Пасля Жыццё
Шрифт:
– Слухай, звяжыся яшчэ раз і растлумач яму, - настойваў Васілевіч, маючы на ўвазе камандзіра палка.
– Інакш загубіце батальён.
Люся, учуўшы гэта, перастала збіраць сваё начынне і запытальна зірнула на Васілевіча.
– Дык што, выклікаць?
– Няма чаго выклікаць!
– з прыкрасцю азваўся Сахно, дачы тым зразумець радыстцы, што гаспадар рацыі ўжо ён, а не Васілевіч.
– Прасіць яшчэ, угаворваць… Не дзеўкі! Загадана - атакуем.
Ён нервова ўскочыў і зноў затупаў ботамі ў дне варонкі. Люся ж яшчэ перапытала Васілевіча:
– Уключыць, таварыш камбат?
– Я ўжо не камбат, - сумна ўсміхнуўся ў цемры капітан.
– Пытайце вун капітана Сахно.
– Згортвайце рацыю, малодшы сяржант!
– афіцыйна загадаў Сахно. Люся без асаблівай увагі на яго словы, сваім чынам, не спяшаючыся, пачала
Капітан Васілевіч кусаў у цемрадзі вусны і думаў, што калі ён не прадпрыме нечага найважнейшага, то быць заўтра самаму благому, што можа здарыцца на вайне - іх напаткае разгром. Немцы паспелі ўжо арганізаваць супраціўленне, батальён выдыхся за тыдзень наступлення па гразі і балотах, тылы адсталі, артылерыя таксама, - вядома, што сходу арганізаванай абароны ім не прабіць, тым больш, што і прабіваць ужо няма чым. Ён думаў, што калі б спакойна давесці ўсё гэта да камандзіра палка і прымусіць яго ўнікнуць у становішча батальёна, ён бы зразумеў і да часу адмяніў бы атаку. Камандзір палка быў упарты і наравісты чалавек, ззаду яму ўсё здавалася, што батальёнам не хапае ініцыятывы, што камандзіраў трэба прымушаць, прыкрыкваць на іх і што, калі добра паднаціснуць, дык можна дабіцца ўсяго, што трэба. Тое, што ён адхіліў Васілевіча ад камандавання, не вельмі турбавала камбата, ён ведаў, што камандзір дывізіі не пагодзіцца на тое, ды і сам камандзір палка адумаецца і праз які дзеньдругі зноў верне да яго ўладу. Так ужо было не адзін раз і не толькі з ім.
Капітан Васілевіч другі год ваяваў у гэтым палку і перажыў чатырох, розных па характары, яго камандзіраў. Некалі з паўгода ён быў камандзірам шостае роты, той самай роты, рэшткамі якой камандуе цяпер сяржант Жаркоў, пасля стаў камандзірам батальёна. Ён ведаў тут характары ўсіх афіцэраў і ўсіх старых салдат і сяржантаў, якіх, як умеў, вучыў і выхоўваў, і якіх хутка і няўхільна менела за час наступлення. Батальён быў нядрэнны, ротныя падабраліся ўсе смелыя дзелавітыя хлопцы, Васілевіч хоць і не на шмат апярэдзіў іх па гадах, але быў ім за старэйшага ў добрым сэнсе, яго паважалі і яму верылі, а ён давяраў. І цяпер вось камбат вельмі непакоіўся, што ад былога складу і ад былых добрых традыцый, аснаваных на ўзаемаразуменні і вайсковым узаемападначаленні, хутка нічога не застанецца. Сённяшняя атака пераканала яго, што няўдалае яе паўтарэнне прывядзе да пагібелі ўсяго батальёна. Вядома, нумар застанецца, прыйдуць і людзі - і камандзіры, і салдаты, батальён адновіцца, але калі ён, капітан Васілевіч уцалее, дык гэта ўжо будзе чужы, не яго, а іншы батальён. Таго ж, які ён скалочваў, як кажуць у войску, і палюбіў за стойкасць пад Ржэвам і ўпарты гераізм пад Дзямянскам, - таго ўжо не будзе ніколі.
Яшчэ Васілевіч быў упэўнены, што калі б Сахно дзейнічаў, як і ён, і праявіў бы настойлівасць у адносінах да камандзіра палка, дык той бы ўрэшце ўступіў. Але Сахно неяк дзіўна і раптоўна перамяніўся, заўпарціўся, відаць, нейкія іншыя, не зразумелыя Васілевічу намеры з’явіліся ў галаве яго былога намесніка.
Над хмызняком зноў пыхнуў шырокі водсвет, раздалася «кахках» і адначасна завізжэла ўгары. Васілевіч только паспеў прыжмурыць вочы, як непадалёк грымнула раз і другі. Цвёрдая змёрзлая зямля здрыганулася, і пагадзя некалькі асколкаў пляцнуліся ў траву непадалёк ад варонкі. Тым часам у небе зноў пыхнула і зноў завірашчэла ўгары. Васілевіч стрывожана паглядзеў у бок вёскі, Сахно неахвотна прысеў у варонцы. Адна Люся не кранулася з месца.
У гэты раз выбухі ірванулі ў тым месцы, дзе збіралася шостая рота.
– Каб не накрылі хоць, - заклапочана сказаў Васілевіч, услухоўваючыся ў ноч.
– Заўважылі, мабыць. Яно і канешне: без камандзіра…
Але некалькі хвілін было ціха, пэўна, немцы проста трывожылі агнём. Тады Васілевіч, ачнуўшыся ад сваіх думак-клопатаў, устаў, ускочыў у варонку і стаў побач з Сахно.
– Слухай, Сахно! Ты разумееш, што будзе заўтра, калі атака зноў праваліцца? Батальён прабегае ноч і, вядома, не акапаецца? А калі заўтра контратака?
Аднак на Сахно і гэта не падзейнічала, ён бокам павярнуўся да свайго былога начальніка і з хвіліну маўчаў.
– Атака не захлібнецца, - пасля не дужа ўпэўнена аб’явіў ён.
– Накручу хваста ротным - будуць старацца. А то ліберальнічалі з
– Хто гэта ліберальнічаў?
– Дык было, - ухіліўся ад адказу капітан. Васілевіч нахмурыўся і засунуў рукі ў кішэні.
– Ты што маеш на ўвазе?
– А тое, што вы ўсё імкнецеся па-добраму, усё каб лады. А гэтыя лады да ладу не прывядуць. Ось што!
Люся, якая, здавалася, драмала дагэтуль, абыякавая да ўсяго, раптам ускочыла ад свае рацыі.
– А што ж, так як вы з усімі мацюгом ды мацюгом! На мацюгах, як на біцюгах, хочаце да Берліна даехаць?
Сахно павярнуўся і здзіўлена паглядзеў на яе.
– А ў вас хто пытае, малодшы сяржант?
– Камбат мае рацыю, - кінула Люся.
– А вы не дужа зарывайцеся, хоць і да батальёна дарваліся.
– Маўчаць!
– прыкрыкнуў Сахно.
– Я вас умомант выганю адсюль. Ураз у штаб палка пойдзеце!
– Хоць зараз!
– выпаліла Люся.
– Люся, маўчыце, - строга сказаў Васілевіч і пасля паўзы холадна вытлумачыў Сахно:
– Вось што, капітан Сахно! Майце на ўвазе, калі вы загубіце батальён, ні намеснікам, ні камбатам вам болей не быць. Камандзір палка вас сам пад трыбунал аддасць.
Сахно крутнуўся да Васілевіча, але не паспеў адказаць - зусім побач пачуліся крокі і ў цемры паказаліся чорныя постаці камандзіраў рот. Звяртаючыся да Васілевіча, яны паціху далажылі аб прыходзе, але былы камбат ад узрушання і нечаканае злосці на ўпартую дурасць Сахно не слухаў таго. Толькі зразумеўшы, што афіцэры звяртаюцца да яго, ён раптам упалым голасам кінуў:
– Дакладвайце капітану Сахно. Ён камандуе батальёнам.
Пасля Васілевіч вылез з варонкі, адышоўся на тры крокі, каб не замінаць людзям, якім ён быў ужо не патрэбны, і апусціўся на калючую ад марозу леташнюю свінуху.
4
Жаркоў бег у сваю роту.
Сяржант раз-пораз чапляўся за хмыззё ў доле, спатыкаўся - ён вельмі спяшаўся, бо спраў было шмат, а часу да новай атакі заставалася не так ужо і многа. Спачатку ўсё тое, што ён пачуў на КП, непрыемна ўразіла яго. Наступленне, яно само сабою, але вось зняцце камбата і заступленне на яго месца Сахно не падабалася Жаркову. Сахно лічылі ў батальёне крыкуном, гарлахватам, не дужа смелым і не дужа справядлівым камандзірам. Капітан жа Васілевіч здаваўся разумным і разважлівым, а галоўнае - справядлівым чалавекам, што болей за ўсё іншае паважаюць у камандзіры салдаты. Як там яно было на самай справе, сяржант пэўна не ведаў, але цяпер, пасля ўсіх гэтых навін, адчуваў, што наперадзе чакае яго дужа нялёгкае. Праўда, за многія месяцы вайны ён ужо прывык да самага благога, прызвычаіўся да дробных і вялікіх нягод і ведаў, што на фронце чаго добрага чакаць не выпадала.
Перш за ўсё яго запалоніў клопат, як усё тое наладзіць, як найлепш арганізаваць атаку, каб ашукаць немцаў, - цяпер жа пра гэта, апроч яго, у роце ўжо не было каму дбаць.
Неба хутка цямнела, усё болей высыпала зорак. Месяц, быццам спяшаючыся куды, імчаўся над лесам у адным кірунку з Жарковым; за балацявінай скакалі па небе водсветы далёкіх і блізкіх ракет. Найгоршае ліха ў начной атацы, ведаў сяржант, былі тыя ракеты, ад іх не знайсці ніякага сховішча, яны ўсюды свяцілі сваім прарэзлівым хімічным агнём, слепячы байцоў у кароткіх прамежках цемры. Але трэба было нешта прыдумаць, і Жаркоў, не разбіраючы пад сабой дарогі, сігаў упоперак баразён і думаў.
Да камандзірскіх клопатаў хлопец прывык даўно. Невядома ад каго, напэўна, ад маці ён з маленства пераняў у спадчыну неспакойны, клапатлівы, трывожна-турботны характар. Да ўсяго ён меў справу, аб усім непакоіўся, не зважаючы на тое, адказваў перад старэйшымі за гэтую справу ці не. Яшчэ бывала ў маленстве (ён быў родам з Сібіры) бацька з маці часта ўлетку выпраўляліся на некалькі дзён у тайгу, дзе пад хмарамі гнусу аралі, сеялі і збіралі свой ураджай за шмат вёрст ад вёскі, а на яго догляд аставалася ўся гаспадарка - і свінні, і каровы, і куры. Ён цэлыя тыдні і карміў іх, і даіў сам карову, і няньчыў малую Волечку. Часам даводзілася яму чуць, як хто-небудзь з суседзяў казаў бацьку: «Ну і дзяцюк у цябе, Трахім, - гаспадар! Не глядзі што малы - галавасты!» Бацька на тое няпэўна чмыхаў у бараду, аднак ніколі за жыццё не пахваліў сына. Ён быў суровы і марудлівы, як бярложны мядзведзь, і раскрываў рот толькі тады, калі трэба было каго ўшчуць. Але Колька Жаркоў любіў і такога бацьку і ніколі ў жыцці на яго не пакрыўдзіўся.