Чазенія
Шрифт:
Урэшце ўсё было выпіта і з'едзена, і нават бясконцыя байкі сабутэльніка сталі вычэрпвацца. Будрыс палез у кішэнь і спыніў афіцыянтку.
– Заплачана, – суха і нібы стомлена сказаў Паўлаў.
– Як?
– Заплачана. Праўда, Верачка?
– Як заўсёды.
Будрысу стала пякельна сорамна. Што думаў! Ён цяпер ясна бачыў самоту гэтага чалавека і – ад самоты – утрапёную прагу субяседніка.
– Як хочаце, – сказаў Будрыс. – Я гэтага дазволіць не магу.
– А вы дазвольце. – Паўлаў уважліва, быццам усё разумеючы, назіраў, як чырванее субяседнік.
– Ну, тады яшчэ, – сказаў Будрыс. – Яшчэ.
Ён здатны быў зараз выпiць з гэтым чалавекам
Заказ узялі.
– А добра гэта, калі ёсць грошы, – наіўна і хітравата сказаў Паўлаў. – Во каб гэта ў мяне іх не было... Або ў вас... Я не сеў бы... Вы пайшлі б. I не было б дваіх харошых людзей. А быў бы абаронца біча, пыхаты "еўрапеец"... I біч...
Скалануў галавою. Сказаў пасля паўзы:
– Я не біч, Севярыне. Няшчасце маё, што сем месяцаў абабіваюся тут, ды сяджу па карчмах вечарамі, ды раблю ўдзень за багатую зарплату, замест каб плаваць. Але да плавання мне далей, чым да месяца. Мабыць, ніколі... Вы прабачце, я не магу сказаць болей...
– I вы прабачце, – сказаў Будрыс. – Я таксама...
Яны паціснулі адзін аднаму рукі.
– Заўважаю, са здароўем у вас нешта? – ціха спытаў Паўлаў.
– I са здароўем. I так – пагана...
Паразумела ўсміхнуліся сінія вочы:
– Ну, добра... А то вось яшчэ было... Падчас японскай акупацыі бацька мой выдаў сябе за нашчадка японца. Маўляў, выхадзень з поўдня Японіі, з вострава, здаецца, Акінасіма. Ад маці меў трохі ў форме вачэй і ў колеры аблічча. Зусім трохі, але ж у нейкім там пакаленні – японец... Валодаў гэты японец мовамі: рускай, начаткамі кітайскай і карэйскай, як усе карэнныя, украінскай і яшчэ антыяпонскай... На нас працаваў...
Плыла вясёлая, простая, натуральная размова. Яна нібы варажыла, бо давала радасць, разуменне і спакой.
I пад гэтую размову, і жадаючы змыць няёмкасць і сорам першай гадзіны, яны такі здорава ўзялі ў той вечар.
Ва ўсякім разе, пад канец, калі раптам ударылі смыкі, барабаны і трубы і ўся зала пачала падпяваць і зрывацца а месца, Будрыс са здзіўленнем пачуў, што ён таксама на ўвесь голас падпявае і не бяжыць танцаваць толькі таму, што не ўпэўнены, ці атрымаецца гэта.
У кожнага партовага горада ёсць свая песня, свой асаблівы гімн, пад які не ўседзіць ніхто і ўседзець пад які – гэта амаль што ўчыніць здраду айчыне, ва ўсякім разе, напляваць на яе святыя традыцыі. Тое, пра што ў Амерыцы кажуць: "Лепей апаганьце абеліск Вашынгтону, абы не гэта".
Тут такой песняй была старая, наіўная песня пра дзяўчыну, якая "па-ка-ха-ла ма-ра-ка!!!". I вось глоткі раўлі яе, а ногі адтупвалі так, што дымеў паркет:
Он не лекарь!
Не аптекарь!
Не разносчик мо-ло-ка!!!
Плачу я, но не жалею,
Что влюбилась не в жокея,
Не в торговца бакалеей,
А в бродягу моря-ка!!!
Яны спявалі "джокея" і "торговца-бакалея", нібы гэты гандляр меў другую прафесію – "бакалей" – або гэта было ягонае імя, накшталт "Бармалей". Але спявалі так заўзята і захоплена, што брала ачмурэнне:
Знает он, где спят туманы,
Где кочуют ураганы
И когда цветут бананы
На Гавайских островах.
Ён глядзеў на гэта, праз туман, і, здаецца, блытаў куплеты. Але гарлаў разам з усімі:
Ну и пусть, моряк, не скоро
Ты вернешься в этот город...
Моряки блуждают в море,
Словно в небе облака!!!
Кітабоі грукалі нагамі, нібы на іх усё яшчэ былі пудовыя боты. Лёталі са сваімі партнёршамі капітаны, нават самыя сівавалосыя. I ўсё гэта нагадвала індзейскія скокі або танец людзей, якім дваццаць год
забаранялі танцаваць:По-лю-би-ла мо-ря-ка-а-а!!!
Будрыс са здзіўленнем заўважыў, што субяседнік скача, седзячы на месцы. Наіўнаватая песенька нарадзіла ў яго вачах непадробнае захапленне. I гэта лепей за ўсё сказала яму, што Васіль – карэнны, патомны жыхар, плоць ад плоці і кроў ад крыві горада.
I тут жа спаймаў сябе на тым, што i ён не толькi крычыць.
– Вось і ты прычасціўся, – сказаў Паўлаў. – Ахрышчаны.
Гэтае "ты" было нібы прызнанне, што Севярын цяпер свой. I так, праз нямудрую гэтую песню, Будрыс нібы заглянуў у душу горада.
З гэтага часу ён і Паўлаў сталі прыяцелямі. Пасля Севярын паехаў трохі паглядзець на гэтую зямлю і падчас паездкі канчаткова зразумеў, што яму ўсё роўна, хваліцца Паўлаў ці не, многа ён брэша ці так залівае трохі. Таму, што ён бачыў у ім частку душы горада. Карэннай яго душы – прадпрымальнай, непаседлівай, смелай, трохі выхвальнай, зубастай, цяжка працоўнай, схільнай да самых неверагодных выдумак. Накіп, што ёсць у кожным горадзе, – гэта было не тое. Яго хапала і тут. Але ў Паўлава Будрыс заўважыў частку душы першапасяленца. I пляваць яму было на тое, чэмпіён Васіль ці не, кахаў ягоны прадзед Веру Фігнер або гэта такая самая "антыяпонская мова", як бабця з Явы.
I вось цяпер Васіль пазваніў.
...Будрыс, урэшце, вылез з-пад душа, адзеўся і выйшаў з гасцініцы. Дождж перастаў, але было вільготна і рэзкі вецер з мора ляцеў вуліцамі.
Заставаўся яшчэ час, і Севярын пайшоў гэтыя два прыпынкі пеша, звярнуў да бухты, каб прайсці да вакзала праз порт.
Між караблямі білася і ўздыхала вада. Плавалі ў ёй бочкі, скрынкі з надпісамі на разнастайных мовах, варушылася каша водарасцяў. Пах гэтай вады, ёдны, салоны, масляны, – унь якая вясёлка на ёй! – востры ад водарасцяў, што гніюць, поўніў, здаецца, увесь горад.
Будрыс стаў над рыбаловамі, якія лавілі з пірса на крэветку. Цягалі краснапёрак праз вясёлкавую плеўку, што дзяліла водную і паветраную стыхіі. Цікава, ці пахне рыба бензінам?
I раптам вострая, страшная туга па радзіме нібы нажом ударыла пад сэрца.
"Краснапёрка. Марская. А ёсць рачная. Там. I яе ловяць з чыстай вады. З азёр. З Асвейскага. З Нарачы. З якога-небудзь там Вечалля або Дзевіна. З Лучосы. З Дняпра. Божа мой, як жа гэта я трапіў сюды? Як мяне сюды занесла? Туды трэба было ўцякаць. Туды. З дзяцінства, здаецца, не бачыў... Такая туга! Але шэф сказаў: "Знаеце што, мы даём вам столькі часу, колькі вам трэба, каб прыйсці ў сябе. I адпачывайце вы. Едзьце вы далей, далей, як мага далей. Кахайце, рыбу лавіце, калі хочаце – напіцеся. Але толькі каб сталі другі, каб ранейшы... Усё рабіце, што хочаце. Інакш, баюся, мы вас страцім. А нам, а мне... вельмі гэтага не хочацца. Я прыглядаўся да вашых здольнасцей яшчэ ў школе. – У шэфа відавочна сапсаваўся настрой, пацірае пальцамі востры, птушыны нос. – Не ведалі? Ну вось. А вы і трапілі, куды трэба, таму, што да мяне, да нас дайшло і мы прыглядаліся... I пасля я глядзеў і радаваўся, і ведаў, што мне ёсць на каго..."
Ён тады махнуў са скрухаю рукой. Гаварылі ў ягоным вялікім непрытульным кабінеце, дзе ён амаль ніколі не сядзеў. I ўжо зусім дзіўна было, што суровы, аніяк не схільны да распівання спіртнога ў рабочы час, шэф паставіў на стол бутэльку каньяку і дзве чаркі. Паставіў, і яны выпілі па адной і па другой, і гэтым свядома зглумілі цэлы дзевь, бо ні адзін, ні другі не маглі працаваць, узяўшы хаця б грам. А пасля шэф, які нікому ніколі не казаў таго, што сказаў зараз яму, заторкнуў бутэльку і ўздыхнуў.