Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дрыгва

Колас Якуб

Шрифт:

— А ты ж казаў, што ідзеш з Петрыкава?

— Ну але, з Петрыкава, — матнуў галавою дзед.

— А цяпер ты кажаш, што ідзеш з лесу.

— Ну і з лесу.

— А хто напалохаў цябе?

— Напалохалі, ой напалохалі! — ажывіўся дзед і плюнуў разы са два.

— Хто напалохаў?

— Ну хто ж? Яны — чэрці… з дрыгвы павылазілі. А дрыгва там вялікая! Людзі не ходзяць па ёй, бо калі ступіш на яе, дык ужо наверх не выберашся. Не, не выберашся.

— Раскажы нам падрабязна пра іх. Мы ніколі не бачылі чарцей.

— Кінь, панок, пытацца пра іх: сніцца паганыя потым будуць.

Але дзеда ўгаварылі расказаць пра чарцей.

– Іду я, мае мілыя паночкі, — пачаў стары, — аж зірк — выходзіць адзін, ды такі ж страшны, чорны! А на

грудзях у яго накрыж цэлыя маністы ладункаў навешаны. З выглядунібытаічалавек. але скульжа тамчалавеку быць? Такая немарач, нетра, глухмень. Неба з-за лесу не відаць, а збоку — балота, ды такое дрыгвяністае, што толькі там і жыць ім. Страх мяне агарнуў. Стаю, пазіраю. А яны як шугнуць з балота ды як зарагочуць, убачыўшы мяне, — скура на мне шорхнула. Кінуўся я ўцякаць, хавацца. А яны за мною. "Стой!" — крычаць. Дагналі мяне, абкружылі. А мне і вочы туман заслаў. "Хто ты такі? Куды ідзеш? Хто падаслаў цябе сюды?" I ўсё напіраюць, чаго я ў іхняе пекла трапіў? Пусцілі мяне… "Ідзі, — кажуць, — ды глядзі, нікому не кажы, што бачыў тут: раскажаш — у багну ўкінем". I толькі як пусцілі мяне, успомніў тады, што я — хрышчоны чалавек. Стаў я хрысціцца ды пацеры шаптаць, бадай іх немач пабрала…

— Лжэш, галгане! — крыкнуў пан Крулеўскі і схапіў старога за бараду. Збітая ў касмыкі дзедава барада засталася ў панскай руцэ.

— Што ж ты скажаш цяпер? — запытаў яго пан Крулеўскі, сунуўшы ў нос безбародаму дзеду касмыкі яловага моху.

Пераадзеты партызан маўчаў.

— Ты прыйшоў шпіёніць? Прызнавайся, лайдак.

— Панок, прызнаюся, — бухнуў у ногі пану Крулеўскаму выкрыты партызан, — мяне паслалі на разведку. Вось я сабе і думаю, дай пайду, але назад не вярнуся, уцяку дамоў і кіну ўсё гэта. Ці ж мы, простыя мужыкі, можам ваяваць з такім войскам, як польскае? А калі дачуліся, што супраць нас ідзе сам палкоўнік пан Крулеўскі, дык на нас напаў страх, і пачало наша войска разбягацца. А рэшта пазашываліся ў такія трушчобы, што хутчэй з голаду паздыхаюць, чым іх знойдуць там.

— А, пся маць! Цяпер толькі розуму дайшлі, — не сунімаўся пан Крулеўскі, але ён значна памякчэў, калі пачуў такую атэстацыю польскаму войску, калі яго назвалі палкоўнікам, — ён быў у чыне капітана.

— А для чаго ж ты ў жабрака пераапрануўся?

— Паночак, думаў, што жабрака не запыняць: жабракоў шмат ходзіць цяпер.

— Не веру, пся крэў!

— Панок! Праўду кажу! Няхай не пабачу я ні свету, ні дзяцей, калі лгу. Абрыдла мне ўсё гэта.

— А ты пакажаш мне тое месца, дзе хаваюцца вашы разбойнікі?

— Баюся, панок: усё роўна заб'юць мяне, калі даведаюцца. Я лепей раскажу, як зайсці туды.

— Не, ты мусіш паказаць сам гняздо сваё, — не адступаўся пан Крулеўскі, — не пойдзеш, тут жа загадаю расстраляць цябе.

Выкрытага партызана ўзялі пад строгую варту. Як ні адбрыкваўся ён, але змушаны быў паказваць месца прыпынку партызан.

У сувязі з гэтым пан Крулеўскі злажыў новы план. Дзвюм ротам аддаў загад заняць усе праходы, а сам з галоўнымі сіламі рушыў к дрыгвяністаму балоту, дзе туліліся партызаны. Пасоўваліся даволі марудна. Узяты пад стражу партызан сумленна паказваў дарогу. Не давяраючы яму, пан Крулеўскі пасылаў на разведку месца і дарог.

Прайшоўшы вёрст пяць, разведка данесла, што ў лесе знойдзена свежае вогнішча і вытаптана месца вакол яго. Каля вогнішча былі знойдзены і рэшткі партызанскай папаскі: скарынкі хлеба, лупіны ад бульбы. Пан Крулеўскі сам агледзеў яго. Праваднік пацвердзіў, што гэта партызанскае вогнішча, і нават паведаміў, што непадалёку ёсць яшчэ некалькі вогнішчаў. Усе яго паведамленні пацвярджаліся. Рух войск яшчэ болей замарудзіўся, і праваднік сказаў, што месца партызанскага схову ўжо недалёка.

А лес глушэў болей і болей. Часцей пападаліся забалочаныя нізіны, заваленыя вываратамі і гнілымі калодамі. Сам пан Крулеўскі, афіцэры і салдаты заметна хваляваліся. У такім напружаным стане прайшлі яшчэ з паўгадзіны. Нарэшце праваднік падаў знак спыніцца.

— Там! —

ціха сказаў ён і паказаў рукою на прагаліну ў лесе.

Пан Крулеўскі запыніў галаву калоны і падаў знак падцягнуць войска. Афіцэры сабраліся вакол свайго начальніка і чакалі распараджэнняў. Пан Крулеўскі пачаў аддаваць загады ротным камандзірам. I раптам густы траскучы залп з тылу, а потым з правага фланга перарваў дачу гэтых загадаў. Некалькі дзесяткаў салдат упала. Град куль са змяіным піскам завыў над галовамі афіцэраў, вырваўшы з іх групы трох чалавек адразу, і стукнуўся ў галіны і камлі дрэваў. Салдаты рынуліся, хто ўрассыпную, хто збіраючыся ў кучы, а хто без каманды кладучыся на зямлю ці хаваючыся за дрэва. Узвод і роты перамяшаліся. Тры салдаты, вартаваўшыя правадніка, кінуліся таксама наўцёкі.

У гэтай мітусні пераадзеты ў жабрака партызан Марка Балук шчасліва далучыўся да сваіх байцоў.

Пан Крулеўскі кідаўся сюды і туды, угнуўшы галаву, штось крычаў, але ніхто яго не слухаў.

Адзін толькі паручык Жыгалкоўскі не згубіў галавы. Ён кінуўся да свайго ўзвода, падаючы каманду лажыцца і рассыпацца ў баявы ланцуг. Але ў гэты ж момант меткая партызанская куля яго самога палажыла на дол, і ўзвод яго быў захоплен агульным патокам сумятні і панікі. Пад несупынным агнём, у мітусні і бязладдзі займалі палякі пазіцыі, але іх выбівалі невядомыя ворагі, не давалі ім часу замацавацца. Толькі ў адным месцы запынілася група салдат з двума афіцэрамі, паставілі кулямёты і адкрылі бурны агонь, секучы кулямі камлі старога лесу, стрымліваючы партызанскі напор.

— Забраць кулямёты! За мною! — крыкнуў Мартын Рыль. Сам уперадзе, а за ім чалавек трыццаць партызан рынуліся на кулямёты. Крокаў дваццаць аддзялялі Мартына Рыля ад жаданай мэты. Польскі афіцэр, сам страляўшы з кулямёта, страляў да апошняй мінуты. Тры кулі ўрэзаліся ў шырокія Мартынавы грудзі. У гарачцы атакі абмінулі яго партызаны, пакідаючы за сабой сцятых кулялеётам таварышаў. Дабеглі, штыхамі і прыкладамі перабілі кулямётную каманду і зацятага афіцэра-кулямётчыка.

З другога боку партызанская лавіна кінулася на фланг палякаў. Не вытрымалі палякі, кінуліся бегчы, але дарогу ім перагарадзіла дрыгвяністае балота. Некалькі салдат з гарачкі і страху скочылі ў балота і праваліліся ў багну з галовамі. А партызаны гусцей і цясней зажымалі свій грозны круг. Пакідалі салдаты стрэльбы, пападымалі рукі. Бледны і перапалоханы, стаяў пан Крулеўскі адзін збоку, не палажыўшы зброі і не падняўшы рук угору.

— Ану, сынкі, выходзьце на пляц! — сказаў польскім салдатам дзед Талаш. Стаяў ён і пазіраў, як горды арол палескіх пушчаў. На грудзях яго блішчалі стужкі патронаў, апяразваючы крутыя дзедавы грудзі двума шырокімі паясамі. У адной руцэ трымаў ён "настаяшчую" ваенную стрэльбу, апёршы яе прыкладам на імшысты дол. Побач з ім таксама з патроннай стужкаю цераз плячо стаяў яго меншы сын Панас і ўсе партызанскія камандзіры. Не было толькі сярод іх Мартына Рыля.

— А ты, пан, што ж не складзеш зброі? Ці ваяваць яшчэ хочаш? — запытаў дзед Талаш пана Крулеўскага. Той моўчкі зняў шаблю і рэвальвер і аддаў іх партызанам.

— Ну, чый жа ты цяпер падданы? — прыгадаў яму дзед Талаш тое ж пытанне, што сам ад яго чуў колісь. Пан Крулеўскі маўчаў.

— Вядзіце іх туды, — вялікім пальцам левай рукі паказаў у лес стары атаман. — I яго вядзіце! — кіўнуў ён на пана Крулеўскага.

Пана Крулеўскага вялі асобна ад салдат. З афіцэраў адзін толькі ён і застаўся: усе яны палі ў часе бою. На маленькай гарбінцы зямлі, шырока раскінуўшы нерухомыя рукі, ляжаў грамозны чалавек. Смерць налучыла яго тады, калі з невялікай западзінкі выбягаў ён на гэты гарбок зямлі. На левай руцэ яго, ніжэй локця, ляжаў неразлучны яго спадарожнік, загранічны карабін. Бледны твар забітага героя-партызана, абернуты к небу, слепа глядзеўшаму на зямлю скрозь густыя макушы старога лесу, быў урачыста спакойны. Суровыя складкі на лбе разгладзіліся, і строгі былі яго самкнёныя губы і выгнутыя чорнымі дужкамі вусы на іх.

Поделиться с друзьями: