1984
Шрифт:
— Ці ведаеце вы, што цяпер — дзень ці ноч? — спытаўся ён.
Эмплфорт зноў паглядзеў здзіўлена.
— Я неяк не думаў пра гэта. Яны арыштавалі мяне дні два таму, а можа, тры, — яго позірк гойсаў па сценах, нібы ён спадзяваўся адшукаць акно. — Тут няма розніцы паміж днём і ноччу. Не ведаю, ці можна тут увогуле сачыць за часам.
Яны гаварылі ўрыўкамі некалькі хвілін, і тады, без відавочнае прычыны, крык з тэлегляда загадаў ім замаўчаць. Ўінстан ціхенька сеў і склаў рукі. Цыбаты і няўклюдны Эмплфорт не мог зручна ўсесціся на вузкай лаве і шморгаў сюды-туды, абдымаючы худымі рукамі то адно калена, то другое, то абодва разам. Тэлегляд гыркнуў на яго, каб сядзеў спакойна. Час ішоў. Дваццаць хвілін, гадзіна — вызначыць было цяжка. З калідора зноў пачуўся тупат
Дзверы адчыніліся. У камеру зайшоў малады афіцэр з ледзяным тварам. Адрывістым рухам рукі ён паказаў на Эмплфорта.
— Пакой 101, — сказаў ён.
Эмплфорт няўклюдна патэпаў між двух ахоўнікаў. На твары ў яго адбівалася трывога і няўцямнасць.
Прайшло, як здалося, даволі шмат часу. Жывот забалеў яшчэ мацней. Ўінстанавы думкі круціліся на адным месцы, як шар, што зноў і зноў трапляе ў тую самую лузу. Ён думаў толькі пра шэсць рэчаў: боль у жываце; кавалак хлеба; кроў і крыкі; О'Браэн; Джулія; лязо. Зноў у яго ўсярэдзіне ўсё сціснулася: набліжаўся тупат ботаў. Калі расчыніліся дзверы, хваля паветра прынесла з сабой моцны пах халоднага поту. У камеру ўвайшоў Парсанс. На ім былі шорты ахоўнага колеру і спартовая кашуля.
Гэтым разам Ўінстан здзівіўся, не паверыўшы вачам.
— Вы тут! — вымавіў ён.
Парсанс паглядзеў на яго. У позірку не было ні цікаўнасці, ні здзіўлення, толькі пакута. Ён пачаў узрушана хадзіць па камеры, відавочна няздольны супакоіцца. Кожнага разу, як ён выпростваў свае пульхныя калені, было відаць, як яны дрыжаць. Ён глядзеў, вытрашчыўшы вочы, нібы разглядаў штосьці недалёка ад яго, не могучы адарваць позірку.
— А вас за што? — спытаўся Ўінстан.
— Думзлачынства! — адказаў Парсанс, ледзь не плачучы.
У голасе ягоным чуліся адначасова і поўнае прызнанне сваёй віны, і нейкі недаверлівы жах, што гэткае слова магло стасавацца да яго. Ён спыніўся насупраць Ўінстана і пачаў нецярпліва дапытвацца ў яго.
— Вы думаеце, яны заб'юць мяне? Як вы думаеце, га, стары? Яны ж не заб'юць, калі нічога не зрабіў, а толькі падумаў незнарок? Я ведаю, яны ўважліва мяне выслухаюць. О, тут я ім веру! Яны пабачаць, якая ў мяне рэпутацыя, праўда? Вы ж ведаеце, што я за чалавек. Па-свойму неблагі. Не вучоны, вядома ж, але заўзяты. Я стараўся аддаць усе свае сілы Партыі, праўда ж? Я атрымаю гадоў пяць, як вы думаеце? Ці, можа, нават дзесяць? Такі, як я, можа вельмі прыдацца ў працоўным лагеры. Яны ж не заб'юць мяне толькі за тое, што я аднойчы сышоў з рэек?
— Вы вінаваты? — спытаўся Ўінстан.
— Вядома ж вінаваты? — закрычаў Парсанс, дагодліва зірнуўшы на тэлегляд. — Вы ж не думаеце, што Партыя будзе арыштоўваць бязвінных людзей, праўда? — Яго жабіны твар паспакайнеў, на ім з'явілася адценне крывадушнасці. — Думзлачынства — страшная рэч, стары, — сказаў ён павучальна. — Яно падступнае, яно можа зваліцца на цябе, што ты і ведаць не будзеш. Вы ведаеце, як я папаўся? Калі спаў? Так, праўда. Вось так я працаваў, аддаваў усяго сябе, выконваў свой абавязак — і ніколі не думаў, што нешта благое хаваецца ў маіх думках. І тады я пачаў гаварыць праз сон. І ведаеце, што я казаў?
Ён прыцішыў голас, быццам быў змушаны дзеля медыцынскіх прычын сказаць нешта непрыстойнае.
— «Далоў Вялікага Брата!» Так, я казаў гэта! Паўтараў зноў і зноў. Між намі кажучы, стары, я рады, што мяне ўзялі, пакуль справа не зайшла далей. Ведаеце, што я скажу ім, калі буду гаварыць перад трыбуналам? Я скажу: «Дзякуй. Дзякуй, што выратавалі мяне, пакуль не было занадта позна».
— Хто выдаў вас? — спытаўся Ўінстан.
— Мая маленькая дачка, — адказаў Парсанс з нейкім тужлівым гонарам. — Яна слухала праз замочную шчыліну. Чула, што я сказаў, і данесла патрулю ў той самы дзень. Спрытна, як на сямігадовую смаркачку, га? Я зусім не сярдую на яе. Папраўдзе, я нават ганаруся ёю. Выходзіць, я выхаваў яе ў правільным духу.
Ён яшчэ пахадзіў сюды-туды, кінуўшы пару разоў прагны
позірк на ўнітаз. Пасля раптам рэзкім рухам сцягнуў шорты.— Прабач мне, стары, — сказаў ён, — болей не магу. Столькі чакаў.
Ён плюхнуўся вялізным азадкам на ўнітаз. Ўінстан закрыў твар рукамі.
— Сміт! — завішчаў голас з тэлегляда. — 6079 Сміт У.! Адкрыць твар! Забараняецца закрываць твар у камеры!
Ўінстан адкрыў твар. Парсанс пакарыстаўся ўнітазам гучна і шчодра. Пасля выявілася, што зліў не працуе, і яшчэ цэлыя гадзіны пасля таго ў камеры невыносна смярдзела.
Парсанса перавялі. Іншыя вязні таямніча з'яўляліся і знікалі. Аднаму з іх, жанчыне, прызначылі: «Пакой 101», і, як заўважыў Ўінстан, яна сцялася і змянілася з твару, пачуўшы гэтыя словы. Настаў час — калі яго прывезлі раніцай, дык гэта быў бы вечар; калі яго прывезлі ўвечары, дык гэта была б поўнач. У камеры было шэсць вязняў, мужчын і жанчын. Усе сядзелі вельмі ціха. Насупраць Ўінстана сядзеў чалавек з тварам без падбародка, з ашчэранымі зубамі, падобны да нейкага вялікага і бяскрыўднага грызуна. Яго тоўстыя рабыя шчокі былі такія абвіслыя, што цяжка было паверыць, што за імі не хаваюцца прыпасы ежы. Яго шэрыя вочы пужліва зіркалі то на адзін твар, то на другі, і адразу адварочваліся, як толькі сустракаліся з нечым позіркам.
Дзверы расчыніліся, і ў камеру ўвялі яшчэ аднаго вязня, убачыўшы якога Ўінстан здрыгануўся. Гэта быў звычайны, нічым не выдатны чалавек, які мог быць якім-небудзь інжынерам або іншым тэхнічным работнікам. Дзіўнай, аднак, была змізарнеласць яго твару. Ён нагадваў чэрап. З-за яго хударлявасці вочы і рот выглядалі надмерна вялікімі, вочы, здавалася, былі поўныя забойчай, нязгаснай нянавісці да некага або нечага.
Чалавек сеў на лаве недалёка ад Ўінстана. Ўінстан болей на яго не глядзеў, але змардаваны, падобны да чэрапа твар гэтак жыва паўставаў у ягоным уяўленні, быццам быў проста перад вачыма. Раптам ён зразумеў, у чым справа. Чалавек паміраў ад голаду. Тая самая думка, здавалася, адначасова прыйшла ў галаву ўсім прысутным у камеры. Уздоўж усёй лавы прабегла лёгкая ўзрушанасць. Чалавек без падбародка спыніў позірк на чалавеку з тварам-чэрапам, пасля вінавата адвёў вочы, пасля зноў паглядзеў на яго, не могучы асіліць неадольнага прыцягнення. Цяпер ён ужо не мог уседзець, устаў, няўклюдна праклыпаў праз камеру, пакорпаўся ў кішэні камбінезона і, засаромеўшыся, працягнуў чалавеку з тварам-чэрапам зачуханы кавалачак хлеба.
З тэлегляда пачуўся шалёны, аглушальны рык. Чалавек без падбародка падскочыў на месцы. Чалавек з тварам-чэрапам хуценька схаваў рукі за спінай, нібы паказваючы ўсім, што ён адмовіўся ад пачастунку.
— Бамстэд! — зароў голас. — 2713 Бамстэд Дж.! Кінуць хлеб!
Чалавек без падбародка кінуў кавалак хлеба на падлогу.
— Заставацца на месцы, — загадаў голас. — Тварам да дзвярэй. Не рухацца.
Ён падпарадкаваўся. Яго вялікія абвіслыя шчокі дрыжалі. Дзверы з грукатам расчыніліся. Калі малады афіцэр увайшоў і адступіў убок, з-за спіны ў яго выйшаў нізенькі каржакаваты ахоўнік з вялізнымі рукамі і плячамі. Ён стаў насупраць чалавека без падбародка і, атрымаўшы сігнал ад афіцэра, нанёс страшэнны ўдар, уклаўшы ў яго ўсю вагу свайго цела, проста ў зубы чалавеку без падбародка. Сіла ўдару, здавалася, адарвала яго ад падлогі. Цела яго праляцела праз усю камеру і пляснулася вобзем каля ўнітаза. Нейкі момант ён ляжаў непрытомны, з носа і рота сачылася цёмная кроў. Ад яго чуўся ціхі-ціхі міжвольны енк і папіскванне. Пасля ён перавярнуўся на жывот і, хістаючыся, стаў на карачкі. Разам з крывёю і слінаю з рота выпалі дзве палавінкі зубнога пратэза.
Вязні сядзелі ціха, склаўшы рукі на каленях. Чалавек без падбародка дапоўз да свайго месца. Ніжняя палова яго твару цямнела змярцвелаю плоццю. Яго рот ператварыўся ў расплывістую масу вішнёвага колеру з чорнай адтулінай пасярэдзіне. Час ад часу на камбінезон капала кроў. Яго шэрыя вочы ўсё яшчэ зіркалі то на адзін, то на другі твар, быццам ён спрабаваў вызначыць, наколькі іншыя грэбавалі ім пасля гэткай знявагі.
Дзверы расчыніліся. Ледзь заўважным рухам афіцэр паказаў на чалавека з тварам-чэрапам.