Нямко
Шрифт:
Усё цяжэй было Францу разыгрываць ролю нямка ў доме Каляды. Па-першае, Паўлік ня ведае, што яго татка нямы, і зьвяртаецца да яго прылюдна, як да ўсіх, вымагае, дабіваецца адказаў на свае бясконцыя пытаньні. I, натуральна, не разумее, чаму татка яго перастае зь ім гаманіць, «ні мычыць, ні целіцца». (Таткі любімы выраз.) А, па-другое, і акрамя таго, Францу ўжо сорамна падманваць добрых людзей. Асабліва разумніцу-жанчыну, Каляды жонку. Францу ўвесь час здаецца, што ягоны сакрэт для яе даўно ніякі не сакрэт. У Паўліка распытаць магла, а то, магчыма, і Паліна прагаварылася. Вочы ў яе насьмешлівымі робяцца, калі Франц размаўляе зь ёю жэстамі і, сапраўды, мычаньнем. Аднойчы ён у яе прысутнасьці загаварыў з Паўлікам, як гэта рабіў, калі нікога блізка не было. Калі пабачыў, якія вочы парабіліся ў гаспадыні, спахапіўся і зразумеў: яна ні аб чым не здагадвалася!
— Дык вы… Дык што ж гэта?.. — сама амаль анямела, мычыць, як Франц да таго.
У той жа вечар яны з Палінай расказалі ўсю сваю гісторыю гаспадарам, адысэю сваю, пачынаючы з таго ранку, калі лёс Франца надламаўся напалам
Дамовіліся, як выводзіць Франца зь нематы, каб не пасеяць да гэтага цуду нездаровую цікаўнасьць. Каляда прапанаваў: «Чорнае возера», яно вылечыла! Ну а гаворыць Франц ужо амаль без акцэнту, даўно можна было выходзіць з падпольля.
— Ты адно не перастарайся! — папярэдзіла Каляду яго жонка. — А то я ведаю цябе. Такога навыдумляеш, што і дурань здагадаецца.
Франц прагна слухаў радые (часам, як бы выпадкова, круціў і замежжа па старэнькім прыёмніку), чытаў газэты. Хаця б адным вокам зазірнуць туды, дзе засталіся яго нямецкія блізкія. Усё болып рэзка адно аб адным выказваюцца ўчарашнія саюзьнікі, а Германія — у руінах. Галеча і зласьлівасьць. Усё, як было перад вайной. Хаця людзям яшчэ столькі гадоў трэба, каб выбрацца з развалін, з варожасьці мінулай вайны. У газэтках невялічкага фармату з брудным друкам, які я тут ніхто не чытае, а скарыстоўваюць на курыва, Франц марна шукаў што-небудзь пра Дрэздэн. У іх найбольш пра амэрыканцаў. Усё выглядала так, быццам не з Германіяй рускія ваявалі, а з амэрыканцамі. I цяпер трэба вызваліць нямецкі народ ад заходніх плютакратаў: ну зусім як пра Вэрсальскі дагавор пісалі перад вайной. Новая звада, ужо між пераможцамі, вось-вось узгарыцца. Хаця яшчэ палонныя дамоў не дабраліся. А Франц і наогул невядома калі і як зможа патрапіць у Германію, Пасьля яшчэ адной вайны?..
А тым часам яны з Палінай і зь дзецьмі абжываліся на новым месцы. Вечарамі і ранічкаю Франц майстраваўцясьлярыў у доме Каляды, які цяпер і іх дом, Паліна падзяліла абавязкі з гаспадыняй: тая даглядала, колькі мела сілы, за дзецьмі, Паліна клапацілася на кухні, у агародзе. У месцах старых высечак падрыхтавалі агнём і сякераю, разрабілі дзялянку (круглае слова: «ляда») — пад проса. Франц раптам адчуў смак да такога менавіта гаспадараньня, першабытнага, а паводле вызначэньня Паліны — «дзікунскага». Пабачылі б муці і фатэр свайго сына: босы, у чорных ад сажы армейскіх галіфэ, торс, як у афрыканца, і ўвесь у брудных падцёках поту, запрэгшыся ў неверагодную барану — усяго толькі абпаленая вяршынка елкі, сукаваты вожык, — цягаў ён сукамі наперад з канца ў канец паляны, узьдзіраючы пакрытую попелам зямлю. Паліна прыбягала да яго з абедам (салёныя агуркі і грыбы, рыба, бульба, хлеб), як жа яна клапацілася каля беднага свайго, як яна лічыла, катаржніка. I ня верыла, што белазубая «негрыцянская» шчасьлівая ўсьмешка — гэта ўсур’ёз, што такая праца можа некаму падабацца. А Франц і сапраўды перажываў незнаёмае раней адчуваньне паўнаты жыцьця. Спрабаваў растлумачыць жонцы: менавіта так, менавіта з голымі рукамі адзін на адзін з прыродай, і вось, калі ласка, не прапалі б з Палінай і дзецьмі — без усякае дзяржавы, без усялякае ўлады. Вось пабачыш, вырасьце проса, каша будзе, разварыстая — лыжку праглынеш! Глупства, фантазіі, але гэта Франц, не дарэмна яна кахае яго, анікога іншага поруч з сабой уявіць ня можа. Але на ўсякі вьшадак казала:
— Ведаю, чаму табе так хочацца безь людзей, у дзікім лесе жыць. 3 такой жонкай — ні сабе, яі людзям паказаць!
I звыкла трымаецца рукой за шчаку. Левае вока ў Паліны крыху зьліплася, бачыць, але ўсё роўна не як у людзей. Франц не спрачаецца, проста глядзіць, але так, што Паліна, успыхваючы румянкам, сьмела прыбірае руку.
— А, як хочаш! Якая ёсьць, такая ёсьць! — кажа з гульлівай абыякавасьцю, а ў вачах усё роўна блізкія сьлёзы.
Убачыў Франца я, усю яго немалую сям’ю на партызанскай сустрэчы ў лесе побліз вёскі Зубаравічы. Гэта былі ўжо хрушчоўскія 60-я, такія сустрэчы сталі дазволенымі, рэгулярнымі, звычайна 9 траўня. «Рамантыкі сталінізму», а менавіта так хочацца назваць многіх партызан гэтага часу, прынялі з рук выкрываўцы іх «галоўнакамандуючага» тое, да чаго ён сам, Сталін, блізка іх не падпускаў, але «Мікіту» тым ня менш недалюблівалі, а «генэралісімуса» па-ранейшаму ўшаноўвалі. Так і не даведаліся, а даведаліся, не паверылі б, што рыхтаваў і ім крывавую лазьню, можа быць, адразу пасьля габрэяў, і толькі сьмерць перашкодзіла яму аддзячыць іх па-сталінску.
Да таго часу на месцах ужо адбылося «амаладжэньне кадраў», у райкомах і райвыканкомах на зьмену былым партызанам прыйшлі іншыя людзі, але ў цэнтры, у Менску, яны сядзелі шчыльненька, а таму раённыя кіраўнікі такія партызанскія сьвяты арганізоўвалі з усім партыйным размахам. Высылалі на «месцы баёў» буфэты, загадзя будавалі дзе-небудзь на лясной паляне ці ля ракі трыбуну, вылучалі ўласных прамоўцаў, наструньвалі вясковых настаўнікаў, гэтых пакорлівых прыпражных ва ўсіх падобных мерапрыемствах, нават калгасьнікаў стараліся
не займаць тэрміноваю працаю, і нават уласнай начальніцкай прысутнасьцю асьвячалі выязныя папойкі. Як калі б да іх наехала начальства з вобласьці ці з самой сталіцы. Улічвалася: заўтра хто-небудзь з гэтых партызанчыкаў папросту сустрэнецца з самым Мазуравым ці Машэравым ды і падзеліцца ўражаньнямі аб пастаноўцы патрыятычнага выхаваньня ў такім вось раёне.Ну а мы, радавыя народныя мсьціўцы, настроеныя былі мірна-настальгічна нават у адносінах да тых з свайго былога начальства, каго на дух не пераносілі. Самі ж нашы начальнікі працягвалі высьвятляць, хто каго абскакаў пасьля вайны і ці па заслугах. Але здаралася, што жыцьцё і нас сутыкала лбамі. Ды не, не жыцьцё, што нам было дзяліць, а зусім пэўныя, кампэтэнтныя ў такіх справах, органы. Мне, напрыклад, зь нейкага часу езьдзіць на такія сустрэчы расхацелася, хаця многіх пабачыў бы з радасьцю. Але неяк сорамна было сустракацца зь вясёлым сваім камбрыгам, які, прасьцецкая душа, падпісаў супраць мяне генэральскае пісямко ў беларускай газэце з гнеўным палкоўніцкім асуджэньнем «пацыфіста» і «абстрактнага гуманіста». Ну што, высьвятляць зь ім, якія бываюць гуманізмы? Абстрактныя, не абстрактныя? Большае дурноты не прыдумаеш. Або такі ж ліст майго аднагодка, які аж у маскоўскай «Красной звезде» выліў сваю горыч, што давялося яму партызаніць з чалавекам, які паклёпнічаў на нашых гераічных генэралаў.
Але першы час мы езьдзілі на такія сустрэчы вельмі ахвотна. (Пасьля адно брат мой туды накіроўваўся, а мне прывозіў прыветы.) Вось там я і ўбачыў Франца, яго вялікую сямейку. Каля машыны-буфэту тоўпіліся чыста апранутыя калгасьнікі, найболын жанчыны зь дзецьмі і падлеткі, у вочы кінуўся высокага росту блакітнавокі мужчына ў праставатым суконным касьцюме і з галыптукам. Ён толькі што прыняў ад буфэтчыцы на дзьвюх талерках хлеб і горку сасісак, і яго акружылі тыя самыя надлеткі — колькі ж іх, ці не пяцёра? Невысокая поўная жанчына (такіх у нас часьцей называюць: жанчынка, і яшчэ дужа добра кладзецца слова: кабета, кабетка), пашумліваючы на гэтую арду, пачала дзяліць сасіскі — па адной кожнаму. На галаве ў яе цёмная хусьцінка, хаця сукенка вясёлая, у кветкі. (А калі прыгледзецца, убачыш, што левая шчака ў жанчыны пашкоджаная, як бывае ад блізкага выбуху).
Калі ў сям’і шмат хлопчыкаў, а самая малодшая — дзяўчынка, яна звычайна агульная любіміца. Прыкметна адразу, што і тут гэтак жа. Зусім магчыма, што іх так шмат, хлолчыкаў, таму што бацькі хацелі дзяўчынку і ўсё «дабіраліся» да яе. Так што ёй гэтыя свавольнікі абавязаныя сваім зьяўленьнем. Гукаюць да сваёй дабрадзейкі яны нетутэйшае імя: Марта.
Наўрад ці надоўга запомніў бы гэта мімалётнае адчуваньне, разуменьне, што бачу добрую, шчасьлівую сям’ю, калі б пасьля не пачуў такую гаворку:
— А бачылі тут немца? Ледзь ня дваццаць гадоў яго хавала жанчына ў падвале.
— Ну і ну! Фрыца?
— Але. Фрыца. Дзяцей кучу нарадзілі, а потым аб’явіўся. На торфазаводзе працуе.
А потым і ў самім Менску пачуў пра яго. У сувязі са «Слуцкай гісторыяй», што ўсхвалявала ўсю Беларусь. Я маю на ўвазе выпадак, калі разгневаны натоўп добрых беларусаў спаліў суд, жыўцом згарэла жанчына-судзьдзя, некалькі чалавек пасьля гэтага расстралялі.
Неяк у мяне ўзьнікла патрэба зайсьці ў «першы аддзел» Акадэміі навук: мы ўжо сталі выяжджаць па турысцкіх пуцёўках за мяжу, а за тымі жалезнымі дзьвярыма захоўваліся нашы «справы», па якіх зьвяраліся падобныя жаданьні з магчымасьцю іх ажыцьцяўленьня. Нейкая пячатка мне спатрэбілася. Убачыў за высокім бар’ерам маленькага чалавечка: мне не знаёмы, але на мяне глядзеў, як на вядомага яму ўдоўж і ўпоперак, з усімі трыбухамі. Я, вядома, не зьдзівіўся: а як яшчэ можа глядзець чалавек («першы аддзел»), у якога пад рукамі, перад вачыма ўся твая паднаготная, нават тое, пра што сам ня ведаеш і не падазраеш?
Але ён палічыў патрэбным свой позірк растлумачыць зусім проста:
— Вы ж родам са Случчыны? Я таксама адтуль. Зусім нядаўна ў вашай Акадэміі.
Ня быў бы гэта правінцыял: тут жа паведаміў, што раней працаваў у райвыканкоме, але пераведзены сюды пасьля славутай «Слуцкай справы». Жывы сьведка! Я ня мог не пакарыстацца нестатутнай гаварлівасьцю земляка, паспрабаваў даведацца аб усім больш падрабязна. Сёе-тое ўжо было вядома. Увесь шум-бор узгарэўся з забойства, але не радавога: работнік райвыканкому прыстукнуў у пад’езьдзе такога ж, як сам, маладога дзецюка. Маладзёжныя страсьці. Але акрамя таго, што ўлада б’е грамадзян па галаве ў нейкім пад’езьдзе, была і яшчэ адна абуральная акалічнасьць: забойца — сын паліцая, а забіты з партызанскай сям’і. Для Беларусі гэта, выявілася, неабыякава і празь дзесяць, і праз дваццаць гадоў пасьля вайны. Ты я на с забівал і тады, а гэты я цяпер! Асабліва абмяркоўвалася тая падрабязнасьць, што «паліцэйскі» заведваў «культурай» у выканкоме, а ўсім вядомыя абавязкі такога работніка: міжсабойчыкі, саўны, адпачынак на прыродзе для начальства, жаночае абслугоўваньне. Ясна, што такога карыснага работніка начальства не пакіне без апекі і клопату, і пакараньня за злачынства не адбудзецца. Завязаўся такі клубок чутак, перасудаў, страсьцей, што разьвязаць яго можна было толькі адкрытым, галосным, на вачах усіх разборам і судом. Начальства ж зрабіла якраз наадварот (яшчэ не хапала ісьці на повадзе ў мас!) — суд адбыўся ў забалотным райцэнтры, у пакойчыку для дзесяці прысутных. За вокнамі ж і сьценамі суду сабраліся сотні, а на другі дзень і тысячы людзей з усёй ваколіцы, з самога Слуцку. Небывалая для рэспублікі сытуацыя. Мабыць, нанесены ўдар быў у нейкі патаемны нэрв беларуса, народу, якога за незласьлівасьць і дабрадушша хваліў сам Іосіф Сталін і сам Адольф Розэнберг. (Пахваліўшы, прашарсьцілі да незалечных праплешын і шнараў.)