Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

I тут ён здагадаўся, чаму ў прэзідэнты Памазоніі абралі менавіта яго. Уся справа ў прозьвішчы. Ці не паходзяць ягоныя продкі Памазкі з тае Памазоніі? Добра ж вядома, што заўсёды i ўсюды цягнуць сваіх людзей - хоць з калгаса ў раён ці з раёну ў сталіцу. Гэтак i ў іншую краіну. Калі так, дык ўсё зразумела i, мабыць, законна. Няма пра што турбавацца. У той дзень надвячоркам ён ужо не пайшоў у качагарку, на ягонай зьмене яго падмяніў напарнік. Рана ўстаўшы назаўтра, пачаў рыхтавацца ў дарогу. Найперш аднёс у майстэрню боты. Боты, канешне, ня новыя, але калі падбіць падмёткі, дык яшчэ паслужаць i ў той Памазоніі. Па дарозе зайшоў у цырульню. Увогуле падстрыгаць не было чаго - даўно ўжо ад ілба да патыліцы пралягала шырокая лысіна, ды ўсё ж… Калі стаў прэзідэнтам, дык хацеў выглядаць адпаведна. Мабыць, у дарогу трэба было б мець які чамаданчык, ды ў местачковых «Таварах паўсядзённага попыту» чамаданаў не было. Давялося пазычыць невялічкі куфэрак у Сьцяпаніхі,

які застаўся ад зяця, што колісь зьбег ад дачкі на БАМ. Спрытны куртаценькі гальштук пазычыў у агранома - казалі, бяз гальштука там будзе нягожа. Можа, i праўда. З жонкай сталася горш - два дні сварыўся. Сьпярша ягоная Кацярына была катэгарычна супраць, каб ён куды ехаў, а пасьля, заплакаўшы, заявіла: i я з табой. Яхім стаяў на сваім: паеду адзін. А як абжывуся, тады паклічу цябе. «Чорта ты паклічаш, там сабе маладзейшую знойдзеш…» Ледзьве адчапіўся ад жонкі.

Праводзілі прэзідэнта Памазоніі сьціпла i непрыкметна. Купка дружбакоў прыйшла на засьнежаны аўтобусны прыпынак, куды ён прыпёрся за паўгадзіны раней часу. Ззаду ішла сплаканая жонка, усё бубніла сваё: «Ну паглядзіце, здурнеў стары. Ну куды ён прэцца?» - «Ладна, ня плач, прэзідэнтшай будзеш», - суцяшаў яе Ладуцька, які трымаўся ля сябра неяк дужа блізка i сардэчна, быццам што хацеў сказаць асаблівае. Ён i сказаў, як Кацярына адвярнулася: «Можа, там, гэта, i мяне куды… Каб па аграрнай часьці. А то тут, ведаеш… Памазгуй, Яхімка». Яго перапыніў Юрка Дзядзенка, які прыстыргікаў на прыпынак, канешне, не з пустымі рукамі. «Трэба аглаблёвую!» - прапанаваў ён, адкаркоўваючы бутэльку, якую спаважна перадаў напарнікупрэзідэнту. Той трохі выпіў, затым выпілі Дзядзенка, Ладуцька, абодва браты Целяпенчыкі i напасьледак да бутэлькі прыклалася заплаканая Кацярына. Тады і перастала плакаць. Тут якраз падкаціў аўтобус. «Ну - пакеда, чакайце на госьці», - махнуў з аўтобусных дзьвярэй Памазок. Невялічкая грамадка засмучаных землякоў засталася на аўтобусным прыпынку.

Як ён ехаў аўтобусам да станцыі, пасьля цягніком да Масквы i там праходзіў доўгую шаталомную працэдуру ў міжнародным аэрапорце - мала што запомніў, усё нібы плыў у разрэжаным алкагольным тумане, хаця i быў цьвярозы, бы шкельца. Ды так сталася, што ўсё было ня ў знак, - ішоў не туды, рабіў ня так i ня тое. Яго раз за разам асаджалі i тузалі, нават лаяліся - усе гэтыя міліцыянеры, жанчыны з пагонамі i нават дзяўчаткі, зусім лагодныя з выгляду, але што да яго, дык з яўна металічнымі позіркамі. Яму так i карцела абурыцца, сказаць ім, хто ён i куды едзе. Ды ўсё ж чалавек ён быў сьціплы, асабліва сярод незнаёмых людзей, i трываў. Трохі ачомаўся толькі ў самалёце, як мілае дзяўчо ласкава папыталася, што ён будзе піць? Ён зірнуў на стос бутэлек у калясцы i ткнуў заскарузлым ад торфабрыкету пальцам у самую знаёмую - во гэта. Дзяўчо наліла з напарстак «Сталічнай», i тады Памазок, можа, упершыню схамянуўся - а ці туды ён едзе. Калі выпіць даюць - курам на сьмех!

У самалёце ён хутка заснуў лёгкім сном праўдзіўца, ня грэшніка, ведама ж нямала натузаўшыся ў дарозе. Прачнуўся, як падкацілі каляску з харчам, ды столькі, што ледзьве зьмясьцілася ўсё на маленькім адкідным століку. Тады зноў далі выпіць - паўшклянкі кіслага віна, якое ён не ўзлюбіў з часоў дружбы з братушкамі. А во ягонаму суседу - выгалястаму буржую ў стракатым пінжаку, налілі чагось, пэўна, мацнейшага, а пасьля і яшчэ дабавілі. Памазку таксама захацелася такога, але ён ня ведаў, як папытацца, i трываў. Хай, думаў, дацягну да Памазоніі, а ўжо там…

Самалёт ішоў над аблокамі, унізе, мяркуючы па ўсім, быў акіян, глядзець там не было на што, i ён зноў заснуў. А як прачнуўся, дык аж спалохаўся, што спозьніцца - усе паўскоквалі з месцаў, пачалі цягнуць свае валізкі, апратку, - мабыць, прыехалі. Па гучнай сувязі ў самалёце пра штось аб’яўлялі, але хіба зразумееш, пра што? I тады Памазок падумаў: ці знойдзецца хто ў Памазоніі, каб разумеў па-нашаму? Але наўрад. Калі ўжо ў Менску мала хто разумее, дык чаго чакаць у заморскай краіне. Гэта яго пачало турбаваць.

Дарма, аднак, тое яго турбавала - ужо на першай паліцэйскай загародцы, нават не запытаўшыся, яго пазналі, i два маладыя, дбайна апранутыя чалавекі кудысь павялі праз агромністы гаманкі аэрапорт. Як толькі выйшлі на сьпякотную вуліцу пад шэрагам высачэнных пальмаў, падкаціў даўгі аўтамабіль, і тыя паслужліва расчынілі дзьверы - сядай, пан прэзідэнт. Ён i сеў. Пасьля селі яны - адзін наперадзе, другі, што нёс ягоны перавязаны дзяжкай куфэрак, побач. Як яны ехалі, Памазок ва ўсе бакі круціў галавой, дужа яму тут было цікава. Людзей на вуліцах сноўдала процьма - белых, чорных i нейкіх невялічкіх жаўтлявых, міма праносіліся статкі аўтамабіляў, i тут, i там стаялі купкі плячыстых «гарылаў» у камуфляжнай форме жабінага колеру. Што шмат паліцэйскіх, Памазку спадабалася: значыць, будзе парадак у ягонай Памазоніі, такі ж, як i ў Беларусі. Хіба палкі ў гэтых былі надта кароценькія, ня тое, што ў беларускіх - трэ будзе падоўжыць, пачаў уваходзіць у дзяржаўны клопат новы прэзідэнт. Ён спрабаваў загаварыць з канваірамі,

але абодва маўчалі, бы нямкі. Тады i ён змоўк, падумаўшы: можа, яны саромеюцца яго, бо ўсё ж маладзейшыя, а ён стары, ды не абы-хто - прэзідэнт!

Яны доўга ехалі па зіхоткіх ад шыльдаў вуліцах невядомага гораду, затым праз нейкі дзівосны лес з велізарнымі, проста гіганцкімі дрэвамі. Гэткіх сукаватых дрэваў не расло на Памазковай радзіме, у густое сучча ўгары не прабівала нават яркае сьвятло фараў. А як аўтамабіль спыніўся, зьдзіўленьню Памазка не было мяжы. Сярод лесу ярка асьветлены электрычнасьцю раскашаваў палац. Чырвоная жвіровая дарожка, шырокія прыступкі i над імі калоны. Бог ты мой, якія гэта калоны - белыя i таўшчэзныя, з пакручастымі загагулінамі на вяршках, якія нібы ўкручваліся ў прыць-мелае неба. Задраўшы ад захапленьня голаў, Памазок аж спыніўся, але да яго штось гукнуў той, што ішоў ззаду, i ён подбегам дагнаў пярэдняга, які ўжо расчыняў высачэзныя дзьверы ў палац.

Усё тут наскрозь было заліта электрычнасьцю, чырванела дыванамі ў доле. На ягоным шляху маўклівымі слупамі стаялі нейкія людзі, у чорным i камуфляжы, па безьлічы новых прыступак яго павялі ўгору. Сьпярша ён пачаў лічыць тыя прыступкі, налічыў пяцьдзесят i кінуў. Затым яны кудысь шпарка ішлі праз пакоі i па калідорах, цемнаватых i сьвятлейшых, i ўрэшце, як ён зразумеў, прыйшлі. То быў вялізны, бы вакзальны, пакой з блішчастым i сьлізкім паркетам, на сярэдзіне якога блішчэў бакамі нейкі агромністы шкляны каўпак. У прыцемках прыгледзеўшыся да яго, Памазок зразумеў, што пад каўпаком ложак. Вялізны шырокі ложак з бялізнай, на якім ці не яму сёньня спаць? Абодва ягоныя канваіры дзесь зьніклі, замест іх зьявілася чорненькая жанчынка з дужа белымі зубкамі i ў белым фартушку. Яна паставіла на столік пры каўпаку блішчасты падносік і, усьміхнуўшыся, выйшла. Памазок адразу пацікавіўся, што на падносе, - але нічога здатнага ня ўбачыў. Пара нейкіх зялёных фруктаў, шклянка жоўтага соку, малако ў кубку i ўсё. Hi чарчыны, ні бутэльчыны. Скупыя, аднак, людзі ў гэтай Памазоніі, падумаў прэзідэнт. Хаця не сказаць, каб бедныя.

Трохі патупаў з кутка ў куток гэтай стадолы, паслухаў цішыню. Абышоў вакол каўпака, пастукаў пальцам па ягоным шкле - тоўстае халера. I навошта? Hixтo болей да яго не заходзіў, i прэзідэнт, памарудзіўшы, сьцягнуў з ног боты. Спаць - ведаў з часоў даўняй салдатчыны - было заўсёды найлепшым выйсьцем. Як у вайну, так i ў міры.

Прачнуўся, мусіць, зарана, вылез з-пад каўпака, сеў у крэсла i сядзеў. Чакаў. Скрозь было ціха, чуваць толькі, як за акном у гольлі дрэваў шугалі птушкі, акурат як у садку за качагаркай - сініцы. Тады ён пайшоў шукаць месца, дзе можна б справіць сваю патрэбу. Тыцнуўся ў адны дзьверы - зачыненыя, у другія - таксама. Тады знайшоў трэція, адразу, як адчыніў ix, навакол пыхнула сьвятлом, ярка высьвеціла ўсё, i Бог ты мой, што ён згледзеў! Думаў - туалет, а тут аказалася адмысловая туалетная зала, усе сьцены i столь - бялюткія i люстраныя, як i ванны ды розныя ракавіны i ўнітазы. Шмат што навакол аздоблена золатам, невядомага начыньня - бы ў кабінеце зубнога доктара. Ён дакрануўся да аднае кнопкі, ды аднізу як плясьне ў твар - аж вылаяўся, падумаўшы, аднак, што, мабыць, гэтак нягожа. Напалохаўшыся, адразу падаўся да выхаду. Падумаў, можа, дзе знойдзецца болей звыклае месца, тут пэцкаць што ў яго не хапіла адвагі.

Як ён вярнуўся да свайго каўпака, зноў расчыніліся нейкія дзьверы i ў пакой увайшла мажная белая жанчына - зноў з маленькім падносікам у руках. Штось буркнуўшы, яна паставіла падносік на месца ўчарашняга, які ўзяла з сабой. Наважыўшыся, Памазок пастукаў па баку каўпака -навошта гэта? Думаў, не зразумее, аж зразумела i сказала: пук-пук ноу. I ўсьміхнулася. Надзіва i Памазок зразумеў: то ад куляў, а ён думаў… Але што з таго вынікае?

Трохі азадачаны, падышоў да свайго сняданку - зноў высокая шклянка соку, нешта цёплае ў малюпасенькім чайнічку, скрылёчкі сыру i маленькая булачка. Выпіць жа зноў не было ні кроплі.

Не пасьпеў ён падумаць, што зьесьці, як расчыніліся дзьверы i ў пакой шпарка ўвайшлі яго ўчарашнія маладыя канваіры. Адзін з ix моўчкі, але выразна кіўнуў на дзьверы.

«З куфрам?» - папытаўся Памазок, паказваючы на свой пакінуты пры ложку багаж. Той крутнуў галавой - значыць, без багажу, зразумеў Памазок i падняўся.

На гэты раз яны нікуды не паехалі, толькі ішлі доўгімі калідорамі - быццам у другі канец палацу, дзе зноў апынуліся нібыта ў больніцы - усё тут было гэткае белае і сьветлае. Наўкола зьзялі нейкія прыборы, крэслы, люстэркі. Людзі, пераважна жанчыны, былі апранутыя ў белыя зграбныя халацікі. Заўважыўшы ягоны зьбянтэжаны выгляд, адна, дужа белазубая, мовіла: імідж, імідж, ды ён не зразумеў - які імідж? Але яго прымусілі распрануцца ў дужа шыкоўным і вялікім прылазьніку, і як толькі ён, голы, пераступіў парожак, яго тут жа абдало сьцюдзёным струменем зьверху. Скалануўшыся ад нечаканасьці, ён не адразу знайшоў што пакруціць, каб пацепліць ваду. Неяк абмыўся збольшага, праклінаючы, аднак, гэты залішні шык. Але разумеў, канешне, што, мабыць, так трэба, што гэта - ня дома. Ды і ён не качагар. Усё ж - прэзідэнт.

Поделиться с друзьями: