Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

— Уцякайма, бо прыдуць і яны нас ці запаляць, ці паб'юць. Бяжым, няхай страляюць, ды і ўсё.

Дык мы кінуліся на могілкі, дзеці тыя і мы. Мы пападалі — там яма была. Трое дзяцей уздоўж дарогі бы к Раманаўцы пабеглі, а двое ўпалі: вецер з хвоі зламаў шчытка, дык яны залезлі ў той верх. Ды і пазасыналі там. А мы ў той яме былі. Бачым, што стаяць немцы ўвакруг могілак. Падняцца нам няма як: яны ходзяць і гамоняць, чутно. Ну, не ўстаём. Ужэ яны і пайшлі адсюль, а нам удае, што стаяць там. Спяць дзеці…»

(Улляна Казак. Казіміраўка Мазырскага раёна.)

Вось так псіхіка чалавечая ратавалася ад вар'яцтва (і часам ратавала

дзяцей ад смерці). I паказвала, што адбываецца нешта такое, на што прырода чалавечая «не разлічана», «не запраграмавана».

Нягледзячы на ўвесь мінулы вопыт, які пакінулі чалавеку і чалавецтву тамерланы і чынгісханы ўсіх вякоў і народаў.

Калі так памятаюць, такія дакладнасці — верыш у праўдзівасць усяго. Сядзіць жанчына — трывожны, запытальны, гатовы да пакуты твар, погляд — як у бальніцы перад сур'ёзнай аперацыяй. Тут не да прыдумак!..

Некаторыя расказваюць з такой гатоўнасцю, быццам яны тут чакалі гэтага ўсе тры дзесяцігоддзі — каб вось так некаму, хто ад далёкіх людзей прыехаў, паскардзіцца, усяму свету паведаміць, што тут рабілі з імі.

(Акуліна Панкратаўна Габрусь. Казулічы Кіраўскага раёна.)

«…Ну, у мяне была дзеўка, два гадкі, на руцэ, во тут во. Праўда, у мяне дакумент быў, узяла я дакумент. Ну, гналі, прыгналі. Я думаю, божа ж мой, дзе ж мая сям'я? Толькі адна дзевачка ў мяне на руцэ. Прыгналі. Хто гаворыць, што будуць у бежанцы гнаць, а хто гаворыць, што будуць біць, а хто яго ведае! Я думаю, куды мне, божа мой? Потым пагналі людзей па шляху. А суседка ідзе ды гаворыць:

— Ат, Куліна, пайшлі, куды людзі, туды і мы! Дайшлі мы толькі да крупадзёркі, з-за хаткі выходзім, і немцы выносяць тыя вясы. Дык я гавару:

— Ну, маладзічка, нам ужо бог даў.

А нам было слышна, што ў Люціне загналі ў мельніцу і спалілі людзей. Я гавару:

— Ну, Аўгіння, нам ужо бог даў. Яна гаворыць:

— Ага, ужо.

Ну, іх абнялі кругом, адзін паўз аднаго стаялі — кругом! I пальцам не прасадзіш — ад шляху і да шляху, кругом гэтага будынка. А людзей поўны ж двор. I вот іх пруць у гэтыя дзверы, душаць, гоняць у етыя дзверы, а там — у крупадзёрку. А ў мяне дзевачка на руках во тут во. I ў мяне дакумент. Я як зірнула — ужо мама там і тата. Етых людзей ужо так душаць, так б'юць! Адзін тут стаў прасіцца, дык яго — прыкладамі. На штысе і паперлі туды. Гэта мужчына быў. Малады папаўся. А я з етай дзевачкай. Азірнулася во гэтак назад — мама стаіць мая.

— Мамка, — гавару, — ужо ўсё наша!

Я яе цалую, дык яна як лёд. А тата ўжо далей трошка. А ўжэ… А тут адна, знаеш, жанчына — дзве дзевачкі і яна. Яны к немцу аднаму, папрасіліся — ён пусціў. Гэта во, Улляніха. Прапусціў. Тады я зірк — божа мой, трэба было і мне з мамай ісці! I мне ўжо цёмна ўваччу стала, я нічога не бачу. Толькі бачу цень чалавека, каторы ўжо пусціў етых. Дык я падышла ды: «Пан!» — во гэтак перахрысцілася, а тады ета мая дзевачка — у мяне во тут дакумент быў, я і забылася на яго — ета маё дзіця выцягла гэты дакумент. «А божа ж мой, дык гэта ж у мяне дакумент!» Я ж ужо забылася…»

За нішто маглі забіць цэлую вёску. Бо мардавалі — лішне не разбіраючы, хто там які, ёсць у яго іхні «аўсвайс» ці няма. I раптам жанчына паказвае нейкую там палерку, і тая ратуе ёй і дзіцяці жыццё… Выпадковасць, якая толькі падкрэслівае, наколькі ўсе іхнія «прычыны» і «абгрунтаванні» злачынстваў прыдумваліся на хаду, не вельмі каб і старанна.

Пытанне: — Колькі вашай дзевачцы было?

— Два гады.

Пытанне: —

Яна сама ўзяла гэтую паперку?

— Ну, яна гэтак во… Я яе дзяржала, я на яе забылася, ужо мне цёмна было ўваччу, нічога, толькі бачу, як цень чалавека ідзе. Я — яму, а ён, праўда:

— Матка, туды!

Я перабегла на гэты бок, упала. Упала з гэтай дзевачкай. Потым прыпаднялася. I ідуць наперадзе — адзін шарэнак [6] , другі шарэнак. Думаю — усё роўна — тыя пусцілі, етыя заб'юць. Не. Не кранулі. Тут даходжу толькі да гэтага, да шляху, ідзе чалавек. Нясе дакументы, збегаў і ўжо дакумент гэты ўзяў, і жонка, і двое дзетак. Клуначкі яшчэ адзежы нясуць. Я думаю: «Госпадзі, куды ж вы, людцы!» Думаю, скажу — другія ж прайшлі і не сказалі ім, — думаю, скажу, дык і мяне заб'юць. Іх ужо як давялі, дык убілі там…»

6

Шарэнга.

Забілі, хоць таксама «дакумент» меў чалавек. Які ўжо тут дакумент, калі дзейнічае «план»!

«Я як азірнулася: «Э-э, ужо дым!» Толькі пулямётам, чутна была: тр-тр-тр! Як пхалі там, так адразу і білі. А тады ўжо і запалілі. А гэтага немец вёў, што з дакументам, каб жа не немец, дык я б сказала, што забіваюць.

Тры гады яно мо ў мяне з воч не сходзіла, стаяла ўваччу і стаяла…»

I цяпер яно не «сходзіць з воч» у Акуліны Панкратаўны — тое, як забівалі Казулічы — яе родных, суседзяў.

Знайшлі мы і тую жанчыну, пра якую гаварыла Акуліна Панкратаўна — Дрозд Улляну Пракопаўну. Яна таксама на свае вочы бачыла ўсю жудасць расправы над жыхарамі Казуліч.

«…Ну, мы ўжо сталі… Усіх акалацілі, толькі адны хаты асталіся. Бацька і маці мае і дзве сястры меншых. Яны к шляху, а я асталася і яшчэ свіней двое і дзве каровы панакрывала саломай. I сабака на цапе. Яны падышлі:

— Авек, авек, авек!

Я сабралася і пайшла к шляху. Выходжу — усе стаяць се-ем'ямі! I плачуць. Стаяць навыцяжку і плачуць…

I павялі нас. Дзе вот гэтае кладбішча, тут стаяла мельніца, крупадзёрка, жыў мельнік. Так старая хата яго была, а так новая. Ну, вот туды заходзяць:

— Заварачвайце направа!

Заварачваем. Мельніцу расчынілі на дзве палавінкі, і ля дзвярэй стаяць вясэ мельнічныя.

— Захадзіце, вынасеце вясэ! Нямецкая адзежа, а па-руску гавораць:

— Захадзіце! Ніхто ж не ідзе.

— Захадзіце!

Ніхто не ідзе ў гэту мельніцу. Яны — такія плёткі разінавыя, цераз руку во гэтакі рамень — і гэтай плёткай цераз галаву, цераз галаву! У раду ішлі сем'ямі, дык вот так мужчыны пазакрываліся. Кінулі біць. Кінулі, крупадзёрку гэту расчынілі — а крупадзёрка на дзве палавіны, шырокія дзверы, завал быў. Яны адкрылі гэтыя дзве палавінкі дзвярэй:

— Ану-ка, захадзіце сюда!

Ну, хто ідзе, хто не. Яны самі зайшлі:

— Ану-ка, захадзіце, захадзіце!

— Авек, авек! — немцы. А гэтыя па-руску:

— Захадзіце, захадзіце!

Людзей і ўпіхнулі ў гэтыя дзверы. У гэтую крупадзёрку. А я, значыць, — стаіць у нямецкай адзежы — я кажу:

— Пусціце мяне, — і нейкая ў мяне была справачка. У Любонічах давалі. Я гавару: — Пан, пусціце мяне.

Паглядзеў на гэту… паперку, за руку мяне, цераз шлях перавёў мяне:

— Садзіся і сядзі тут, — па-руску. — Сядзі, пакуль я не прыду, не ўцякай нікуда. Еслі пабяжыш — уб'юць цябе.

Поделиться с друзьями: