбраўся з драбноты падлеска, падышоў да дарожнае выемкі, зірнуў у адзін канец гразкай шашы-гравійкі, у другі. Трохі памарудзіў і па крутаватым адхоне засцярожліва, каб не ўпасці, пайшоў уніз. Толькі ступіў некалькі крокаў, як паслізнуўся на стаптаных абцасах, і ягоныя вінтоўкі ззаду знянацку стукнуліся прыкладамі. Стукнуліся зусім трошкі, ледзь-ледзь, але тут, над шашой, іхні стук прагучаў страхавіта-далёка, і Войцік занепакоена зірнуў па баках і насупраць. І ў тое ж імгненне ён сцяўся, знерухомеў, зусім збянтэжаны. На тым баку за адхонам шарэлі ў тумане нерухомыя постаці двух чалавек — адзін, як можна было зразумець, узіраўся праз хмызняк у поле, а другі, тонка падпяразаны і высокі, бы жардзіна, трывожна матлянуў рукой.
— Стой!
Крутнуўшыся на травяністым сціле, Войцік адразу сцяміў, што ўліп. Чамусьці на імгненне здалося, што другі побач з гэтым даўгім — Сушчэня; значыць, навёў, падпільнавалі ўрэшце. Войцік роспачна сігануў па адхоне ўгору; карабін яго, споўзшы з пляча, зваліўся пад ногі, толькі ён ухапіў яго, як туманны прыцемак ззаду агняна пыхнуў ад траскотнай аўтаматнай чаргі. Кулі ўдарылі ў траву на адхоне, здаецца, адна ляснула па карабіне з ціхім вуркатам адляцела ў цемру. Ззаду ўжо закрычалі, злосна і патрабавальна, зноў пратрашчала чарга, здалося, бліжэй; яму ўжо зусім трошкі заставалася гэтага адхону, у лесе ён, можа б, уратаваўся. Але ўсё ж не хапіла якіх пяці метраў, куля з наступнай чаргі імпэтна выцяла пад лапатку — бы загнала ў грудзі гарачы кастыль, ён захліпнуўся, выпрастаўся і паляцеў назад — уніз галавой па мокрым, травяністым схіле. Вінтоўкі таксама паляцелі кудысь з плячэй, ды, мусіць, вінтоўкі яму ўжо былі не патрэбны, ён ужо адчуў, што забіты. Забіты недарэчна, не ў пару, па-дурному, праз сваю неабачлівасць. Нашто ён пусціў Сушчэню…
Ён апынуўся ў быльнягу ля самай канавы, зрок яго заслала чорным туманам, ён удыхнуў — трудна, з клёкатам у грудзях — і не меў сілы выдыхнуць. Пачулася недалёкая гамана, выкрыкі, спярша на шашы, пасля галасы загучалі бліжэй — яго ўжо шукалі. Ён чакаў урэшце пачуць знаёмы голас Сушчэні, каб канчаткова праклясці яго перад пагібеллю, ды не пачуў. Гучней за іншыя чуўся гугнявы, нібы прастуджаны ці задыханы голас чалавека, які гукаў да кагосьці:
— Панімаеш, азірнуўся — стаіць! Ах ты… Недзе тут ён. Хадзі сюды…
— Чакай ты…
— Ды во ён… Ляжыць!
Голас той быў не Сушчэнеў, але надта знаёмы Войціку, які ўжо чуў яго недзе, толькі цяпер не мог прыпамятаць дзе.
— Во вінтоўка! Ну я ж казаў…
Зусім блізка пачуўся шоргат травы, крокі, што болем аддаліся ў Войцікавых грудзях. Затым ён пачуў зморанае хрыплаватае дыханне побач.
— Бандыт, во! — задыхана вымавіў нехта, дужа дзёўбнуўшы яго нагою ў бок.
— Забіты?
— Забіты, мусіць.
Яны ўжо былі ля яго, двое ці болей, нагнуліся, папіхалі ў бок. Войцік не кратаўся і не адзываўся, усё на свеце стала яму чужым і апрыклым. Рэшта жыцця яшчэ трымалася ў ім, але цела было ўжо не яго. Яго заставаўся хіба пякельны боль у грудзях, які засланіў цяпер ад яго ўвесь белы свет.
— Во кабура… пустая. А дзе наган?
— Трэ пашукаць. У траве недзе…
Тое, што спыталіся пра наган, дало зразумець Войціку, што Сушчэні з імі не было, Сушчэня наган не шукаў бы. Яны ўхапіліся за яго дзягу, расшпілілі спражку і выдралі дзягу з-пад цела. Пасля перакацілі на другі бок, пачалі знімаць паддзёўку. Войцік не кратаўся і нават не дыхаў, ён ледзь трываў боль і амаль не адчуваў свайго цела. Яму балюча заламалі руку, здзіраючы рукаў, паліцай злосна вылаяўся, і тады раптам Войцік пазнаў: то быў пляменнік Хмялеўскага Драбіна. Невядома, ці то было прозвішча, ці мянушка, але мінавіта гэтак клікалі ў мястэчку таго даўгалыгага худога мужчыну, што перад вайной паліў печы ў местачковай лазні. Ён жа тады памагаў Кацярыне Іванаўне пілаваць дровы, якімі Войцік падзяліўся з удавою Хмялеўскага. Аднойчы яны нават трохі пагаманілі цераз плот уранку, як Войцік бег у выканком на працу. Цяпер гэты Драбіна, пэўна, не пазнаваў Войціка, ды Войцік яго пазнаў і са спазнелым пакаяннем падумаў: во ўпусцілі, не дадушылі ў свой час. Цяпер прападай. Ад рук во такіх…
Тым часам яны аблапалі яго кішэні, выцягнулі кашалёк з паперамі, лыжку і ладны жалезны складанчык на два лязы са штопарам. Ён яшчэ быў жывы. У грудзях ужо не клёкала, кроў ціха сцякала праз дзірку прадранага на локцях світэра на сцюдзёны травяны дол. Урэшце яны адступіліся, і ён падумаў: прыйдзецца канаць. Усведамленне задоўжанай смерці нават спалохала яго — як вытрываць яму, калі доўга? Лепш бы адразу. Але ён не мог ні азвацца, ні нават заенчыць — мог толькі ляжаць тут, нібы труп, і ціха сплываць крывёю.
Ліпкая млявая знямога ўрэшце пачала засціць ягоную памяць, ён то забываўся, то пачынаў разумець, што здарылася, і адчуваць пад сабой стылую вогласць травы. Неяк падумаў, што яны пайшлі, і тады ў ім пыхнула кароценькая надзея: а раптам… А раптам яшчэ ўратуецца. Можа б, Сушчэня… Аднак ён не паспеў нічога дадумаць — пэўная думка яшчэ не аформілася ў яго змарнелай свядомасці, як блізкім абвалам зноў затаўкліся таропкія крокі побач.
— Гамашы ў яго! — надта гучна ўначы прагучала паблізу, і Войцік адчуў балючы ўдар па назе ля калена.