Крытыка
Шрифт:
Таму што менавіта ў гэтай клаацы героі мае (як сотні іншых у рэальным жыцці) прыдбалі сапраўдны гарт, сапраўдную зброю.
Усведамленне таго, што нельга, каб мучылася Рагожская слабада, каб "кнутобойничали" на Балотнай плошчы, каб ішоў у бандзюкі Сашка Шчалканаў.
Усведамленне таго, што кожны на зямлі, нават самы патаптаны і зняважаны, табе сябра і брат. Можа быць такім. Будзе, калі ад полюса да полюса кожная жывая душа задумаецца над гэтым, над тым, што не паўсюль яшчэ на зямлі такое адышло ў нябыт.
Над тым, што чалавецтва не павінна быць дэбільным дзіцем, якое ламае свае цацкі, а то й нявечыць сябе самога.
Калі мне ўдасца няхай
Справядлiвасць
Што такое ўплыў кнігі на чалавека і ў чым ён? Чаму адна, здавалася б, разумная з разумных, высакародная з высакародных, так і пакідае цябе халодным?
І чаму іншая, зусім непачцівая да чалавека, прымушае гэтага чалавека ледзь не маліцца на аўтара?
Чаму адна, вытанчаная, выклівае мароз агіды, што прабягае па спіне, або, у лепшым выпадку, нястрымныя пазяханні?
А другую, напісаную часам нават крыху карава, не выпусціш з рук і, скончыўшы, адразу захочаш перачытаць.
Мне здаецца, што адзін з сакрэтаў уплыву кнігі — у яе закончанасці. Кніга, як жывая істота. Прыўкрасны алень, прыўкрасная птушка ў палёце, прыўкрасная, як ні дзіўна, і змяя са стракатым візэрункам яе скуры. Хаця першыя выклікаюць жаданне паляцець, а другія — дрыжыкі агіды.
Калі ў цалкам завершанай, у сабе самой цэльнай кнізе заключаны яшчэ высакародныя мэты, якіх хоча дасягнуць аўтар, высокая ідэя (і мужнасць і дасягненні яе), розум, сэрца, захапленне перад чалавекам і супакутаванне яму, нястомная, бяссонная нянавісць да яго ворагаў — кнізе забяспечаны поспех, прынамсі, у людзей добразычлівых і разумных, людзей, якія ведаюць, што да чаго.
Калі да ўсяго гэтага дадаць яшчэ і такую "драбніцу", як талент. Вядома, гэта толькі мая асабістая думка, і я не збіраюся навязваць яе нікому.
У сучаснага чалавека вечна не хапае часу, мы ўсе заўсёды некуды спяшаемся. І, як ні дзіўна, менавіта гэта дапамагло мне напісаць пра кнігу Янкі Сіпакова "Веча славянскіх балад". Выпраўляючыся на адну пачцівую творчую нараду ў Крым, я ўзяў гэтую кнігу з сабой. І там мне прыйшла ў галаву думка выпрабаваць кнігу на аўдыторыі, вельмі далёкай вершам і Беларусі.
Прачытаў ёй некалькі балад. І тут пачалося тое, чаго я, прызнацца, аніяк не чакаў. Людзі, якія не ведалі анічога па-беларуску, людзі, якія мала ведалі нашу літаратуру, раптам нібы страпянуліся, узрушаныя да глыбіні (не пабаюся ўжыць гэта слова) чымсьці, што мне спачатку здалося, магчыма, і не зусім важлівым, хаця кніга і вельмі падабалася мне.
Сібірак перадрукаваў "выбранае" на машынцы, ставячы адзінку замест "і". Ленінградзец завучвае "Лазню" і "Еш!" на памяць, просіць выправіць вымаўленне, перапісвае. І ўсе, чалавек дзевяць, просяць самую кнігу.
Гэта было досыць даўно. За гэты час думкi аб "Вечы" адкрышталiзавалiся, а сама кнiга надыбала процьму верных прыхiльнiкаў, трывала заняла сваё пачэснае месца на беларускай лiтаратурнай палiцы.
А тады я моцна задумаўся: у чым справа? Што такое кніга і ў чым, у прыватнасці, уплыў гэтай кнігі?
Так, перш за ўсё, у цэласнасці, у завершанасці, хаця і ў ёй ёсць "лішнія прывескі".
Усяго крыху болей за паўтары сотні старонак. І на гэтых старонках — каласальны віток. Першы віток у гісторыі славянства (пра папярэднія мы
не ведаем, ад тых часоў дайшлі да нас курганы ды косці і, на жаль, больш амаль нічога; і хаця "курганы вельмі шмат нам гавораць", а ўсё ж гавораць яны менш, чым нам бы хацелася), пачатак бясконцай, накіраванай у будучыню спіралі, аб бясконцых наступных вітках якой мы пакуль можам толькі здагадвацца.Маю я рацыю альбо не, але паэт задумаўся над гэтым і паспрабаваў першым — у строгай, амаль сістэматычнай цэласнасці паказаць: а што гэта такое было. Удалося гэта да канца або не — вырашаць не нам. Але я думаю, што ў вельмі значнай ступені ўдалося. Удалося для першага накіду агульнай паэтычнай гісторыі славянства, займацца якой давядзецца яшчэ і яму, і многім іншым, калі мы хочам ведаць, які ён, наш характар, якія адрозненні розных людзей у гэтай вялікай "сям'і".
Хто мы, адкуль мы прыйшлі, куды мы ідзём?
І паэт думае. І цвёрда ведае, што кніга славянства не канчаецца "Дасвеццем". І праводзіць, цярэбіць сякія-такія сцежкі ў будучыню. Накшталт той жанчыны з балады "Сяўба", якая перш за ўсё сеяла на папялішчы кветкі.
Што з іх вырасце? Толькі б не порах. Што нясе наступны віток? Гэта залежыць толькі ад нас. Толькі да нас саміх, і ад усіх, колькі іх ёсць, людзей на зямлі.
І вось гэтая філасофская сістэма кнігі, так рэдкая ў нас, дый не толькі ў нас, здзіўляе перш за ўсё. Не майстэрства і не мастацкасць (такіх кніг многа), нават не напал гуманізму (і гэта ў беларускай кнізе не рэдкасць, хутчэй правіла), а тое, што… кніга — адзін выдых.
Гэты хлопец, сам таго не жадаючы, даў ладнага выспятка паэтам майго пакалення, i ў тым лiку, мне.
І дзякуй богу. Свет, дзе няма месца нечаканасцям — гэта не свет.
І кніга гэта добра паслужыць людзям і Беларусі.
…Менш за ўсё я збіраюся тут цытаваць. Гэта не пахвала кнізе, хаця яна і дабрэнная, не пахвала і майстэрству, хаця яно і адточанае. Гэта пахвала роздуму, задуме і выкананню яе, цэльнасці.
Кніга ў сутнасці — поўная жудасці, страшная кніга, нягледзячы на некаторыя рэверансы ў бок жарту, пераможнай песні і г.д. (дарэчы, у значнай ступені лішніх тут, хаця іхняя прысутнасць і зразумелая, іначай у многіх валасы б усталі дыбаром).
Гэтая кніга ўся — адзін аголены нерв. Гісторыя пакуты. Прычым не толькі гісторыя пакуты македонца, беларуса, рускага, славена, а і ўвогуле гісторыя пакуты Чалавека, імя якому Славянін.
І, нібы ў казцы, чым далей, тым страшней гэтая пераклічка мучэнняў паляка, балгарына, рускага, серба…
Дзеці, чакаючы ўколаў добрага доктара (доктара ў канцлагеры), гуляюць у мячык, не ведаючы, што пасля ўкола будзе не бульба, а смерць [1] ("Мячык").
Настаўнік вядзе апошні ўрок, стоячы разам з дзецьмі пад рулямі аўтаматаў, урок нянавісці і чалавечнасці, які дзецям праз пяць мінут ужо не прыдасца, але, быць можа, прыдасца жывым, калі нехта аб ім пачуе ("Урок").
1
Нягожа гаварыць пра недахопы ў прымяненнi да такога цудоўнага верша. Але гэта недахоп не толькi яго. Iншы раз аўтару не хапае пачуцця меры. Доказы грувасцяцца гара на гару, калi хапiла б i пясчынкi. Маленькi чалавек гаворыць: "Мяне не заб'еце. I толькi за тое, што я поляк". I тут жа крычыць: "Хто ты естэсь? Поляк малы". Ён гэта ўжо давёў. Больш стрымана i высакародна. Але гэтая нястрыманасць ва ўзвышаным — гэта i ўвогуле наша агульная беларуская рыса.