Крыніцы
Шрифт:
…Працаваў да вайны ў Крыніцкай школе малады настаўнік Іван Груздовіч. У летнія канікулы саракавога года да яго прыехала дзяўчына, студэнтка трэцяга курса медыцынскага інстытута. Груздовіч з захапленнем i гонарам знаёміў яе са сваімі сябрамі-настаўнікамі:
— Мая нявеста.
Яна сарамліва апускала вочы, чырванела да слёз, нясмела паціскала рукі людзям, якія крытычна аглядвалі яе з галавы да ног, ледзь чутна шаптала сваё імя:
— Наташа.
Замужнія настаўніцы i калгасніцы асуджалі яе:
— Бессаромная. Яшчэ ніякая не жонка, а прыехала, як да мужа, i жыве цэлае лета. А недзе ж i бацька ёсць, i маці, i, кажуць, паважаныя людзі, партыйныя работнікі… I, напэўна, нічога не ведаюць. Псуецца моладзь.
Але ў адзін з апошніх дзён канікул Груздовіч i Наташа з'явіліся ў рельсавеце. Старшыня сельсавета Антон Раўнаполец, які ў той час быў сакратаром, i
На зімовых канікулах Наташа была куды больш смелая… Ледзь не штодзень прыходзіла ў настаўніцкую, смяялася i жартавала разам з усімі, нават папрасіла ў дырэктара дазволу схадзіць на ўрок свайго мужа. Тады ж зімой згулялі i вяселле: на кватэры ў Груздовіча зрабілі вечарынку, на якой прысутнічала ўся вясковая інтэлігенцыя i на якой было многа гарэлкі i віна i вельмі малазакускі, з-за чаго маладая гаспадыня пасля доўга перажывала.
А праз некалькі месяцаў студэнтка МарозаваГруздовіч ішла з Мінска па Магілёўскай шашы на ўсход разам з тысячамі гэтакіх жа бежанцаў, як i яна. Няшчадна паліла чэрвеньскае сонца, раз-пораз прыходзілася кідацца з шашы ў стаптанае жыта, у хмызняк І, прыціснуўшыся да зямлі, слухаць, як са страшным свістам праносяцца над спіной «месершміты», дробна ляскаюць у вышыні кулямёты, а з бакоў глуха рвуцца бомбы. Яна ляжала, слухала частыя ўдары сэрца, штуршкі дзіцяці пад сэрцам i думала пра мужа. Дзе ён зараз, у гэтыя жудасныя дні, калі ўсё навокал гарыць i рушыцца? Што з ім?
Аб лесе мужа яна даведалася толькі праз два гады, у каНцы сорак трэцяга, калі было вызвалена Палессе i яна змагла напісаць пісьмо ў Крыніцы, у райана i райком. Ёй адказалі з райкома: Іван Груздовіч, былы настаўнік i камандзір падрыўной групы партызанскага атрада, загінуў смерцю героя вясной сорак трэцяга года.
У хуткім часе яна з двухгадовай дачкой прыехала ў Крыніцы. Пры першых сустрэчах амаль ніхто не пазнаваў у ёй тую дзяўчыну, што некалі перад вайной жыла тут месяцы два ўлетку i баялася паказацца на людзі (a зімой яна была вельмі нядоўга). Аднак б. адай што ў той жа дзень, калі загадчыца райздрава прывезла яе на кані ў Крыніцы, увесь сельсавет ужо ведаў, што ў бальніцу прыехала доктарша i што яна — жонка настаўніка Груздовіча, які загінуў тут у ix, у Баршчоўскім лесе. Магчыма, што ўжо адно гэта, што яна, кінуўшы працу на Урале, у раённай бальніцы, прыехала ў самы цяжкі час сюды, на вызваленую тэрыторыю, у вёску, дзе працаваў яе муж, дало ёй прыхільнасць i пашану калгасніц, сярод якіх таксама было нямала ўдоў i якія вельмі добра разумелі жаночае гора i надзвычай высока цанілі вернасць у тыя шматпакутныя гады.
Але, вядома, не адно гэта. Яна прыехала сапраўды ў самы цяжкі час — зімой, неўзабаве пасля вызвалення. Палавіна вёскі была спалена, i ў тых хатах, што ўцалелі, жыло па дзве-тры сям'і, нават зямлянак яшчэ не будавалі. Цераз Крыніцы праходзіла нямецкая абарона, жыхароў вёскі, якія не паспелі схавацца ў лесе, фашысты выганялі ў тыл. Праўда, на шчасце, амаль усе яны былі пасля вызвалены савецкімі салдатамі i вярнуліся назад. Але вёска за гэты час была абрабавана да ніткі: галодныя гітлераўцы адшукалі амаль усе ямы са збожжам, разрылі ўсе капцы з бульбай, з'елі ўсе запасы, якія былі нарыхтаваны людзьмі ў цяжкіх умовах акупацыі, забралі ўсе сялянскія набыткі. Веска амаль галадала, шмат якія сем'і жылі толькі на дзяржаўную дапамогу.
У дадатак да ўсіх няшчасцяў вораг, у лютай злосці за сваё паражэнне, адступаючы, заражаў мясцовасць інфекдыйнымі хваробамі.
Прыглушаная ў пачатку намаганнямі франтавых медыкаў эпідэмія сыпняку ўспыхнула Нанава пасярод зімы, калі фронт аддаліўся i раён застаўся без кваліфікаваных урачоў, без бальніц (яны ўсюды былі разбураны) i патрэбных медыкаментаў. У гэты час i прыехала ў Крыніцы Наталля Пятроўна ca сваёй маленькай дачкой.
Лемяшэвічу расказваў пра яе жыццё ў гэты час Даніла Платонавіч. Старому настаўніку Наталля Пятроўна пасля прызналася, што, едучы сюды, заязджала да бацькоў на Смаленшчыну i тыя вельмі ўгаворвалі, каб яна пакінула малую ў ix, пакуль усё ўсталюецца, наладзіцца, далей адыдзе фронт. Бацька яе працаваў старшынёй райвыканкома i меў лепшыя ўмовы, хоць раён таксама быў спалены. Але i бацькам сваім яна не хацела даверыць дачкі. A правільней кажучы, сама не магла жыць без яе. Яна мела сілу ўсё перанесці, усё вытрываць, любыя цяжкасці i любыя пакуты. Але аднаго яна, безумоўна,
не перажыла б — смерці дачкі, жывой часціны чалавека, якога так кахала… І таму Наталля Пятроўна ні на адзін дзень не магла пакінуць яе.Але ў той жа час яна ехала ў страшнае i небяспечнае месца. Нават загадчыца райздрава, якая літаральна маліла Бога, каб ён паслаў ёй хоць якога-небудзь інвалідафельчара для пастаяннай работы ў Крыніцах, i якая паўгадзіны цалавала Наталлю Пятроўну ад радасці, калі даведалася, што яна сапраўдны ўрач з дыпломам i прыехала па свайму жаданню ў такі час, — нават гэтая жанчына, убачыўшы дзіця, пачала адгаворваць яе i прапаноўвала застацЦа ў райцэнтры або паехаць у вёску больш багатую.
— Хто не бачыў, таму цяжка ўявіць, як яна працавала тую першую зіму, якія ўмовы былі,— гаварыў Даніла Платонавіч.
Лемяшэвіч мог уявіць, ён партызаніў i бачыў пасля жыццё ў вызваленых раёнах.
Пакуль хвароба не пашырылася, трэба было тэрмінова ізаляваць усіх хворых i зрабіць у хатах дэзінфекцыю. Даваенны будынак згарэў, i бальніцу зрабілі ў доме здрадніка-старасты. Hi ложкаў, ні пасцеляў не было. Хворыя ляжалі ўпокат на засланай саломе, якую таксама было нялёгка дастаць. Не хапала пасуды для кухні, бо ў той час звычайная шклянка была вялікай каштоўнасцю, а талерка i чыгун цаніліся даражэй, чым любыя скарбы. Вядома, што ў такую бальніцу нават свядомыя людзі, якія разумелі небяспеку эпідэміі, не жадалі аддаваць сваіх блізкіх, хавалі ix дома. Урачу трэба было хадзіць па хатах, вышукваць хворых i часта забіраць ix гвалтам, з дапамогай старшыні сельсавета. І часам на галаву Наталлі Пятроўны сыпаліся праклёны, А адна жанчына, калі забралі яе сына, у роспачы крыкнула:
— Няхай жа тваё дзіця заўтра ляжа на яго месца!
Наталля Пятроўна ў жаху адхіснулася i няцвёрдым
крокам выйшла з хаты. Тыя, хто бачыў яе ў гэты момант, спалохаліся: твар яе збялеў, як у нябожчыка, а пасля цэлы дзень яна хадзіла як хворая.
Яна працавала ад світання да позняй ночы. Апрача сваіх урачэбных абавязкаў — прымаць, аглядаць, лячыць хворых, яна выконвала безліч такіх работ, якія, магчыма, ніколі не рабіў ні адзін урач у свеце. Акрамя тыфозных нямала было іншых хворых: інвалідаў вайны, скалечаных, прастуджаных, абмарожаных (зіма стаяла суровая, а вопраткі ў людзей не было). Гэтых хворых яна прымала ў пакойчыку сельсавета, у другім канцы вёскі, а потым бегла ў бальніцу да тыфозных i не толькі рабіла абход, але адначасова выконвала абавязкі санітаркі, сястры, кухара. Нават здаралася, што, калі канчалася паліва, яна мабілізоўвала персанал бальніцы, ішла разам з усімі ў лес i на самацяжках прывозіла дровы. Потым сачыла, як працуюць лазні, у як ix рабілі дэзінфекцыю, i зноў не толькі сачыла, а. працавала там сама з санітаркамі, якія ў большасці былі мабілізаваны на работу, бо добраахвотна амаль ніхто не ішоў.
Пад вечар яна бегла, іменна бегла, а не ішла (яна развучылася хадзіць звычайнай хадою) да хворых у суседнія вёскі — у Выселкі, Задуб'е, у Хаткі — i вярталася адтуль заўсёды ўночы. У першыя дні колькі разоў яна хадзіла адна. А час быў небяспечны: у былой франтавой паласе, дзе ішлі баі, развялося мноства ваўкоў, i здараліся выпадкі, калі яны нападалі на людзей; акрамя таго, блукалі яшчэ па лесе i двухногія ваўкі — паліцэйскія i розныя здраднікі. Безумоўна, што жанчыны, нягледзячы ні на якія крыўды, не маглі не ацаніць яе вялікага подзвігу i хутка адну яе не пускалі: збіралася група дзяўчат i жанчын i праводзілі Наталлю Пятроўну да Крыніц, да самага дому, дзе яна жыла.
Так яна працавала. Але ўсе гэтыя цяжкасці, уся гэтая нечалавечая праца прыносілі б ёй толькі ўцеху ў горы, калі б у сэрцы не было другога пакутлівага пачуцця — пастаяннага страху за дачку, якую яна пакідала на чужыя рукі на цэлы дзень. А як яна там, яе Ленка? Ці здарова яна хоць? Ці накормлена?
Яна жыла ў адзінокіх старых, набожных, але ў той жа час i крывадушных: к яе прыезду ў Крыніцы гэта была адзіная хата, вялікая i чыстая, дзе жыло так мала людзей, i старшыня сельсавета даволі катэгарычна прапанаваў старым узяць доктаршу ў кватаранткі. Старыя палюбілі яе i малую, але яшчэ больш любілі ўпотай аддзяліць для сябе часцінку ад яе пайка i прысвоіць гладышык малака, які часам прыносіла тая ці іншая ўдзячная жанчына для доктаравай дачкі, аб чым Наталля Пятроўна звычайна i не ведала. Даглядаць малую яна ўзяла дзяўчынку год чатырнаццаці, сірату Гальку. Наталля Пятроўна адыходзіла з дому, калі Ленка была яшчэ ў ложку, i вярталася тады, калі дачка зноў-такі даўно ўжо спала. У дзень яна баялася заходзіць дадому, толькі час ад часу забягала ў двор i глядзела праз акно, як гуляе дзяўчынка ў хаце.