Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Героі Элады

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Ад вястункі яны даведаліся, што гэта выспа Лемнас.

Тут, у сярэдзіне вогнедышнай гары Масіхл, была кузня бога Гефеста, вечна палаў свяшчэнны агонь у горне. А калі ў божага майстра было асабліва шмат работы і яго аднавокія чаляднікі - кіклопы - моцна раздзімалі агонь, іскры ляцелі высока ў неба і ўся выспа дрыжала і ўздрыгвала ад падземных удараў магутнага молата. Адсюль калісьці ўкраў тытан Праметэй маленькую іскру, каб падарыць людзям агонь.

Са здзіўленнем арганаўты даведаліся, што на выспе зусім няма мужчын.

У горадзе жылі адны жанчыны; яны працавалі ў полі і ў майстэрнях, выконвалі ўсю мужчынскую

работу. Абараняць выспу ад нападаў павінны былі таксама жанчыны.

Кіравала ўсім гэтым жаночым царствам маладая царыца Іпсіпіла.

Калі вястунка перадала ёй просьбу арганаўтаў, царыца загадала ўсім жанчынам сабрацца на плошчы, дзе яны звычайна абмяркоўвалі свае справы, і сказала:

– Мілыя сёстры! Мы дадзім чужынцам хлеба, садавіны і салодкага лемнаскага віна. Аднясём ім на карабель нашы дарункі. Але няхай яны як мага хутчэй плывуць адсюль, няхай не заходзяць у наш горад. Яны магутныя, гэтыя чужынцы, і мы не ведаем; што ў іх у галаве.

Але старая нянька царыцы, сівая Паліксо, запярэчыла:

– Паглядзіце на мяне: я сівая, я старая, я хутка памру. Калі старыя памруць, а маладыя састарацца, хто будзе запрагаць валоў у ярмо і араць зямлю, і сеяць хлеб, і жаць каласы ў полі? Хто абароніць горад ад нападу ваяўнічых суседзяў і вас саміх ад цяжкага рабства? Хто адрамантуе стары дом і пабудуе новы? Хто будзе жыць пасля нас? Самі багі паслалі нам гэты карабель і на ім пяцьдзесят адважных і дужых герояў. Па ўсім відаць, што гэта добрыя людзі. Паслухайцеся маёй парады: запрасіце іх да сябе жыць, няхай яны застануцца на Лемнасе, няхай кіруюць горадам, няхай выберуць сабе жонак і жонкі народзяць дзяцей, няхай стануць прышэльцы вам роднымі і будуць вашай апорай у любой справе і абаронцамі ад усіх ворагаў.

Так гаварыла старая Паліксо, і жанчыны, падумаўшы, згадзіліся з ёю. Хуценька запрэглі коней у калясніцу, нагрузілі яе кашамі з садавінай і збанамі з віном і паслалі вястунку да арганаўтаў - аддаць ім дарункі і запрасіць іх на банкет да царыцы Іпсіпілы.

Арганаўты з радасцю прынялі запрашэнне, апранулі свае самыя лепшыя ўборы і выправіліся ў горад. Толькі Геракл з юнаком Гіласам, Амфіярай і спявак Арфей засталіся вартаваць карабель.

Ветліва сустракалі жанчыны герояў на вуліцах горада, шырока адчынялі перад імі дзверы.

Язона прывялі ў палац царыцы, і яна сказала яму:

– Мы рады табе і тваім таварышам. Будзьце гасцямі на нашым свяце. Праславім уладара нашай выспы бога Гефеста і жонку яго - багіню Афрадыту!

Арганаўты разышліся па ўсім горадзе, і пачаўся вясёлы баль.

У час балю царыца сказала Язону:

– Бачыш, якая цудоўная наш выспа, якая багатая наша зямля. Палюбі гэтую зямлю і, калі хочаш, застанься з намі, жыві ў гэтым палацы і будзь царом у нашым горадзе. І таварышам сваім загадай застацца на Лемнасе.

– Царыца, - сказаў Язон, - дзякуй за ласку і добрае слова, але я не магу застацца і быць царом на Лемнасе, хоць выспа твая і горад цудоўныя. Дарога мая далёкая і доўгая, і я павінен выканаць тое, што абяцаў. Я павінен здабыць залатое руно.

Царыца засмуцілася. Яна так ласкава пазірала на Язона, так весела гучалі песні ў горадзе, так бесклапотна танцавалі прыгожыя дзяўчаты на плошчах і вуліцах, а старая Паліксо так лагодна бурчала: «Куды спяшацца? Навошта спяшацца шукаць пагібель? Няхай небяспека сама шукае героя».

Баль

змяняўся балем. Міналі гадзіны, і дні, і ночы, а арганаўты і не думалі вяртацца на свой карабель.

Доўга чакаў іх Геракл, нарэшце сам падаўся ў горад і пачаў сварыцца на сваіх бесклапотных таварышаў:

– Хіба для таго пабудаваны наш «Арго», каб хвалі білі яго аб лемнаскі бераг? Хіба для таго збіраў нас Язон па ўсёй Грэцыі, каб баляваць у гасцях у жанчын? Спадарожны вецер гоніць «Арго» ў дарогу, моцна напяты прычальны канат вось-вось парвецца. Хто не хоча быць пестам і дармаедам у жанчын - наперад, у дарогу па залатое руно! У дарогу, арганаўты!

Прысаромленыя, быццам пасля пахмелля, арганаўты зноў сабраліся разам і пачалі рыхтавацца да адплыцця.

Лемнаскія жанчыны прынеслі ім на карабель усё, чым багатая была выспа, і плакалі, развітваючыся з героямі, бо палюбілі іх і не хацелі расставацца з імі.

– Жадаем вам шчасця і ў плаванні, і ў вашай небяспечнай справе, - сказала Язону царыца Іпсіпіла і ціха дадала: - Калі ты здабудзеш залатое руно і зхочаш вярнуцца на Лемнас, я аддам табе горад, і ўладу, і сваё каханне. Помні пра гэта.

Але слёзы былі ў яе на вачах, бо яна прадчувала, што арганаўты ніколі не вернуцца на Лемнас.

Геракл падняў з дна камень, які трымаў карабель на месцы. Адвязалі ад лемнаскай скалы прычальны канат, і, згарнуўшыся, нібы змяя, ён паслухмяна лёг каля ног рулявога.

Весляры былі на сваіх месцах.

Язон падаў знак - у момант узляцелі вёслы, і «Арго» зноў рушыў у дарогу.

Мядзведжая гара

Арганаўты плылі проста на ўсход і доўга не бачылі нічога вакол, апрача мора і неба. Потым наперадзе паказаўся бераг. Паміж дзвюма градамі невысокіх прыбярэжных узгоркаў засінела вузкая паласа праліва. Хвалі з шумам грувасціліся ў праліве, і белая пена білася каля берагоў.

Арганаўты наблізіліся да таго месца, дзе патанула Гела, упаўшы з залатога барана.

– Гелеспонт!
– сказаў рулявы Тыфіс.

Быстраходнаму лёгкаму «Арго» былі не страшныя ні віры, ні хуткае цячэнне, і арганаўты доўга плылі па вузкім доўгім праліве, з цікавасцю разглядаючы блізкі бераг. Калі мінулі праліў, вырашылі зрабіць прыпынак, перш чым плыць цераз Прапантыду - другое мора, што ляжала на іх шляху. Яны наблізіліся да берага.

Перад імі распасціралася нізкая зялёная раўніна, парослая сакавітай травою. Мора глыбока ўразалася ў гэтую раўніну і ўтварала ціхі заліў. Вузкая дарожка, нібы земляны масток, вяла ўгору, на высокую цёмную крутую гару, падобную на вялікага ўскудлачанага мядзведзя.

Ціха і спакойна было на беразе. Чарада тлустых авечак хадзіла па пашы; каля самага мора сушыліся на сонцы рыбацкія сеткі.

Арганаўты скіравалі свой карабель у заліў, знайшлі зручнае месца і прычалілі. Людзі, што жылі на беразе, сустрэлі іх ветліва. Гэта былі даліёны, дабрадушнае і мірнае племя.

Даліёны расказалі арганаўтам, што вядуць свой род ад бога мораў Пасейдона, што Пасейдон - іх заступнік і абаронца ад усіх ворагаў. Яны паказалі на высокую гару, якая навісала над залівам, і сказалі, што гэта Мядзведжая гара. На ёй жывуць шасцірукія веліканы; яны магутныя і лютыя, але баяцца Пасейдона і таму не чапаюць даліёнаў.

Поделиться с друзьями: