У тумане
Шрифт:
— У атрад, ага. Цябе там чакаюць, — няпэўна прабурчэў Войцік.
Яны памаўчалі трошкі, Сушчэня з пакутай уваччу пазіраў кудысь паверх хвойніку, на варон, што сям-там чарнеліся ў тумане. Ён зразумеў кепскі намёк Войціка, сам ведаў, што нічога добрага яго там не чакае.
— Бурава нада з сабой узяць, — сказаў ён нібы між іншым. — Нягожа тут яго кідаць. Вунь варання колькі.
— Калі сам панясеш, — пагадзіўся Войцік.
— Ну панясу, што ж…
Войцік памаўчыў, нешта згадваючы, а Сушчэня ўжо рашыў у думках, што панясе. Ён не можа тут пакінуць цела Бурава, бо… Бо з чым ён інакш з'явіцца ў той іх атрад? Хіба з сваёй недарэчнай віной.
— Трохі яшчэ пасядзеўшы, Войцік устаў на ногі, паазіраўся ў тумане на вяршалле дрэў і заспяшаўся раптам:
— Калі так — бярыся. Мне яшчэ вінтоўку трэба ўзяць.
На каленях Сушчэня падлез пад нізкае голле бухматай хвойкі, і, ашчаперыўшы
Наўсцяж усёй прасекі, па лесе між камлёў старых хвой і ў падлеску курэў слотны туман, вяршалле дрэў угары хавалася ў яго плыўкіх рваных пасмах. Відаць было недалёка, на якіх паўсотню крокаў, і, трохі прайшоўшы па-над прасекай, Войцік спыніўся.
— Калі не ў Бабічы, дык трэба лявей браць, — сказаў ззаду Сушчэня. З падкручанай пад ношаю галавой ён локцем паказваў некуды ў туманныя лесавыя нетры.
— Харашо. Толькі вінтоўку вазьму.
Улезшы ў цёмны зараснік ядлоўцу, Войцік задам выбраўся адтуль з сваёй доўгай вінтоўкай, закінуў яе рамянём за плячо. На другім плячы ў яго вісеў карабін Бурава.
— Ну, вядзі! — сказаў ён. — Толькі глядзі мне, каб не прывёў да немцаў.
Сушчэня не адказаў — моўчкі прыдушыў у сабе крыўду, бо была яна далёка не першая, падумаў, што, мабыць, крыўд яму яшчэ хопіць. Яшчэ ён накрыўдуецца, трэба прывыкаць. Калі толькі ўсё як-небудзь абыдзецца. А калі не абыдзецца, дык што ж… Што яму тады тыя крыўды. Праўда, слухаючы цяпер шматзначныя закіды Войціка, ён адчуваў, што трэба б нешта сказаць дзеля свайго апраўдання, нешта растлумачыць з свае недарэчнай гісторыі. Але ён не мог наважыцца на тое, штось яму замінала, і ўсё. Калі б Войцік сам запытаўся ў яго, захацеў зразумець, а так… Аднойчы ўжо наважыўся, перад Буравым, і гэтак няўдала атрымалася — паспавядаўся мёртваму. Чамусьці, аднак, усё ж стала лягчэй, нібыта Бураў яго зразумеў, канаючы. Можа, і зразумеў. Сказаў жа ён Войціку перад тым, як сканаць: «Не чапай Сушчэню», значыць, зразумеў нешта. Першы чалавек за ўвесь час ягоных пакут, ды і той вось… мёртвы. І таму ён нясе яго на сабе, каб не кінуць варанню, немцам… Мабыць, нежывы Бураў быў патрэбны яму для ўпэўненасці і самаадчування праўды, і Сушчэня так трымаўся за яго, як тапелец трымаецца за саломіну. Ці шмат толькі паможа яму тая саломіна?
Гэтая, аднак, даволі-такі цяжкаватая саломіна хутка адбірала ягоныя сілы, Сушчэня пачаў часта спыняцца, папраўляць ношу. Бы прадчуваючы недарэчнасць яго намаганняў, нябожчык ацяжэла імкнуўся долу — туды, да чаго ён ужо належаў з учарашняга надвячорка і куды яго не пускаў гэты былы аднавясковец.
Яны доўга брылі так па золкатуманным лесе, астуджана дыхаючы яго густа спіртавым водарам. Абсыпаны ігліцай дол у бары быў мяккі і чысты, ісці па ім было лёгка і нячутна, верхавіны высачэзных хвой хаваліся ў нізкай туманнай навалачы, неба амаль не было відаць; рэдкі падлесак з параснікаў бярэзніку, ядлоўцу і хвоек таксама ціха стаяў, ахутаны клоччам туману. Было сцішана, глуха, ніводная галінка нідзе не кранулася. Птушак чамусьці не было чуваць, толькі аднойчы ўгары пастукаў на сухадрэвіне дзяцел і сціх. Сушчэня добра ўгрэўся пад шынялём з сваей нялёгкаю ношай, яму даўно ўжо карцела спачыць, але Войцік быццам не заўважаў таго, і Сушчэня быў змушаны брысці далей. Ім трапіліся ўжо дзве прасекі, але абедзве пралеглі ўпоперак іхняга напрамку. Час ад часу пазіраючы ў бакі з-пад локцяў напята расстаўленых рук, Сушчэня збольшага пазнаваў лес і меркаваў, што ідуць быццам правільна. За трэцяй прасекай павінен пачацца квартал старых, пераспелых хвой. Некалі, яшчэ да калгасаў, тут маладыя хлопцы з Масцішча нарыхтоўвалі зімой лес для вывазкі ў Данбас, і тут у яго ўпершыню пачалося з Анэляй… Пачалося быццам шчасліва, ды во як скончыцца… Ад гэтага квартала Бабічы ўжо застануцца ўбаку, лічы, яны мінулі вёску. Праўда, калі ісці прама, дык наперадзе іх чакала не лепшае — наперадзе была шаша; мабыць, шашу таксама прыйдзецца пераходзіць у лесе. Добра б перайсці ноччу, а ўдзень… Хіба што паможа туман.
Увесь час ідучы недалёка ззаду з дзвюма вінтоўкамі на плячах, Войцік з зайздрасцю думаў, які ўсё ж здаравенны мужык гэты Сушчэня. Угнуўся ледзь не да долу, а прэ і прэ, нібы трактар, і нават не спыніцца для адпачынку. Дужы чыгуначнік, нічога не скажаш. Папраўдзе, дык Войцік здаўна недалюбліваў такіх вось здаравякоў, хто б яны ні былі, ён неяк хваравіта адчуваў іхнюю перавагу над сабой, паставіць насуперак якой у яго не было чаго. Хіба
што розум, разважнасць, мо нават хітрасць. Ці, як нядаўна казалі, — прынцыповасць. Але прынцыповасць патрэбна была да вайны, у класавай барацьбе, у іх тлумнай складанай службе, а тут навошта? На вайне куды болей патрэбна такая вось дужасць, простая чалавечая сіла, якой у Войціка было малавата. Ды што зробіш, кожнаму сваё. Таму няхай нясе, калі сам напрасіўся. Вельмі нават магчыма, што камандзір Трушкевіч запытаецца, дзе забіты, і яшчэ пагоніць па труп. Дык тут будзе недалёка, лагер пад бокам ужо, труп, калі што, можна прывезці пасля на фурманцы. Вядома, у лагер Сушчэню весці нельга. Гэта праста будзе скандал, калі ён, пасланы, каб забіць здрадніка, прывядзе яго ў атрад. Ён, канешне, стрэльне яго, хіба дзе бліжэй да ракі. І тады будзе вольны. Сам адзін ён ужо як-небудзь дабярэцца да свае пушчы і даложыць Трушкевічу: загад выкананы. Праўда, не абышлося без страт: Бураў забіты. Але на вайне хіба гэта вялікае дзіва — страты? Колькі яны ўжо страцілі за восень і лета…Да трэцяй прасекі яны яшчэ не дайшлі, як недзе ўбаку злева нечакана забахалі стрэлы. Не так, каб блізка, але і не далёка. У тумане гукі стрэлаў прагучалі няпэўна, прыглушана, і цяжка было зразумець, якая да іх адлегласць. Сушчэня нядоўга пастаяў з ношаю і вяла апусціўся долу, Войцік таксама ўкленчыў на мох. Абодва ўслухаліся. Бахала мо з дзесятак ці болей вінтовак, туманныя нетры лесу выразна даносілі кароткія без водгулля стрэлы, якія туга аддаваліся ў паветры, бы выбітыя з бутэлькі коркі.
— У Бабічах, ага? — спытаўся Войцік.
— Каб жа ў Бабічах, — услухоўваючыся, сказаў Сушчэня. — То з іншага боку. Ці не на шашы.
— На шашы?
— Ну.
— Дык яшчэ і шаша тут! Куды ж ты завёў?
Войцік ціха пры сабе вылаяўся — ён зусім забыўся, што тут недзе павінна быць і шаша. Пра шашу ён і не падумаў нават.
— А куды ж яшчэ весці! — з ціхаю крыўдай зазначыў Сушчэня. — Вы ж кажаце: у Бабічах немцы?
— Ну немцы.
— Значыць, толькі сюды. Цераз шашу.
Але, мабыць, сапраўды цераз шашу, інакшай дарогі ў пушчу няма. Можа, упершыню Войцік падумаў, што Сушчэня трапіўся яму дарэчы, што без яго ён зноў заблудзіў бы ў гэтым чортавым лесе. А заблудзіўшы, нядоўга налезці на ражон і развітацца з жыццём. Гэты хоць ведае мясцовасць і, можа, яшчэ выведзе да сваіх.
Ось калі б ён быў свой чэсны мужык, а не здраднік!
Але каб быў свой, а не здраднік, дык, пэўна, тут не было б чаго швэндацца і Войціку, і, мусіць бы, Бураў не ляжаў цяпер на воглай імшарыне, задраўшы ўгару падбароддзе. Каб быў не здраднік. Горш, што ён яшчэ і з наганам; думае, мабыць, што Войцік забыўся пра той наган Бурава і не адбярэ яго назад. Але трэба адабраць. Калі, можа, не тут (каб не абвастраць адносін), дык ужо за шашой трэба адабраць. Усё ж здраднік, якіх цяпер, у вайну, развялося нямала — адны імі сталі з ахвотай, з нейкай для сябе карысцю, іншыя па безвыходнасці, праз страх, баючыся за жыццё, за дзяцей і сям'ю. Але тое не мяняе нічога па сутнасці, здраднік ёсць здраднік. Не глядзі, што каторы прыкідваецца смірным і нават гатовы навязаць табе шкадаванне, а затым… А затым — нож у спіну, кулю ў патыліцу. Хто ведае, што ў яго ў галаве, у гэтага Сушчэні, чаму яго там навучылі, у паліцыі. Мабыць, завербавалі, прымусілі ці ўгаварылі і далі заданне. Інакш бы жывога не выпусцілі. Войцік ужо разумее, яго не ашукаеш. Што-колечы пабачыў за жыццё, чаму-нічаму навучыўся.
Яны паляжалі на імшарыне, трохі спачылі, трывога ад страляніны памалу ўляглася, тым болей што і страляніна неяк нейпрыцям быццам і зусім перастала. Тады зноў пайшлі ранейшым кірункам — у бок шашы. Толькі цяпер ішлі асцярожней: наперадзе Сушчэня з сваёй ношай, за ім уступам крокаў праз пяцьдзесят — Войцік. Часта спыняліся па адным ці абодва адразу і слухалі. Туман не знікаў увесь дзень, мо трохі парадзеў надвячоркам, угары пацягнула лесавым шумам, ад лёгкага ветрыку трохі заварушыліся хвойныя вяршаліны. У гэтым пошуме, аднак, стала горш чутна, і яны зноў абодва разам пападалі ад раптоўнага грукату, што пасыпаўся непадалёк наперадзе. Паляжаўшы, сцямілі, што, мабыць, падышлі да шашы — там, недзе блізка, праносіліся машыны. Праўда, праз зараснік падлеску іх не было відаць, як не было відаць і шашы.
Калі грукат той крыху заглух удалечы, Войцік, прыгнуўшыся, падбег да Сушчэні.
— Шаша, ага?
— Шаша.
— Што ж рабіць? Пярэйдзем?
Перш чым адказаць, Сушчэня паслухаў. Лес слаба шумеў, як і раней, аўтамабільны грукат пакрысе глухнуў, аддаляючыся ўправа; злева ж лесавы прастор атуляла ціша. Хоць, канешне, у кожную хвіліну там зноў маглі з'явіцца машыны.
— Можа, лепш паначы, як сцямнее, — слаба запярэчыў Сушчэня.
— Ну, столькі чакаць…
— Ага, трэба б счакаць.