Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крытыка

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Вось ён і з'явіўся, беларускі Байран. Нам патрэбны беларускі Дантэ, беларускі Гётэ… Без "Фаўста" і "Боскай камедыі" не можа абыходзіцца нічыя літаратура. І справа нават не ў Дантэ і Гётэ. Справа ў нас. Трэба гэта зрабіць для сябе, для ўзбагачэння сваёй мовы, для яе гнуткасці, шматфарбнасці, зіхацення, светаноснасці. Таму пераклад Байрана — крок, які нельга пераацаніць.

Добра аформленая, з выразнымі гравюрамі мастака П. Аляксеева, гэтая кніга стала неабходнай кнігай, асабліва на стале маладога чалавека. Таму што Байран — вечная любоў усіх узростаў, а асабліва юнага.

Мы любім яго сяброў, ненавідзім яго ворагаў. Але асабліва любім яго самога. Па многіх прычынах, але галоўным чынам таму, што ён — наш сучаснік,

чалавек, які стаяў за лудзітаў, за грэкаў, за вольных, за прыгнечаных.

Ягоная творчасць вучыць любві да радзімы і волі, вучыць сумленню, нянавісці да клерыкалаў, да ханжаў, да поскудзі, да філістэраў, да гнілога быдла, якое церпіць выспяткі, да добраахвотных халопаў, што цалуюць чужынскія рукі. Яна непрымірымая ў нянавісці, бо любіць людзей.

Ці ж гэта не наш сучаснік? Вось аб капітале:

Вы згінеце, як знізіцца цана! Для вас жыццё шчаслівае — вайна. . Ад думкі той вам галава баліць, Што бедны стане лепш на свеце жыць. Лягчэй людзям, — тлумачыце вы нам, — Калі ўсе грошы аддадуць панам. Вось аб манархах, якія хочуць вайны: Лепш меч на плуг табе перакаваць, Лепш цаліну пустэльную ўзараць, Ад рабства вызваліць народ лепш свой, Чым кідацца туды сторч галавой. Аб дыктатарах: Гарачка ўлады кінулася ў кроў Стваральнікаў вучэнняў і дактрынаў, Правадыроў, паэтаў, дзеячоў. І ўсе яны, вялізныя мужчыны, Дурней за тых, каго дурыць павінны. Зайздросцяць ім. О божа мой, чаму? Каб чалавецтва глянула ў глыбіні Такой душы, падобнай на турму, — Не трэба славы ззяння век было б яму. Аб рэвалюцыях: Стаіла страсць у логвішчы дыханне, Ды пройдзе час — паўстане гневу раць, І права помсты, кары й даравання І сёння не прымусіць нас чакаць.

Байран верыў у справядлівасць для мільёнаў. Верыў у тое, што ў нядолі, у грубай сілы, рабаўнікоў, здзерцаў, гвалтаўнікоў і ашуканцаў нядоўгі век.

Ён быў атэіст. Гаворачы пра славу бога, ён разумеў славу і сілу праўды, якая робіць магутным нават слабога і пакрыўджанага.

I нам трэба падзякаваць перакладчыкам за тое, што яны данеслi да нас золата радкоў вялiкага англiчанiна.

Не, не англічаніна. Вялікага чалавека, які аднолькава належыць усім мовам і ўсім народам зямлі.

Невялічкая кніга ў мяцежнай, барвяна-чорнай вокладцы, кніга на нашай, на маёй і тваёй, чытач, роднай мове сведчыць аб гэтым.

А бадай вам цiкава было

Сёння ў вас свята, дзецi. Старэйшыя прынеслi вам падарунак, цудоўна выдадзеную кнiгу беларускiх народных казак. Малым пачытаюць гэтыя казкi бацькi, большыя — самi будуць чытаць i разглядаць малюнкi. I адразу ўстане перад вамi дзiвосны свет, дзе ходзяць каткi — залатыя лабкi, дзе воўк з сабакам — зусiм па-чалавечы — гарланяць на вяселлi песню, дзе ў балоце водзяцца смешныя дурнаватыя чэрцi.

Мы, дарослыя, зайздросцім вам. Калісьці і мы смяяліся і заміралі, слухаючы казкі. А ў вас усё гэта наперадзе.

Каму вы можаце падзякаваць за дарагі падарунак?

Кнігу гэтую стваралі сотні людзей,

маляваў для яе малюнкі дужа таленавіты мастак. Але перш за ўсё трэба дзякаваць безыменным людзям, якія прыдумалі гэтыя казкі і, праз вякі, данеслі іх да вас.

Так, праз вякі. Пра рыбу, што праглынула пярсцёнак, людзі расказвалі тры тысячы год назад.

Чалавек тады шмат чаго не разумеў і лічыў, напрыклад, што пад час зацьмення змей крадзе сонца. Таму і нельга казаць, што казка — байка і выдумка. Не зусім.

Вось казка "Стары бацька". Яна ідзе з тых часоў, калі продкі нашы часта галадалі і таму ў час голаду адвозілі старых у лес. Дзікі звычай? Але казка гаворыць і аб тым, як ад яго адмовіліся, бо любілі бацькоў і зразумелі, што ўсім патрэбен іхні розум, што іх трэба шанаваць і даглядаць. Казка гаворыць аб высакароднасці і дабрыні і таму дарагая нам.

Кніга не мяняецца, а вусныя казкі ўвесь час мяняліся. Бацькі расказвалі іх дзецям, тыя — сваім дзецям. Нешта забывалі, нешта прыдумвалі, каб лепей. А паколькі забываецца горшае — казка рабілася ўсё лепшай і стала для нас узорам. Нямногія пісьменнікі могуць пісаць лепей. А таму казкі любяць усе: і малыя і старыя. Пра казку — ведайце — пішуць навуковыя кнігі. Праўда-праўда.

Вы даведаецеся з кнігі казак, што няма нічога сыцейшага за зямлю, саладзейшага за сон, шпарчэйшага за чалавечую думку. Дык вось, казка — ад нашай зямлі і яе людзей. Яна — чароўны сон і яна — думка чалавека.

Яна гаворыць аб тым, што той, што не капае з усімі студню, той няхай п'е расу; яна гаворыць, што грубая сіла нішто перад розумам; яна заклікае любіць людзей, памагаць ім, слухаць іх, але і мець свой розум.

Казка здзекуецца з паноў, якія пайшлі ад чорта, і ўслаўляе хітрага і вясёлага селяніна, які абводзіць вакол пальца гэтых паноў.

Хто запісаў казкі? Многія людзі. Назавём хоць некаторых з іх. Гэта Е. Раманаў, П. Шэйн, М. Федароўскі, А. Сержпутоўскі. Людзей, якія запісваюць песні і казкі, завуць фалькларыстамі. Яны сабралі многія тысячы казак.

Запісы трэба было апрацаваць: скараціць (дзяды любілі расказваць доўга, ім не было куды спяшацца ў бясконцыя зімовыя вечары), зрабіць казку цікавейшай, уставіўшы ў яе словы з іншых падобных казак. Многія казкі розных народаў падобныя. Трэба было ўзмацніць усё тое, чым беларуская казка адрозніваецца, скажам, ад англійскай, украінскай, французскай. Народы зямлі шмат у чым непадобныя адзін на аднаго і гавораць па-рознаму. Не скажа, напрыклад, немец: "А бадай вам смешна было". Гэта наша — беларускае. Вось гэтыя казкі і апрацавалі для вас пісьменнікі М. Клімковіч, А. Якімовіч і наш народны паэт Якуб Колас.

Нашто трэба было запісваць казкі? Фалькларысты ведалі, што дзецям у горадзе расказваюць іх радзей, чым на вёсцы. Але не гэта галоўнае.

Тады былі дужа цяжкія часы. Людзі галадалі і таму марылі, у такіх казках, як "Жаронцы", аб сытасці, волі і справядлівасці. Людзі працавалі вышэй сілы — і аб гэтым таксама гаварылі казкі.

Трэба было, каб пра гэта ведалі ўсе.

Ну і хіба кнігі не маглі расказаць, што людзям так цяжка жывецца, што галодныя нават дзеці? Не маглі. Беларускія кнігі, як і мова, тады забараняліся, і казка была беднаму чалавеку замест кнігі. Яна была зразумела яму. І народ склаў казку "Замыкай" аб тым, што трэба любіць сваю мову, што між багатым і бедным агульнай мовы не можа быць.

Таму і трэба было запісаць казкі. Іх запісалі, і цяпер вы будзеце чытаць іх, здзіўляцца, смяяцца, а можа, і плакаць.

Казкі складаюцца і сёння. Калі пачуеце дзе — запомніце. Бо казка данесла да нас мінулае нашага народа, зберагла нашу мову. Яна данясе і да нашчадкаў памяць пра нас.

І ўсё адно лепей за казку не скажаш. Няхай гавораць яны. А вы, дзеці, ідзіце ў гэты край, за сем гор і мораў, трошкі бліжэй ад сонца і трошкі далей ад месяца…

Усё жыццё будзьце ўдзячны роднай казцы за той дзіўны свет, які яна падарыла вам.

Поделиться с друзьями: