Салавей
Шрифт:
Мніх-бернардынец бліскае страшнымі вачыма на паню Вашамірскую. Старая нямее ад сполаху, маўчыць.
— Вельмі грозны гэты самы Люцыпар. «Гэй, слугі мае! — камандуе ён, — прынясіце сюды тыя самыя бізуны, якімі бедных людзей катавала во гэтая грэшная!» Можа, сто, а можа, тысяча чарцей валакуць панскія бізуны, чырвоныя, завэцганыя ў мужыцкай крыві, у хамскім мясе. Б'юць, лупцуюць чэрці гэтымі бізунамі грэшную душу. Крычыць грэшная душа, літасці просіць. Рагоча Люцыпар. «А ты, — кажа ён, — грэшная душа, злітавалася над людзьмі?» І кідаюць грэшную душу ў тую самую смалу, аб якой гаварыў ксёндз. Смажыцца грэшная душа ў смале, як яечня на патэльні.
— О, Матка Найсвентша! — стогне пані Вашамірская і рукі ламае.
Бернардынец ледзь прыкметна ўсміхаецца і далей гаворыць:
— Хлопцы цягнуць поўныя бочкі смалы і льюць на грэшную душу. Тады рагатыя і касматыя чэрці пробуюць грэшную душу на смак, пробуюць так, як часам кухар пані смажанае і печанае спрабуе, абліжуцца яны, паложаць грэшную душу на другі бок і зноў смажаць… Як грэшная душа зарумяніцца, бы скварка, тады Люцыпар кажа: «Гатова!» І страшны Люцыпар кліча тады катоў на сняданне. Тых самых катоў, якіх пані няньчыла і песціла. «Няў-няў», — няўкаюць каты. Яны галодныя. Вочы блішчаць. Кіпцюры распушчаны. Шэрсць натапырана. Ой, як страшна… Каты кідаюцца на грэшную душу, грызуць, ірвуць на кавалачкі…
— Досыць… — просіць літасці пані Вашамірская. — Вады!.. Вады!.. — Яе лоб пакрываецца халодным потам.
Аднаго разу, калі ў адсутнасці бернардынца ксёндз Марцэвіч даводзіў пані мо ў дзесяты раз, што грэшнаму чалавеку з'яўляецца чорт перад самай смерцю, калі ён прыходзіць па душу, каб яе ў пекла забраць, — нячутна, ціха адчыніліся дзверы пакоя, дзе ляжала пані. У пакой увайшоў чорт, высокі, з казлінымі рагамі, з хвастом, з бліскучымі вачыма…
Ксёндз Марцэвіч сядзеў каля пані і заканчваў новую імправізацыю пра чорта.
— Во якраз такі, як пані бачыла на абразах, дзе намалёваны страшны суд, — канчаў апошнія словы ксёндз Марцэвіч. — Але толькі грэшныя павінны яго баяцца…
— Мэ-э-э! — замэкаў чорт пры дзвярах. — Я прыйшоў па душу пані…
Пані з крыкам падскочыла на ложку і зірнула ў бок чорта.
Не менш за яе спалохаўся і ксёндз.
Ён пачаў класці крыжы і шаптаць:
— Згінь, сіла нячыстая! згінь! У імя Айца, і Сына, і Духа святога. Амэн!
— Не бойцеся, — сказаў чорт, — я той самы мніх, я пажартаваў.
Чорт сарваў з сябе рогі, якія стукнуліся аб падлогу, сарваў хвост — стаяў ранейшы мніх…
Ксёндз Марцэвіч кінуўся да яго з кулакамі.
Бернардынец яго далікатва спыніў:
— Я і не мніх.
Мніх зняў з сябе грым і свіснуў салаўём. Пані Вашамірская ўжо не чула і не бачыла Салаўя, бо заснула навекі.
Ксёндз Марцэвіч казеліў вочы.
— Як вам, ойча, падабаецца мой мніх і чорт? — запытаўся Салавей лагодным тонам у ксяндза Марцэвіча. — Недарма ж я быў у панскай студыі пад вашай апекай…
Салавей выняў з кішэні канчук…
12. Помста
— Няхай толькі ачуняю, — шаптаў пан Вашамірскі самому сабе, — тады я з імі,
хамамі, па-свойму расплачуся. За ўчынак Салаўя жылы буду цягнуць з усіх прыгонных. Нікога не прапушчу.Пан Вашамірскі ляжыць на ложку хворы ўжо некалькі дзён. Сам сабе халодныя кампрэсы да спіны прыкладвае. Ад сораму ён нават нікому з сваіх блізкіх людзей не гаварыў, што над ім учыніў пан Скшымбжыцкі, гэта значыць, Салавей.
Вось ужо трэцяя ноч пасля ўчынку Салаўя, а злосць у пана Вашамірскага расце. Ён ад болю і злосці спаць не можа. Ён глядзіць праз адчыненае акно і прыдумляе страшнае катаванне для ўсіх.
— Яны не лепшыя адзін аднаго. Кожны з маіх прыгонных, каб толькі меў магчымасць, учыніў бы нада мною тое самае, што і Салавей… Усіх, усіх люта пакараю!
Праз акно ён бачыць, як па начным небе праходзяць чорныя, як атрамант, хмары з залатымі краямі. Часам выплывае з-за хмар востры серп месяца. Зірне месяц у пакой пана Вашамірскага ды зноў схаваецца. А вецер гоніць хмары па небе, нібы пастух стады дзівосных жывёлін. То соўваюцца наперад некалькі аграмадных мядзведзяў без ног. Праз хвіліну мядзведзі перакідваюцца ў нейкую істоту без галавы з доўгімі нагамі, з залатым хвастом. Яшчэ раз хвіліну істота без галавы рассыпаецца ў стада цёмна-сініх лебедзяў. Вецер гоніць іх наперад.
Шуміць вецер у парку. Пан Вашамірскі ловіць вухам шушуканне дрэў. Непрыемна яму гэтае шушуканне — падобнае да шэптаў многіх людзей. Прыслухоўваецца пан Вашамірскі да начных галасоў у маёнтку і дзівіцца:
— Чаму ж гэта сягоння сабак не чуваць?
Ён пачынае непакоіцца.
— І бражджоткі старога вартаўніка таксама не чуваць…
Страх нападае на пана Вашамірскага.
— Што гэта можа быць?
Шуміць вецер у парку. І нібы крокі чуваць з розных куткоў вялікага дзядзінца, і нібы гоман людскі.
Пан Вашамірскі адчувае, што ў яго грудзях пуста робіцца, а валасы на галаве растуць, растуць…
Ён ціханька адчыняе акно і высоўвае галаву. Па вуглах будынкаў мітусяцца людскія цені. Невялікімі грамадкамі — па тры, па пяць чалавек.
Хацеў пан Вашамірскі крыкнуць: «ратуйце!» і не мог, язык анямеў. Хацеў ён шапнуць: «Пан Езус…», ды твар яго скрывіўся. Ён успомніў Каспараву Марыльку, што «божай маткай» стаяла ў касцёле «Кроў Езуса». Мільгануў у яго ўяўленні «дух святы» ў постаці доктара багасловіі і філасофіі ксяндза Курачковіча.
Хоць страшна было пану Вашамірскаму глядзець уніз праз акно, але вачэй адарваць не мог.
Цяпер ён пачуў гул людскіх галасоў ва ўсіх пакоях палаца. Тупат ног па мяккіх дыванах, нейкае бароканне, хрыпы, лаянкі.
Адвярнуўся пан Вашамірскі ад акна толькі тады, калі блізка за сваёй спіною пачуў у сваім пакоі гулкі свіст.
Перад ім стаялі Салавей і чорнабароды Язэп. Яны запалілі свечку, і чорнабароды Язэп звярнуўся да пана:
— Давай грошы!
Пан Вашамірскі не мог і слова сказаць ад страху, толькі рукою паказаў на кованую скрыню пад ложкам.
Яны кінуліся да скрыні. Скрыня не адчынялася.
— Ключы! — крыкнуў чорнабароды Язэп.
— Я ведаю, дзе ключы, — сказаў Салавей, — у пана за пазухай на шоўкавым шнуры.
Калі яны даставалі ключы ў пана, у яго з'явіўся голас. Ён падняў крык.
— Крык не паможа, — засмяяўся чорнабароды Язэп. — Усе твае гайдукі звязаныя ляжаць, а іншая твая чэлядзь нам памагае. Сабак мы атруцілі.
Войкнуў пан Вашамірскі і апусціў галаву.
Пана звязалі, заткнулі яму рот анучаю і крыкнулі праз акно да людзей.