Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Вядома ж, я прыйшла да вас, бо Том цяпер на працы, — няясна прамармытала пані Парсанс.

Кватэра Парсансаў была большая за Ўінстанаву, але таксама па-свойму ўбогая. Усё ў ёй было нейкае абшарпанае, патаптанае, быццам кватэру толькі што наведаў нейкі вялікі драпежны звер. Спартовыя прылады — хакейныя клюшкі, баксёрскія пальчаткі, лопнуты футбольны мяч, прапацелыя, вывернутыя навыварат спартовыя штаны — усё гэта валялася грудам на падлозе, а на стале быў звалены ў кучу нямыты посуд разам з падранымі школьнымі падручнікамі. На сценах побач з партрэтам Вялікага Брата ў поўны рост віселі чырвоныя сцяжкі Саюза Моладзі і гэтак званых Юных Шпіёнаў. Тут, як і ва ўсім доме, у паветры стаяў капусны смурод, але да яго яшчэ дадаваўся рэзкі пах поту, які — гэта было чуваць з першага понюху, аднак цяжка было сказаць чаму, — належаў некаму,

каго якраз цяпер не было. У другім пакоі нехта спрабаваў на грабенчыку, абкручаным туалетнай паперай, утараваць вайсковым маршам, што ўсё яшчэ грымелі з экрана тэлегляда.

— Гэта дзеці… — сказала пані Парсанс, баязліва зірнуўшы на дзверы. — Яны сёння не выходзілі з дому. І вядома ж…

Яна мела звычку абрываць фразы пасярэдзіне. Кухонная ракавіна была поўная да краёў брудна-зеленаватай вады, якая смярдзела капустай больш, як што іншае. Ўінстан стаў на калені і агледзеў выгнутае калена адводнай трубы. Ён страшэнна гідзіўся ручной працы, і яму было непрыемна нахіляцца, бо амаль заўсёды ў гэткіх выпадках ён заходзіўся кашлем. Пані Парсанс бездапаможна глядзела на яго.

— Вядома ж, калі б дома быў Том, ён бы хутка ўсё наладзіў, — сказала яна. — Ён любіць такую працу. Ён жа такі здольны, мой Том, у яго залатыя рукі…

Парсанс, як і Ўінстан, працаваў у Міністэрстве Праўды. Гэта быў тоўсценькі, але вельмі жвавы чалавечак, неверагодна дурны і поўны ідыёцкага энтузіязму, — адна з тых бяздумна адданых працоўных жывёлін, якія ніколі не ставяць лішніх пытанняў і ад якіх — нават болей, чым ад Паліцыі Думак — залежала трываласць Партыі. Хоць яму было ўжо трыццаць пяць гадоў, ён толькі нядаўна і з вялікай неахвотай развітаўся з Саюзам Моладзі, а перад тым, як стаць сябрам Саюза Моладзі, ён схітрыўся на цэлы год болей прадугледжанага статутам тэрміну затрымацца ў шэрагах Юных Шпіёнаў. У Міністэрстве ён займаў нейкую другарадную пасаду, дзе не патрабавалася шмат розуму, аднак разам з тым ён быў адным з чынных дзеячоў Спорткамітэта і ўсіх іншых камітэтаў, што займаліся арганізацыяй калектыўных вандровак, спантанных дэманстрацый, тыдняў ашчаднасці і ўсіх іншых добраахвотных мерапрыемстваў. Поўны спакойнага гонару, пыхкаючы люлькай, ён любіў пахваліцца, што апошнія чатыры гады ён кожны вечар праводзіў у Доме Культуры. Незнішчальны пах поту спадарожнічаў яму паўсюль, бы неадступны сведка яго напружанага грамадскага жыцця, пах гэты заставаўся ў пакоі нават тады, калі Парсанс выходзіў.

— Ці ёсць у вас гаечны ключ? — спытаўся Ўінстан, патузаўшы гайку на пераходным калене.

— Гаечны ключ, — сказала пані Парсанс, імгненна губляючы адвагу. — Не ведаю. Можа, дзеці..

Пачуўся тупат ног і дудзенне на грабенчыку — у пакой уварваліся дзеці. Пані Парсанс прынесла гаечны ключ. Ўінстан спусціў ваду і, стрымліваючы агіду, дастаў з трубы камяк валасоў, якія забілі праход. Ён вымыў начыста рукі халоднаю вадой і вярнуўся ў другі пакой.

— Рукі ўгору! — закрычаў дзікі голас.

Прыгожы, здаровы з выгляду хлопчык гадоў дзевяці выскачыў з-за стала і навёў на яго цацачны аўтамат, а ягоная сястрычка, на два гады маладзейшая, паўтараючы за братам, наставіла на Ўінстана кавалак дрэва. Абое былі ў кароткіх блакітных портачках, шэрых кашулях, з чырвонымі хусткамі на шыі — гэта была ўніформа Шпіёнаў. Ўінстан падняў рукі над галавой з нейкім непрыемным пачуццём, бо хлопчык трымаўся так злавесна, быццам усё гэта было нешта большае, чым проста гульня.

— Ты здраднік! — закрычаў хлопчык. — Ты думзлачынец! Ты эўразійскі шпіён! Я заб'ю цябе, я выпару цябе, я сашлю цябе на саляныя капальні!

Абое пачалі скакаць вакол Ўінстана і крычаць: «Здраднік! Думзлачынец!», пры гэтым дзяўчынка паўтарала за братам кожны рух. Ўінстану зрабілася страшна — гэта было падобна да вясёлых гульняў маладых тыграў, што неўзабаве зробяцца людаедамі. Вочы хлопчыка блішчэлі нейкай разважлівай жорсткасцю, відавочным жаданнем ударыць Ўінстана, і ён адчуваў сябе дастаткова дарослым для гэтага. Добра, што ў яго не сапраўдны аўтамат, падумаў Ўінстан.

Пані Парсанс з неспакоем пазірала то на Ўінстана, то на дзяцей. У вялікім пакоі пад ярчэйшым святлом Ўінстан заўважыў, што ў зморшчынах яе твару сапраўды сабраўся пыл.

— Ад іх такі вэрхал, — сказала яна, — яны вельмі злуюцца, што іх не пускаюць паглядзець, як будуць вешаць, таму і дурэюць. Я вельмі занятая, каб пайсці з імі, а Том сёння позна вяртаецца з працы.

— Чаму нам

нельга пайсці паглядзець, як вешаюць? — зароў хлопчык сваім магутным голасам.

— Паглядзець, як вешаюць! Паглядзець, як вешаюць! — залапатала малая, што ўсё яшчэ скакала навокал.

Ўінстан згадаў, што гэтым вечарам у парку павінны былі павесіць некалькі эўразійскіх палонных, абвешчаных ваеннымі злачынцамі. Такія публічныя пакаранні адбываліся прыблізна раз на месяц і былі папулярным відовішчам. Дзеці заўсёды прасіліся, каб іх бралі з сабою паглядзець. Ён развітаўся з пані Парсанс і пайшоў да дзвярэй. Аднак ён не паспеў яшчэ спусціцца на шэсць прыступак па сходах, як нешта балюча ўдарыла яго ў шыю. Быццам у цела ўваткнулі распалены дрот. Азірнуўшыся, ён яшчэ паспеў убачыць, як пані Парсанс запіхвае ў дзверы сына, які хавае рагатку.

— Гольдштэйн! — крыкнуў хлопчык яму ўслед, і дзверы зачыніліся. Больш за ўсё Ўінстана ўразіў бездапаможны спалоханы твар жанчыны.

Вярнуўшыся ў сваю кватэру, ён праскочыў міма тэлегляда і зноў сеў за стол. Ён пачухаў шыю, што ўсё яшчэ балела. Музыка ў тэлеглядзе сціхла. Замест яе зухаваты вайсковы голас пачаў з нейкай грубай асалодай зачытваць апісанне ўзбраення новай Плывучай Крэпасці, якая толькі што стала на якар паміж Ісландыяй і Фарэрскімі выспамі.

З гэтымі дзецьмі ў беднай жанчыны не жыццё, а пекла, падумаў Ўінстан. Пройдзе яшчэ год або два, і яны ўдзень і ўначы пачнуць высочваць паўсюль праявы нядобранадзейнасці. Цяпер амаль усе дзеці былі такія. Найгорш было тое, што пад уплывам такіх арганізацый, як Шпіёны, яны непазбежна вырасталі неўтаймоўнымі дзікунамі. І, аднак, гэта ніякім чынам не спараджала ў іх імкнення паўстаць супраць партыйнай дысцыпліны. Наадварот, яны горача любілі Партыю і ўсё, што з ёй было звязана. Маршавыя песні, дэманстрацыі, сцягі, вандроўкі, ваенныя практыкаванні з драўлянай зброяй, выкрыкванне лозунгаў, услаўленне Вялікага Брата — усё гэта было для іх займальнай гульнёй. Усё іхнае дзікунства накіроўвалася вонкі, супраць ворагаў Радзімы, супраць чужынцаў, здраднікаў, сабатажнікаў, думзлачынцаў. Было ўжо амаль звычайна, што людзі, якім за трыццаць, баяліся ўласных дзяцей. І на гэта былі сур'ёзныя падставы, бо не праходзіла і тыдня, каб у «Таймз» не друкавалі паведамлення, што які-небудзь чуйны маленькі даносчык — звычайна іх называлі «дзеці-героі» — падслухаў нейкія падазроныя выказванні і выдаў сваіх бацькоў Паліцыі Думак.

Боль у шыі суняўся. Ўінстан нерашуча ўзяў пяро і падумаў, што б яму яшчэ запісаць у дзённік. Раптам яму зноў прыгадаўся О'Браэн.

Неяк аднойчы — колькі ж прамінула часу? гадоў сем таму — ён прысніў, што ідзе праз цёмны пакой. І нехта, хто сядзеў побач у цемры, сказаў, калі Ўінстан праходзіў міма: «Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры». Гэта было сказана цалкам спакойна, неяк між іншым — гэта было сцверджанне, не загад. Ўінстан прайшоў, не спыніўшыся. Дзіўна было тое, што тады, у сне, гэтыя словы не зрабілі на яго ніякага ўражання. І, напэўна, толькі пазней яны пачалі паступова набываць значэнне. Цяпер ён ужо не мог згадаць, калі ён упершыню ўбачыў О'Браэна — да гэтага сну ці пасля, гэтаксама ён не памятаў, калі ён упершыню атаясаміў голас у сне з голасам О'Браэна. Ва ўсялякім разе, цяпер гэта быў для яго голас О'Браэна. З цемры да яго гаварыў О'Браэн.

Ўінстан ніколі не мог дакладна вызначыць — нават пасля двухсэнсоўнага позірку гэтай раніцай — быў О'Браэн сябрам ці ворагам. Але, здавалася, гэта не мела ніякага значэння. Паміж імі існавала разуменне, нешта значна важнейшае за прыхільнасць або супольніцтва. «Мы яшчэ сустрэнемся там, дзе няма цемры», — сказаў ён. Ўінстан не ведаў, што б гэта магло значыць, але верыў, што гэтыя словы нейкім чынам некалі спраўдзяцца.

Голас у тэлеглядзе змоўк. Чысты і прыгожы гук фанфараў прарэзаў застаялае паветра. Скрыгатлівы голас працягваў:

— Увага! Увага! Толькі што мы атрымалі надзвычайнае паведамленне з Малабарскага фронту. Нашыя войскі ў Паўднёвай Індыі дасягнулі бліскучай перамогі. Звесткі дазваляюць меркаваць, што вайсковая аперацыя, пра якую мы толькі што паведамілі, значна наблізіла канец вайны. А цяпер паслухайце надзвычайнае паведамленне…

Гэта не вяшчуе нічога добрага, падумаў Ўінстан. І сапраўды, пасля крывавага апісання поўнага знішчэння адной з эўразійскіх армій, пасля абвяшчэння велізарнай лічбы забітых і палонных была прачытана абвестка пра тое, што з наступнага тыдня норма шакаладу паменшае з трыццаці да дваццаці грамаў.

Поделиться с друзьями: