Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Імператар

Хутчэй! Канчай свае пустыя ўрокі!

Астролаг (як раней)

Таймуй, манарх, паспешлівыя крокі! Навошта нам карысць уцех і страсці У маскараднае забавы красці? Здабудзь спярша богаславанне бога На атрыманне золата зямнога: Дабра ты хочаш — добры будзь, Уцехі хочаш — гнеў забудзь, Віна — умей вырошчваць лозы, Чакаеш цудаў — вер і будзь цвярозы.

Імператар

Каб не наклікаць нам бяды, Лепш пачакаць да серады,{135} А каб не страціўся
запал,
Наладзім пышны карнавал.

Трубы. Exeunt{136}.

Мефістофель

Калі ўжо ўдаўся асталоп, Яму і доўбняй не ўваб’еш, Хоць на кавалачкі парэж, Хоць камень мудрасці — у лоб.

Шырокая зала з прыбудовамі, убраная да маскараду

Герольд

Не думайце, што мы, германцы, Шануем толькі д’ябальскія танцы,— Мы любім смех, забавы, карнавалы. Калісь руплівец наш за перавалы Альпійскіх гор паходамі хадзіў, Там на карысць сабе, — і нам з ім рай — Ён добра папе дагадзіў,{137} Здабыў карону і вясёлы край, А нам жа блазенскі каўпак прыпас. І мы пасля такой узнагароды Вяльможы ўсе, як дурні напаказ, Фарсім у каўпаках апошняй моды. Калі ж па шчырасці, дык, можа, Не гэтакі ён дурань, наш вяльможа. Ужо збіраюцца ў палац памалу — Хто парамі, хто так адзін ідзе, Альбо плывуць гуртамі ў залу, І зала ўжо хвалюецца, гудзе — Снуюць, таўкуцца, гоман, смех… Ну што ж, палац — заўжды палац І свет з мільёнамі пацех — Як той пакеплівы паяц!

Садоўніцы (спяваюць пад мандаліны)

Лепшая акраса свята — Фларэнцінак юных хор. Упрыгожыць ён багата Велічны германскі двор. Перавіты чорны локан Кветкамі палёў, лясоў, Зіхацім каштоўным шоўкам, Кутасамі паясоў. Толькі з нашай дбайнай працай Выспявае штучны плод. Тут у барвах красавацца Кветкі могуць цэлы год. Кветкі ззяюць на абновах, Кожны лісцік трапяткі, Са шматочкаў каляровых І пялёсткі і лісткі. Шык і моду не адкіне Маладая прыгажосць; І ў мастацтве, і ў жанчыне Артыстызм прыродны ёсць.

Герольд

Ну, паказвайце кашы,— Што захочуць, купяць госці На ўзвясельванне душы Бляскам штучнай прыгажосці. Зала ўся і пераходы Зацвілі, як райскі сад, Кветкі — тут не дар прыроды, Тут квятняркам кожны рад.

Садоўніцы

Што прыцэньвацца дарэмна, Тут вам баль, а не базар; А каб выбралі нядрэнна, Назавём сябе й тавар.

Галінка з алівамі

Не зайздрошчу пышнай флоры, Ненавіджу я раздоры — Мір люблю, люблю спакой. Сімвал спеласці ў прыродзе, Я служу дабру і згодзе — Шчырасць я нясу з сабой. Можа, й сёння ў гэта свята Я ўвянчаю лаўрэата.

Залаты вянок з каласкоў

Дар Цэрэры лепшы кветак{138} Вам дадасць яшчэ акрас. З каласкоў людзям наедак І аздоба сама раз.

Фантастычны вянок

Я на выгляд фантастычны, А
прыгледзься — мох сухі;
У прыродзе — сціплы, звычны, Але ў модзе — дарагі.

Фантастычны букет

Нават і навука ваша Нашай назвы вам не скажа. Хай не ўсе, сёй-той эстэт Купіць дзіўны наш букет Ці дзяўчо дзеля красы Возьме ўплесці ў валасы, А яшчэ прыгожа будзе Прышпіліць мяне на грудзі.

Група ружовых пупышкаў

Хай буяе пышным цветам Мода і зімой, і летам, Хай прыроду абражае, Хай густоўных зневажае, Хай з-пад кудзерак званочкі Лашчаць мяккай фарбай вочкі. Зеляніна…

Другая група (з выклікам)

нас хавае, Хто нас знойдзе, шчасце мае. Радасным, вясёлым летам Расхінецца ружа кветам. Лета — час кахання, мар, Час прызнанняў і ахвяр. Час, калі жывуць у лад Сэрца, розум і пагляд.

У зялёных алеях садоўніцы з густам развешваюць свой тавар.

Садоўнікі (пад акампанемент тэорбаў)

Нашы кветкі — радасць воку, Хваляць іх таму заўжды. А пахваліце плады, Як скаштуеце з іх соку. Вішню, персік, яблык спелы Выбірайце не на вока, Бо яно ж і схібіць лёгка, Тут язык — дарадца ўмелы. Кветкі могуць быць апеты, Можна з іх вяночкі плесці,— А румяны плод паэты Пераважна любяць есці. Аб’яднаемся, кабеткі, Будзе шмат прыгожых пар! Прадамо плады і кветкі — Разам збудзем наш тавар. У зацішачку ў альтанцы, Адышоўшы трошкі ўбок, Кожны можа ўзяць каханцы Кветку, плод або вянок.

Пад гукі гітар і тэорбаў абедзве групы з песнямі раскладваюць і развешваюць тавар.

Маці і дачка.

Маці

Ты прыйшла на белы свет І чапец надзела; Хараство ў табе, імпэт, Пешчанае цела. Як цябе я спавіла, Так у думках аддала За каго хацела! Дні цяклі, цяклі гады, Добрыя, благія; Разбрыліся хто куды Жаніхі былыя. З тым у танец, з тым у скок, Таму локцікам пад бок — Клопаты пустыя. І залёты, і лато Марнай тратай выйшлі, Не прыбіўся аніхто, Нават трэці лішні. Сёння дурняў хоць касі, Ты ўжо шчасця не ўпусці, Міг удачы ўвішны.

Да маці і дачці падыходзяць сяброўкі, маладыя і прыгожыя; гучная задушэўная гутарка. Уваходзяць рыбакі і птушкаловы з нератамі, сіламі, вудамі і галінкамі, памазанымі завабным клеем на птушак, і ўліваюцца ў натоўп жанчын. Пачынаецца гульня ў даганялкі; вясёлы смех, жарты, намёкі.

Дрывасекі (уваходзяць груба і развязна)

Ану, з дарогі, Малодкі, дзевы! Мы валім дрэвы — Дубы, яліны, Трашчаць галіны! — Адтопчам ногі! Павагу майце Да працы чорнай І нас не лайце. Паўсюль падзелы: Той круціць жорны, Той хлебец белы Жарэ ў тры горлы. І мы пацеем: Сячом вам дровы — А вы здаровы, Бо мы вас грэем.
Поделиться с друзьями: